Формула-1 у сезоне 2014
Сезон 2014 у Формуле-1 быў 65-м сезонам Чэмпіяната Свету ў гонках класа Формула-1, якія праходзяць пад эгідай Міжнароднай Аўтамабільнай Федэрацыі (FIA). 11 каманд і 24 пілоты спаборнічалі на 19 этапах Гран-пры за тытулы Чэмпіёна свету сярод пілотаў і сярод канструктараў. Сезон пачаўся ў Аўстраліі 16 сакавіка і скончыўся 23 лістапада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
У 2014 годзе Формула-1 пабачыла шэраг тэхнічных і спартовых змен: 2,4-літровыя рухавікі, якія выкарыстоўваліся на балідах у 2006—2013, былі заменены на 1,6-літровыя рухавікі канфігурацыі V6 з турбанагнятальнікам. Змены закранулі таксама і каляндар гонак. Гран-пры Індыі і Карэі былі прыбраныя са спіса этапаў на 2014 год, у той час як у Чэмпіянат вярнуўся Гран-пры Аўстрыі. Таксама адбыўся дэбют новага этапа Гран-пры ў Расіі на гарадской трасе ў Сочы.
Нямецкі пілот Себасцьян Фетэль пачынаў сезон як дзеючы чатырохразовы Чэмпіён Свету сярод пілотаў, а яго каманда — Red Bull Racing — як уладальнікі тытула Чэмпіёна сярод Канструктараў. Ні Фетэль, ні яго каманда не здолелі абараніць свае тытулы.
Пераможцам Чэмпіянату стаў брытанскі пілот Льюіс Хэмілтан, які выйграў свой другі чэмпіёнскі тытул, а таксама стаў самым паспяховым брытанскім пілотам за гісторыю Формулы-1. Паводле колькасці кар’ерных перамог Хэмілтан абышоў другога знакамітага брытанца Найджэла Мэнсэла. Другім пілотам у чэмпіянаце стаў партнёр Хэмілтана па камандзе Mercedes Ніка Розберг. Дзякуючы амаль суцэльнаму дамінаванню ў Чэмпіянаце, Розберг і Хэмілтан удваіх прынеслі першы Кубак Канструктараў для сваёй каманды Mercedes. Розберг таксама стаў уладальнікам спецыяльнай прэміі Міжнароднай Аўтамабільнай Федэрацыі (FIA) за найбольшую колькасць поўл-пазіцый у сезоне. Аўстралійскі пілот Red Bull Racing Даніэль Рык'ярда ў сваім дэбютным сезоне за новую каманду стаў трэцім у агульным заліку, стаў адзіным пілотам, які здолеў парушыць гегемонію пілотаў Mercedes, з трыма перамогамі.
Удзельнікі: каманды і пілоты
[правіць | правіць зыходнік]Наступныя каманды і пілоты аб’явілі пра свой удзел у Чэмпіянаце Свету 2014 года. Тым не менш, іх удзел залежыць ад рашэння каманд наконт новай рэдакцыі дамовы паміж Міжнароднай Аўтамабільнай Федэрацыяй (FIA), Асацыяцыяй Каманд Формулы-1 (FOTA) і Адміністрацыяй Формулы-1.
10 студзеня 2014 FIA абвясціла часовы спіс удзельнікаў на сезон 2014[1]:
Каманда | Шасі | Рухавік | Гума | Нумар пілота | Пілот | Этапы |
---|---|---|---|---|---|---|
Infiniti Red Bull Racing | Red Bull RB10[2] | Renault Energy F1 2014 | P | 1 | Себасцьян Фетэль | 1-19 |
3 | Даніэль Рык'ярда | 1-19 | ||||
Mercedes AMG Petronas F1 Team | Mercedes F1 W05 | Mercedes-Benz PU106A Hybrid | P | 44 | Льюіс Хэмілтан | 1-19 |
6 | Ніка Розберг | 1-19 | ||||
Scuderia Ferrari | Ferrari F14 T[3] | Ferrari 059/3 | P | 14 | Фернанда Алонса | 1-19 |
7 | Кімі Райканен | 1-19 | ||||
Lotus F1 Team | Lotus E22 | Renault Energy F1 2014 | P | 8 | Раман Гражан | 1-19 |
13 | Пастор Мальданада | 1-19 | ||||
McLaren Mercedes | McLaren MP4-29 | Mercedes-Benz PU106A Hybrid | P | 22 | Джэнсан Батан | 1-19 |
20 | Кевін Магнусэн | 1-19 | ||||
Sahara Force India F1 Team | Force India VJM07[4] | Mercedes-Benz PU106A Hybrid | P | 27 | Ніка Хюлькенберг | 1-19 |
11 | Серхіа Перэс | 1-19 | ||||
Sauber F1 Team | Sauber C33[5] | Ferrari 059/3 | P | 99 | Адрыян Зуціл | 1-19 |
21 | Эстэбан Гуцьерэс | 1-19 | ||||
Scuderia Toro Rosso | Toro Rosso STR9 | Renault Energy F1 2014 | P | 25 | Жан-Эрык Вернь | 1-19 |
26 | Данііл Квят | 1-19 | ||||
Williams Martini Racing | Williams FW36 | Mercedes-Benz PU106A Hybrid | P | 19 | Феліпэ Маса | 1-19 |
77 | Вальтэры Ботас | 1-19 | ||||
Marussia F1 Team | Marussia-Ferrari | Ferrari 059/3 | P | 17 | Жуль Б'яншы | 1-15 |
4 | Макс Чылтан | 1-16 | ||||
Caterham F1 Team | Caterham CT05 | Renault Energy F1 2014 | P | 10 | Камуі Кабаясі | 1-11, 13-16, 19 |
9 | Маркус Эрыксан | 1-16 | ||||
45 | Андрэ Лотэрэр | 12 | ||||
46 | Уіл Стывенс | 19 |
Каманды
[правіць | правіць зыходнік]Колькасць каманд у параўнанні з сезонам 2013 не змянілася. У снежні 2013 года FIA пачала пошук дванаццатай каманды, якая магла б удзельнічаць у Чэмпіянаце пачынаючы з 2015 ці 2016 года, з абавязковай згодай не пакідаць Формулу-1 да 2020.
- Вытворца рухавікоў Cosworth вырашыў адмовіцца ад стварэння рухавіка, які б падыходзіў да новых тэхнічных патрабаванняў. Каманда Marussia, якая выкарыстоўвала рухавікі ад Cosworth падчас сезона 2013, была вымушана шукаць новага пастаўшчыка рухавікоў. Неўзабаве Marussia далучылася да кліенцкай праграмы Ferrari. Згодна з кантрактам, Ferrari будзе забяспечваць Marussia рухавікамі і трансмісіяй з 2014 года.
- Toro Rosso спынілі супрацоўніцтва з Ferrari і падпісалі дамову з Renault на забеспячэнне каманды рухавікамі.
- Williams з 2014 года будуць выкарыстоўваць рухавікі ад Mercedes. Адпаведная дамова была дасягнута яшчэ ў маі 2013, калі Renault абвясціла аб скарачэнні колькасці каманд, якім пастаўляюцца рухавікі, да трох.
