Перайсьці да зьместу

Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°36′37″ пн. ш. 27°59′15″ у. д. / 53.61028° пн. ш. 27.9875° у. д. / 53.61028; 27.9875

«Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя»
Тып закрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 11 жніўня 2016 (8 гадоў таму)
Заснавальнікі Менскі аблвыканкам, Фундацыя «Прэган» (Панама)
Уласьнікі урад Беларусі (34%), «Кітайская міжнародная даверна-інвэстыцыйная кампанія будаўніцтва» (29%), Асылбек Саліеў (23%)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менская вобласьць
Адрас Пухавіцкі раён, Дукорскі сельсавет, Уборкі, д. 27[1]
Ключавыя фігуры Даніл Урыцкі (генэральны дырэктар), Рыфат Уцюшаў (старшыня рады кіраўнікоў), Юры Шылягін (галоўны інжынэр), Аляксандар Більдзюкевіч (кіраўнік біятэхналягічнай вытворчасьці)
Галіна лёгкая прамысловасьць
Прадукцыя амінакісьлі, камбікорм, прэмікс, вотруб'е і глютэн
Лік супрацоўнікаў 1700 (2022 год)

«Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя» — прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў жніўні 2016 году ў Пухавіцкім раёне (Менская вобласьць).

На 2022 год «БНБК» вырабляла незаменныя амінакісьлі, камбікармы і прэміксы шляхам глыбокай перапрацоўкі збожжа. Займала плошчу 160 гектараў за 5 км на ўсход ад Рудзенска. Праектавальніцай 12 заводаў прадпрыемства выступала «Кітайская збожжава-алейная харчовая кампанія». У склад прадпрыемства ўваходзілі: 1) збожжасховішча на 448 000 тонаў для прыёмкі, ачысткі і сушкі сыравіны, 2) тры заводы камбікармоў для рыбы, кароваў і птушак, а таксама сьвіней, 3) завод прэміксаў, 4) мукамольная вытворчасьць, 5) крухмальная вытворчасьць і вытворчасьць пшанічнага глютэна, 6) вытворчасьць глюкознага сыропу, 7) заводы такіх 4-х кармавых амінакісьляў, як лізін монагідрахлярыд і лізін сульфат, трэанін і трыптафан, 8) навукова-вытворчы цэнтар, 9) аўтапрадпрыемства, 10) чыгунка, 11) кацельня і міні-цеплаэлектрацэнтраль, 12) службовае жытло, 13) выпрабвальная лябараторыя для ўваходнай сыравіны і гатовых вырабаў, 14) віварый[2]. У якасьці сыравіны закупалі харчовую пшаніцу 4-й клясы, якую прымалі праз уласны элеватар і ў Мар'інай Горцы праз «Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў», а таксама ў такіх 5 гарадах Магілёўскай вобласьці, як: Асіпавічы і Бабруйск праз «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў», Горкі і Магілёў праз «Горацкі элеватар», Клімавічы праз «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў»[3]. Таксама выкарыстоўвалі сланечнікавы шрот[4]. Прадпрыемства валодала ўласным паркам цяжкавікоў «МАЗ» з прычэпамі, пагрузчыкаў і казлавых кранаў[5].

На 2022 год «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя» вырабляла:

