Паэма
Паэ́ма — адзін з жанраў ліра-эпічнай паэзіі; вялікі вершаваны твор, у якім значныя праблемы рэчаіснасьці раскрываюцца адначасова эпічнымі (наяўнасьць у творы сюжэта, пэрсанажаў) і лірычнымі (вобраз лірычнага героя, лірычныя адступленьні) сродкамі. У паэме нярэдкія і элемэнты драмы: скразное напружана канфліктнае дзеяньне, маналёгі і дыялёгі.
Звычайна ў паэме выяўляецца своеасаблівая гармонія лірычнага, эпічнага і драматычнага пачаткаў. Беларуская паэма ўзьнікла як паэма эпічная. Яскравым яе ўзорам зьяўляецца сярэдневяковая «Песьня пра зубра» М. Гусоўскага (на лацінскай мове).
Моцны лірычны пачатак, павышаная эмацыянальнасьць вершаванай мовы, характэрныя для паэмы, надаюць асаблівую важкасьць аб’екту паэтычнага ўвасабленьня, пэўным чынам узьвялічваюць яго. Менавіта таму паэмай зрэдку называюць нават празаічныя творы (раманы, аповесьці), якія вылучаюцца асаблівым лірызмам, узьнёслым патасам, важкасьцю і глыбінёй прадмета гаворкі. З такіх паэмаў у прозе можна назваць «Мёртвыя душы» М. Гогаля, «Пэдагагічную паэму» А. Макаранкі, «Чазенію» У. Караткевіча й інш.
Віды паэмаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эпічная — старажытнагрэцкія «Іліяда» і «Адысэя», асобныя рускія быліны, украінскія думы, «Слова пра паход Ігараў», «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Новая зямля» Я. Коласа.
- Драматычная — мае, як і звычайная п’еса, дыялягічную форму («Адвечная песьня», «Сон на кургане» Я. Купалы, «Сьвятло з Усходу» П. Глебкі, «Хамуціус» А. Куляшова).
- Лірычная — пераважае лірыка як характар сьветабачаньня і спосаб адлюстраваньня жыцьця («Патрыятычная песьня» П. Панчанкі, «Штодзённы лістапад» С. Гаўрусёва, «Лясная песьня» А. Лойкі).
- Бурлескна-травесьційная — «Энэіда навыварат», «Тарас на Парнасе».
- Рамантычная — «Мачаха» Адэлі з Устроні, «Вечарніцы» і «Купальле» В. Дунін-Марцінкевіча.
- Рэалістычная — характэрна тыповасьць характараў, абставінаў, праблемаў, што адлюстроўваюцца ў творы. У беларускай літаратуры рэалістычная паэма атрымала значнае разьвіцьцё. Зьяўляюцца разнастайныя віды і формы яе: героіка-патрыятычная («Безназоўнае» Я. Купалы, «Сьцяг брыгады» А. Куляшова), героіка-рэвалюцыйная («Песьня пра сухар» В. Таўлая, «Нарач» М. Танка), сацыяльна-палітычная («Голас сэрца» П. Броўкі, «Балада Брэсцкай крэпасьці» Р. Барадуліна), сацыяльна-бытавая («Сто вузлоў памяці» Н. Гілевіча, «Куфар» Л. Геніюш), гістарычная («Каліноўскі» М. Танка, «Слова пра чалавечнасьць» У. Караткевіча), філязофская, сатырычная («Хвядос — Чырвоны нос» К. Крапівы, «Лявоніха» М. Лужаніна) і інш.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4