Пілоты
[правіць | правіць зыходнік]Феліпэ Маса пакідае Ferrari пасля 8 сезонаў і пераходзіць у Williams, дзе далучыцца да Вальтэры Ботаса. У той жа час у Ferrari вяртаецца Кімі Райканен, які выступаў за Ferrari з 2007 па 2009 годы ў 52 Гран-пры і атрымаў у 2007 годзе тытул Чэмпіёна Свету[6]. Іншым кандыдатам на месца Масы быў Ніка Хюлькенберг.
Марк Уэбер сыходзіць з Формулы-1 пасля 12 сезонаў, з якіх апошнія 7 ён правёў у Red Bull Racing. Уэбер працягне сваю гоначную кар’еру ў Чэмпіянаце Свету па гонках на цягавітасць у камандзе Porsche AG. Месца Уэбера дастаецца Даніэлю Рык’ярда, які пакідае Toro Rosso. Рык’ярда з’яўляецца другім выхаванцам спецыяльнай праграмы Red Bull для маладых пілотаў пасля Фетэля, які атрымаў месца ў асноўнай камандзе Red Bull Racing. У Toro Rosso Рык’ярда заменіць чэмпіён GP3 2013 года Данііл Квят.
McLaren не працягнуў кантракт з Серхіа Перэсам, что вымусіла апошняга шукаць новую каманду, каб працягнуць кар’еру ў Формуле-1. McLaren падпісаў дамову з удзельнікам сваёй праграмы для маладых пілотаў Кевінам Магнусэнам. Перэс, у сваю чаргу, далучыцца да Ніка Хюлькенберга ў Force India. Апошні пакінуў Sauber пасля года супрацоўніцтва, і яго месца зойме Адрыян Зуціл[7].
Камуі Кабаясі вяртаецца ў Формулу-1 у складзе каманды Caterham пасля аднагадовага перапынку[8]. Яго партнёрам па камандзе будзе пілот серыі GP2 Маркус Эрыксан. Былы пілот Caterham Г’еда ван дэр Гардэ сышоў да Sauber трэцім пілотам, у той час як Шарль Пік пакінуў каманду і не знайшоў новага месца.
Змены на працягу сезона
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Гран-пры Расіі каманда Caterham F1 страціла ўсе крыніцы свайго фінансавання з-за спрэчкі паміж уладальнікамі каманды. Каманда перайшла пад адміністрацыйнае кіраванне часовым прадстаўніком крэдытораў. У выніку каманда і яе пілоты прапусцілі Гран-Пры Бразіліі і ЗША. Caterham здолелі прыняць удзел на апошнім этапе ў Абу-Дабі, але з Уілам Стывенсам замест Маркуса Эрыксана.
Каманда Marussia пасля Гран-пры Японіі, у якім пілот Жуль Б'яншы атрымаў сур’ёзныя траўмы, вырашыла не выстаўляць другі балід у наступным пасля японскага расійскім гран-пры. Пасля гэтага каманда таксама, як і Caterham F1, перайшла пад адміністрацыйнае кіраванне, прапусціла амерыканскі і бразільскі этапы. Напярэдадні Гран-Пры Бразіліі каманда спыніла сваё існаванне: супрацоўнікі былі звольненыя, а маёмасць выстаўлена на продаж.
Каляндар
[правіць | правіць зыходнік]Першае выданне календара гран-пры на 2014 год з’явілася ў верасні 2013 года і ўтрымлівала 21 этап: пачатак быў запланаваны на 16 сакавіка ў Аўстраліі, а заканчэнне сезона павінна было адбыцца ў Бразіліі 30 лістапада. Вяртанне Гран-пры Мексікі было запланавана на кастрычнік. У тым жа месяцы павінен быў адбыцца дэбют Гран-пры Расіі. Пацвердзілася вяртанне Гран-пры Аўстрыі, а таксама месца правядзення Гран-пры Іспаніі ў Барселоне. Гран-пры Карэі пераносілася на красавік па лагістычных меркаваннях.
Другое выданне календара зведала з’яўленне яшчэ аднаго этапу на гарадской трасе ў Нью-Джэрсі, які планавалася правесці паміж гонкамі ў Манака і Канадзе. Такім чынам, магчымая колькасць этапаў узрасла да 22. У той жа час было аб’яўлена аб дадатковых мерапрыемствах па інспекцыі трас у Мексіцы, Карэі і Нью-Джэрсі, што мела б сваім вынікам скарачэнне колькасці этапаў да 21 ці 20. Сярэдзіна кастрычніка была замацаваная за гонкай ў Расіі.
Афіцыйны каляндар, у якім 19 этапаў, на сезон 2014 быў абвешчаны 4 снежня 2013 года[9]. З афіцыйнай рэдакцыі календара былі выключаны гран-пры ў Карэі, Мексіцы і Нью-Джэрсі. Гран-пры Абу-Дабі зноў заняў месца заключнага этапа Чэмпіяната.
Этап | Афіцыйная назва гонкі | Гран-пры | Траса | Дата |
---|---|---|---|---|
1 | Rolex Australian Grand Prix | Гран-пры Аўстраліі | Альберт Парк, Мельбурн | 16 сакавіка |
2 | Petronas Malaysia Grand Prix | Гран-пры Малайзіі | Сепанг, Куала-Лумпур | 30 сакавіка |
3 | Gulf Air Bahrain Grand Prix | Гран-пры Бахрэйна | Міжнародны аўтадром Бахрэйна, Сахір | 6 красавіка |
4 | UBS Chinese Grand Prix | Гран-пры Кітая | Міжнародны аўтадром Шанхая, Шанхай | 20 красавіка |
5 | Gran Premio de España | Гран-пры Іспаніі | Каталунья Мантмело, Барселона | 11 мая |
6 | Grand Prix de Monaco | Гран-пры Манака | Манака, Монтэ-Карла | 25 мая |
7 | Grand Prix du Canada | Гран-пры Канады | Аўтадром імя Жыля Вільнёва, Манрэаль | 8 чэрвеня |
8 | Großer Preis von Österreich | Гран-пры Аўстрыі | Red Bull Рынг, Шпільберг | 22 чэрвеня |
9 | Santander British Grand Prix | Гран-пры Вялікабрытаніі | Аўтадром Сільверстоўна, Сільверстоўн | 6 ліпеня |
10 | Großer Preis Santander von Deutschland | Гран-пры Германіі | Хакенхаймрынг, Хакенхайм | 20 ліпеня |
11 | Eni Magyar Nagydíj | Гран-пры Венгрыі | Хунгарорынг, Будапешт | 27 ліпеня |
12 | Shell Belgian Grand Prix | Гран-пры Бельгіі | Аўтадром Спа-Франкаршам, Спа | 24 жніўня |
13 | Gran Premio Santander d’Italia | Гран-пры Італіі | Нацыянальны Аўтадром Монцы, Монца | 7 верасня |
14 | SingTel Singapore Grand Prix | Гран-пры Сінгапура | Гарадская траса Марына-Бэй, Сінгапур | 21 верасня |
15 | Japanese Grand Prix | Гран-пры Японіі | Аўтадром Сузука, Сузука | 5 кастрычніка |
16 | Grand Prix of Russia | Гран-пры Расіі | Міжнародная гарадская траса ў Сочы , Сочы | 12 кастрычніка |
17 | United States Grand Prix | Гран-пры ЗША | Аўтадром Амерык, Осцін | 2 лістапада |
18 | Grande Prêmio Petrobras do Brasil | Гран-пры Бразіліі | Аўтадром імя Жозэ Карлоса Пасэ, Сан-Паўлу | 9 лістапада |
19 | Etihad Airways Abu Dhabi Grand Prix | Гран-пры Абу-Дабі | Аўтадром Яс-Марына, Абу-Дабі | 23 лістапада |
Змены ў календары
[правіць | правіць зыходнік]- Каманда Red Bull заключыла дамову з Берні Эклстоўнам на вяртанне Гран-пры Аўстрыі ў Чэмпіянат пасля 10-гадовага перапынку. Гонка мае адбыцца на мадыфікаваным аўтадроме А-1 Рынг ў Шпільбергу, які быў перайменаваны ў Red Bull Рынг. Апошні раз Гран-пры Аўстрыі праводзілася ў 2003 годзе.
