Octodon degus — від грызуноў з сямейства Octodontidae, эндэмікЧылі. Аддае перавагу напаўзасушлівым камяністым біятопам, парослым хмызняком.
Найбольш актыўныя днём, але пасуцца пераважна ў ранішні і вячэрні час, летняй спякоты пазбягаюць, бо прамое сонечнае святло можа выклікаць у іх цеплавы ўдар. Сілкуюцца травой, лісцем хмызнякоў, карой дрэў, насеннем, каранямі і пладамі. Корм запасяць у норах або закопваюць у зямлі. У зімовую пару года сілкуюцца сухім лісцем і сенам.
Даўжыня цела — ад 9 да 22 см, даўжыня хваста 7-9 см. Вага — 200—300 грамаў. Поўсць кароткая, вельмі мяккая. Мызачка выцягнутая, вочы слабавыпуклыя, цёмна-карычневыя або чорныя, з вертыкальнымі зрэнкамі, вушы завостраныя, доўгія. Спіна шэра-карычневая, часта з аранжавым адценнем. Брушка крэмава-жоўтае. Лапы бледна-шэрыя. Кончык хваста белы або чорны, з невялікім пэндзлікам на канцы.
Octodon degus — сур’ёзны сельскагаспадарчы шкоднік: псуюць злакавыя культуры, сады і склады харчавання, могуць нанесці іншы ўрон сельскай гаспадарцы.
Аднак Octodon degus разводзяцца як дэкаратыўныя жывёлы, шырока выкарыстоўваюцца для лабараторных даследаванняў. На Octodon degus даследуюць рытмы ноч / дзень, у іх адзначана парушэнне талерантнасці да глюкозы, што дазваляе праводзіць даследаванні па цукровым дыябеце. Octodon degus выкарыстоўваюць для мадэлявання хваробы Альцгеймера, бо на 3-4 годзе жыцця ў іх мозгу ўтвараюцца амілаідныя бляшкі і агрэгаты таў-бялку. Разводзяцца таксама як свойская жывёла.