Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Вінцэнт-Якуб Дунін-Марцінкевіч лац. Vincent Dunin-Marcinkievič | |
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, здымак Антона Прушынскага | |
герб Лебедзь | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Войт Навум, Навум Прыгаворка |
Нарадзіўся | 23 студзеня (4 лютага) 1808 фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі павет, Менская губэрня |
Памёр | 17 (29) сьнежня 1884 (76 гадоў) Люцінка, Менскі павет, Менская губэрня |
Пахаваны | |
Род | Дуніны-Марцінкевічы |
Бацькі | Якуб Дунін-Марцінкевіч Мартына Нядзьведзкая |
Жонка | Юзэфа Бараноўская |
Дзеці | Каміла, Цэзарына, Міраслаў |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | празаік, паэт, драматург, перакладчык |
Кірунак | драматургія |
Жанр | сатыра |
Мовы | беларуская, польская |
Дэбют | «Сялянка» (1846) |
Значныя творы | «Гапон», «Пінская шляхта», «Залёты» |
Творы на сайце Knihi.com | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Марцінкевіч.
Вінцэ́нт-Яку́б Ду́нін-Марцінке́віч (4 лютага 1808, фальварак Панюшкавічы — 29 сьнежня 1884, Люцінка) — клясык беларускае літаратуры, адзін з пачынальнікаў новае беларускае літаратуры й драматургіі, паэт, тэатральны й грамадзкі дзяяч[1].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адзінаю крыніцай зьвестак пра радавод Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча зьяўляецца шэраг дакумэнтаў, пададзеных аўтарам у жніўні 1832 году ў Менскую шляхецкую дэпутацыю. Па мужчынскай лініі прадзедам пісьменьніка быў Тодар Марцінкевіч, які меў трох сыноў: Яна, Станіслава й Мікалая, апошні зь іх — родны дзед Вінцэнта[2]. Да іншага адгалінаваньня роду Марцінкевічаў належаў паэт Геранім Марцінкевіч.
Вядома, што Ян Марцінкевіч нарадзіўся ў 1710 годзе. Таксама ёсьць зьвесткі пра тэстамэнт Тодара Марцінкевіча, датаваны 1719 годам, копія якога была ўзятая з наваградзкіх земскіх актаў толькі ў 1762 годзе, што ўказвае на даўгалецьце ягонага скаладальніка[2]. У гэтым дакумэнце Тодар Марцінкевіч запісаў сваім сынам у спадчыну свой маёнтак Высоха Слонімскага павету, атрыманы за ўдалую вайсковую службу[2]. Кіраваў тым маёнткам у асноўным дзед пісьменьніка Мікалай, на што ўказвае квітанцыя ад 4 кастрычніка 1729 году, дзе адзначаецца:
|
Нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы (цяпер Бабруйскі раён) у сярэднезаможнай шляхецкай сям’і. Закончыў Бабруйскую павятовую школу (1824). Вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце на мэдыцынскім факультэце. З 1827 служыў у Менскай эпархіяльнай кансысторыі, Менскай крымінальнай палаце. У 1840 пакінуў службу, набыў фальварак Люцынка каля гораду Івянца. Тут разгарнулася ягоная культурна-асьветная, літаратурная й тэатральная дзейнасьць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцьця. У час паўстаньня 1863-64 гадоў абвінавачваўся ў распаўсюджваньні «шкодных для ўраду» ідэяў, быў арыштаваны, знаходзіўся пад сьледзтвам, потым выпушчаны пад нагляд паліцыі. Пахаваны на могілках у Тупальшчыне (в. Падневічы, недалёка ад Люцынкі), цяпер Валожынскі раён.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пісаў па-беларуску й па-польску. Творчую дзейнасьць пачаў з опэрных лібрэта, першыя зь якіх не захаваліся. У 1846 годзе ў Вільні надрукаваны ягоны драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»; пастаноўка ажыцьцёўлена ў Менску ў 1852 годзе). У 1850-я гады стварыў шэраг паэтычных твораў, вершаваных аповесьцей й апавяданьняў — «Вечарніцы» й «Гапон» (1855), «Купала» (1856), «Шчароўскія дажынкі» (1857), «Травіца брат-сястрыца» й «Быліцы, расказы Навума» (напісана ў 1857 годзе). Пісаў таксама творы на польскай мове: «Благаславёная сям’я» й «Славяне ў ХІХ ст.» (1856). У 1859 годзе пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Арганізаваў тэатральную трупу — першы беларускі тэатар, які наладжваў спэктаклі ў Люцінцы, а таксама ў Менску, Бабруйску й іншых месцах. У 1860-я — 1870-я гады напісаў камэдыі «Пінская шляхта» й «Залёты». Значная частка ягоных твораў, у тым ліку камэдыі, ня ўбачылі сьвету пры жыцьці аўтара.
