Карліс Улманіс
Карліс Улманіс | |
па-латыску: Kārlis Ulmanis | |
19 лістапада 1918 — 18 чэрвеня 1921 | |
Наступнік | Зігфрыд Мееровіц[d] |
24 сьнежня 1925 — 6 траўня 1926 | |
27 сакавіка 1931 — 5 сьнежня 1931 | |
17 сакавіка 1934 — 20 чэрвеня 1940 | |
11 красавіка 1936 — 21 ліпеня 1940 | |
Папярэднік | Албэртс Квесіс |
Наступнік | Аўгустс Кірхенштэйнс[d] |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
4 верасьня 1877[1][2][3][…] |
Памёр: |
20 верасьня 1942[2][3] (65 гадоў) |
Партыя: | |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
Ка́рліс У́лманіс (па-латыску: Kārlis Augusts Vilhelms Ulmanis; 4 верасьня 1877, Бэрзмуйжас, Расейская імпэрыя, сёньня Бэрзэская воласьць у Добэльскім раёне Латвіі — 20 верасьня 1942, Краснаводзк, СССР, сёньня Туркмэнбашы, Туркмэністан) — латыскі аграном, выкладчык, публіцыст, дзяржаўны й палітычны дзяяч, прэм’ер-міністар Латвіі ў 1918, 1919—1921, 1925—1926, 1931—1932, 1934—1940 гадох, прэзыдэнт Латвіі ў 1936—1940 гадох.
Дзяцінства, вучоба, пачатак палітычнай дзейнасьці
Карліс Улманіс нарадзіўся ў сям’і Індрыкса й Лізэты Улманяў, быў трэцім сынам. Закончыў пачатковую школу ў Бэрзэс (1886—1889), затым навучаўся ў Аляксандраўскай гарадзкой школе ў Елгаве, якую скончыў у 1896 годзе. Пасьля заканчэньня курсаў па малочнай гаспадарцы ў Тапіяў (сёньня — Гвардзейск у Калінінградзкай вобласьці Расеі) працаваў у сельскагаспадарчых каапэратывах у Рызе й Ліепаі. Прыкладна ў той самы час ён пачаў сваю грамадзкую дзейнасьць, накіраваную супраць царскага рэжыму. З 1902 году навучаўся сельскай гаспадарцы ў Швайцарыі, Нямеччыне. Праз удзел у рэвалюцыі 1905 году сядзеў у турме, пасьля чаго быў вымушаны зьехаць спачатку ў Нямеччыну, дзе выкладаў у сельскагаспадарчай школе ў Аннабэргу (Саксонія), а затым перабраўся ў ЗША, дзе працягнуў навучаньне ва Ўнівэрсытэце Нэбраскі (у сельскагаспадарчым індустрыяльным коледжы Абрагама Лінкольна), у якім у 1909 годзе і атрымаў ступень бакаляўра навук у сельскай гаспадарцы. Некаторы час Улманіс працаваў выкладчыкам у тым самым коледжы, пасьля чаго перабраўся ў Г’юстан, штат Тэхас, дзе быў заняты сельскагаспадарчай і журналісцкай справай. Па вяртаньні на радзіму ў 1913 годзе працаваў аграномам у сельскагаспадарчых таварыствах Валміеры й Рыгі, паралельна з гэтым рэдагаваў часопіс «Zeme» (з 1914 да 1916).
Па распадзе Расейскай імпэрыі
У красавіку 1917 году пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі быў выбраны ў Часовую раду Відзэмскага краю, адкуль перайшоў на пасаду намесьніка камісара. Стаў ініцыятарам стварэньня Латыскага сялянскага зьвязу (ЛСЗ), які сам і ўзначаліў. За часамі нямецкай акупацыі 1917—1918 гадоў заставаўся ў Рызе, працаваў намесьнікам старшыні Латыскага камітэту самапомачы. Яшчэ пад час нямецкай акупацыі на кангрэсе ЛСЗ ў Валцы ўпершыню адкрыта заклікаў стварыць незалежную Латыскую дзяржаву, якая й паўстала 18 лістапада 1918 году. Сам Карліс Улманіс быў абраны прэм’ер-міністрам Часовага ўраду. Удзельнічаў у вайне з Савецкай Расеяй як галоўнакамандуючы, пры ім была падпісаная Рыская дамова 1920 году.
Па вайне ўрад Улманіса правёў аграрную рэформу, садзейнічаў адкрыцьцю нацыянальных школак, у тым ліку для беларусаў. У 1921 годзе пры ім была прынятая першая рэдакцыя латвійскай Канстытуцыі (канчаткова зацьверджаная ў 1922 годзе).
За часамі незалежнай Латвіі Карліс Улманіс, акрамя таго, што чатыры разы быў абраны прым’ер-міністрам, таксама чатыры разы займаў пасаду міністра замежных справаў, двойчы міністра земляробства, адным разам міністра па справах забесьпячэньня і міністра вайсковых справаў, працаваў старшынём і дырэктарам Латвійскага сялянскага банку, быў сябрам Рады Дзяржаўнага зямельнага банку.
Дзяржаўны пераварот і ўсталяваньне дыктатуры
15 траўня 1934 году Улманіс разам з генэралам Балодысам зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот. Ён распусьціў парлямэнт, забараніў дзейнасьць партыяў (у тым ліку свайго ЛСЗ), зачыніў апазыцыйныя газэты, адмяніў Канстытуцыю. Матывам для такіх брутальных рашэньняў стала палітычная нестабільнасьць у краіне празь дзейнасьць аграмаднай колькасьці палітычных партыяў і прафзьвязаў, якія ніяк не маглі прыйсьці да згоды ў асноўных палітычных пытаньнях, ды актывізацыя ў Латвіі краёвых фашыстоўскіх арганізацыяў накшталт нямецкамоўнай Baltischer Bruderschaft («Балтыйскае братэрства»), а непасрэднай падставай — нібыта замах на Улманіса 17 сакавіка 1934 году. Да 1936 году фармальна пасаду прэзыдэнта Латвіі займаў Альбэртс Квіесіс, але фактычна краінай цалкам кіраваў Улманіс. Ён афіцыйна менаваўся «бацькам нацыі», а сам пераварот праз прэсу быў названы «Адраджэньнем».