  • 4 амінакісьлі — 98,5%-ныя лізін монагідрахлярыд і трэанін, 98%-ны трыптафан і 70%-ны лізін сульфат[6];
  • 4 камбікармы для рыбы — для асятровых і ласасёвых, сёлеткаў карпа, а таксама 2- і 3-годак амура, карпа і сазана;
  • 9 камбікармоў для птушак — для куранятаў да 10 і 24-х дзён, а таксама пазьней, для курэй-нясушак рамонтнага маладняка да 5, 10 і 17 тыдняў, яечных кросаў да 40, 60 і больш тыдняў
  • 6 камбікармоў для буйной рагатай жывёлы — пшанічны бялкова-крухмальны, для малочных кароваў дойнасьцю да і звыш 6000 кг у стойлавы час, для маладняка да 75, 115 і 400 дзён у кароўніку;
  • 7 камбікармоў для сьвіней — для адкорму 1-га і 2-га пэрыядаў, для парасятаў да 42-х, 60 і 104-х дзён, для халастых і паросных, а таксама падсмочных сьвінаматак[7];
  • 2 прэміксы для рыбы — для карпа і каштоўных відаў рыбы;
  • 19 прэміксаў для птушкі — для куранятаў да 10, 24-х дзён і пазьней, для курэй-нясушак, індычак і качак, у тым ліку маладняка да 120, 150 і 180 дзён адпаведна, для бацькоўскага статку мясных кросаў птушак да 6, 15 і больш тыдняў, для гібрыдаў птушак да 10, 17 і больш тыдняў, для бацькоўскага статку яечных кросаў птушак да 10, 17 і больш тыдняў, для маладняка курэй да 120 дзён і куранятаў да 56 дзён, качанятаў і гусянятаў да 50 і 150 дзён, індычанятаў да 90 і 180 дзён, а таксама племянных курэй-нясушак і індычак, качак і гусей;
  • 5 прэміксаў для буйной рагатай жывёлы — для кароваў і быкоў у стойлавы час, маладняка да 75, 400 і больш дзён;
  • 9 прэміксаў для сьвіней — для 1-га і 2-га пэрыядаў адкорму, парасятаў-смактуноў, адыманых і на дарошчваньні, падсмочных сьвінаматак, рамонтных сьвінак і кныроў, кныроў-вытворцаў, халастых і паросных сьвінаматак[8];
  • 4 збожжава-бялковыя вырабы — кармавое збожжа, пшанічнае вотруб'е і пшанічны глютэн[9].

Магутнасьць камбікормавай вытворчасьці складала 96 000 тонаў прэміксаў і 547 200 тонаў камбікармоў за год, у тым ліку па 192 000 тонаў для птушак і сьвіней, 96 000 тонаў для буйной рагатай жывёлы і 67 200 тонаў для рыбы. Абсяг біятэхналягічнай вытворчасьці дасягаў 20 000 тонаў глютэну і 72 031 тоны амінакісьляў, у тым ліку 32 923 тонаў лізін монагідрахлярыду і 31 830 тонаў лізін сульфату, 5945 тонаў трэаніну і 1333 тонаў трыптафану[2].

8 жніўня 2016 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 300 «Аб арганізацыі высокатэхналягічнай аграпрамысловай вытворчасьці поўнага цыклю». Указ прадугледжваў стварэньне закрытага акцыйнага таварыства «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя» («БНБК») на ўсход ад Рудзенска ў Пухавіцкім раёне (Менская вобласьць). «БНБК» мела стаць заказчыкам узьвядзеньня заводаў лізіну, трэаніну і трыптафану, а таксама камбікармоў і перапрацоўкі насеньня алейных культураў. На вытворчасьці мелі працаваць звыш 1000 чалавек. Сярод іншага, згадвалася вырошчваньне алейных культураў, збожжа і зернебабовых[10] на плошчы да 3000 кв.км. Урэшце, цягам 2016—2032 гадоў прадугледжвалася ўзьвядзеньне: газавых і паравых турбінаў, электрападстанцыі і навукова-дасьледчай лябараторыі, аўтакамбінату і збожжасховішчаў, а таксама адміністрацыйна-побытавага корпусу. «БНБК» вылучылі ў арэнду на 99 гадоў дзялянку плошчай 160,05 гектару. Пры гэтым, увозімыя ў Беларусь абсталяваньне і запчасткі, матэрыялы і сыравіну вызвалілі ад мытаў і падатку на дададзеную вартасьць[11].

11 жніўня 2016 году Менскі абласны выканаўчы камітэт паставіў на ўлік ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя» па адрасе Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэту ў Мар'інай Горцы па Ленінскай вуліцы, д. 47. Саму ж сядзібу «БНБК» разьмясьцілі ў Менску каля плошчы Перамогі. Кіраўніком прадпрыемства стаў Даніл Урыцкі. Пры канцы кастрычніка 2016 году Савет міністраў Беларусі ўпаўнаважыў Менскі аблвыканкам на заключэньне інвэстыцыйнай дамовы з «БНБК», паводле якой пайшчыкамі мелі стаць: Менскі аблвыканкам на 33 % паёў, канадзкія прадпрыемствы «Міжнароднае біятэхземляробства» і «Міжнародная аграпрамысловасьць», зарэгістраваныя ў Манрэалі па адным адрасе і падкантрольныя панамскай Фундацыі «Прэган» — на 27 і 25 %, а таксама расейскае прадпрыемства «Вірэн-Інвест» — на 15 %[12].