- Гран-пры Бахрэйна адбудзецца на змярканні пры штучным асвятленні на ўзор Гран-пры Абу-Дабі. Гэтакім чынам арганізатары пажадалі адсвяткаваць 10-годдзе гонкі.
- Хокенхаймрынг вяртаецца ў каляндар, каб прыняць Гран-пры Германіі, згодна з дамоўленасцю аб чаргаванні з Нюрбургрынгам, падпісанай у 2008 годзе. Апошні раз Хокенхайм прымаў Гран-пры ў 2012 годзе.
- Гран-пры Індыі не будзе праводзіцца ў 2014 годзе, пасля таго як арганізатары пажадалі перанесці гонку з кастрычніка на красавік, але не выказалі ўпэўненасці, што будуць гатовыя прыняць спаборніцтвы. Замест гэтага прамоўтэры гонкі дамовіліся з Берні Эклстоўнам аб вяртанні Гран-пры Індыі ў 2015 годзе на пачатку сезона.
- Формула-1 мае пабачыць дэбют новага Гран-пры, які запланаваны адбыцца на вуліцах Алімпійскага парка ў расійскім Сочы.
- Гран-пры ЗША быў запланаваны на 8 лістапада. З-за таго, што дата правядзення Гран-пры супадала з дамашняй гульнёй каманды па амерыканскім футболе Тэхаскага Універсітэта, было вырашана перанесці Гран-пры на 2 лістапада.
Змены ў правілах
[правіць | правіць зыходнік]Тэхнічныя рэгуляванні
[правіць | правіць зыходнік]- У Формулу-1 упершыню з 1988 года вяртаюцца рухавікі з турбанагнятальнікам. Новыя рухавікі будуць 1,6-літровымі з канфігурацыяй V6 і васьміхуткаснай паўаўтаматычнай каробкай перадач. Правілы дазваляюць выкарыстанне 90-градуснага модуля для рухавіка з замацаваным каленчатым валам і апірышчам для шасі. Частата павінна быць абмежаванай 15000 аб/хв. Асобныя сілавыя ўстаноўкі павінны адпрацаваць не менш за 4000 кіламетраў, каб была дазволена іх замена, — гэта ў 2 разы больш у параўнанні з папярэднімі нарматывамі.
- Сістэма Рэкуперацыі Кінэтычнай Энергіі (KERS), якая з 2014 года змяніла назву на ERS-K, была замацавана ў дызайне самога рухавіка. Выкарыстанне дадзенай сістэмы будзе пашырана ў рамках новых правілаў. Яе функцыя па дадатковаму забеспячэнню рухавіка энэргіяй будзе выконвацца Сістэмай Рэкуперацыі Энэргіі (ERS). Модуль ERS збірае цяпло выхлапных газаў з турбанагнятальніка праз адмысловую электрычную прыладу. Атрыманае цяпло выхлапаў пераўтвараецца і ўтрымліваецца ў выглядзе электрычнага зарада, пакуль не будзе выкарыстана генератарам кінетычнай энергіі. Генератар далучаны да трансмісіі з мэтай найбольш эфектыўна дастаўляць дадатковую энэргію.
- Камандам дазволілі выкарыстоўваць электронныя тармазныя прылады для паляпшэння кантролю за тармажэннем задніх колаў, так як павелічэнне энергетычнага выхада ад сістэм ERS-K ускладніць рэгуляванне гэтага працэсса.
- Новыя правілы вызначаюць канструкцыю насавой часткі баліда. У мэтах бяспекі было вырашана выкарыстоўваць нізкую канструкцыю насавой часткі, якая павінна ўздымацца не больш чым на 185 міліметраў над зямлёй.
- Мінімальная вага баліда павялічыцца з 642 кг да 690 кг.
- Выкарыстоўванне псеўда-падставак для камер з 2014 забаронена. Раней каманды выкарыстоўвалі шчыліну ў рэгуляваннях, якая дазваляла ўсталёўку дадатковых элементаў, якія паляпшаюць аэрадынамічнасць баліда, на месцах магчымага размяшчэння камер. З 2014 на гэтых месцах дазволена размяшчэнне толькі ўласна камер.
Спартыўныя рэгуляванні
[правіць | правіць зыходнік]- У 2014 дазволены тэсты ў сярэдзіне сезона. У той жа час тэсты для маладых пілотаў пад канец сезона праводзіцца не будуць.
- Сістэма штрафаў была перапрацавана для 2014 года з мэтай паляпшэння стандартаў кіравання балідамі. Для гэтага была створана адмысловая сістэма штрафных балаў. Згодна з новай сістэмай, кожнае парушэнне правілаў падчас этапаў мае сваю вартасць у выглядзе фіксаванай колькасці балаў, у залежнасці ад сур’ёзнасці парушэння. На працягу сезона балы падсумоўваюцца, і як толькі пілот набірае 12 штрафных балаў, ён губляе магчымасць удзельнічаць у наступнай гонцы. У гэтым выпадку пілот атрымлівае яшчэ дадатковыя 5 штрафных балаў у якасці дэматывацыйнага фактара, які прадухіляе паўторныя парушэнні. Штрафныя балы захоўваюцца на працягу 12 месяцаў, пасля чаго абнуляюцца.
- Змяніліся правілы, якія рэгулююць бяспеку падчас піт-стопаў. У выпадку, калі каманда выпускае балід з піт-стопа і ён замінае рухацца іншаму баліду, то пілот, які замінае руху, атрымлівае штраф пазіцыямі на старце наступнай гонкі.
- Пілоты не маюць права спыняцца на крузе гонару з мэтай зберагчы астатак паліва ў баку — такая прычына не будзе лічыцца дастатковай для прыпынку[10].
