Перайсьці да зьместу

Інстытут мовазнаўства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Інстытут мовазнаўства, захаваная ўдзельнікам Jarash (гутаркі | унёсак) у 17:08, 18 лістапада 2022. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)

Каардынаты: 53°55′1″ пн. ш. 27°36′11″ у. д. / 53.91694° пн. ш. 27.60306° у. д. / 53.91694; 27.60306

Інстытут мовазнаўства
Абрэвіятура ІМЗ
Дата ўтварэньня 2 лістапада 1929 (95 гадоў таму)
Юрыдычны статус філія
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2
Афіцыйныя мовы беларуская
Кіраўнік Ігар Капылоў
Намесьнік па навуковай працы Сяргей Гаранін
Навуковая сакратарка Вольга Міцкевіч[1]
Старшыня Рэспубліканскай тэрміналягічнай камісіі Аляксандар Лукашанец[2]
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі Рэспубліканскія тапанімічная і тэрміналягічная камісіі
Сайт iml.basnet.by
Колішняя назва Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы (ліпень 1935 — 29 траўня 1952), Інстытут мовы і літаратуры (9 лістапада 2007 — 2012), Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (2012 — 23 лістапада 2015)

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа — навукова-дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1929 году.

На 2018 году Інстытут улучаў 2 Рэспубліканскія камісіі — тапанімічную і тэрміналягічную — і 6 навукова-дасьледчых аддзелаў: 1) сучаснай беларускай мовы, 2) гісторыі беларускай мовы, 3) дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі, 4) лексыкалёгіі і лексыкаграфіі, 5) славістыкі і тэорыі мовы, 6) беларуска-расейскіх моўных сувязяў[3]. Таксама Інстытут ажыцьцяўляў набор у асьпірантуру і дактарантуру па 3 спэцыяльнасьцях: беларуская мова, славянскія мовы і расейская мова[4]. Інстытут зьяўляецца філіяй Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, што ўваходзіць у склад Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў Акадэміі навук.

Сьцяпан Некрашэвіч — 1-ы кіраўнік Інстытуту

2 лістапада 1929 году Прэзыдыюм Беларускай акадэміі навук (БАН) зацьвердзіў Пратакол № 36 «Аб арганізацыі Інстытута мовазнаўства». Прызначэньне кіраўніком Інстытуту атрымаў акадэмік Сьцяпан Некрашэвіч, намесьнікам — акадэмік Язэп Лёсік, навуковым сакратаром — доктар філялягічных навук Пётар Бузук. У склад Інстытуту ўвайшлі: «а) тэрміналягічная камісія; б) камісія па складаньні слоўніка жывой беларускай мовы; в) дыялекталягічная камісія; г) камісія па складаньні гістарычнага слоўніка беларускай мовы; д) правапісная камісія». З 1931 году зьявілася асьпірантура[5]. 29 сакавіка 1931 году Прэзыдыюм БАН зацьвердзіў Рашэньне, паводле якога выключыў са складу Інстытуту правапісную камісію. Гэта абазначала адхіленьне акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу. У ліпені 1935 году Цэнтральны камітэт КПБ ухваліў Пастанову аб злучэньні 3-х Інстытутаў — Інстытуту мовазнаўства, Інстытуту літаратуры і Інстытуту мастацтва — у адзіны Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. У перадваенныя гады ў Інстытуце выйшлі «Беларуская граматыка. Марфалёгія» (1936), «Расейска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча (1937), «Сынтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы» (1940). Пры канцы 1930-х гадоў літаратуразнаўцы Васіль Барысенка, Міхась Ларчанка, Юльян Пшыркоў, Навум Перкін, Сьцяпан Майхровіч і Васіль Івашын пачалі выдаваць артыкулы пра гісторыю беларускай літаратуры 19 — пачатку 20 стагодзьдзяў, пра жыцьцё і творчасьць Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. У 1940 годе Інстытут налічваў 20 супрацоўнікаў, сярод якіх былі 1 акадэмік, 2 чальцы-карэспандэнты, 1 прафэсар, 10 старэйшых навуковых супрацоўнікаў і 2 навукова-тэхнічныя работнікі. Пагатоў 9 супрацоўнікаў мелі навуковыя ступені кандыдатаў навук. Інстытут складаўся з 2 секцыяў (літаратуры і мовы) і працаваў над 5 навуковымі тэмамі, зь якіх 3 былі мовазнаўчымі: 1) беларуска-расейскі слоўнік, 2) вывучэньне беларускіх народных гаворак; 3) удасканаленьне беларускага правапісу[6].

