Перайсці да зместу

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Галоўны будынак Нацыянальнага мастацкага музея, верасень 2012
Галоўны будынак Нацыянальнага мастацкага музея, верасень 2012
Заснаваны 1939
Адкрыты 1939
Месцазнаходжанне вул. Леніна 20-22, 220030 Мінск, Беларусь
Наведвальнікі 215,8 тыс.[1]
Памеры фонду 30 000 ± 100
Дырэктар Ганна Ўладзіміраўна Конанава
Адкрыты панядзелак-нядзеля: з 11.00 да 19.00 (каса да 18.30)
Білет школьны 3 руб., студэнцкі 3 руб., дарослы 6 руб.
artmuseum.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нацыяна́льны маста́цкі музе́й Рэспу́блікі Белару́сь — найбуйнейшы музей мастацкага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за дваццаць сем тысяч твораў, якія фарміруюць дваццаць разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.

Размешчаны ў Мінску на вул. Леніна 20-22.

Даваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйная гісторыя музея бярэ пачатак 24 студзеня 1939 — згодна з урадавай пастановай Савета Народных Камісараў БССР у Мінску стваралася Дзяржаўная мастацкая галерэя. Яна размясцілася ў пятнаццаці залах будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы, былой Мінскай жаночай гімназіі. Акрамя аддзелаў жывапісу, скульптуры і графікі, у Галерэі адмысловай пастановай быў арганізаваны аддзел мастацкай прамысловасці. Кіраваў галэрэяй вядомы беларускі мастак-кераміст Мікалай Міхалап.

Да пачатку вайны былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Асновай мастацкай калекцыі Галерэі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля. Некалькі твораў са сваіх фондаў падаравалі Траццякоўская галерэя і Рускі музей, Музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна і Дзяржаўны Эрмітаж.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у Мастацкую галерэю былі звезеныя мастацкія творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Такім чынам, калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, французскіх габеленаў XVIII ст., партрэтнага жывапісу XVI-XIХ стст.

Напачатку 1941 фонды ДКГ БССР налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі.

Страты ў час вайны

[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам вайны калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі. Але вывезці не паспелі. Акупаваны Мінск наведвалі Г. Пасэ і К. Мюльман. Г. Пасэ — дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асоба, упаўнаважаная па стварэнні асабістага музея Гітлера на яго радзіме, у Лінцы. К. Мюльман — асоба, упаўнаважаная па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасцей на ўсходніх землях. Наведалі Мінск і прадстаўнікі таварыства «Спадчына», якое ўзначальваў Гімлер. Каля 170 найлешпшых твораў рускага і заходнееўрапейскага мастацтва[2] былі канфіскаваныя Г. Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў Рэйх і ў Кёнігсберг. Да верасня 1941 збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час Вільгельм Кубэ скардзіцца А. Розенбергу, што Мінск пазбавіўся мільённых каштоўнасцей, бо «каштоўныя палотны, мэблю XVIII—XIX стст., вазы, вырабы з мармуру, гадзіннікі і г.д. СС аддае на разрабаванне вермахту».

Збор мастацкай галерэі перастаў існаваць, і яго страту можна назваць незваротнай. Лёс даваеннага збору ДКГ дагэтуль невядомы. Пошук яго ўскладняе адсутнасць вопісаў. У «Вопісе музейных каштоўнасцей, вывезеных гітлераўцамі ў Германію і ў краіны яе саўдзельнікаў і знішчаных у выніку разбойніцкіх дзеянняў» 1944 года, складзенай музейнымі супрацоўнікамі па памяці, значацца 223 творы рускага жывапісу, 32 — заходнееўрапейскага, мэбля з «Сіняй спальні» Аляксандра II ў Зімнім палацы, 60 ікон XVI—XVIII стагоддзяў, 89 твораў скульптуры, 48 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў расійскага фарфору, 800 — заходнееўрапейскага, 30 прадметаў старажытнага ўрэцкага шкла, 200 «посцілак» ручной працы беларускіх ткачых, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя.

Пасляваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вайны ў Беларусь вярнулася толькі невялікая частка твораў, якія знаходзіліся напярэдадні вайны на выстаўках у РСФСР (напрыклад, бюст князя П. А. Румянцава-Задунайскага працы Ф. Шубіна), або знойдзеных савецкімі салдатамі ў канцы вайны ў гарадах Усходняй Прусіі (калекцыя партрэтаў з Нясвіжа). Некаторыя працы былі знойдзены ў Мінску («Шахцёр з лямпачкай» М. Касаткіна, «Восень» І. Левітана, «Раніца вясны» У. Кудрэвіча выявілі ў недабудаваным будынку ЦК КПБ).

Паштовая марка Беларусі, прысвечаная А. В. Аладавай

Другі этап гісторыі музея звязаны з самаахвярнай дзейнасцю заслужанай дзеячкі мастацтваў БССР, дырэктара Галерэі з 1944 Алены Аладавай.

Пасля вызвалення Мінска Галерэя атрымала чатыры пакоі Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У жніўні 1945 галерэя набыла палотны Б. Кустодзіева, В. Паленава, К. Брулова і І. Левітана. Дзяржаўны музей імя А. С. Пушкіна перадаў некалькі карцін заходнееўрапейскіх майстроў, Дзяржаўны Расійскі музей — тры пейзажы А. Куінджы, пейзаж А. Багалюбава і парадны партрэт імператрыцы Кацярыны II. На былым Архірэйскім падворку ў Мінску былі знойдзены цудам ацалелыя абразы — у тым ліку і шэдэўры беларускага іканапісу «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца 1649 г., «Параскева» і «Узнясенне» XVI стагоддзя.

Праект галоўнга фасада музея (арх. Міхаіл Бакланаў)

У 1946 годзе ў фондах было ўжо 317 твораў. Месца для экспазіцый не хапала. Аладава атрымала дазвол на будаўніцтва будынка для Галерэі. Праектаванне было даручана Міхаілу Бакланаву.

Будаўніцтва Мастацкай галерэі з дзесяццю прасторнымі заламі, размешчанымі на двух паверхах, было завершана ў 1957 годзе. Будынак стаў адным з першых музейных будынкаў у гісторыі савецкай архітэктуры. 5 лістапада прадстаўленнем новай экспазіцыі і Усебеларускай выстаўкі ўрачыста адкрыўся Дзяржаўны мастацкі музей БССР (так стала звацца былая Мастацкая галерэя з 10 ліпеня 1957 года). Калекцыя музея тады ўжо дасягала трох тысяч твораў рускага, савецкага і беларускага мастацтва.

Выява музея на купюры 1000 рублёў

З абвяшчэннем незалежнасці Беларусі пасля распаду СССР змяніўся статус музея — з 1993 года музей называецца Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.

У 1957 годзе было завершана будаўніцтва будынка Дзяржаўнай карціннай галерэі па праекце архітэктара М. І. Бакланава. Адначасова ў 19561958 гг. быў распрацаваны праект абсталявання мастацкага музея.

Адміністрацыя Нацыянальнага мастацкага музея працуе ў Мінску па вул. Леніна 22 (злева).

У працэсе эксплуатацыі будынка стала відавочна, што прадугледжаных экспазіцыйных плошчаў, сховішчаў, службовых кабінетаў не хапае. У 1989 г. на баланс музея перададзены дом № 25 па вул. Кірава, у 1999 г. — 5-павярховы будынак № 22 па вул. Леніна. У 2007 г. уведзены ў эксплуатацыю новы музейны комплекс, што завяршыла першы этап генеральнай рэканструкцыі музея.

У 2000 годзе ў адкрыты для наведвальнікаў яшчэ адзін філіял музея ў былым доме Ваньковічаў у Мінску з пастаяннай экспазіцыяй «Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя»[3].

Сёння гэта адзін з найбагацейшых музеяў Усходняй Еўропы. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах маецца больш 27 тысяч твораў, якія фарміруюць 20 калекцый і складаюць збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.