- Толькі 5 рухавікоў дазваляецца выкарыстоўваць на працягу ўсяго сезона, што на тры менш, чым у 2013 годзе. Тыя пілоты, каму давядзецца вычарпаць ліміт па рухавікам і скарыстацца шостым, пачнуць наступную гонку з піт-лэйна, нягледзячы на рэзультат кваліфікацыі. У 2013 годзе парушэнне такога ліміта каралася дзесяццю пазіцыямі на старце гонкі. Рухавік, у сваю чаргу, будзе падзелены на асобныя элементы: батарэя KERS, ERS, турбанагнятальнік і іншыя кампаненты. Кожны кампанент рухавіка таксама дазваляецца замяняць 5 разоў за сезон. За парушэнне ліміта па кампанентам пілота караюць дзесяццю пазіцыямі на старце гонкі. Далей пілоты будуць атрымліваць па 5 пазіцый уніз на старце за кожны зменены кампанент рухавіка, нягледзячы на ліміт. Тым самым пілоты будуць атрымліваць пазіцыйныя штрафы за кожную замену кампанента рухавіка пасля першага парушэння ліміта, толькі больш лагодную (5 пазіцый замест 10). Такім чынам FIA спрабуе знізіць колькасць замен элементаў рухавіка пасля першага атрыманага штрафа.
- Пасля праблем з гумай, якія здараліся на працягу сезона 2013, FIA упаўнаважыла сябе прымаць рашэнне наконт змены спецыфікацый гумы, якая выкарыстоўваецца камандамі, калі гэта будзе неабходна.
- Ліміт хуткасці на піт-лэйне будзе паніжаны са 100 км/г да 80 км/г.
- Першая сесія вольнай практыкі павялічыцца да 2 гадзін, каб даць магчымасць папрактыкавацца пілотам-навічкам. Каманды таксама атрымаюць дадатковыя камплекты гумы для першай сесіі на кожным этапе Гран-пры. Дадатковы камплект будзе даступны толькі ў першыя 30 хвілін сесіі, каб стымуляваць колькасць асобных заездаў.
- З 2014 года кожны пілот Формулы-1 атрымлівае пастаянны асабісты нумар на балід, які захаваецца за ім на працягу ўсёй кар’еры ў Формуле-1. Нумар 1 застаецца вольным і можа выкарыстоўвацца дзеючым чэмпіёнам па жаданні. Астатнія пілоты, як і чэмпіён, могуць выбіраць нумары з 2 па 99. Правілы патрабуюць, каб нумар быў добра бачны як на балідзе, так і на шлеме пілота. Дагэтуль сістэма нумароў засноўвалася на фінальных пазіцыях Кубка Канструктараў з мінулага года.
- Пілот, які атрымае найбольшую колькасць поўл-пазіцый за сезон, будзе ўзнагароджаны так званым «Pole Trophy» — адмысловым прызам ад FIA.
- Сістэма каменданцкай гадзіны, якая была ўведзена ў 2011 годзе, была перагледжана ў адказ на змяненні ў канфігурацыі рухавікоў. Зараз персаналу каманд дазваляецца з’яўляцца ў боксах за 6 гадзін да пачатку першай сесіі дня ў якасці выключэння шэсць разоў, замест ранейшых чатырох.
- Апошняя гонка сезона прыносіць пілотам, якія трапляюць у ачковую зону, падвойныя ачкі. Такім чынам, першае месца прынясе пераможцы 50 ачкоў, а дзясятае (апошняе месца ў ачковай зоне) — 2 ачкі.
Агляд чэмпіянату
[правіць | правіць зыходнік]Гран-Пры Аўстраліі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Ніка Розберг | Mercedes | 1:32:58.710 |
2 | Кевін Магнусэн | McLaren-Mercedes | +26.777 |
3 | Джэнсан Батан | McLaren-Mercedes | +30.027 |
ПП | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:44,231 |
НК | Ніка Розберг | Mercedes | 1:32,478 |
Гонка ў Аўстраліі адзначылася вялікай колькасцю зыходаў па тэхнічных прычынах. Ужо на чацвёртым крузе зышоў уладальнік поўл-пазіцыі Льюіс Хэмілтан, а на пятым за ім накіраваўся дзеючы чэмпіён Себасцьян Фетэль, які ў сваю чаргу праваліў кваліфікацыю днём раней. Старт гонкі таксама адзначыўся сутыкненнем Камуі Кабаясі і Феліпэ Масы. Увогуле зышло з трасы 7 пілотаў. Mercedes Ніка Розберга цалкам дамінаваў у гонцы, нікому не саступіўшы лідарства. Даніэль Рык'ярда стаў першым аўстралійцам, якому давялося патрапіць на подыум у дамашняй для сябе гонцы. Нечаканы вынік атрымаў дацкі пілот McLaren Кевін Магнусэн, які фінішаваў трэцім у сваёй дэбютнай гонцы ў Формуле-1. Найбольшай актыўнасцю ў пелатоне адзначыўся Вальтэры Ботас, які трапіў на шостае месца пасля старта з 15-й пазіцыі і пракола падчас гонкі. Пасля гонкі FIA знайшло парушэнні ў канфігурацыі датчыкаў узроўню паліва на балідзе Рык’ярда, за што апошні быў дыскваліфікаваны. Магнусэну аддалі другую пазіцыю, а на трэцюю прыступку падняўся Джэнсан Батан.
Гран-Пры Малайзіі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:40:25.974 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | +17.313 |
3 | Себасцьян Фетэль | Red Bull-Renault | +24.534 |
ПП | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:59.431 |
НК | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:43.066 |
Гран-Пры Малайзіі праходзіў у добрых умовах надвор’я, нягледзячы на дажджавую кваліфікацыю. У гонцы цалкам дамінавалі пілоты Mercedes Ніка Розберг і Льюіс Хэмілтан. Себасцьян Фетэль разам са сваім партнёрам па Red Bull Даніэлем Рык’ярда намагаліся навязаць першым барацьбу, але няўдала. Хэмілтан выйграў гонку, а таксама паказаў найлепшы круг. Розберг стаў другім і такім чынам прынёс Mercedes пераможны камандны дубль. Фетэль здолеў даехаць да трэцяга месца, хоць у самым пачатку гонкі яму прыйшлося весці барацьбу з Red Bull Рык’ярда, а потым пакутаваць ад непаладак з сістэмай DRS. Рык’ярда ўвогуле сышоў з гонкі з-за тэхнічных праблем, а таксама быў пакараны за небяспечны выезд з піт-стопа. Ferrari зноў набрала ачкі, дзякуючы чацвёртаму месцу Фернанда Алонса. Кімі Райканен скончыў гонку па-за ачковай зонай з-за сутыкнення з Кевінам Магнусэнам і пракола, які адсунуў яго на апошнюю пазіцыю на пачатку гонкі. Такім чынам, Розберг замацаваў сваё лідарства ў Чэмпіянаце, а Хэмілтан падняўся на другі радок.
Гран-Пры Бахрэйна
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:39:42,743 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | + 1,085 |
3 | Серхіа Перэс | Force India | + 24,067 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:33.185 |
НК | Ніка Розберг | Mercedes | 1:37.020 |
Гонка ў Бахрэйне адзначылася вялікай колькасцю барацьбы паміж пілотамі ў пелатоне. Пілоты каманды Mercedes цалкам дамінавалі ў гонцы: Ніка Розберг і Льюіс Хэмілтан аспрэчвалі лідарства з першага паварота да самага апошняга. Хэмілтан ужо ў першым павароце здолеў вырвацца наперад, а пад канец гонкі на цвёрдай гуме стрымаў атакі Розберга, які ехаў на больш мяккай. На подступах да п’едэстала асноўная барацьба ішла паміж пілотамі Force India і Williams, як паміж камандамі, так і паміж пілотамі ўнутры каманд. Себасцьян Фетэль пакутаваў у сярэдзіне пелатона ад нізкага тэмпу баліда, у той час як Даніэль Рык'ярда атакаваў і здолеў фінішаваць у першай пяцёрцы. Замкнулі ачковую зону пілоты Ferrari Фернанда Алонса і Кімі Райканен. Хэмілтан перамог, Розберг стаў другім, а Серхіа Перэс узняўся на трэцюю прыступку п’едэстала. Рык’ярда фінішаваў чацвёртым і набраў свае першыя ачкі ў Чэмпіянаце. Гонка не абышлася без машыны бяспекі: пасля сутыкнення Пастора Мальданада і Эстэбана Гуцьерэса некалькі кругоў спатрэбілася, каб прыбраць недабіткі балідаў.
