Тадэвуш Бжазоўскі (генерал езуітаў)
Тадэвуш Бжазоўскі | |
---|---|
польск.: Tadeusz Brzozowski | |
Род дзейнасці | генерал Таварыства Ісуса (1814-1820) |
Дата нараджэння | 21 кастрычніка 1749[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 5 лютага 1820[1] (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | каталіцтва |
Месца працы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тадэвуш Бжазоўскі (польск.: Tadeusz Brzozowski, руск.: Фаддей Бжозовский; 21 кастрычніка 1749, Каралявец — 5 лютага 1820, Полацк[2]) — дзеяч каталіцкага касцёла, дзевятнаццаты генерал Таварыства Ісуса (у 1814—1820 гг.), педагог.
Уступленне ў Таварыства Ісуса і адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Тадэвуш Бжазоўскі нарадзіўся ў ў Караляўцы, у сям’і польскага паходжання. 26 жніўня 1765 г. у Нясвіжы ўступіў у Таварыства Ісуса. Адукацыю атрымаў у езуіцкіх калегіумах у Слуцку (1767—1770), дзе вывучаў рыторыку, грэчаскую і французскую мовы і літаратуру, і Нясвіжы (1770—1773), дзе займаўся філасофія і матэматыкай. Пасля скасавання Папам Кліментам XIV Таварыства Ісуса (1773) вывучаў тэалогію ў Віленскай дыяцэзнай семінарыі. У 1775 г. быў высвечаны на ксяндза у Пінску. Потым працаваў настаўнікам у сем’ях багатай шляхты і выкладчыкам ў школах Адукацыйнай камісіі ў Мінску[2].
Вяртанне ва ўлонне ордэна езуітаў
[правіць | правіць зыходнік]Тым часам, на колішніх землях Вялікага Княства Літоўскага, якія ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, працягвала кіпець жыццё езуіцкай супольнасці. Кацярына ІІ забараніла агалошваць папскае брэвэ Dominus ac Redemptor, а таму з фармальнага пункту гледжання яно ў яе ўладаннях так і не набыло моц. Імператрыца прыязна ставілася да езуітаў, імкнучыся выкарыстоўваць іх у сваіх асветніцкіх і палітычных мэтах, а тыя, у сваю чаргу, адказвалі расійскім уладам падкрэсленай лаяльнасцю.
Пасля таго, як папа Пій VI даў згоду на адкрыццё ў Полацку, буйнейшым езуіцкім цэнтры Расійскай імперыі, навіцыяту (урачыста адкрыты 2 лютага 1780 г.) і, тым, самым дэ-факта прызнаў існаванне Таварыства Ісуса ў Расіі, натхнёныя езуіты з усёй Еўропы імкнуцца перабрацца на беларускія землі, каб працягнуць выкананне сваёй ордэнскай місіі. Не стаў выключэннем і Тадэвуш Бжазоўскі. У 1782 г. ён прыехаў у Полацк і паступіў у навіцыят, а праз год даў манаскія абяцанні.
Маючы выдатную лінгвістычную падрыхтоўку (дасканала ведаў лаціну, французскую, нямецкую і рускую мовы) Тадэвуш Бжазоўскі займаўся перакладам на польскую тэалагічнай літаратуры. Быў прэфектам школ, выкладчыкам нямецкай і французскай моў у Оршы (1784—1785), прапаведнікам, прэфектам школ і выкладчыкам французскай у Полацку (1785—1789), прэфектам школ у Віцебску (1789—1791), а потым ізноў прапаведнікаму ў Полацку (1791—1797)[3].
Выдатна прявіўшы свае здольнасці і заваяваўшы высокі аўтарытэт сярод братоў-езуітаў, Тадэвуш Бжазоўскі быў прызначаны сакратаром Таварыства Ісуса (1797—1805) і працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам выдатных езуіцкіх дзеячаў — Габрыэля Лянкевіча, Францішка Караў і Габрыэля Грубера[2]. (Адначасова з гэтым займаў пасаду прэфекта Полацкай друкарні[4][5].) У 1801 г. быў зроблены значны крок да аднаўлення Таварыства Ісуса: Папа Пій VI сваім брэвэ Catholicae fidei афицыйна дазволіў дзейнасць езуітаў у межах Расійскай імперыі, і Францішак Караў, які на той момант займаў пасаду генеральнага вікарыя, атрымаў права называцца «генералам Таварыства Ісуса ў Расіі». У 1802 годзе Тадэвуш Бжазоўскі быў прызначаны яго асістэнтам (1802—1805)[2].
