Чэнду
Чэнду | |
Дата заснаваньня: | 311 да н. э. |
Краіна: | Кітай |
Плошча: |
|
Вышыня: | 500 м н. у. м. |
Насельніцтва: | |
Тэлефонны код: | 028 |
Паштовы індэкс: | 610000 |
Нумарны знак: | 川A, 川G |
Геаграфічныя каардынаты: | 30°39′36″ пн. ш. 104°3′48″ у. д. / 30.66° пн. ш. 104.06333° у. д.Каардынаты: 30°39′36″ пн. ш. 104°3′48″ у. д. / 30.66° пн. ш. 104.06333° у. д. |
Чэнду | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |
http://www.chengdu.gov.cn |
Чэнду́ (па-кітайску: 成都) — горад у Кітаі, які ёсьць адміністрацыйным цэнтрам правінцыі Сычуань. Насельніцтва гораду паводле стану на 2020 году складала каля 20,9 млн чалавек[2], такім чынам, Чэнду — чацьверты паводле велічыні горадам краю. Ля места некалі была пабудаваная старажытная ірыгацыйная сыстэма Дуцзяньянь, якая ўваходзіць у сьпіс Сусьветнай спадчыны. У 2011 годзе ЮНЭСКО вызнала Чэнду горадам гастраноміі[3]. Таксама тут месьціцца Цэнтар вывучэньня і гадаваньня вялікай панды.
У цяперашні час Чэнду — адзін з найважнейшых эканамічных, фінансавых, камэрцыйных, культурных, транспартных і камунікацыйных цэнтраў Кітаю. Ягоная эканоміка досыць разнастайная, бо характарызуецца вытворчасьцю аўтамабіляў, прадуктаў харчаваньня, наяўнасьцю мэдычных цэнтраў і кампаніяў інфармацыйных тэхналёгіяў. Гэта адзін зь вядучых фінансавых цэнтраў краіны[4]. Тутака маюць свае філію мноства міжнародных кампаніяў, якія ўлучаныя ў сьпіс Fortune 500. Чэнду ёсьць трэцім кітайскім горадам з двума міжнароднымі аэрапортамі пасьля Пэкіну і Шанхаю[5]. Міжнародны аэрапорт Шуанлю і пабудаваны ў 2021 годзе Цяньфу — месцы базаваньня авіякампаніяў Эйр Чайна і Сычуань Эйрлайнз. Чыгуначны вакзал Чэнду ёсьць адным з шасьці найбуйнейшых у Кітаі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Археалягічныя дасьледваньні ў навакольлях Саньсындую дазволілі меркаваць, што ўпершыню рэгіён быў заселены каля 4 тысячагодзьдзяў таму. За часам панаваньня кітайскіх дынастыяў Ся, Шан і Чжоў тэрыторыя сёньняшняга гораду мела асобную старажытную бронзавую культуру і была вядомая як краіна Шу[6][7]. Шу скарылася дзяржаве Цынь у 316 годзе да н. э., і цынскі генэрал Чжан І заклаў на месцы існага паселішча горад.
За часам дынастыі Хань парча, якая выраблялася ў горадзе, набыла папулярнасьць і экспартавалася па-за межы Кітаю. Была нават створаная пасада міністра панчы, які быў абавязаны сачыць за якасьцю прадукцыі і належнасьцю пастаўвак. Пасьля падзеньня Ўсходняй Хань дзяржавай Шу кіраваў Лю Бэй. Ягоны міністар Чжутэ Лян называў край «Зямлёй багацьця». За часам панаваньня дынастыі Тан горад лічыўся другім самым заможным у Кітаі апасьля Янчжоў. Жыхарамі места былі выбітныя паэты Лі Бо і Ду Фу. Апошні зь іх нават пабудаваў на другую гадавіну свайго жыхарства ў горадзе Травяную залю ў 760 годзе, у 1078 годзе перабудаваную ў больш заможны будынак ў гонар ранейшага збудаваньня. У X стагодзьдзі горад быў сталіцай розных дзяржаваў, а ў 965 годзе быў захоплены дынастыяй Сун, якая запачаткавала ўжываньне папяровых грошай.