Гран-Пры Кітая
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:33:28,338 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | + 18,686 |
3 | Фернанда Алонса | Ferrari | + 25,765 |
ПП | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:53,860 |
НК | Ніка Розберг | Mercedes | 1:40,402 |
У гонцы цалкам дамінавалі пілоты каманды Mercedes Льюіс Хэмілтан і Ніка Розберг. Хэмілтан лідзіраваў з самога старта, у той час як Розберг праваліў старт і адкаціўся спачатку на сёмае месца. Добрую для сябе гонку праводзіў Фернанда Алонса, які не змог навязаць барацьбу пілотам Mercedes, але быў недасяжным для Red Bull. Себасцьян Фетэль адчуваў сябе не так упэўнена, як у мінулым сезоне, і другую гонку запар атрымаў загад з боксаў прапусціць на трасе свайго партнёра па камандзе Даніэля Рык’ярда. На 54 крузе гонкі з 56 быў памылкова паказаны клятчасты сцяг, але Хэмілтан праехаў усе 56 кругоў. Пасля гран-пры, згодна з правіламі FIA, гонку палічылі скончанай на 54-м крузе, але гэта не паўплывала на размеркаванне фінальных пазіцый.
Гран-Пры Іспаніі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:41:05,155 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | + 0,636 |
3 | Даніэль Рык'ярда | Red Bull | + 49,014 |
ПП | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:25,232 |
НК | Себасцьян Фетэль | Red Bull | 1:28,918 |
Льюіс Хэмілтан атрымаў сваю чацвёртую запар перамогу ў сезоне і здолеў выйсці на першае месца ў заліку пілотаў. Гонка ў Іспаніі праходзіла ў барацьбе двух пілотаў Mercedes, якія выбралі розную тактыку па выкарыстанні гумы. Пасля фінальнай змены гумы Хэмілтан застаўся на медыуме, у той час як Розберг выбраў больш цвёрдую гуму. За 10 кругоў да канца гонкі дыстанцыя паміж Розбергам і Хэмілтанам скарацілася з 2,1 с да 0,6 с. Некалькі разоў Розберг спрабаваў атакаваць Хэмілтана, але не здолеў. На фінішы абодвух пілотаў падзялілі 0,6 секунды. Трэцяе месца і першы подыум у кар’еры атрымаў Даніэль Рык'ярда, следам за якім фінішаваў яго партнёр па Red Bull Себасцьян Фетэль. Фетэль здолеў абысці Вальтэры Ботаса, які атрымаў пятае месца, дзякуючы стратэгіі трох піт-стопаў. Наступнымі фінішавалі абодва пілоты Ferrari, Кімі Райканен і Фернанда Алонса. Алонса таксама скарыстаўся трыма піт-стопамі і абышоў Райканена, які выйграў кваліфікацыю ў партнёра і зрабіў толькі два піт-стопы. Першыя ачкі для Lotus набраў Раман Гражан, які фінішаваў восьмым. Замкнулі першую дзясятку пілоты Force India Серхіа Перэс і Ніка Хюлькенберг.
Гран-Пры Манака
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Ніка Розберг | Mercedes | 1:49:27,661 |
2 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | +9,210 |
3 | Даніэль Рык'ярда | Red Bull | +9,614 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:15,989 |
НК | Кімі Райканен | Ferrari | 1:18,479 |
Пілоты каманды Mercedes дамінавалі падчас кваліфікацыі і гонкі ў Манака. Ніка Розберг выйграў поўл-пазіцыю, а затым паспяхова адбіў усе атакі Льюіса Хэмілтана падчас гонкі. Асноўную канкурэнцыю пілотам Mercedes складалі Red Bull, але дзеючы чэмпіён Себасцьян Фетэль сышоў з-за тэхнічных праблем у першай палове гонкі. Даніэль Рык'ярда атакаваў Хэмілтана ў барацьбе за другую пазіцыю да самага фініша. Двойчы ў гонцы з’яўляўся сэйфці-кар: спачатку з-за аварыі Серхіа Перэса на ўваходзе ў Мірабо, а потым з-за аварыі Адрыяна Зуціла на выхадзе з тунэля. Тройка лідараў здолела абысці на круг амаль увесь пелатон, за выключэннем чацвёртага месца Фернанда Алонса. 7 пілотаў сышло з трасы, а Пастор Мальданада не здолеў стартаваць. Па выніках гонкі Розберг вярнуў сабе лідарства ў Чэмпіянаце Свету. Свае першыя ачкі ў кар’еры атрымалі Жуль Б'яншы і яго каманда Marussia, для якой гэта былі першыя ачкі ў Формуле-1 з моманту дэбюта каманды ў 2012 годзе.
Гран-Пры Канады
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Даніэль Рык'ярда | Red Bull | 1:39:12,830 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | +4,236 |
3 | Себасцьян Фетэль | Red Bull | +5,247 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:14,874 |
НК | Феліпэ Маса | Williams | 1:18,504 |
Гонка ў Канадзе пачалася з аварыі ў адной з шыкан на першым крузе, у выніку якой абодва пілоты Marussia сышлі з гонкі. На некалькі кругоў у гонцы з’явіўся сэйфці-кар. Пасля рэстарта абодва пілоты Mercedes ад’ехалі амаль на паўхвіліны ад астатніх і павялічвалі сваю перавагу. Пасля 40 кругоў у абодвух балідаў Mercedes пачаліся праблемы з магутнасцю: яны пачалі губляць перавагу, і да іх пачала пад’язджаць группа, у якой знаходзіліся Феліпэ Маса, Себасцьян Фетэль, Даніэль Рык'ярда і Серхіа Перэс. На 46-м крузе Льюіс Хэмілтан зрабіў спробу атакі на Розберга і прайшоў таго, але неўзабаве быў вымушаны саступіць пазіцыю. Губляючы хуткасць і здольнасць тармазіць у павольных паваротах, Хэмілтан даехаў да боксаў і сышоў з трасы. Розберг застаўся ў лідарах, але за ім сфарміравалася шчыльная група з Серхіа Перэса і абодвух пілотаў Red Bull. Рык’ярда спачатку абагнаў Перэса, а затым дагнаў Розберга і стаў лідарам гонкі. На апошнім крузе Себасцьян Фетэль прайшоў Перэса ў барацьбе за трэцяе месца. Феліпэ Маса ў спробе атакаваць Перэса сутыкнуўся з апошнім на выхадзе са стартавай прамой, у выніку чаго апошні круг прайшоў пад сэйфці-карам. Даніэль Рык’ярда атрымаў сваю першую перамогу ў Формуле-1.