У чэрвені 2020, у час перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі быў вымушаны звольніцца вядомы экскурсавод Мікіта Моніч, які размясціў у сябе на старонцы ў Facebook антылукашэнкаўскі верш і адмовіўся яго выдаляць па просьбе кіраўніцтва музея[4]. Пасля масавых фальсіфікацый на выбарах, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў выходзіў на акцыі пратэсту на прыступкі музея 13 жніўня[5], а пасля 17 жніўня з плакатамі з надпісамі «Мы супраць гвалту», «Нам таксама балюча»[6]. 18 жніўня супрацоўнікі мастацкага музея выйшлі на акцыю для таго, каб прыцягнуць увагу да знікнення Канстанціна Шышмакова, дырэктара Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П. Баграціёна[7].

Атрыум музея

Будынак сучаснага Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі праектаваўся як Дзяржаўная карцінная галерэя (аўтар праекта М. І. Бакланаў).

У тлумачальнай запісцы да праектнага задання аўтарам адзначалася: «Пры праектаванні было знойдзена такое архітэктурна-кампазіцыйнае вырашэнне, якое дало магчымасць горадабудаўніча вырашыць задачу забудовы гэтага адрэзка і дасягнуць цэльнага архітэктурнага вырашэння ў аб'ёмнай кампазіцыі ўсёй забудовы, у адзіным комплексе. Будынак галоўным фасадам арыентаваны ў бок вуліцы Леніна. Уваход у будынак займае самае выгаднае месца і падкрэслены лоджыяй. Сцяна ў глыбіні лоджыі ўзбагачаецца ляпным тэматычным гарэльефам, выява якога будзе выканана на фоне плоскасці сцяны, апрацаванай смальтай».

Будаўніцтва завершана ў 1957 г. Варта адзначыць, што ў ходзе будаўніцтва былі ўнесены некаторыя карэктывы ў першапачаткова запраектаванае архітэктурнае афармленне. Так, у прыватнасці, на галоўным фасадзе былі выкананы іншага малюнка капітэлі калон і пілястраў, ва ўваходнай частцы адсутнічае тэматычны гарэльеф, зменены скульптурныя кампазіцыі.

У мастацкім вырашэнні музея цесна перапляліся дзве тэмы — трыумф вялікай перамогі (урачыстасць і манументальнасць) і храм-сховішча мастацкіх скарбаў. Галоўны фасад уяўляе сабой сінтэз архітэктуры і скульптурнай пластыкі, перададзеных з высокай эстэтычнай выразнасцю.

Рашэнне фасада музея характарызуецца мадэрнізаванай інтэрпрэтацыяй класіцыстычнай тэмы, актыўным выразным элементам з'яўляецца стылізаваны атык-франтон са скульптурнай кампазіцыяй у завяршэнні (скульпт. А. Бембель). Нішы з алегарычнымі скульптурнымі кампазіцыямі (скульпт. П. Белавусаў, С. Адашкевіч, Л. і М. Раберманы) фланкіруюць уваходную нішу з каланадай кампазітнага ордара. Барэльефы на плоскасці атыка падтрымліваюць чляненне фасада[8].

У плане фарміруецца дамінантным двухсветлавым вестыбюлем з трохмаршавай лесвіцай, вакол якой на другім паверсе размешчана адкрытая галерэя. Выставачныя залы вырашаны амфіладай на тым жа другім паверсе[8].

Калекцыя музея

[правіць | правіць зыходнік]

Калекцыя музея налічвае больш за 27 000 твораў, якія складаюць шэсць галоўных музейных збораў

  • Старажытнабеларускае мастацтва
  • Беларускае мастацтва XIX ст.
  • Беларускае мастацтва XX ст.
  • Рускае мастацтва XVIII — пач. XX ст.
  • Еўрапейскае мастацтва XVI—XX ст.
  • Мастацтва краін Усходу XIV—XX ст.

Старажытнабеларускае мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Збор старажытнабеларускага мастацтва (каля 120 работ XII — канца XVIII ст.) Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з'яўляецца самым значным у дзяржаве. Актыўнае фарміраванне калекцыі старажытнабеларускага мастацтва праходзіць у пасляваенныя гады шляхам навуковых экспедыцый 1946—1978 гг., дзякуючы якім для нашчадкаў захаваліся ўнікальныя абразы, узоры разьбярства, ткацтва і мастацкага ліцця.

