Сібір
Сібір — рэгіён у Азіі, які размешчаны паміж Уральскімі гарамі на захадзе і вадападзельнымі хрыбтамі Ціхага акіяна на ўсходзе і ад берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна на поўначы да ўзгорыстых стэпаў Казахстана і мяжы Расіі з Манголіяй і Кітаем на поўдні[1][2][3]. Часам у склад Сібіры ўключаюць Далёкі Усход Расіі[4][5]. Да Сібіры належыць большая частка азіяцкай тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Рэгіён уключае фізіка-геаграфічныя вобласці Заходняя Сібір і Усходняя Сібір, у межах якіх размешчаны Заходне-Сібірская раўніна, Сярэднесібірскае пласкагор’е, горы Паўднёвай Сібіры (Алтай, Заходні Саян, Усходні Саян, горы Тывы, Прыбайкалле, Забайкалле) і сістэма горных хрыбтоў на паўночна-ўсходняй Сібіры, якія акаймоўваюць Верхаянскі хрыбет і Калымскае нагор’е.
У геалагічнай будове Сібіры вылучаюцца Сібірская платформа і Заходне-Сібірская пліта, якія на поўначы і захадзе абмежаваны гарамі палеазойскай складкавасці, на поўдні — пратэразойскай, на паўночным і паўднёвым усходзе — мезазойскай складкавасці. У антрапагене на поўначы Сібіры і ў гарах было зледзяненне.
Вялікія паклады каменнага і бурага вугалю (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Іркуцкі, Паўднёва-Якуцкі, Ленскі і Тунгускі басейны); радовішчы нафты і газу, жалезных і поліметалічных руд, рэдкіх і каляровых металаў, графіту, алмазаў, золата і інш.
Сібір размешчана ва ўмераным і субарктычным кліматычных паясах. Клімат большай часткі тэрыторыі суровы, рэзка кантынентальны, умерана халодны і халодны, на поўначы арктычны. Сярэднегадавыя тэмпературы паветра амаль усюды ніжэй за 0°С. На поўначы сярэдняя тэмпература ліпеня 0—2°С, студзеня -48°С, -50°С, («полюс холаду» Паўночнага паўшар'я ў Верхаянску і Аймяконе да -71°С). На поўдні і паўднёвым захадзе клімат больш цёплы з тэмпературай ліпеня 22—23°С, студзеня -16°С, -20°С. Ападкаў на паўночным усходзе 150—250 мм, на захадзе да 500—550 мм, на Алтаі да 2000 мм за год.
Акрамя цэнтральнай і паўднёвай часткі Заходне-Сібірскай раўніны, амаль усюды шматгадовая мерзлата. Сучасныя ледавікі ў гарах на вышыні 2000—2500 м. Рэкі Сібіры належаць да басейна Паўночнага Ледавітага акіяна. Найбольшыя рэкі: Об з Іртышом, Енісей з Ангарой, Падкаменнай Тунгускай і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма. На паўднёвым усходзе вытокі р. Амур (басейн Ціхага акіяна). Рэкі выкарыстоўваюцца для рачнога транспарту. Шмат ГЭС. Шмат азёр, у іх ліку самае глыбокае ў свеце Байкал, Таймыр, Цялецкае, Чаны.
На поўначы мохава-лішайнікавая тундра і лесатундра з лістоўніцай. На поўдні ад лесатундры зона тайгі з лістоўніцы, кедру, хвоі, бярозы. На поўдні Заходняй Сібіры лесастэпавая з бярозавымі і асінавымі гаямі (калкі) і стэпавая зона. Ва Усходняй Сібіры лесастэп і стэп займаюць асобныя тэрыторыі. У гарах Паўднёвай Сібіры вышынная пояснасць з горнымі лясамі і лугамі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Як гістарычны раён Сібір уключае таксама Далёкі Усход Расіі. Чалавек насяліў гэтую тэрыторыю ў каменным веку і адсюль пранік у Амерыку. У І тыс. н.э. паўднёвыя раёны Сібіры былі ў складзе Цюркскага каганата, Кіргізскага каганата, Бахай і іншых дзяржаў. У ХІІІ ст. паўднёвая Сібір заваявана манголамі. Частка тэрыторыі Сібіры ўваходзіла ў Залатую Арду, потым у Цюменскае ханства і Сібірскае ханства. У заходняй Сібіры сфарміравалася некалькі дзяржаўных утварэнняў хантаў і мансі, у паўднёвай — кіргізаў, мангольскіх і тунгуса-маньчжурскіх народаў.
Паходы расійскіх ваявод (з канца XV ст.) і Ермака у 1580-я г. паклалі пачатак далучэнню Сібіры да Расійскай дзяржавы, якое завершана ў сярэдзіне ХІХ ст. Вялікую ролю ў асваенні і вывучэнні Сібіры і Далёкага Усходу адыгралі расійскія землепраходцы XVII ст., камчацкія экспедыцыі В. Берынга 1725—30 і 1733—43, падарожжы Г. Невяльскога, даследаванні І. Чэрскага і інш. У XVIII ст. ўзнікла горная прамысловасць, у XIX ст. золатаздабыўная, каменнавугапьная, харчовая. Адбывалася каланізацыя Сібіры сялянамі з Еўрапейскай Расіі (пераважна рускімі, украінцамі і беларусамі), якая набыла шырокія маштабы пасля сялянскай рэформы 1861 і сталыпінскай аграрнай рэформы (з 1906). У 1891—1916 пабудавана Транссібірская магістраль. Савецкая улада, устаноўленая ў канцы 1917 — пач. 1918, неўзабаве скінута белагвардзейцамі і інтэрвентамі; адноўлена ў 1919—22.
3 канца XVII ст. Сібір была месцам палітычнай катаргі і ссылкі. Сюды былі сасланы ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі 1768—72, дзекабрысты, удзельнікі паўстанняў 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, рэвалюцыянеры-народнікі, сацыял-дэмакраты, эсэры, бальшавікі і інш. У перыяд масавых палітычных рэпрэсій 1930—50-х г. у Сібіры і на Далёкім Усходзе знаходзілася сетка лагераў сістэмы ГУЛАГ.
Зноскі
- ↑ БЭ ў 18 т. Т. 14. С. 362.
- ↑ Российский энциклопедический словарь(недаступная спасылка)
- ↑ Большая российская энциклопедия Архівавана 5 лютага 2020.
- ↑ Geography of Siberia
- ↑ Сибирь: атлас Азиатской России. — С. 348 - 380
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- У. Галуза Беларусы Заходняй Сібіры: гісторыя і сучаснасць // Кантакты і дыялогі. — Мінск: 1998. — № 10/11.
- Сібір // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 362. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Сибирь: атлас Азиатской России (руск.) / Науч. рук. Деревянко, А. П.. — Новосибирск — Москва: Изд-во Феория, 2007. — ISBN 5-287-00413-3.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Сібір на Вікісховішчы |
- Сибирь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.