Спам
Спам (англ.: spam) — масавая рассылка карэспандэнцыі рэкламнага ці іншага характару людзям, якія не выказвалі жадання атрымліваць яе. У першую чаргу, тэрмін «спам» датычыцца рэкламных электронных паведамленняў.
Тэрмін пачаў ужывацца ў 1993 годзе, калі рэкламныя кампаніі сталі публікаваць у групах Usenet, дыскусійных лістах, гасцёўнях паведамленні, якія не маюць дачынення да дадзенай тэматыкі альбо з’яўляюцца яўнай рэкламай.
На пачатку спам дасылаўся праз электронную пошту. З цягам часу рассылка спаму пашырылася на сайты, блогі, сацыяльныя сеткі, смс, ICQ і г.д. Спамеры сталі хаваць зваротныя адрасы і выкарыстоўваюць для масавага рассылання допісаў заражаныя траянамі камп’ютары.
Паходжанне тэрміна
[правіць | правіць зыходнік]У 1936 годзе амерыканскае прадпрыемства «Hormel Foods» выпусціла мясныя кансервы «Spam» (ад англ.: spiced ham — вяндліна з вострымі прыправамі). У 1970 годзе на брытанскім тэлебачанні ў перадачы «Лятучы цырк Монці Пайтана» паказалі жарт з кавярні, назвы ўсіх страў якой змяшчалі слова «спам». На думку канадскага праграміста Брэда Тэмплтана, назва масавых паштовых рассыланняў паходзіць ад таго жарту.[1]
Гісторыя спаму
[правіць | правіць зыходнік]3 мая 1978 года супрацоўнік амерыканскага прадпрыемства «Digital Equipment» Гэры Туэрк даслаў паведамленне 393 карыстальнікам амерыканскай урадавай сеткі ARPANET. У паведамленні ўтрымоўвалася рэклама новай мадэлі камп’ютара. Адрасы ўсіх атрымальнікаў набіраліся ўручную. Атрыманне рэкламнага паведамлення выклікала абуранасць у супрацоўнікаў і яны паскардзіліся кіраўніцтву сеткі, пасля чаго прадпрыемства, на якім працаваў Гэры Туэрк, атрымала вымову.
У 1994 годзе два адвакаты з Арызоны размясцілі паведамленне аб сваіх паслугах па іміграцыі ў 6 тысячах канферэнцый Usenet. У выніку яны атрымалі мноства гняўлівых адказаў. У 2003 годзе Кангрэс ЗША ухваліў Закон аб спыненні спаму, што акрэсліў правілы рассылкі для прадпрыемстваў. У 2009 годзе доля спаму ў адасланай пошце перавысіла 90 працэнтаў, што ў штодзённым вымярэнні склала каля 120 мільярдаў паведамленняў.[2]
Разнавіднасці спаму
[правіць | правіць зыходнік]Адна з найбольш распаўсюджаных разнавіднасцяў спаму. Некаторыя кампаніі рэкламуюць свае тавары ці паслугі з дапамогай спаму. Такая рэклама мае нізкі сабекошт і (меркавана) вялікі ахоп патэнцыйных кліентаў. Зрэшты, такая рэклама можа выклікаць абурэнне атрымальнікаў. З дапамогаю спаму можа распаўсюджвацца і забароненая заканадаўствам антырэклама, а таксама і рэклама саміх паслуг рассылкі спаму.
«Нігерыйскія лісты»
[правіць | правіць зыходнік]Часам спам выкарыстоўваецца махлярамі для вымантачвання грошай у атрымальніка. Найбольш распаўсюджаны спосаб атрымаў назву «Нігерыйскія лісты», бо вялікая колькасць такіх паведамленняў прыходзіла з Нігерыі. Такі ліст утрымоўвае паведамленне аб тым, што адпраўнік можа нейкім чынам атрымаць вялікія грошы (напрыклад, у спадчыну), а атрымальнік можа яму дапамагчы ў абмен на пэўны працэнт ад сумы. Затым ашуканец просіць даслаць яму грошай, напрыклад, для адкрыцця банкаўскага рахунку ці афармлення дакументаў. Вымантачванне гэтых грошаў і з’яўляецца мэтай махляроў.