На чэрвень 2017 году старшынёй рады кіраўнікоў «БНБК» быў кыргыскі грамадзянін Рыфат Уцюшаў, які ў 2007—2010 гадох замаў пасаду фінансавага кіраўніка Агенцтва разьвіцьця Кыргыстану. Гэтае агенцтва ў 2009—2010 гадох узначальваў Максім Бакіеў, які быў малодшым сынам тагачаснага кыргыскага прэзыдэнта Курманбэка Бакіева. У сьнежні 2017 году намесьніцай кіраўніка «БНБК» стала Надзея Каткавец, якая дагэтуль 4 гады займала пасаду намесьніцы кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі. Пры гэтым, урад Беларусі ўзяў у дзяржаўных банкаў Кітаю пазыку на 628 млн даляраў пад будаўніцтва заводаў «БНБК»[13]. 14 сьнежня 2017 году кыргыскае грамадзкае аб'яднаньне «Стракатая статуя» паведаміла, што былы старшыня ўраду Кыргыстану Даніяр Усенаў вядзе ў Беларусі справы пад імем Даніла Ўрыцкага. У студзені 2018 году прадстаўніком ураду Беларусі ў кіраўніцтве «БНБК» стаў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Ігар Брыло. На студзень 2018 году «Кітайская міжнародная даверна-інвэстыцыйная кампанія будаўніцтва» («КМДІК будаўніцтва») была галоўнай падрадніцай узьвядзеньня заводаў «БНБК»[14]. 7 лютага 2018 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 105 аб прыцягненьні 1,75 млрд юаняў (279,5 млн даляраў) пазыкі цягам 2018—2023 гадоў на тэрмін 15 гадоў ад Экспартна-імпартнага банку Кітаю паводле пагадненьня зь Міністэрствам фінансаў Беларусі. Гэтыя сродкі прызначаліся на будаўніцтва заводаў «БНБК». На падпісаньне пагадненьня ўпаўнаважылі міністра эканомікі Беларусі Ўладзімера Зіноўскага[15].

24 траўня 2018 году ў Доме ўраду «БНБК» заключыла зь «Белаграпрамбанкам», а таксама Мінсельгасхарчам Беларусі і Мінфінам Беларусі Дамову аб парадку выкарыстаньня і пагашэньня льготнага ўрадавага крэдыту. Пры гэтым, «БНБК» заключыла Дамову аб закладзе зь Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці Беларусі[16]. 27 ліпеня 2018 году кіраўнік «БНБК» Даніл Урыцкі адкрыў у Пухавіцкім раёне будоўлю камбікормавага завода. Гэта быў 1-ы з 12 заводаў кармоў для кароваў і птушкі, сьвіней і рыбы, а таксама заводаў прэміксаў і ўпакоўкі[17], якія мелі ўзьвесьці каля Ўборак (Дукорскі сельсавет). Пры гэтым, «КМДІК будаўніцтва», якая была галоўнай падрадніцай, стала пайшчыцай «БНБК». Сярод агульных выдаткаў 733 млн даляраў на ўкладаньні 4,29 мрлд юаняў прыпадала на пазыку ад Эксмібанку Кітаю, 50 млн $ — на камэрцыйную пазыку для абаротных сродкаў і 35 млн $ — на ўласныя сродкі пайшчыкаў[18].

Пасьля ўрачыстасьці Ўрыцкі адпрэчыў цьверджаньне, што яго сапраўднае імя Даніяр Усенаў: «Я чуў, што Даніяр Усенаў, прэм'ер-міністар Рэспублікі Кыргыстан, памёр у 2013 годзе ў Малайзіі»[19]. Пры гэтым, ён паказаў беларускі пашпарт на імя Даніла Цімуравіча Ўрыцкага[20], які атрымаў у 2016 годзе[17]. Аднак дэпутатка Вярхоўнага Савету Кыргыстану Дынара Ісаева апазнала ў Даніле Ўрыцкім свайго былога мужа Даніяра Ўсенава[21]. 12 верасьня 2018 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 661 «Аб унясеньні грашовага ўкладу» на 5,506 млн рублёў у статутны фонд «БНБК»[22].