Пасьля шэрагу вайсковых канфліктаў, а таксама захопу гораду манголамі колькасьць насельніцтва Чэнду значна паменшала. Большасьць мужчынаў была забітая, а жанчыны, дзеці ды рамесьнікі былі заняволеныя і вывезеныя з гораду. За часам кіраваньня дынастыі Юань большасьць жыхароў рэгіёну Сычуаню былі дэпартаваныя ў Хэнань. Пазьней горад наведаў італьянскі падарожнік Марка Полё[8][9]. Ён узгадаў пра мост Аньшунь ці ягоную больш старажытную вэрсію. Па згасаньні дынастыі Мін паўстанец Чжан Сяньчжун утварыў Вялікае Заходняе каралеўства з сталіцай у Чэнду, якое, аднак, праіснавала толькі з 1643 па 1646 гады. За гэты час, на думку гісторыкаў, Чжан забіў мноства жыхароў гораду і навакольляў, у выніку чаго горад стаўся местам-прывідам, які наведвалі тыгры[10]. Толькі за час дынастыі Цынь насельніцтва рэгіёну значна павялічылася дзякуючы перасаленьню сюды мільёнаў чалавек. Пазьней на палёх ля Чэнду вырошчваўся тытунь, а сам Чэнду стаў цэнтрам цыгарэтнай вытворчасьці.
У 1911 годзе суполка з Чэнду Руху абароны чыгункі Сычуані спрычынілася да Вучанскага паўстаньня, якое ў сваю чаргу стала каталізатарам да Сыньхайскай рэвалюцыі, якая зрынула дынастыю Цын. За часам Другое сусьветнае вайны сталіца Кітаю была вымушана пераехаць з Нанкіна ўглыб краіны ва Ўхань ў 1937 годзе, а потым у Чэнду. Але ўрад адтуль эвакуяваўся ў 1938 годзе ў Чунцын. Усё гэта было зьвязана з тым, што ўрад Гаміньдана пры генэралісімусе Чан Кайшы ратаваўся ад японскіх сілаў, якая актыўна наступалі. Поруч з урадоўцамі ад японскае навалы ратаваліся бізносоўцы, працоўныя і навукоўцы, многія зь якіх працягнулі працаваць у Чэнду, робячы важкі ўнёсак у ягонае культурнае і вытворчае разьвіцьцё[11].
Падчас грамадзянскай вайны ў Кітаі Чэнду быў апошнім горадам на мацерыку, дзе яшчэ панаваў урад Гаміньдана. Прэзыдэнт Чан Кайшы і ягоны сын Цзян Цзынго кіравалі абаронай гораду да 1949 году, але 27 сьнежня камуністычныя сілы авалодалі местам. Народна-вызвольная армія Кітаю здабыла горад без усялякага супраціву пасьля таго, як паміж бакамі была складзеная ўгода, паводле якой яшчэ 10 сьнежня сябры Нацыяналістычнай партыі эвакуяваліся на Тайвань[12]. У 2019 годзе Чэнду пераўзышоў кітайскі тэхналягічны цэнтар Шэньчжэнь у сваім эканамічным разьвіцьці[13]. У апошнія два дзесяцігодзьдзі ў горадзе ўзрасла колькасьць насельніцтва[14]. Былі зробленыя інвэстыцыі ў чыгунку, якая злучае Чэнду з Эўропай, што дало яшчэ больш магчымасьцяў для росквіту.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Авіяцыйны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міжнародны аэрапорт Шуанлю месьціцца прыкладна за 16 км да цэнтра гораду. Гэта другі самы загружаны аэрапорт мацерыковага Кітаю, бо паводле зьвестак на 2015 год трафік складаў 4 млн пасажыраў. З аэрапорта выконваюцца рэйсы ў большасьць буйных гарадоў краіны, а таксама міжнародныя рэйсы ў такія гарады як Ганконг, Осака, Сэул, Сынгапур, Тайбэй, Токіё, Куала-Лумпур, Пхукет, Бангкок ды іншыя. У аэрапорце базуецца буйная авіякампанія Чэнду Эйрлайнз.