У экспазыцыі прадстаўлены фрагменты фрэсак, абразы і разьбяная скульптура, свецкія партрэты, кніжная графіка і ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XII—XVIII стст.

Рарытэтам збору з'яўляюцца мініяцюры рукапіснага шарашоўскага Евангелля XVI ст. (паходзіць з царквы г.п. Шарашова Брэсцкай вобласці, якая не захавалася). Побач дэманструюцца абразы XV—XVI стст., выкананыя з захаваннем традыцый візантыйскай мастацкай школы — «Маці Божая Адзігітрыя», «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская». У абразах «Спас Уседзяржыцель» і «Параскева Пятніца» гарманічна спалучаюцца ўплывы візантыйскай, рускай і заходнеўрапейскай мастацкай традыцыі, якія паўплывалі на фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы.

У экспазіцыі прадстаўлены і шэраг партрэтаў, перададзеных Мастацкай галерэі БССР у 1939 г. з Нясвіжскага замка Радзівілаў. Паводле інвентароў, фамільная партрэтная галерэя аднаго з магутнейшых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага на 1770-я гады налічвала каля тысячы палотнаў. Партрэты ствараліся як невядомымі мясцовымі майстрамі, так і прыдворнымі замежнымі мастакамі, да кола якіх адносяцца такія майстры, як Барталамей Стробель (1591—1650), Андрэй Стэх (1635—1697) і інш.

Беларускае мастацтва XIX ст.

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1797 г. Беларусь увайшла ў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Мастацтва гэтага перыяду ў зборы музея прадстаўлена мастакамі, якія навучаліся ў Пецярбургу і Маскве і, такім чынам, прынеслі ў беларускае мастацтва рускую мастацкую традыцыю.

У музеі знаходзіцца вялікая калекцыя твораў Івана Фаміча Хруцкага, які праславіўся сваімі яркімі дэкаратыўнымі нацюрмортамі («Садавіна і кветкі», «Кветкі і садавіна», «Плады і свечка» другая палова 1830-х). Пейзажы і партрэты розных гадоў прадстаўляюць у экспазіцыі творчасць ураджэнца мінскай губерні Апалінарыя Гілярыевіча Гараўскага, выпускніка Пецярбуржскай акадэміі мастацтваў і друга Паўла Траццякова.

На канец ХІХ і пачатак ХХ ст. прыпадае творчасць двух вядомых пейзажыстаў, ураджэнцаў Беларусі — С. Ю. Жукоўскага і В. К. Бялыніцкага-Бірулі, якія атрымалі адукацыю ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства і знаходзіліся пад уздзеяннем мастацтва І. І. Левітана і В.Дз. Паленава. Іх творы пастаянна з'яўляліся на выстаўках перадзвіжнікаў, Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў, Саюза рускіх мастакоў.

Жамчужынай калекцыі з'яўляецца праца беларуска-польскага мастака Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла» — адна з трох прац гэтага мастака, змешчаных у Беларусі.

И. Хруцкий. Портрет неизвестной с цветами и фруктами. 1838.jpg|left|thumb|І. Хруцкі. Партрэт невядомай за кветкамі і фруктамі. 1838]] Ля касцёла.jpg|Ф. Рушчыц. Ля касцёла. 1899]]

Беларускае мастацтва XX — пачатку ХХІ ст.

[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя беларускага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХХ — пачатку ХХI стагоддзя была адкрыта ў 2006 годзе і з'яўляецца найбольш поўнай за ўсе гады існавання музея. Зараз у экспазіцыі знаходзіцца 380 работ 193 мастакоў.