Гаспадарка Латвіі пасьля 1936 году, нягледзячы на агульнаэўрапейскі крызіс, роўна расла, імкліва павялічваўся экспарт (асабліва ў Вялікабрытанію й Нямеччыну), узровень непісьменнасьці сярод латвійскага насельніцтва быў адным з самых нізкіх па Эўропе. Аднак усё гэта было дасягнутае ў тым ліку й шляхам жорсткага кантролю грамадзянскай супольнасьці, і праз стварэньне новых працоўных лягераў накшталт Калнціемскага лягеру. Насуперак першапачатковым дзеяньням, якія чыніліся ўрадам Улманіса адразу па здабыцьці незалежнасьці, пачалося таксама пасьлядоўнае абмежаваньне ў правох нацыянальных меншасьцяў (перш за ўсё ў прафэсійнай сфэры, дзе кваліфікаваныя кадры сталі падбірацца згодна нацыянальнай прыкмеце), немцы з нацыянальнасьці пачалі мусова перасяляцца за межы Латвіі.
Другая сусьветная вайна
Паводле пакта Молатава-Рыбэнтропа 1939 году Латвія адышла да сфэры ўплыву Савецкага Зьвязу. Улманіс усьведамляў грандыёзную перавагу савецкіх войскаў над латыскімі. У тым самым годзе Улманіс дазволіў СССР разьмясьціць на тэрыторыі сваёй краіны вайсковыя базы, а ў 1940 ён жа прывітаў прыход савецкай улады ў сваім радыёвыступе ад 17 чэрвеня й заклікаў насельніцтва не аказваць замежным войскам ніякага супраціву. Нягледзячы на тое, што новая ўлада дазволіла Улманісу выехаць у Швайцарыю, былы прэзыдэнт (чые паўнамоцтвы былі скасаваныя 21 ліпеня 1940 году) застаўся ў СССР, тэрмінова выехаў у Маскву, а затым у Варашылаўск (сёньня — Стаўрапаль у Расеі). 4 ліпеня 1941 году Улманіс быў арыштаваны. Памёр ён у краснаводзкай турэмнай бальніцы 20 верасьня 1942 году (паводле іншых зьвестак Улманіс памёр па дарозе ў Краснаводзк ад сухотаў). Пахаваны на мясцовых могілках (аднак месцазнаходжаньне пахаваньня дагэтуль невядомае).
Імя ў гісторыі
У сучаснай Латвіі фігура Карліса Улманіса ёсьць досыць супярэчнай. Адна частка грамадзтва працягвае называць яго «бацькам нацыі», зважаючы на вялікую ролю, адгуляную ім у здабыцьці незалежнасьці для радзімы, ды на значны эканамічны рост перад Другой сусьветнай вайной. Іншая частка бэсьціць Улманіса за антыканстытуцыйную дзейнасьць і аўтарытарныя мэтады кіраваньня ў 1930-я гады. Асабліва шмат ворагаў Улманіса сярод нелатышоў. Як бы тое ні было, згадку пра Улманіса ніхто не імкнецца сьцерці з народнай памяці. Наадварот, ягоны прыклад ёсьць для латвійскага грамадзтва такім самым, як для польскага — прыклад дзейнасьці дыктатара Пілсудзкага.
У гонар Улманіса ў родным доме прэзыдэнта на хутары Пікшас у 1993 годзе быў адчынены музэй, створаны на выгляд фэрмэрскай гаспадаркі 1930-х гадоў. 22 ліпеня 2003 году ў Рызе быў адкрыты помнік Улманісу, а ў самім горадзе ў 1990-х адна з галоўных магістраляў была перайменаваная ў Kārļa Ulmaņa gatve (гасьцінец Улманіса). Сьведчаньнем «генэтычнай» прыхільнасьці латышоў да Улманіса стала й абраньне ў 1993 годзе першым прэзыдэнтам Латвіі пасьля аднаўленьня незалежнасьці Гунціса Улманіса — унучатага пляменьніка Карліса Улманіса.
Крыніцы
- ^ а б Karlis Ulmanis // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б в г Kārlis Ulmanis // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б в г Kārlis Ulmanis // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
- ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #119079968 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- Нарадзіліся 4 верасьня
- Нарадзіліся ў 1877 годзе
- Нарадзіліся ў Расейскай імпэрыі
- Памерлі 20 верасьня
- Памерлі ў 1942 годзе
- Памерлі ў Туркмэністане
- Кавалеры Вялікага Крыжа ордэна Ганаровага легіёну
- Кавалеры ордэна Ганаровага легіёну
- Кавалеры ордэна Белай зоркі на ланцугу
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Сьвятога Олафа
- Кавалеры ордэна Лачплэсіса
- Узнагароджаныя ордэнам Віестура
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Трох Зорак
- Кавалеры ордэна Белага ільва
- Узнагароджаныя Вялікім крыжам ордэна Адраджэньня Польшчы
- Кавалеры ордэна Вітаўта Вялікага з залатым ланцугом
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Сьвятых Маўрыкія і Лазара
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Кароны Італіі
- Латвійскія палітыкі
- Прэзыдэнты Латвіі
- Кавалеры ордэна Трох Зорак