Гран-Пры Аўстрыі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Ніка Розберг | Mercedes | 1:27:54,976 |
2 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | +1,932 |
3 | Вальтэры Ботас | Williams | +8,172 |
ПП | Феліпэ Маса | Williams | 1:08,759 |
НК | Серхіа Перэс | Force India | 1:12,142 |
Гран-Пры Аўстрыі вярнуўся ў каляндар Формулы-1 пасля 11-гадовага перапынку. Mercedes цалкам дамінаваў сярод астатніх каманд, але пілоты каманды ўпершыню за ўвесь сезон не здолелі выйграць поўл-пазіцыю і ўвогуле саступілі ўвесь першы радок пілотам каманды Williams. Феліпэ Маса ўпершыню з 2008 года выйграў кваліфікацыю. У гонцы Маса лідзіраваў да свайго першага піт-стопа, калі яго прайшлі Ніка Розберг і Льюіс Хэмілтан. Маса апынуўся на чацвёртай пазіцыі, дзе і застаўся да канца гонкі. Ніка Розберг захапіў канчатковае лідарства пасля серыі піт-стопаў на 46-м крузе і нікому не саступіў першую пазіцыю. На апошніх кругах да яго наблізіўся яго партнёр Льюіс Хэмілтан, але не здолеў навязаць барацьбы Розбергу. Трэцім на фініш даехаў другі пілот Williams Вальтэры Ботас, для якога гэта быў першы подыум у кар’еры.
Гран-Пры Вялікабрытаніі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 2:26:52.094 |
2 | Вальтэры Ботас | Williams | +30.135 |
3 | Даніэль Рык'ярда | Red Bull-Renault | +46.495 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:35.766 |
НК | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:37.176 |
Гонка пачалася з аварыі Кімі Райканена, што прывяло да з’яўлення машыны бяспекі, а потым і чырвонага сцяга. Райканен страціў балід у адным з паваротаў і пры спробе вярнуцца на трасу не справіўся з кіраваннем, разбіўшы ўшчэнт свой балід, з якім сутыкнуўся Феліпэ Маса. У выніку аварыі быў пашкоджаны рэльс бяспекі і больш за гадзіну ішла яго замена. Пасля рэстарта гонкі Льюіс Хэмілтан і Ніка Розберг вялі барацьбу паміж сабой за перамогу, пакуль Розберг не сышоў з гонкі з-за праблем са скрынкай перадач. Гэта быў першы сыход Розберга ў сезоне 2014 года — дагэтуль Розберг заўсёды фінішаваў у першай тройцы. Найлепшы для сябе вынік у кар’еры паказаў Вальтэры Ботас, які заняў другое месца ў выніку сыхода Розберга, стартаваўшы з чатырнаццатай пазіцыі. Даніэль Рык'ярда з Red Bull зноў стаў лепшым прадстаўніком каманды, атрымаўшы трэцяе месца на подыуме. Па выніках гонкі Хэмілтан сур’ёзна скараціў перавагу Розберга ў агульным заліку да 4 ачкоў.
Гран-Пры Германіі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Ніка Розберг | Mercedes | 1:33:42.914 |
2 | Вальтэры Ботас | Williams | +20.789 |
3 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | +22.530 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:35.766 |
НК | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:37.176 |
Асноўныя канкурэнты за лідарства ў чэмпіянаце стартавалі з розных канцоў пелатона. Ніка Розберг стартаваў з поўл-пазіцыі, у той час як Льюіс Хэмілтан стартаваў з 20-га месца з-за замены скрынкі перадач пасля няўдалай кваліфікацыі на 15-м месцы. Першыя два кругі прайшлі пад сэйфці-карам з-за сутыкнення Феліпэ Масы і Кевіна Магнусэна, пасля якога балід бразільскага пілота перакуліўся ў паветры і прызямліўся ўверх коламі. Розберг цалкам камфортна даехаў да першага месца, у той час як Хэмілтану даводзілася пастаянна прарывацца ўверх. На 30-м крузе Хэмілтан пашкодзіў пярэдняе антыкрыло пры спробе абагнаць Джэнсана Батана. Пасля піт-стопа Хэмілтан паказаў шэраг хуткіх кругоў, але не здолеў дагнаць Вальтэры Ботаса, які ішоў на другой пазіцыі, бо гума суперсофт больш не працавала. Ботас даехаў да другога месца — найвышэйшага ў сваёй кар’еры, Хэмілтан стаў трэцім. Себасцьян Фетэль вырваў чацвёртае месца ў барацьбе з Фернанда Алонса, які вымушаны быў змяніць тактыку двух піт-стопаў на тры.
Гран-Пры Венгрыі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Даніэль Рык'ярда | Red Bull-Renault | 1:53:05.058 |
2 | Фернанда Алонса | Ferrari | + 5.225 |
3 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | +5.857 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:22.715 |
НК | Ніка Розберг | Mercedes | 1:25.724 |
На пачатку гонкі з’явіўся сэйфці-кар з-за аварыі Маркуса Эрыксана, што сур’ёзна сапсавала старт гонкі для першай чацвёркі лідараў: Ніка Розберга, Вальтэры Ботаса, Себасцьяна Фетэля і Фернанда Алонса. У той час як большая частка пелатона заехала ў боксы, чацвёрка знаходзілася на апошнім павароце і вымушана была прапусціць піт-стоп. Пасля таго, як піт-стоп быў здзейснены, у лідары выйшаў Даніэль Рык’ярда, за якім апынуўся Джэнсан Батан на прамежкавай гуме. Батан спачатку здолеў выйсці наперад, але быў вымушаны заехаць у боксы, бо траса пачала падсыхаць. Пасля 23 круга з’явіўся другі сэйфці-кар, які вывеў у лідары Фернанда Алонса, бо Рык’ярда заехаў у боксы, а Жан-Эрык Вернь на пятай пазіцыі стрымліваў Розберга, Фетэля і Хэмілтана. Пасля другой серыі піт-стопаў Алонса застаўся ў лідарах, Хэмілтан ішоў на другой пазіцыі, яго даганяў Розберг, Рык’ярда на свежай гуме хутка набліжаўся да ўсёй тройкі. У гэты момант Хэмілтан атрымаў наказ з боксаў прапусціць Розберга, але не павінаваўся. Рык’ярда абагнаў Розберга, потым Хэмілтана, а за тры кругі да фініша выйшаў у лідары. Алонса абараніў сваю пазіцыю ад Хэмілтана, дзякуючы атакам Розберга, які не даў Хэмілтану цалкам засярэдзіцца на Алонса.