Распрацаваў у беларускай літаратуры новыя жанры: вершаваная аповесьць і апавяданьне. Таксама лічыцца пачынальнікам беларускае нацыянальнае драматургіі.
Калі ён пачаў пісаць, сутыкнуўся з тымі самымі цяжкасьцямі, што й усе літаратары гэтага пэрыяду — адсутнасьцю ўнармаванае беларускае мовы (не было слоўнікаў і граматыкаў). Нягледзячы на гэта, ён здолеў выйсьці за вузкія дыялектныя межы й зарыентаваўся на агульнанародныя моўныя сродкі (пачаў ужываць формы словаў, якія былі вядомыя ва ўсёй Беларусі).
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча носіць вуліца ў Менску. Таксама імя В. Дунін-Марцінкевіча носіць Магілёўскі абласны тэатар драмы й камэдыі ў Бабруйску. Міністэрства культуры Беларусі й Беларускі саюз тэатральных дзеячаў (БСТД) заснавалі тэатральную прэмію імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. У Беларусі існуе Міжнародны фэстываль нацыянальнай драматургіі, які таксама носіць імя драматурга.
4 лютага 2008 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятныя манэты «В. Дунін-Марцінкевіч. 2008 год». Пошта Беларусі ў 2008 годзе выпусьціла марку, прысьвечаную пісьменьніку. 3 верасьня 2016 году ў цэнтры Менску адкрыты помнік кампазытару Станіславу Манюшку й Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: асоба і творчасць | Архівы Беларусі
- ^ а б в г Язэп Янушкевіч Дзяды не мелі бяды... Продкі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 5.
- ^ У цэнтры Менску адкрылі помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ільяшэвіч, Мікола. Вінцэнты Дунін-Марцынкевіч. (Агульна-крытычны начырк). // Родные гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, ліпень—жнівень. — № 5. — С. 7—20.
- «Naša Niwa». U 25-letniju hadaŭščynu śmierci W. Dunin-Marcinkiewiča / Redaktar-Wydawiec A. Ŭlasaŭ. — Wilnia: Drukarnia M. Kuchty, 1910. — С. 1—16. — 16 с.
- Сьцяпан Майхровіч. В. І. Дунін-Марцінкевіч. Да 150-годдзя з дня нараджэння. // Маладосць : часопіс. — 1957. — № 12 (58). — С. 127—129.
- Dunin-Marcinkievič, Vincent // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Ільін, А. «Хрэн табе ў вочы!»: дык хто ж напісаў «Пінскую шляхту»? // Наша гісторыя, №1, 2019, с.41-45. ISBN 2617-2305
- А. Шлюбскі. Канфіскацыя «Пана Тадэуша» Д-Марцінкевіча. // Узвышша : часопіс. — 1927. — № 2. — С. 199—202.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: майстар эпатажу Запіскі на палях.. Belarus 3 (9 красавіка 2019).
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: «Пінская шляхта» (Зьявы 1—5). Аўдыёкніга з тэкстам.. Літаратура (22 кастрычніка 2021).
- Класік супраць імперыі і першыя жаночыя маршы ў Менску! Дунін-Марцінкевіч, Пінская шляхта Хадановіч. Андрэй Хадановіч. (15 траўня 2023).
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Авантуры Літаратурныя ночы з Васілём.. Радыё Ўнет (8 верасьня 2023).
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Опера, якая вучыць пераадольваць страх Літаратурныя ночы з Васілём.. Радыё Ўнет (15 верасьня 2023).
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Вайна з Імперыяй Літаратурныя ночы з Васілём.. Радыё Ўнет (22 верасьня 2023).
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Экстрэміст Літаратурныя ночы з Васілём.. Радыё Ўнет (29 верасьня 2023).
- Творы Дунін-Марцінкевіча на «Беларускай палічцы»
- Гісторыя Беларусі. Асобы. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
- Разьдзел, прысьвечаны Дуніну-Марцінкевічу, на сайце «Архивы Беларуси»