Перайсці да зместу

Старая Упсала

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Старая Упсала
шведск.: Gamla Uppsala
Макет Старой Упсалы ў мясцовым музеі
Макет Старой Упсалы ў мясцовым музеі
59°53′52″ пн. ш. 17°37′51″ у. д.HGЯO
Краіна  Швецыя
Лен Упсала
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Стара́я У́псала (шведск.: Gamla Uppsala) — найбуйнейшы культавы і палітычны цэнтр язычніцкай Скандынавіі, цяпер сельскі прыход на паўночнай ускраіне Упсалы ў Швецыі. У 1991 годзе Старая Упсала налічвала 16 231 вернікаў.

Палітычны цэнтр

[правіць | правіць зыходнік]

У шведскай гістарыяграфіі Старую Упсалу прынята лічыць рэзідэнцыяй каралёў паўлегендарнай дынастыі Інглінгаў, які кіравалі свеямі пачынаючы c III—IV стст. У Сярэднявеччы Старая Упсала была буйным пасёлкам, усходняя частка якога, верагодна, з'яўлялася цэнтрам каронных уладанняў — Здабытак Упсалы, пасродкам якога конунг ажыццяўляў адміністрацыйную і фіскальную ўладу. У заходняй частцы пасёлка знаходзіліся самі ўладанні конунга (шведск.: kungsgården)[1].

З ранніх часоў да Сярэднявечча ў канцы лютага — пачатку сакавіка ў Старой Упсале праводзіўся Агульнасвейскі Тынг[2]. Паводле Закона Упланда ўлетку на ім конунг аб'яўляў пра збор лейданга, вызначаліся каманды і камандзіры. Тынг праводзіўся сумесна з язычніцкім святам Дысаблот і штогадовым кірмашом Дысатынг, якая праводзіцца і сёння[3].

У эпоху вікінгаў (IX стагоддзе) цэнтр шведскай дзяржаўнасці перамясціўся спачатку ў Бірку-Хоўгардэн, а затым — у Сігтуну, аднак свейскага кіраўніка па традыцыі называюць «конунгам Упсалы» і даволі познія крыніцы, уключаючы Інглінгатал (Ynglingatal), Сагу пра Інглінгаў (Ynglinga saga), Закон Заходняга Готланда (Västgötalagen) і Гутасагу (Gutasaga).

Курганы Упсалы

[правіць | правіць зыходнік]
«Каралеўскія курганы» Старой Упсалы.

З захаваных помнікаў язычніцкай даўніны найбольш цікавыя тры велізарныя курганы, у якіх, паводле падання, былі пахаваны свейскія конунгі V—VI стст. Яны спрадвеку прыкоўвалі ўвагу шведскіх гістарыёграфаў. У XIX стагоддзі было распаўсюджана меркаванне, што курганы маюць натуральнае паходжанне, каб даведацца праўду кароль Карл XV даў згоду на правядзенне іх раскопак.

Археалагічныя даследаванні пацвердзілі, што Упсала V—VI стст. уяўляла сабой палітычны цэнтр усяго Упланда, а курганы носяць пахавальны характар. З іх былі выняты абсыпаныя каштоўнасцямі мячы франкскай працы, шахматы са слановай косці, якія паходзяць з Міжземнамор'я, а таксама дзіўнай формы шлем, адзіны аналаг якога быў знойдзены ў Сатан-Ху на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Англіі.

Культавы цэнтр

[правіць | правіць зыходнік]

Упсала была галоўным язычніцкім цэнтрам у Швецыі. Культавае значэнне Упсалы грунтавалася на велізарным капішчы, апошні росквіт якога прыйшоўся на 1070—1080-я гг. Адзін з сучаснікаў, Адам Брэменскі, апісвае капішча як «залаты храм», у якім былі выстаўлены цудоўныя драўляныя ідалы багоў Асаў: Тора, Одзіна і Фрэйра.

Саксон Граматык лічыў, што ў старажытнасці ва Упсале знаходзілася рэзідэнцыя Одзіна, Сноры ж Стурлусан прыпісвае будаўніцтва капішча Фрэйру. Дацкі храніст і ісландскі паэт сыходзяцца ў тым, што менавіта Фрэйр заснаваў ва Упсале блот, падрабязнае апісанне якога прыводзіцца ў Адама. Пасля забойства дзевяці стварэнняў мужчынскага пола іх скрываўленыя целы вывешвалі на дрэвах суседняй свяшчэннай шаты. Са слоў брэменскага храніста, павешаныя побач людзі, сабакі і коні ўяўлялі жудаснае гледзішча.

Спыненне ахвярапрынашэнняў і разбурэнне капішча традыцыйна прыпісваецца Св. Олафу, хоць больш верагодна, што канчатковае хрышчэнне Упсалы адбылося не раней за кіраванне Інгэ I (каля 1087 года).

Хрысціянская Упсала

[правіць | правіць зыходнік]
Сярэднявечная царква Старой Упсалы.

З мэтай выкаранення язычніцкіх традыцый, па загадзе Папы Рымскага, Упсалу зрабілі моцным хрысціянскім цэнтрам. У 1164 годзе была створана Рымска-каталіцкая архідыяцэзія Упсалы і быў пасвечаны першы ў Швецыі архібіскуп, прымас шведскіх каталікоў, ім стаў цыстэрцыянскі манах Стэфан з кляштара Альвастра.

У 1240 годзе кафедральная царква згарэла, у 1287 годзе пачалося будаўніцтва новага Кафедральнага сабора, якое працягвалася каля 150 гадоў і толькі ў 1435 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне Упсальскага кафедральнага сабора. У XVIII і XIX стагоддзі сабор перабудоўваўся, так што ад арыгінальнага сярэднявечнага стылю сабора захаваліся толькі цагляныя сцены. Цяпер ён з'яўляецца нацыянальнай святыняй, адным з самых вялікіх сабораў у Паўночнай Еўропе і самым вялікім у Скандынавіі.

У сувязі з запусценнем старажытнага цэнтра ў 1273 годзе архібіскуп Упсальскі перабраўся трохі на поўдзень, у Эстра-Арас (шведск.: Östra Aros), якое ў сувязі з гэтым было пераназвана ва Упсалу. Месца, дзе горад знаходзіўся да гэтага, з тых часоў называецца Старой Упсалай.

Зноскі

  1. Nationalencyklopedin (1992)
  2. Folin, Nina (2001), "Landsting", Medeltidens ABC, Swedish Museum of National Antiquities, ISBN 91-518-3926-1, Архівавана з арыгінала 1 верасня 2007, Праверана 27 верасня 2014
  3. Nordisk familjebok.