Фонд беларускага сучаснага мастацтва пачаў стварацца ў 1939 годзе, але калекцыя была практычна цалкам разрабавана ў час Вялікай Айчыннай вайны. Творы сталі набывацца зноў яшчэ ў ваенны час ў мастакоў і прыватных калекцыянераў. У 1947 годзе з Германіі былі вернуты некаторыя каштоўнасці. У канцы 1940-х гг. Мінску было перададзена больш за 200 карцін з былой Віцебскай галерэі імя Ю. Пэна. З 1944 года пачалася мэтанакіраваная закупка твораў сучасных мастакоў Беларусі. На сённяшні дзень фонд беларускага мастацтва ХХ — пачатку ХХI стагоддзя налічвае каля 12 тысяч твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ўвесь час папаўняецца.

Пачынаючы з 1920-х гг. у беларускім выяўленчым мастацтве назіраецца пэўны адыход ад канонаў акадэмізму і жывапісна-пластычных прынцыпаў позняга перадзвіжніцтва на карысць новай вобразнай мовы, звязанай з традыцыяй авангардызму. Мастакі не імкнуцца да дэталёвай мадэліроўка адлюстраванага, адмаўляюцца ад акадэмічных правілаў малюнка і перспектывы, ілюзорнасці колеру, будуюць прасторавыя аб'ёмы лакальнымі колеравымі плямамі, дасягаюць абвостранага ўспрымання свету шляхам дэфармацыі і стылізацыі формы.

Усе творы, прадстаўленыя на пастаянным музейным экспанаванні, з'яўляюцца «знакавымі», найбольш ярка адлюстроўваючы той ці іншы перыяд у гісторыі беларускага мастацтва.

Рускае мастацтва XVIII — пач. XX ст.

[правіць | правіць зыходнік]

Калекцыя рускага мастацтва займае адно з вядучых месцаў у зборы Нацыянальнага мастацкага музея. Ахоплівае перыяд свайго стварэння з XVIII і да пачатку XX стагоддзя і ўключае ў сваю калекцыю творы жывапісу, скульптуры, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прадстаўленыя ў пяці экспазіцыйных залах творы рускага жывапісу даюць унікальную магчымасць прасачыць асноўныя этапы станаўлення і фарміравання стыляў у рускім мастацтве ад эпохі Асветы Пятра I да эпохі мастацкіх аб'яднанняў пачатку XX ст. Усяго калекцыя налічвае больш за пяць тысяч твораў, сярод якіх палотны Трапініна, Кустодзіева, Пукірава, Айвазоўскага, Шышкіна, Куінджы, Рэпіна, Макоўскага, Левітана, Каровіна, Урубеля, Машкова.

Еўрапейскае мастацтва XVI—XX ст.

[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак збіральніцкай дзейнасці музея ў гэтым напрамку неабходна аднесці да канца 1940-х гадоў. Асабліва інтэнсіўна фонд еўрапейскага мастацтва папоўніўся ў 1960-1970-я гады. Творы, экспануемыя ў гэтай зале, дазваляюць прасачыць складаны шматвяковы шлях развіцця мастацтва Еўропы пачынаючы з канца XVI і амаль да XX стагоддзя.

З мастацтвам Італіі XVI—XVIII стагоддзяў знаёмяць партрэты, карціны на міфалагічныя і біблейскія сюжэты.

Мастацтва Нідэрландаў XVI стагоддзя адзначана агульнымі для еўрапейскага мастацтва рысамі. У цэнтры ўвагі мастакоў па-ранейшаму застаюцца чалавек і яго непарыўная сувязь з навакольным светам. Асноўнымі сюжэтамі застаюцца рэлігійныя, але ў трактоўцы нідэрландскіх майстроў яны напоўнены большай апавядальнасцю і любоўю да дэталей.

