Перайсці да зместу

Сонечнае зацьменне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сонечнае зацьменне 11 жніўня 1999 года, Францыя

Сонечнае зацьменне — астранамічная з'ява, якая заключаецца ў тым, што Месяц закрывае (засланяе) цалкам або часткова Сонца ад назіральніка на Зямлі.

Прырода сонечных зацьменняў

[правіць | правіць зыходнік]

Сонечнае зацьменне магчыма толькі падчас маладзіка, калі бок Месяца, звернуты да Зямлі, не асветлены, і сам Месяц не бачны. Зацьменні магчымыя толькі, калі маладзік праходзіць каля аднаго з двух месяцавых вузлоў (пункты перасячэння бачных арбіт Месяца і Сонца), не далей чым прыкладна ў 12 градусах ад аднаго з іх.

Схема сонечнага зацьмення

Сонечнае зацьменне мае розны выгляд для розных пунктаў зямной паверхні. Паколькі дыяметр Месяца ў 400 разоў меншы за дыяметр Сонца і Месяц знаходзіцца прыкладна ў 400 разоў бліжэй да Зямлі, то на небе Сонца і Месяц здаюцца дыскамі аднолькавых памераў. Таму пры поўным сонечным зацьменні Месяц можа цалкам накрыць яркую паверхню Сонца, пакінуўшы пры гэтым адкрытай сонечную атмасферу. Пры праходжанні паміж Сонцам і Зямлёй маленькі па памерах Месяц не можа цалкам зацяніць Зямлю. Дыск Сонца будзе цалкам закрыты толькі для назіральніка, які знаходзіцца ўнутры конуса месячнага ценю, найбольшы дыяметр якога на паверхні Зямлі не перавышае 270 км. Толькі з гэтай параўнальна вузкай зоны зямной паверхні, куды падае цень ад Месяца, будзе бачным поўнае сонечнае зацьменне. Там жа, куды падае паўцень ад Месяца, унутры так званага конуса месячнага паўценю, будзе бачным частковае сонечнае зацьменне.

Калі ў момант зацьмення Месяц, які рухаецца па сваёй эліптычнай арбіце, будзе знаходзіцца на значным аддаленні ад Зямлі, то бачны дыск Месяца будзе занадта малым, каб поўнасцю накрыць Сонца. Тады назіральнік зможа ўбачыць вакол цёмнага дыска Месяца зіхатлівы абадок сонечнага дыска. Гэта кольцападобнае зацьменне.

Па-за межамі месячнага паўценю зацьменні ўвогуле не назіраюцца. Сонечнае зацьменне бачнае не на ўсёй паверхні Зямлі, а толькі там, дзе прабягаюць цень і паўцень Месяца. Шлях месячнага ценю па зямной паверхні называецца паласой поўнага сонечнага зацьмення.

Па астранамічнай класіфікацыі, калі зацьменне хоць бы дзесьці на паверхні Зямлі можа назірацца як поўнае, яно называецца поўным[1]. Калі зацьменне можа назірацца толькі як частковае (такое бывае, калі конус цені Месяца праходзіць паблізу зямной паверхні, але не тычыцца яе), зацьменне класіфікуецца як частковае.

Шматлікія адлюстраванні сонечнага зацьмення на Зямлі ў цені лісця дрэў атрыманыя з прычыны эфекту камеры-абскуры, калі святло праходзіць праз маленькія шчыліны між лісцем.

Сонечнае зацьменне з'яўляецца прыроднай з'явай, але ў некаторых старажытных цывілізацыях і цяперашніх культурах сонечнае зацьменне звязвалі з звышнатуральнымі прычынамі і лічылі благім знакам. Поўнае сонечнае зацьменне можа напужаць людзей, незнаёмых з астранамічным тлумачэннем з'явы, паколькі Сонца знікае проста ўсярэдзіне дня, а неба пры поўным зацьменні цямнее за некалькі хвілін і становяцца бачнымі планеты і зоры.

Сонечныя зацьменні згадваюцца ўжо ў антычных крыніцах[2]. Аднак найбольшая колькасць датаваных апісанняў змяшчаецца ў заходнееўрапейскіх сярэднявечных хроніках і аналах. Напрыклад, сонечнае зацьменне згадвае Максімін Трырскі, які запісаў, што ў «538 г. 16 лютага, з першай да трэцяй гадзіны было сонечнае зацьменне»[3].

