Італійскія мовы
Італі́йскія мовы — галіна моваў у складзе індаэўрапейскае сям’і моваў, першапачаткова распаўсюджаная сярод італікаў, адных са старажытных насельнікаў сучаснай Італіі індаэўрапейскага паходжаньня. Італійскія мовы ўключаюць у сябе пэўную колькасьць вымерлых моваў Італіі (умбрская, оская, фаліская, паўднёвапіцэнская, лаціна), а таксама сучасную групу раманскіх моваў, што паходзяць ад лацінскае мовы. На цяперашні час ніводная з італійскіх моваў (без уліку раманскіх) не зьяўляецца жывой за выняткам лаціны, якая ў вызначанай ступені мае пісьмовыя або літургічныя функцыі ў шэрагу асяродзьдзяў.
італійскія мовы | |
Народнасьць | італікі, раманскія народы |
---|---|
Арэал | першапачаткова — Італія, цяпер — большая частка Паўднёвай Эўропы, краінаў Паўднёвай і Цэнтральнай Амэрыкі, некаторыя краіны Афрыкі, Акіяніі, Азіі |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям’я
|
Склад |
оска-умбрская,
лаціна-фаліская групы
|
Мовы Італіі ў VI ст. да н. э. Італійскія мовы — адценьнямі шэрага
|
Італійскія мовы, як правіла, прынята падзяляць на дзьве групы: лаціна-фаліскую (фаліская мова й лацінская, ад якой, у сваю чаргу, сыходзяць раманскія мовы) і оска-умбрскую, якая ўключае ў сябе шэраг моваў (гл. ніжэй). Астатнія дзьве мовы, экваўская ды вэстынская (мёртвыя), застаюцца неклясыфікаванымі ўнутры італійскае галіны.
Існуюць гіпотэзы, згодна зь якімі італійская галіна моваў не існавала, а ўсе мовы, якія нацяпер лічацца італійскімі, зьяўляюцца прамымі нашчадкамі праіндаэўрапейскай мовы, якія зазналі агульную канвэргенцыю праз геаграфічную блізкасьць. Гэты пункт гледжаньня тлумачыцца, прыкладам, цяжкасьцю вызначэньня радзімы носьбітаў праіталійскае мовы[1].
Іншыя пункты гледжаньня ўлічваюць італійскія мовы як адну з галінаў індаэўрапейскае моўнае сям’і, якая, верагодна, мела продка — праіталійскую мову, якая распалася на даччыныя італійскія мовы.
Паходжаньне
рэдагавацьІталійскія мовы, як і іншыя сучасныя індаэўрапейскія мовы Заходняй Эўропы, належаць да кентумных індаэўрапейскіх моваў — то бок, вэлярныя й палятавэлярныя зычныя праіндаэўрапейскае мовы перайшлі ў іх толькі ў вэлярныя. Варта адзначыць, што для пазначэньня моваў, у якіх праіндаэўрапейскія вэлярныя й палятавэлярныя зычныя зьліліся ў вэлярныя, выкарыстанае лацінскае (адна з гэтых моваў) слова centum як узор слова, дзе праіндаэўрапейскі зычны перайшоў у вэлярны (зычны c).
Дыскусія пра паходжаньне італійскіх моваў у некаторай ступені карэлюе з гіпотэзамі індаэўрапэістаў наконт паходжаньня грэцкае мовы, датычна якой высоўваюцца гіпотэзы пра паходжаньне мовы па-за Грэцыяй і прынясеньне яе перасяленцамі ў Грэцыю, альбо пра паходжаньне мовы на тэрыторыі ўласна Грэцыі ў выніку кантактаваньня індаэўрапейскіх элемэнтаў зь мясцовымі не-індаэўрапейскімі мовамі.
На думку шэрагу лінгвістаў праіталійская мова ўтварылася па-за межамі сучаснай Італіі, аднак яна, у адрозьненьне ад грэцкай, ня мае пісьмова засьведчаных формаў (у адрозьненьне ад грэцкай, якая мае мікенскую мову — найстаражытную зафіксаваную ўласную форму). Як мяркуе Д. Сыльвэстры, праіталійская мова не зьяўлялася дагістарычнай мовай, якая можа быць адноўленая, а, імаверна, наборам вынікаў працэсаў дагістарычнай і гістарычнай канвэргенцыі (гл. вышэй)[1]. На думку Г. Бакума праіталійскую мову трэба лічыць храналягічным этапам, які існаваў між позьнімі формамі праіндаэўрапейскае мовы ды пралаціна-фаліскай і прау́мбра-оскай мовамі. Існавалі здагадкі пра існаваньне праіталійскай мовы ў пэрыяд між 4000 і 1800 г. да н.э., аднак Г. Бакумам яны падвяргаліся сумневам[2].