У чэрвені 2021 году быў уведзены ў эксплюатацыю новы Міжнародны аэрапорт Цяньфу[15]. Важнае значэньне маюць грузавыя авіяперавозкі, якія злучаюць Чэнду з Брусэлем, Амстэрдамам і Лёнданам[16].
Чыгуначны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чэнду — буйны чыгуначны вузел. Тут перасякаюцца галіны Баоцзі — Чэнду, Чэнду — Чунцын, Чэнду — Куньмін і Чэнду — Дачжоў. У цяперашні час горад мае 5 асноўных вакзалаў. Акрамя таго, станцыя Паўночная-сартавальная ёсьць найбуйнейшай сартавальнай станцыяй ва ўсім Кітаі. У Чэнду сыходзяцца некалькі хуткасных чыгуначных лініяў, у тым ліку хуткасная чыгунка Дачжоў — Чэнду і міжгародняя чыгунка Чэнду — Дуцзяньянь. Лінія на Чунцын пераўтвараецца ў частку галоўнай шыротнай нацыянальнай высакахуткаснай магістралі, хуткасьць перасоўваньня на якой дасягае 350 км/г. У ліпені 2023 году пачалася эксплюатацыя хуткаснага маршруту Чэнду — Ганконг[17].
Міжнародны чыгуначны порт Чэнду гуляе важную ролю ў імпарце ячменю, пшаніцы, рысу, фасолі, лёну і сланечнікавага алею з Расеі, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Азіі[18][19], а таксама ў экспарце аўтамабіляў і сычуаньскага чаю ў Цэнтральную Азію і Расею[20][21]. Акрамя таго, Чэнду ёсьць перавалачным цэнтрам паміж чыгуначнымі вузламі Заходняга Кітаю і марскімі партамі Паўднёвага і Ўсходняга Кітаю[22].
У 2013—2020 гадах грузавыя цягнікі з Чэнду зьдзейсьнілі больш за 8 тысячаў рэйсаў на маршруце Кітай — Эўропа, злучыўшы Сычуань з 61 замежным горадам. Важнае значэньне мае транспартны калідор Нінбо — Чэнду, на якім тавары зь Японіі і Паўднёвай Карэі трапляюць у Сычуань і затым транзытам рухаюцца ў Эўропу. У асноўным цягнікі перавозяць электроніку, побытавую тэхніку, прамысловае абсталяваньне, тэкстыль, аўтамабілі і аўтакамплекты. У 2020 годзе кошт таваразвароту чыгуначнага порту Чэнду дасягнуў 150,7 млрд юаняў. Грузавым тэрміналам у Чэнду кіруе кампанія Chengdu International Railway Port Investment & Development Group[23]. У 2021 годзе адкрыліся новыя маршруты з Чэнду ў Санкт-Пецярбург, Амстэрдам і Осьлё[24].
1 кастрычніка 2010 году ў Чэнду быў афіцыйна адкрыты мэтрапалітэн. На 2020 год ён складаўся з 13 лініяў, улучна з колцавай. У сьнежні 2022 году ў Чэнду была афіцыйна ўведзеная ў эксплюатацыю першая ў сьвеце лінія гарадзкага электравіку на вадародным паліве[25].