У год на Зямлі можа адбывацца ад 2 да 5 сонечных зацьменняў, з якіх не больш за два — поўныя або кольцападобныя[4][5].. У сярэднім за сто гадоў адбываецца 237 сонечных зацьменняў, з якіх 160 — частковыя, 63 — поўныя, 14 — кольцападобныя[6]. У пэўным пункце зямной паверхні зацьменні ў вялікай фазе адбываюцца досыць рэдка, яшчэ радзей назіраюцца поўныя сонечныя зацьменні. Так, на тэрыторыі Масквы з XI па XVIII стагоддзе можна было назіраць 159 сонечных зацьменняў з фазай больш 0,5, з якіх усяго 3 поўных (11.08.1124, 20.03.1140 и 7.06.1415)[7].

Поўныя сонечныя зацьменні дазваляюць назіраць карону і бліжэйшыя наваколлі Сонца, што ў звычайных умовах вельмі абцяжарана (хоць з 1996 года астраномы атрымалі магчымасць пастаянна аглядаць наваколлі нашай зоркі дзякуючы працы спадарожніка SOHO (англ.: Solar and Heliospheric Observatory — сонечная і геліясферная абсерваторыя). Французскі навуковец П'ер Жансен падчас поўнага сонечнага зацьмення ў Індыі 18 жніўня 1868 г. упершыню даследаваў храмасферу Сонца і атрымаў спектр новага хімічнага элемента. Гэты элемент назвалі ў гонар Сонца — геліем[8]. У 1882 годзе, 17 мая, падчас сонечнага зацьмення назіральнікамі з Егіпта была заўважаная камета, што пралятала паблізу Сонца[9].

Сонечнае зацьменне (Новасібірск, 1.8.2008), пачарговыя моманты з інтэрваламі 3 мінуты

Пры назіранні частковага зацьмення ці прамежнай фазы поўнага зацьмення трэба выкарыстоўваць адмысловыя прылады для назірання, паколькі просты позірк на Сонца з'яўляецца небяспечным, але можна глядзець на Сонца ў часе поўнага зацьмення Сонца Месяцам.

Зноскі

  1. Fred Espenak.. CENTRAL SOLAR ECLIPSES: 1991—2050. Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2010. Праверана 1 кастрычніка 2016.
  2. Herodotus. Book VII. p. 37. Архівавана з арыгінала 19 жніўня 2008. Праверана 1 кастрычніка 2016.
  3. Annales Sancti Maximini Trevirensis. MGH, SS. Bd. IV. Hannover. 1841.
  4. Littmann, Mark (2008). Totality: Eclipses of the Sun. Oxford University Press. pp. 18—19. ISBN 0199532095. {{cite book}}: Невядомы параметр |coauthors= ігнараваны (прапануецца |author=) (даведка)
  5. Пять солнечных затмений наблюдалось в 1935 году. NASA (6 September 2009). "Five Millennium Catalog of Solar Eclipses". NASA Eclipse Web Site. Fred Espenak, Project and Website Manager. Праверана 26 January 2010. {{cite book}}: Вонкавая спасылка ў |chapterurl= (даведка); Невядомы параметр |chapterurl= ігнараваны (прапануецца |chapter-url=) (даведка)
  6. Meeus J. (1997). Mathematical astronomy morsels. Wilmann-Bell, Inc. ISBN 0943396. {{cite book}}: Праверце значэнне |isbn=: length (даведка)
  7. Святский Д. О. Астрономия Древней Руси / Автор предисловия, комментариев, дополнений — М. Л. Городецкий. — М.: Русская панорама, 2007.
  8. Kochhar, R. K. French astronomers in India during the 17th — 19th centuries(англ.) // Journal of the British Astronomical Association. — 1991. — Vol. 101. — № 2. — P. 95—100.
  9. Marsden, Brian G. (1967). "The sungrazing comet group". The Astronomical Journal. 72 (9): 1170–1183. Bibcode:1967AJ.....72.1170M. doi:10.1086/110396.
  • Шаронаў В. В. Ад чаго і як бывае зацменне сонца / В. В. Шаронаў. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1947. — 72 с. — (Бібліятэчка прыродазнаўства).
  • Галуза І. В. і інш. Астраномія: падруч. для 11-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / І. В. Галуза, У. А. Голубеў, А. А. Шымбалёў; пер. з рус. мовы Т. К. Слауты. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2015. — 224 с. ISBN 978-985-471-765-4.