Першыя італійскія пісьмовыя фіксацыі прыпадаюць ужо на пэрыяд распаду праіталійскае мовы: так, у VII ст. да н.э. паўстаюць пісьмовыя помнікі умбрскай ды фаліскай моваў, зробленыя старажытнаіталійскім пісьмом, якое, у сваю чаргу, паходзіць ад грэцкага і зьмяшчае некаторыя элемэнты пісьма не-індаэўрапейскай этрускай мовы.
Унутраная клясыфікацыя
рэдагавацьНайбольш распаўсюджанай клясыфікацыяй італійскіх моваў зьяўляецца іх падзел на дзьве галіны, лаціна-фаліскую й оска-умбрскую:
- Італійскія мовы
- Лаціна-фаліская група:
- Фаліская мова. Была распаўсюджанай на поўнач ад Рыму і, верагодна, на востраве Сардынія;
- Лацінская мова. Першапачаткова была распаўсюджанай на захадзе цэнтральнай часткі Італіі, у выніку рымскіх заваёваў ужо ў І ст. да н.э. пашырылася на ўсю сучасную Італію, а пазьней — амаль на ўсю тэрыторыю Рымскай імпэрыі. Пасьля распаду Рымскай імпэрыі лацінская мова ў памежных правінцыях эвалюцыянавала ў вульгарную лаціну, выцесьніла мясцовыя мовы і дала пачатак новым мовам, якія праз шэраг агульных асаблівасьцяў аб’ядноўваюцца ў адзіную групу — раманскую;
- Раманскія мовы — паходзяць ад лаціны.
- Оска-у́мбрская група (таксама вядомая як сабэльская):
- Оская мова. Была распаўсюджаная ў паўднёвай частцы цэнтру Апэнінскага паўвостраву;
- Умбрская мова. Выкарыстоўвалася на поўначы цэнтральнай часткі Апэнінскага паўвостраву, ня блытаць з сучасным умбрскім дыялектам італьянскае мовы;
- Вольская мова. Была распаўсюджаная на паўднёвы захад ад Ляцыюму, што складае навакольлі сучаснага Рыму;
- Марсійская мова. Была распаўсюджанай серад марсіяў, якія жылі на ўсход ад лацінаў;
- Паўднёвапіцэнская. Мова, носьбіты якой пражывалі галоўным чынам ва ўсходняй частцы цэнтральнай Італіі;
- Сабінская мова. Была распаўсюджаная ў Ляцыюме й цэнтральнай частцы Апэнінаў.
- Лаціна-фаліская група:
Між тым, існавалі экваўская ды вэстынская мовы, на якіх размаўлялі на ўсход ад Рыму і на паўночным усходзе Італіі адпаведна. Даведзеная прыналежнасьць гэтых моваў да італійскіх, але іхнае ўнутранае становішча ўнутры італійскіх не паддаецца ідэнтыфікацыі. У цэнтральнай частцы востраву Сыцылія існавала сыкульская мова, якая, паводле шэрагу сьцьвярджэньняў мела падабенствы з лацінай, аднак падобныя меркаваньні не даведзеныя. Гіпатэтычна да італійскіх могуць адносіць люзытанскую, якую, зрэшты, іншыя гіпотэзы могуць адносіць да кельцкіх. Пэўную колькасьць рысаў, агульных з італійскімі, мае мёртвая вэнэцкая мова (цяперашні паўночны ўсход Італіі). Тым ня менш, гэтая мова мае рысы, уласьцівыя, між іншым, іншым індаэўрапейскім мовам (у прыватнасьці германскім, асабліва асабістыя займеньнікі), што дае падставу некаторым лінгвістам лічыць вэнэцкую мову асобнай галіной у складзе індаэўрапейскае сям’і.