Міхась Лынькоў — 1-ы пасьляваенны кіраўнік Інстытуту

У ліпені 1944 году, па заняцьці Менску Чырвонай арміяй, Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва аднавілі ў складзе 3-х сэктараў: беларускай літаратуры, беларускай мовы і мастацтва. У 1945 годзе налічвалася 26 супрацоўнікаў. Дасьледаваньні вяліся па 3-х напрамках: гісторыя беларускай літаратуры, беларуская лексыкаграфія і беларускае выяўленчае мастацтва ў дні Нямецка-савецкай вайны. У сэктары мовы працавалі Кандрат Крапіва (кіраўнік), Міхаіл Суднік, Марыя Жыдовіч, Юзэфа Мацкевіч, Галіна Жылуновіч, Пятро Глебка, Я.А. Язьвінская, Мікола Лобан і Алена Броўка. У гэты час выпусьцілі падручнікі і хрэстаматыі беларускай літаратуры дасавецкага часу. На пачатку 1950-х гадоў зьявіліся першыя манаграфіі Ю.Пшыркова і С.Майховіча. 29 траўня 1952 году Дзяржаўная штатная камісія пры Савеце міністраў СССР зацьвердзіў Рашэньне аб аднаўленьні Інстытуту мовазнаўцтва ў Акадэміі навук БССР. 14 чэрвеня 1952 году Загадам № 238 па АН БССР зацьвердзілі штат Інстытуту ў 30 супрацоўнікаў і кіраўніка ў асобе акадэміка Кандрата Крапівы. У 1953 годзе выйшаў «Расейска-беларускі слоўнік», падрыхтоўкай якога кіраваў Пятро Глебка і які атрымаў станоўчую адзнаку ад замежных славістаў-лексыкографаў. У 1950-я гады ў Інстытуце мовазнаўства працавала 5 сэктараў: гісторыі беларускай мовы, беларускай дыялекталёгіі, сучаснай беларускай мовы, лексыкалёгіі і лексыкаграфіі, навуковай тэрміналёгіі. 15 жніўня 1956 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 469 аб прысваеньні Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа. У 1959 годзе ў Інстытуце было 40 навуковых супрацоўнікаў, зь іх 20 кандыдатаў навук. У 1962 годзе стварылі сэктар агульнага і славянскага мовазнаўства. У 1962 і 1966 гадах выйшла 2-томная «Граматыка беларускай мовы», падрыхтаваная пад кіраўніцтвам Міхаіла Булахава. У 1950-я — 1960-я гады правялі дыялекталягічныя дасьледаваньні беларускай мовы пад кіраўніцтвам чальцоў-карэспандэнтаў Рубэна Аванэсава і Ю.Мацкевіч. У 1971 годзе 11 супрацоўнікаў Інстытуту — К.Крапіва, Ю.Мацкевіч, Ганна Арашонкава, Мікалай Бірыла, Ніна Вайтовіч, Аляксей Груца, Аляксандар Крывіцкі, Анцінея Мурашка, Яўгенія Рамановіч, Алёна Чабярук і Вольга Шэлег — атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР за выданьне працаў па беларускай дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі[6].

Кандрат Крапіва — кіраўнік Інстытуту, узнагароджаны Дзяржпрэміяй СССР

У 1969 годзе налічвалася 48 навуковых супрацоўнікаў, зь іх 5 дактароў навук і 24 кандыдаты навук. Адначасна адчынілі лябараторыю экпэрымэнтальнай фанэтыкі, дзе пад кіраўніцтвам акадэміка Аляксандра Падлужнага ўпершыню дасьледавалі гукавы лад беларускай мовы. У гэты час дасьледаваньні засяродзілі на 6 напрамках: сучасная беларускай літаратурная мова, гісторыя беларускай мовы, беларуская дыялекталёгія, беларуская лексыкалёгія і лексыкаграфія, гістарычнае і тыпалягічнае параўнаньне славянскіх моваў, гукавы лад беларускай мовы. У 1960-я гады пачалі ствараць фундамэнтальную картатэку для Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы ў 5 тамах і 6 кнігах, які выйшаў у 1977—1984 гадах. Адначасна заклалі картатэку для Гістарычнага слоўніка беларускай мовы, які працягваў выдавацца на 2018 год. З 1972 году Інстытут стаў выдаваць штогоднік «Беларуская лінгвістыка»[5]. У 1977 годзе стварылі сэктар расейскай мовы, які ўзначаліў Арнольд Міхневіч і пачаў дасьледаваць функцыянаваньне расейскай мовы Беларусі, праводзіць супастаўляльныя дасьледаваньні беларускай і расейскай моваў і сацыялінгвістычныя дасьледаваньні. У 1981 годзе ў Інстытуце працавала 83 супрацоўнікі, зь іх 1 акадэмік, 3 чальцы карэспандэнты, 6 дактароў навук, 35 кандыдатаў навук і 4 заслужаныя дзеячы навукі[6]. З 1986 году ў Інстытуце ёсьць дактарантура[5]. 9 лістапада 2007 году Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зацьвердзіўся Пастанову пра аб’яднаньне Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа зь Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы ў Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. 23 ліпеня 2008 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб Правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі», якія распрацоўваліся Інстытутам і набылі моц 1 верасьня 2010 году. Інстытут удзельнічаў у распрацоўцы Лінгвістычнага атлясу Эўропы і Агульнаславянскага лінгвістычнага атлясу. У 2012 годзе Інстытут мовы і літаратуры аб’ядналі зь Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы ў Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (ЦДБКМЛ). 23 лістапада 2015 году кіраўнік ЦДБКМЛ Аляксандар Лукашанец падпісаў Загад № 144 «Аб стварэньні філіяў», паводле якога аднавіў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа[1].

Пётар Бузук — 3-і кіраўнік Інстытуту
  1. ^ а б Пра Інстытут // Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.
  2. ^ Рэспубліканская тэрміналягічная камісія // Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.
  3. ^ Арганізацыі Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 7 ліпеня 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.
  4. ^ Асьпірантура // Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.
  5. ^ а б в Аляксандар Лукашанец. Інстытут мовазнаўства // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 270. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  6. ^ а б в Гісторыя інстытута // Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]