Вядомы некаторыя «нігерыйскія лісты» гумарыстычнага зместу, напрыклад, паведамленне пра лёс нігерыйскага касманаўта, які ўжо чатырнаццаць гадоў (з 1990 па 2004 год) знаходзіцца ў космасе на сакрэтнай расійскай касмічнай станцыі.[3]
Фішынг (англ.: phishing, ад fishing «рыбная лоўля, вывуджванне») — яшчэ адзін спосаб ашуканства, заключаецца ў вымантачванні ў атрымальніка нумара крэдытнай карткі ці пароляў ад сістэмы online-плацяжоў. Такія паведамленні звычайна маскіруюцца пад афіцыйныя лісты ад адміністрацыі банка. У іх гаворыцца, што атрымальнік мусіць запоўніць форму на сайце (прыналежным спамерам), каб пацвердзіць асабістыя даныя, інакш рахунак будзе заблакіраваны. Каб не выклікаць падазрэнняў, афармленне сайта імітуе дызайн сапраўднага сайта банка.
«Лісты шчасця»
[правіць | правіць зыходнік]Таксама з дапамогаю спаму распаўсюджваюцца «лісты шчасця» махлярскага ці містычнага зместу. У падобных лістах адпраўнік нярэдка заклікае карыстальніка даслаць такі спам сваім сябрам ці знаёмым і пагражае няшчасцямі (вірусы, хваробы і г.д.), калі атрымальнік праігнаруе даручэнне. Некаторыя «лісты шчасця» носяць жартоўны характар.
SMS-рассылкі
[правіць | правіць зыходнік]Спам распаўсюджваецца не толькі праз інтэрнэт, але і з дапамогаю SMS. Ад такіх рэкламных паведамленняў складаней абараніцца.
Іншыя разнавіднасці
[правіць | правіць зыходнік]З дапамогаю спаму рэалізуюцца Dos- і DDoS-атакі, вірусныя рассылкі, распаўсюджванні г. зв. «паштовых чарвякоў». Таксама рассылаецца рэлігійны і прапагандысцкі спам.
Барацьба са спамам
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш надзейны спосаб барацьбы са спамам — не дазваляць спамерам даведацца пра ваш адрас электроннай пошты. Гэта даволі няпроста, але можна ўжываць некаторыя меры перасцярогі.
- Не публікаваць свой e-mail на веб-сайтах і ў групах Usenet без неабходнасці альбо прадставіць адрас у фармаце выявы (*.jpg, *.gif, *.png).
- Не рэгістравацца на падазроных сайтах і форумах ці ствараць адмысловы e-mail для падобных рэгістрацый.
- Не адказваць на спам і не пераходзіць па спасылках у спам-рассылках, каб не пацвярджаць, што вы карыстаецеся сваім адрасам і не атрымліваць яшчэ больш спаму.
- Можна выбіраць доўгае і нязручнае для ўгадвання імя электроннай пошты.
Існуе таксама праграмнае забеспячэнне для барацьбы са спамам у электроннай пошце і групах навін (спам-фільтры), напрыклад, SpamAssassin, Bogofilter, Razor і г.д.[4]
Юрыдычныя аспекты праблемы
[правіць | правіць зыходнік]У шэрагу краін прымаюцца заканадаўчыя меры супраць спамераў.[5] Спробы заканадаўчай забароны ці абмежавання дзейнасці спамераў сутыкаюцца з мноствам цяжкасцяў. Няпроста вызначыць у законе, якое рассыланне з’яўляецца законным. Горш за ўсё тое, што кампанія (ці асоба), якая рассылае спам, можа знаходзіцца ў іншай краіне. Да таго ж, законы, якія прымаюцца для барацьбы з масавымі рассылкамі могуць супярэчыць канстытуцыі. Вярхоўны Суд Вірджыніі (ЗША) адмяніў прысуд спамеру Джэрэмі Джэйнсу і прызнаў неканстытуцыйным закон аб барацьбе са спамам, бо ён парушае правы на свабоду слова.[6]
Спам у папулярнай культуры
[правіць | правіць зыходнік]Існуюць шматлікія жарты пра спамераў, нярэдка абразлівыя.[7][8][9] У такіх анекдотах звычайна адлюстроўваецца негатыўнае стаўленне да спаму і да тых, хто яго рассылае.
Зноскі
- ↑ Спам адзначае трыццацігоддзе Архівавана 6 сакавіка 2016.// Беларускія навіны ІТ. 29 красавіка 2008
- ↑ Спаму выканалася 30 гадоў Архівавана 8 сакавіка 2016.// Беларускія навіны ІТ. 4 мая 2008
- ↑ «Нигерийские» письма (руск.) (з арыгіналам ліста)
- ↑ Debian Package Search (англ.)
- ↑ Спам и закон (руск.)
- ↑ Суд признал запрет на спам нарушением свободы слова (руск.)
- ↑ Подборка юмора про спамеров Архівавана 1 верасня 2010. (руск.)
- ↑ Анекдоты про спам Архівавана 26 ліпеня 2011. (руск.)
- ↑ Spammer Jokes (англ.)