Уяўленне пра своеасаблівасць фламандскага жывапісу XVII стагоддзя даюць жывапісныя палотны Я. Ф. Блумена, Я. Кеселя Старэйшага, П. Тыза. У карціне «Венера ў кузні Вулкана», напісанай П. Тызам (1624—1677/1679), вядомым майстрам фламанскай школы і адным з лепшых вучняў Ван Дэйка, на сюжэт з «Энеіды» Вергілія, персанажы антычнай легенды набываюць сапраўдны фламандскі характар, дзе пры нястрымнай мастацкай фантазіі ўсё набывае характар пераканаўчай праўды, рэальнасці і вернасці свету, які яны адлюстроўваюць. Паралельна з буйнафарматнымі карцінамі развіваўся ў Фландрыі і так званы «кабінетны жывапіс» з усімі яго ўлюбёнымі жанрамі, уключаючы кветкавы нацюрморт «Мадонна ў кветках» Даніэля Сегерса, тыповы для творчасці мастака, аўтара шматлікіх гірляндаў і вянкоў з кветак, якія абрамляюць невялікія сцэны рэлігійнага зместу, напісаныя іншымі мастакамі.

Гонарам калекцыі французскага мастацтва XVII—XIX стагоддзяў з'яўляюцца творы Г. Рабера, К.-Ж. Вернэ, А. Грыму, Ф. Жэрара, Ж.-Б. Рэньё, Ж.-Ф. дэ Труа і інш.

З жывапісам Аўстрыі, Англіі, Германіі, Даніі, Бельгіі, Польшчы знаёмяць творы В. Петэра, Дж. Морланда «Вяртанне паляўнічага», 1792, Т. Баркера, Х. Йенсэна, Д. Натэра, Ю. Рапацкага і інш.

Акрамя жывапісу ў экспазіцыі можна ўбачыць таксама работы буйнейшых скульптараў Італіі, Францыі XVIII—XIX стст. і вырабы вядомых фарфоравых мануфактур Еўропы XVIII — пачатку XX ст., такіх як Каралеўская Мануфактура Саксонскага фарфору ў Мэйсене, Берлінская Каралеўская фарфоравая мануфактура і інш.

Мастацтва краін Усходу XIV—XX ст.

[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь валодае вялікім зборам помнікаў культуры і мастацтва народаў Усходу. Гісторыя гэтай калекцыі пачынаецца з канца 1950-х гадоў, калі Міністэрствам культуры КНР быў перададзены ў музей значны збор твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая. У 1960 г. істотную дапамогу ў папаўненні калекцыі аказаў Дзяржаўны музей мастацтва народаў Усходу ў Маскве. Набыцці ў прыватных калекцыянераў пасля значна папоўнілі і пашырылі збор. Сёння ў калекцыі прадстаўлены традыцыйныя віды мастацтва краін Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтральнай, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Каўказа і Далёкага Усходу: жывапіс і скульптура, мініяцюра і мастацтва народнай карціны, ткацтва і мастацкі метал, кераміка і фарфор, распісная і перагародчатая эмаль, разьба па дрэве, косці, каменю, распісныя і разныя лакі.

Музей праводзіць навукова-даследчыцкую, збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў беларускіх і замежных майстроў, ажыццяўляе навуковую і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, мастацкія аддзелы ў іншых гарадах Беларусі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі.

Пры музеі дзейнічае бібліятэка, кінаклуб, лекторый, арт-кафэ.

З 1991 года працуе мастацка-адукацыйная студыя «У госці да Цюбіка», кіраўнік — Вольга Яўгенаўна Брыгадная. Студыя задумвалася як клуб для дзяцей і бацькоў, якія любяць і разам вывучаюць мастацтва. У ёй займаюцца дзеці, пачынаючы з 3-5 гадоў і да старэйшых класаў. Дзеці малююць, удзельнічаюць у выставах, сустракаюцца з мастакамі, а таксама знаёмяцца з гісторыяй і архітэктурай у паездках па Беларусі і іншых краінах.

Навуковыя аддзелы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Аддзел старажытнабеларускага мастацтва
  • Аддзел сучаснага беларускага мастацтва
  • Аддзел рускага і замежнага мастацтва
  • Навукова-фондавы аддзел
  • Навукова-рэстаўрацыйны аддзел
  • Інфармацыйна-выдавецкі аддзел
  • Выставачны аддзел
  • Аддзел навукова-асветніцкай работы

У розныя часы музей узначальвалі:

Зноскі

  • Воінаў А, Паньшына І. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь // БЭ ў 18 т. Т. 11. Мн., 2000.
  • Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990.