Генерал Таварыства Ісуса ў Расіі
[правіць | правіць зыходнік]Неўзабаве пасля трагічнай смерці на пажары Габрыэля Грубера, былога галавы Таварыства, адбылася V Полацкая генеральная кангрэгацыя. 2 верасня 1805 г. Тадэвуш Бжазоўскі быў абраны новым генералам[6].
Тадэвуш Бжазоўскі не здабыў славы вучонага-эрудыта альбо здольнага адміністратара. Тым не менш, стоячы на чале ордэна, разам з паплечнікамі ён здолеў дамагчыся прыкметных поспехаў. Так развівалася пастырская і адукацыйная дзейнасць Таварыства. Былі заснаваныя місіі ў Маздоку (1806), Іркуцку (1811) і Томску (1815). У паўночнаамерыканскія місіі ў 1806—1811 гг. былі накіраваныя 8 езуітаў з Беларусі.
Але самым важным дасягненнем Тадэвуша Бжазоўскага стала тое, што ён здолеў адстаяць незалежнасць Полацкага езуіцкага калегіума ад Віленскага ўніверсітэта і, больш, таго дамагчыся пераўтварэння галоўнага адукацыйна-навуковага цэнтра езуітаў у Полацкую езуіцкую акадэмію з усімі правамі ўніверсітэта (1812)[2].
У час вайны 1812 года езуіты трымалі падкрэслена лаяльна да расійскай улады. Аднак з 1813 г. адносіны ордэна з урадам пагоршыліся. Тадэвуш Бжазоўскі адмовіўся стаць членам Біблейскага таварыства, куды па жаданні імператара ў вайшлі многія праваслаўныя іерархі, а таксама каталіцкі мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч[7].
Генерал Таварыства Ісуса
[правіць | правіць зыходнік]Папская була Sollicitudo omnium ecclesiarum ад 7 жніўня 1814 г. аднаўляла Таварыства Ісуса па ўсім свеце, а таму Тадэвуш Бжазоўскі афіцыйна стаў дзевятнаццатым генералам ордэна, галавой усіх езуітаў свету. Такі паварот у адносінах паміх папствам і Таварыствам выклікаў незадавальненне пры расійскім двары, які незваротна губляў уплыў на палітыку ордэна. Абурэнне праваслаўнага духавенства з нагоды актыўнасці езуітаў у адукацыйнай сферы і празелітызму толькі дадавала напружанасці ў адносіны паміж Аляксандрам І і Ордэна. Як вынік, усе езуіты на чале з генералам (ён жыў у сталічнай рэзідэнцыі) высылаліся з Санкт-Пецярбурга, а самаму Тадэвушу Бжазоўскаму забаранялася пакідаць межы імперыі.
Не атрымаўшы імператарскага дазволу на ад’езд у Рым, генерал з 1815 па 1820 гг. жыў у Полацку, дзе і памёр 5 лютага 1820 г. Неўзабаве пасля яго канчыны, Таварыства Ісуса было забаронена ў Расіі, а езуіты мусілі хутка пакінуць краіну.
Зноскі
- ↑ а б Tadeusz Brzozowski // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
- ↑ Catalogs SJ 1774-1829. Russiae. Архівавана 13 ліпеня 2020.
- ↑ Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
- ↑ Баўтовіч, М. Кнігадрук у Полацку ад . да . / М. Баўтовіч // Кнігадрук у Полацку (1774 – 1829): Бібліяграфічнае выданне / укладальнік М. Баўтовiч. – Полацк: Выдавецкая ініцыятыва “Полацкая ляда”, 2018. – С. 13.
- ↑ Catalogus sociorum et officiorum Societatis Jesu in Imperio Rossiaco ex anno 1815 in annum 1816. – Polociae, 1816. – p. 3.
- ↑ Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 193.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антонаў, Б. В. Бжазоўскі Тадэвуш / Б. В. Антонаў // Асветнікі зямлі беларускай: Энцыкл. даведнік / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.; Маст. У. М. Жук. — Мінск: БелЭн, 2001. — C. 58-59
- Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — 632 с.
- Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
- Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków: Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s.
- Załęski, S. Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820 / S. Załęski — Kraków : W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.