Гран-Пры Бельгіі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Даніэль Рык'ярда | Red Bull-Renault | 1:24:36.556 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | + 3.383 |
3 | Вальтэры Ботас | Williams | +20.032 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 2:05.591 |
НК | Ніка Розберг | Mercedes | 1:50.511 |
Даніэль Рык'ярда атрымаў другую запар перамогу ў сезоне на трасе ў Спа. Лідары сезона Ніка Розберг і Льюіс Хэмілтан апынуліся ў супярэчлівай сітуацыі пасля старта. Хэмілтан выйграў старт і выйшаў з La Source лідарам. Розберг страціў яшчэ адну пазіцыю на першым крузе, саступіўшы ў барацьбе з Себасцьянам Фетэлем. Але на другім крузе Розберг абышоў Фетэля і пасля прамой Kemmel наблізіўся да Хэмілтана. Атака паследавала ў звязцы паваротаў Les Combes: траекторыя кантралявалася Хэмілтанам, але Розберг спрабаваў уціснуцца паміж балідам партнёра і бардзюрам — у выніку правае пярэдняе антыкрыло Розберга прабіла заднюю левую шыну Хэмілтану. Льюісу давялося даязджаць да боксаў на трох колах, страчваючы ўсе пазіцыі. Пашкоджанне крыла не дазволіла Розбергу адарвацца ад Фернанда Алонса і Фетэля, якія яго пераследавалі. Пасля апошніх піт-стопаў лідарам гонкі быў Кімі Райканен, Рык’ярда ішоў другім, Ботас трэцім. Рык’ярда хутка прайшоў Райканена, якога далей прайшлі і Ботас, і Розберг. Розберг у выніку абышоў Ботаса і заняў фінальнае другое месца. Падчас узнагароджвання пераможцаў на подыуме Розберга асвістаў натоўп, бо шмат хто палічыў яго вінаватым у сутыкненні з Хэмілтанам.
Гран-Пры Італіі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:19:10.236 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | + 3.175 |
3 | Феліпэ Маса | Williams | + 25.026 |
ПП | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:24.109 |
НК | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:28.004 |
Льюіс Хэмілтан і Ніка Розберг змагаліся за перамогу ў гран-пры Італіі. Хэмілтан дрэнна стартаваў, апусціўшыся на чацвёртае месца. Але ўжо да дзясятага круга Хэмілтан выйшаў на другое месца і пачаў пагоню за Розбергам. Лёс гонкі вызначылі дзве памылкі Розберга на ўваходзе ў шыкану Rettifilo — спачатку на дзявятым крузе, што дазволіла Хэмілтану наблізіцца да суперніка, а потым на 29-м крузе, калі Хэмілтан выйшаў на першае месца. Трэцяе месца заняў Феліпэ Маса, для якога гэта быў першы подыум за працяглы час. За Масай да фінішу прыехаў Вальтэры Ботас — гэты вынік падняў каманду Williams у агульным заліку Кубка Канструктараў над Ferrari. Пілоты апошняй зазналі шэраг няўдач на дамашняй трасе: Фернанда Алонса, які дагэтуль фінішаваў ва ўсіх гонках сезона, сышоў з-за праблем каробкі передач, а яго партнёр Кімі Райканен прыехаў толькі на дзявятым месцы.
Гран-Пры Сінгапура
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 2:00:04.795 |
2 | Себасцьян Фетэль | Red Bull-Renault | + 13,534 |
3 | Даніэль Рык'ярда | Red Bull-Renault | + 14,273 |
ПП | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:45,681 |
НК | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:50,417 |
Па выніках гран-пры Сінгапура Льюіс Хэмілтан выйшаў у лідары чэмпіяната. Яго асноўны канкурэнт у барацьбе за чэмпіёнства Ніка Розберг зазнаў вялікія праблемы з электронікай каробкі перадач на старце фармацыённага круга — ён не здолеў крануцца з месца і быў вымушаны стартаваць з піт-лэйн. Пасля 13 кругоў Розберг сышоў канчаткова, бо праблемы з балідам не дазвалялі яму здзейсніць прарыў з апошніх месцаў на вузкай гарадской трасе. Другое і трэцяе месцы занялі пілоты Red Bull Racing, якія добра скарысталі сэйфці-кар на 31-м крузе. У выніку гонкі Льюіс Хэмілтан захапіў лідарства ў агульным заліку Чэмпіяната сярод пілотаў, дзякуючы сваёй перамозе і сыходу Розберга.
Гран-Пры Японіі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:51:43,021 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | + 9,180 |
3 | Себасцьян Фетэль | Red Bull-Renault | + 29,122 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:38,759 |
НК | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:51,600 |
Гонка ў Японіі была сапсавана дрэнным надвор’ем: моцная залева, якую прынёс тайфун Фанафонэ, вымусіла дырэктарат гонкі правесці старт пад машынай бяспекі, а потым увогуле вывесіць чырвоны сцяг і спыніць гонку на другім крузе. Пасля рэстарта Льюіс Хэмілтан пераследаваў Ніка Розберга, пакуль на 19-м крузе не абышоў яго і адразу пачаў адрывацца. За трэцюю прыступку ішла барацьба паміж Джэнсанам Батанам і пілотамі Red Bull Racing, пераможцам з якой выйшаў Себасцьян Фетэль. Ferrari зноў выступіла няўдала, не атрымаўшы ніводнага ачка. Гонку спынілі на 45-м крузе. Спачатку Адрыян Зуціл не справіўся з кіраваннем і сутыкнуўся з адбойнікам у павароце 7. У той момант, калі эвакуатар прыбіраў балід Sauber, Жуль Б'яншы таксама страціў кантроль на балідам і ўехаў у заднюю частку эвакуатара. Спачатку ў гонцы зноў з’явіўся сэйфці-кар, а пасля было вырашана спыніць гонку па выніках 44-га круга. Б’яншы атрымаў сур’ёзную чэрапна-мазгавую траўму і быў неадкладна шпіталізаваны.
Гран-Пры Расіі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:31:50,744 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | +13,657 |
3 | Вальтэры Ботас | Williams | +17,425 |
ПП | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:38,513 |
НК | Вальтэры Ботас | Williams | 1:40,896 |
Дзякуючы дублю ў Сочы, каманда Mercedes упершыню стала ўладальнікам Кубка Канструктараў. Гонку выйграў Льюіс Хэмілтан, чым павялічыў адрыў ад Ніка Розберга да 17 ачкоў. Розберг намагаўся атакаваць Хэмілтана адразу пасля старту на ўваходзе ў другі паварот, але няўдала, што сапсавала Розбергу гуму і вымусіла наведаць боксы адразу пасля першага круга. Гэты піт-стоп адкінуў Розберга на 20-е месца, з якога давялося прарывацца на выніковае другое. Адзіны, хто спрабаваў весці барацьбу з пілотамі Mercedes, быў Вальтэры Ботас: спачатку ён праследаваў Хэмілтана, а пасля таго як Розберг прарваўся з хваста пелатону на другое месца, Ботас вёў барацьбу з апошнім. На апошніх кругах Ботас пачаў набліжацца да Розберга, але застаўся ў выніку на трэцім месцы, што стала пятым фінішам на подыуме для фінскага пілота ў сезоне, а таксама падвысіла яго ў агульным заліку пілотаў да чацвёртага месца.