Аўтамабільны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Чэнду перасякаюцца мноства нацыянальных аўтадарогаў, якія злучаюць Чэнду з правінцыямі Шэньсі, Юньнань і Тыбэцкім аўтаномным раёнам. Аўтадарога Чэнду — Чунцын стала адным зь першых аўтабанаў у краіне і першым у ейнай заходняй частцы. У горадзе і аглямэрацыі працуюць каля 400 аўтобусных маршрутаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 国务院第七次全国人口普查领导小组办公室 中国人口普查分县资料—2020 (кіт.) — 北京市: 中国统计出版社, 2022. — 983 с. — ISBN 978-7-5037-9772-9
- ^ «China: Sìchuān (Prefectures, Cities, Districts and Counties)». Population Statistics, Charts and Map.
- ^ «Chengdu: UNESCO City of Gastronomy». UNESCO.
- ^ «The Global Financial Centres Index 29». Long Finance.
- ^ «China opens new gateway to giant panda country in Chengdu». South China Morning Post.
- ^ Sage, Steven F. (1992). «Ancient Sichuan and the unification of China». Albany: State University of New York Press. — С. 16. — ISBN 0791410374.
- ^ Liang Deng; et al. (2001). «History of China». China Intercontinental Press. — С. 171. — ISBN 7-5085-1098-4.
- ^ Quian, Jack (2006). «Chengdu: A City of Paradise». AuthorHouse. — С. 109. — ISBN 978-1-4259-7590-6.
- ^ Mayhew, Bradley; Miller, Korina; English, Alex (2002). «South-West China» (2nd ed.). Lonely Planet. — С. 19. — ISBN 978-1-86450-370-8.
- ^ Yingcong Dai (2009). «The Sichuan Frontier and Tibet: Imperial Strategy in the Early Qing». University of Washington Press. — С. 22—27. — ISBN 978-0-295-98952-5.
- ^ «Chengdu, an Ancient and Modern City». Chengdu.
- ^ Cook, Chris Cook. Stevenson, John. (2005). «The Routledge Companion to World History Since 1914». Routledge. — С. 376. — ISBN 0-415-34584-7.
- ^ Zhou, Cissy (23.10.2019). «Shenzhen, Beijing lose out to Chengdu as China’s best performing city economy, says report». South China Morning Post.
- ^ Kuo, Lily (4.02.2019). «Inside Chengdu: can China’s megacity version of the garden city work?». The Guardian.
- ^ Новый аэропорт Тяньфу в китайском городе Чэнду сдан в эксплуатацию. Жэньминь Жибао. Архіўная копія ад 2021-06-28 г.
- ^ Новый грузовой авиамаршрут соединил Чэнду и Брюссель. Жэньминь Жибао.
- ^ Открыто движение поездов по новому скоростному железнодорожному маршруту Чэнду-Сянган. Жэньминь Жибао.
- ^ Первая партия зерновых бобовых культур из Узбекистана прибыла в Международный железнодорожный порт Чэнду. Жэньминь Жибао.
- ^ Грузовой поезд Китай-Европа привез ячмень из России в провинцию Сычуань. Жэньминь Жибао.
- ^ Из Чэнду в Москву отправился первый железнодорожный экспресс Китай-Европа. Жэньминь Жибао.
- ^ Специальный поезд для экспорта сычуаньского чая отправился из Юго-Западного Китая в Узбекистан. Жэньминь Жибао.
- ^ В Китае обнародован план строительства Нового западного сухопутно-морского коридора до 2025 года. Жэньминь Жибао.
- ^ За 8 лет грузовые поезда Китай-Европа из Чэнду совершили более 8 тыс рейсов. Жэньминь Жибао. Архіўная копія ад 2021-04-27 г.
- ^ Новый маршрут грузового ж/д сообщения Китай-Европа связал китайский Чэнду с норвежским Осло. Жэньминь Жибао. Архіўная копія ад 2021-09-03 г.
- ^ Первая в мире электричка на водородной энергии запущена в Чэнду. Жэньминь Жибао.