Асноўныя ўласьцівасьці
рэдагавацьУ фанэтычным дачыненьні назіраецца найбольшая архаічнасьць оскай мовы (у параўнаньні з лацінскай і умбрскай), якая выяўлялася ў захаваньні ва ўсіх пазыцыях старых дыфтонгаў ai, oi, ei, ou, а таксама ў адсутнасьці ратацызму, адсутнасьці сыбілянтаў і разьвіцьці kt > ht; розная трактоўка PIE kw, gw (лац. qu ды v, оск.-умбр. p ды b). У апошніх — захаваньне s перад насавымі санантамі і адлюстраваньне PIE *dh, *bh як f. Таксама вылучаліся сілавы пачатковы націск, які спрычыніўся да сынкопы (выпадзеньне безнаціскнога галоснага, групы галосных або складу) і скарачэньня галосных ненаціскных складоў.
Марфалягічна вылучаліся 5 скланеньняў і 4 спражэньні, рэдуплікацыя (падваеньне) і падаўжэньне каранёвага галоснага; захаваньне лякатыву ў сока-умбрскіх; адрозьненьні ва ўтварэньні будучага часу, пэрфэкту, ініфінітыву; выкарыстаньне пасьлялогаў у оска-умбрскіх.
Італійскі сынтаксіс меў вялікую колькасьць сыходжаньняў; у оска-умбрскіх часьцей ужываюцца безасабовыя канструкцыі, паратаксіс, партытыўны генітыў, генітыў часу й генітыў дачыненьня.
У лексычным дачыненьні італійскія мовы вылучаюцца значным лікам лексэмаў праіндаэўрапейскае мовы. Разам з гэтым, адзначаюцца словы, характэрныя толькі для індаэўрапейскіх моваў Захаду, у оска-умбрскіх — некаторая колькасьць лексэмаў, што ня маюць адпаведнасьці ў лаціне; ва ўсіх італійскіх — пэўны пляст запазычваньняў з этрускай ды іншых не-індаэўрапейскіх моваў Апэнінскага паўвостраву, вялікая колькасьць запазычваньняў з індаэўрапейскай грэцкай мовы.
P-італійскія ды Q-італійскія мовы
рэдагавацьАналягічна кельцкім мовам, італійскія мовы падзяляюцца на P-мовы і Q-мовы ў залежнасьці ад разьвіцьця ў іх праіндаэўрапейскага *kʷ. У оска-умбрскіх мовах гэты гук разьвіўся ў p, у лаціна-фаліскіх захаваўся (гл. лацінскае qu) або спрасьціўся да w (PIE *kʷapor- > лац. uapor — «пар»).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Silvestri, Domenico. The Italic Languages / Ramat, Anna Giacalone; Ramat, Paolo. — The Indo-European languages. — Taylor & Francis Group, 1998. — С. 322-344.
- ^ Bakkum, Gabrël C.L.M. І // The Latin Dialect of the Ager Faliscus: 150 Years of Scholarship. — Amsterdam: University of Amsterdam, 2009. — ISBN 978-90-5629-562-2
Літаратура
рэдагаваць- Bakkum, Gabrël C.L.M. І // The Latin Dialect of the Ager Faliscus: 150 Years of Scholarship. — Amsterdam: University of Amsterdam, 2009. — ISBN 978-90-5629-562-2
- Pulgram, Ernst. Tongues of Italy, Prehistory and History. — Cambridge: Harvard University Press, 1958.
- Rix, Helmut. Ausgliederung und Aufgliederung der italischen Sprachen / Bammesburger, Alfred; Vennemann, Theo. — Languages in Prehistoric Europe, Indogermanische Bibliothek 3. — Heidelberg: Winter, 2003. — С. 147-172. — ISBN 3-8253-1449-9
- Silvestri, Domenico. The Italic Languages / Ramat, Anna Giacalone; Ramat, Paolo. — The Indo-European languages. — Taylor & Francis Group, 1998. — С. 322-344.
- Watkins, Calvert. Proto-Indo-European: Comparison and Reconstruction / Ramat, Anna Giacalone; Ramat, Paolo. — The Indo-European languages. — Taylor & Francis Group, 1998. — С. 25-73.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1998. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Италийские языки (рас.) , Лингвистический энциклопедический словарь. Праверана 24 лютага 2014 г.
- Michiel de Vaan. Etymological Dictionary of Latin and the other Italic Languages // Leiden Indo-European Etymological Dictionaries Series. — Brill Academic Publishers, 2008.
- Агляд некаторых фанэтычных і марфалягічных рысаў італійскіх моваў (анг.)