Гран-Пры ЗША
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:40:04,785 |
2 | Ніка Розберг | Mercedes | +4,314 |
3 | Даніэль Рык'ярда | Red Bull Racing | +25,560 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:36,067 |
НК | Себасцьян Фетэль | Red Bull Racing | 1:41,379 |
Гонка пачалася з сутыкнення Серхіа Перэса і Адрыяна Зуціла на першых кругах, у выніку чаго на трасе з’явіўся сэйфці-кар. Розберг трымаў лідарства да 24 круга, калі Хэмілтан нечакана атакаваў партнёра і выйшаў на першае месца. Трэцяе месца атрымаў Даніэль Рык'ярда ў барацьбе з Феліпэ Масай. Адрыў Хэмілтана ад Розберга ў агульным заліку павялічыўся да 24 ачкоў. Хэмілтан пабіў рэкорд па перамогах сярод брытанскіх пілотаў з 32 перамогамі супраць 31 у Найджэла Мэнсэла.
Гран-Пры Бразіліі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Ніка Розберг | Mercedes | 1:30:02,555 |
2 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | +1,457 |
3 | Феліпэ Маса | Williams | +41,031 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:10,023 |
НК | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:13,555 |
Ніка Розберг выйграў гран-пры і пакінуў за сабой шанец атрымаць агульную перамогу на наступным этапе. Розберг трымаў сваё лідарства пачынаючы са старту. Пасля двух піт-стопаў Льюіс Хэмілтан стаў хутка набліжацца да Розберга, а таксама паказаў найлепшы час на крузе ў гонцы. Пасля нечаканага развароту Хэмілтана ў чацвёртым павароце яго адставанне ад партнёра наблізілася да 8 секундаў. Пад канец гонкі Хэмілтану ўдалося скараціць адставанне да мінімальнага, але гэтага не хапіла, каб навязаць барацьбу Розбергу. На трэцюю прыступку подыума ўзняўся Феліпэ Маса, якому давялося падчас гонкі прайсці праз пакаранне ад сцюардаў за парушэнне ліміту хуткасці на піт-лэйн, а таксама праз сваю ўласную памылку падчас піт-стопу, дзе Маса заехаў у боксы да McLaren замест сваіх.
Гран-Пры Абу-Дабі
[правіць | правіць зыходнік]Месца | Пілот | Канструктар | Час |
---|---|---|---|
1 | Льюіс Хэмілтан | Mercedes | 1:39:02,619 |
2 | Феліпэ Маса | Williams | +2,576 |
3 | Вальтэры Ботас | Williams | +28,880 |
ПП | Ніка Розберг | Mercedes | 1:40,480 |
НК | Даніэль Рык'ярда | Red Bull Racing | 1:44,496 |
Гонка ў Абу-Дабі была вырашальная для абодвух пілотаў Mercedes. Ніка Розберг адставаў ад Льюіса Хэмілтана на 17 ачкоў, і каб атрымаць агульную перамогу, Розбергу, апроч сваёй уласнай перамогі, трэба было, каб Хэмілтан фінішаваў ніжэй за другое месца. У выніку зыходу Хэмілтана з гонкі Розбергу патрэбна было фінішаваць не ніжэй за шостае месца. Усе астатнія паказчыкі ішлі на карысць Хэмілтана. Розберг выйграў кваліфікацыю, але страціў сваю першую пазіцыю адразу пасля старту: яшчэ на стартавай прамой Хэмілтан здолеў выйсці наперад, дзякуючы добраму старту, і пераадолець першы паварот лідарам гонкі. За першыя 23 кругі гонкі розніца паміж пілотамі Mercedes трымалася на адлегласці ў 1-2 секунды, пакуль на 24-м крузе балід Розберга не стаў відавочна запавольвацца. Гэта стала вынікам праблемы з модулем, які адказвае за дадатковае забеспячэнне рухавіка энергіяй, — ERS. Нягледзячы на ўсе спробы аднавіць функцыянаванне сістэмы, Розберг адну за адной страчваў пазіцыі ў гонцы. На перадапошнім крузе Хэмілтан абышоў Розберга на круг. У выніку апошні фінішаваў на 14-м месцы. Льюіс Хэмілтан атрымаў другі чэмпіёнскі тытул у кар’еры. Подыум у Абу-Дабі дапоўнілі абодва пілоты Williams, Феліпэ Маса і Вальтэры Ботас.
Вынікі і пазіцыі
[правіць | правіць зыходнік]Гран-Пры
[правіць | правіць зыходнік]Пазіцыі пілотаў
[правіць | правіць зыходнік]Схема размеркавання ачкоў згодна з пазіцыяй у гонцы.
Месца ў гонцы | 1-ае | 2-ое | 3-яе | 4-ае | 5-ае | 6-ае | 7-ае | 8-ае | 9-ае | 10-ае |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Ачкі | 25 | 18 | 15 | 12 | 10 | 8 | 6 | 4 | 2 | 1 |
Ачкі ў Абу-Дабі | 50 | 36 | 30 | 24 | 20 | 16 | 12 | 8 | 4 | 2 |
Заўвагі:
|
Цёмны шрыфт — поўл-пазіцыя |
Пазіцыі Канструктараў
[правіць | правіць зыходнік]
Заўвагі:
|
Цёмны шрыфт — поўл-пазіцыя |
Агульны залік па поўл-пазіцыях
[правіць | правіць зыходнік]FIA з 2014 заснавала спецыяльны прыз пілоту, які за сезон атрымае найбольшую колькасць перамог у кваліфікацыі. У выпадку роўнай колькасці поўл-пазіцый паміж двума і болей пілотамі пераможца вызначыцца па колькасці другіх месцаў у кваліфікацыі.
Паз. | Пілот | Поўл-пазіцыі |
---|---|---|
1 | Ніка Розберг | 11 |
2 | Льюіс Хэмілтан | 7 |
3 | Феліпэ Маса | 1 |
Кваліфікацыйныя дуэлі
[правіць | правіць зыходнік]Табліца ніжэй паказвае вынікі кваліфікацыйных сесій з пункту процістаяння пілотаў адной каманды.
|
|
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Спіс удзельнікаў Чэмпіяната Свету 2014 па Формуле-1(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 лістапада 2014. Праверана 16 Студзеня 2014. (англ.)
- ↑ Red Bull Racing прадставіла ў Херэсе сваю навінку RB10 . Праверана 12 Лютага 2014.(недаступная спасылка)
- ↑ Тэхнічныя асаблівасці Ferrari F14 T . Праверана 12 Лютага 2014.(недаступная спасылка)
- ↑ Адбыўся афіцыйны дэбют Force India VJM07 . Праверана 12 Лютага 2014.(недаступная спасылка)
- ↑ Sauber прадставіла свій балід Ф1 для 2014 года - С33 . Праверана 12 Лютага 2014.(недаступная спасылка)
- ↑ Райканен разлічвае вярнуць Ferrari на вяршыню . Праверана 12 Лютага 2014.(недаступная спасылка)
- ↑ Адрыян Зуціл імкнецца скінуць вагу напярэдадні сезона . Праверана 12 Лютага 2014.(недаступная спасылка)
- ↑ Камуі Кабаясі "дадасць Caterham адрэналіну", лічыць босс каманды Тоні Фернандэс . Праверана 12 Лютага 2014.(недаступная спасылка)
- ↑ FIA зацвярджае перагледжаны каляндар на 2014 год . Праверана 17 Студзеня 2014. (англ.)
- ↑ FIA зрабіла больш жорсткімі правілы паводзін пілотаў пасля фінішу гонкі . Праверана 12 Лютага 2014.(недаступная спасылка)