Перайсьці да зьместу

Артылерыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гармата. Палац Паскевічаў, Гомель

Артылерыя (па-руску Дҍло) — частка войска. Гістарычна артылерыяй (па-француску: artillerie) называлі любыя мэханізмы, што выкарыстоўваліся для кіданьня разнастайных знарадаў на вялікія адлегласьці падчас вайны. Звычайна абслугоўвалася камандай ваяроў. Тэрмін гэтаксама мае дачыненьне да сухапутных войскаў, першаснай функцыяй якіх ёсьць абслуга такіх мэханізмаў. Артылерыю таксама называюць «Бог Вайны». Артылерыя падзяляецца таксама на берагавую артылерыю, што традыцыйна выкарыстоўваецца для абароны ўзьбярэжжаў і кантраляваньня праходу караблёў, і сухапутную або палявую артылерыю. Напачатку 20 стагодзьдзя з разьвіцьцём авіяцыі да артылерыі пачалі адносіць і сухапутныя супрацьпаветраныя батарэі.

Гісторыя разьвіцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Само слова артылерыя ў сучасным кантэксьце пачало выкарыстоўвацца ў Сярэднявеччы. Паходзіць яно з старафранцускага «atellier», што значыць «прыводзіць у парадак» і «attillement», што перакладаецца як «абсталяваньне». У 13 стагодзьдзі артылерыстам называлі любога майстра, што меў дачыненьне да будоўлі вайсковага абсталяваньня, і наступныя 250 гадоў артылерыяй называлі ўсю зброю. Старыя мэханізмы кшталту трэбушэ, анагра, катапульты й балісты таксама называюцца артылерыяй, але ўпершыню сапраўдная артылерыя (парахавая) узгадваецца 28 студзеня 1132, калі генэрал Хан Шыжонґ з дынастыі Сонґ выкарыстаў зброю, падобную да гарматаў падчас захопу гораду ў Фуджані. Зброя такога кшалту дайшла да Эўропы у XIII стагодзьдзі, але ў вельмі абмежаванай колькасьці й не атрымалі шырокага распаўсюду. Гэта былі гладкаствольныя жалезныя ці медныя трубкі, што стралялі жалезнымі й каменнымі ядрамі, або вялікімі стрэламі, або нават прыгаршчамі аскепкаў, што трапляліся пад руку. Падчас Стогадовай вайны гэткая зброя стала звыклай і пачала выкарыстоўвацца, як пазьней бамбарда і гармата.

Бамбарды былі масіўнай гладкаствольнай зброяй і мелі шмат недахопаў, як то: немабільнасьць, неўніфікаванасьць (кожная бамбарда была індывідуяльнай) і ненадзейнасьць. Бамбарды выкарыстоўваліся пераважна падчас аблогаў (напрыклад пры аблозе Канстантынопалю у 1453 выкарыстоўвалася бамбарда вагай 19 тон з камандай у 200 чалавек і 16 быкоў. Яна магла рабіць толькі 7 стрэлаў за дзень).

Слова «гармата» ўпершыню выкарыстоўваецца ў XV стагодзьдзі. Так называлі аднаствольную палявую зброю, што была пастаўленая на колы й перасоўвалася пры дапамозе цяглавых жывёлаў. Гэта надало артылерыі мабільнасьць і дало ёй мажлівасьць падтрымліваць войска ў паходзе, а ня толькі падчас аблогаў. Памяншэньню памераў гарматы абавязаныя новым тэхналёгіям у апрацоўцы жалеза і вырабе пораху. Першая мабільная гармата ўзгадваецца дзякуючы Яну Жыжку, што ўпершыню выкарыстаў падчас Гусіцкіх войнаў у Багеміі (14181424) валоў для перасоўваньня гарматы.

У XVII стагодзьдзі былі распрацаваныя ладункі й знарады, а таксама пачалося разьвіцьцё говітцэраў, марціраў і карабельнай артылерыі.

Кніга вядомага вынаходцы Казімера Семяновіча «Artis Magnae Artilleriae pars prima» (з лац. «Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая») была адной з найбольш важкіх публікацый па артылерыі. Больш за два стагодзьдзі яна выкарыстоўвалася ў Эўропе як базавая інструкцыя па артылерыі.

Гармата працягвала зьмяншацца. Напрыклад Фрэдэрык II з Прусіі выкарыстаў першую лёгкую артылерыю падчас Сямігадовай вайны, але да сярэдзіны XIX стагодзьдзя вынаходніцтвы ў мэталюргіі, хіміі й вытворчасьці не паўплывалі на базавы выгляд і мэтад дзеяньня гарматы.

У 19 стагодзьдзі артылерыя канчаткова разьмежавалася на малую мабільную зброю, што заставалася з войскам і вялікую, што выкарыстоўвалася для непрамога агню.

Сучасная артылерыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
203-мм гаўбіца. Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Сучасную артылерыю можна вызначыць па наступных прыкметах: вялікі калібр, у якасьці знарада выкарыстоўваецца выбуховы знарад ці ракета, яе памеры патрабуюць спэцыяльнай базы для перасоўваньня й вядзеньня агню. Важкай характарыстыкай таксама ёсьць выкарыстоўваньне непрамога агню, калі абсталяваньне наводзіцца на нябачную вокам цэль. Непрамы агонь атрымаў распаўсюд напачатку XX стагодзьдзя і пачаў буйна разьвівацца пасьля Першай сусьветнай вайны.

Паводле вобласьці выкарыстаньня:

  • Конная артылерыя. Упершыню сфармаваная напрыканцы 18 стагодзьдзя, як элітная падтрымка кавалерыі.
  • Палявая артылерыя. Галоўная галіна войскаў падтрымкі сучаснага сухапутнага войска.
  • Крэпастная або гарнізонная артылерыя.
  • Горная артылерыя (ужывалася толькі некаторымі нацыямі й рэдка выдзяляецца ў асобную галіну)
  • Марская або карабельная артылерыя.

Супраць чаго выкарыстоўваецца:

  • Супрацьтанкавая артылерыя
  • Супрацьпаветраная артылерыя