Перайсці да зместу

Планёр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сучасны планёр
Планёр «Гамількар» у ходзе правядзення паветрана-дэсантнай аперацыі «Маркет-Гардэн" 1944

Планёр (фр.: planeur, ад лац. planum — плоскасць) — безматорны лятальны апарат цяжэйшы за паветра.

Планёр не мае ўласнай механічнай цягі. Стварэнне неабходнай пад’ёмнай сілы дасягаецца наданнем планёру хуткасці пры ўзлёце. Гэта дасягаецца буксіраваннем яго самалётам (аўтамабілем, матацыклам) або гумовым шнурам (амартызатарам), які расцягваецца ўручную планерыстамі. Адчапіўшыся ад буксіра, планёр, які ўзляцеў, можа толькі планіраваць, то бок зніжацца па нахільнай траекторыі. Выкарыстоўваючы ўзыходзячыя плыні паветра, планёр можа лятаць гарызантальна, лунаць і нават набіраць вышыню. Такі тып палёту мае агульную назву планіраванне або лунанне. Планёры шырока прымяняюцца ў авіяцыйным спорце.

У вайсковай справе яны могуць быць выкарыстаныя для выкіду паветраных дэсантаў, перакідвання рыштунку і баявой тэхнікі.

Упершыню планёр сканструяваны ў 1853 годзе Джордж Кэйлі  (руск.)Дж. Кейлі. На мяжы XIX—XX стст. найвядомейшым вытворцам планёраў быў Ота Ліліенталь. Вырабіўшы і выпрабаваўшы безліч мадэляў, ён стварыў удалую канструкцыю балансірнага планёра з добрымі лётнымі характарыстыкамі.

Росквіт планёраў выпаў на 1920—1930-я гады, калі пачаўся сапраўдны бум планёрных школ. У СССР ён быў нават у правінцыі. Шмат пілотаў Другой сусветнай вайны здзейснілі свае першыя палёты ў гэтых школах. Даступнасць і адносная таннасць спрыялі значнаму пашырэнню планёрнага спорту пасля заканчэння вайны.