У ліпені 2019 году Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі абнародаваў Інфармацыйны мэмарандум «БНБК», у якім згадваўся сярэднік заробак на прадпрыемстве, што вырас з 12 362 рублёў у 2016 годзе і 18 884 рублёў у 2017-м да 52 829 рублёў (каля 26 000 даляраў) у 2018 годзе. Адным з намесьнікаў кіраўніка «БНБК» працаваў сын намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Мікалая Снапкова[23]. У 2018 годзе «БНБК» налічвала 18 супрацоўнікаў, на заробкі якіх пайшло 6 млн даляраў. У ліпені 2019 году іх лік вырас да 31-го, зь якіх 14 былі ў веку 26–35 гадоў. Пры гэтым, па 2 эмірацкія і шатляндзкія прадпрыемствы мелі 45 % паёў прадпрыемства, кітайскія прадпрыемствы — 29 %, урад Беларусі — 25 % і расейскае прадпрыемства — 1 %[24]. Шатляндзкія прадпрыемствы, якія мелі 11,5 % і 11 % паёў, на 75 % належалі Асылбеку Саліеву, які быў сынам былога начальніка Службы дзяржаўнай аховы Кыргыстану Жаныша Бакіева і пляменьнікам былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева. Брытанскі рэестар згадваў, што Саліеў жыў у Беларусі і меў беларускае грамадзянства[25].

На ліпень 2019 году сярод 14 заводаў «БНБК» найперш узводзілі 4 камбікормавыя заводы для кароваў і птушкі, сьвіней і рыбы, а таксама завод прэміксаў. Гэтыя заводы мелі пакрыць выдаткі жывёлагадоўчых гаспадарак Беларусі на закуп замежных амінакісьляў і камбікармоў у Кітаі, якія ў 2018 годзе склалі каля 200 млн даляраў. Такія бялковыя кармы дазвалялі куранятам штодня дадаваць па 60 грамаў у вазе. Поўная магутнасьць «БНБК» мела скласьці да млн тонаў камбікармоў за год[26]. Вытворчасьць прадугледжвала перапрацоўку пшаніцы і трыцікале ў амінакісьлі і камбікармы[27]. У 2019 годзе Маладэчанскі політэхнічны каледж пачаў падрыхтоўку для патрэбаў «БНБК» паводле спэцыяльнасьці «Вытворчасьць біятэхналягічнай прадукцыі» з прысваеньнем кваліфікацыі «Тэхнік-біятэхноляг»[28]. Гэтую спэцыяльнасьць распрацаваў Рэспубліканскі інстытут прафэсійнай адукацыі[29].

27 студзеня 2020 году ў Осьлё (Нарвэгія) кіраўнікі «БНБК» і АТ «Паўночная малекула» (Брунэ, павет Ругалян, Заходні край) падпісалі Пратакол аб супрацы ў збыце камбікармоў для рыбы[30]. 31 студзеня 2020 году кіраўнік «БНБК» Даніл Урыцкі і старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) Ўладзімер Гусакоў падпісалі Пагадненьне аб супрацы, якое прадугледжвала: падрыхтоўку адмыслоўцаў у інстытутах НАНБ і сумеснае выкарыстаньне выпрабавальных лябараторыяў, а таксама дапамогу ў атрыманьні патэнтаў на вырабы «БНБК»[31]. На 24 лютага 2020 году ў «БНБК» прыбыло 196 працаўнікоў з Кітаю, якія будавалі заводы прадпрыемства[32]. У траўні 2020 году Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя Ўладзімера Лабанка ўвёў прыём на новую спэцыяльнасьць «рамонтна-абслуговаая вытворчасьць у сельскай гаспадарцы» на запыт «БНБК»[33].

2 чэрвеня 2020 году намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Валеры Бельскі паведаміў, што да пуску заводаў амінакісьляў «БНБК» набывае лізін у Кітаі для камбікармоў па 400 даляраў за тону. А. Лукашэнка адзначыў на сустрэчы зь Бельскім: «У садружнасьці з Кітайскай Народнай Рэспублікай, паводле дамоўленасьці зь Сі Цьзіньпінам у свой час мы ажыцьцяўляем гэты праект»[34]. Намесьнік кіраўніка «БНБК» Аляксандар Більдзюкевіч зазначыў наконт звыш 30 пабудаваных сіласаў для захоўваньня сыравіны: «Тут усяго 450 000 тонаў збожжа можа захоўвацца адначасова. Далей у гэтага збожжа розны лёс: частка стане асновай для вытворчасьці камбікармоў. Гэта 4 заводы: па вытворчасьці прэміксаў, кармоў для рыбаў, сьвіней, птушкі і буйной рагатай жывёлы». Пры гэтым, на 80 % вырабаў пакупнікі ўжо зрабілі перадзаказы[35].

11 жніўня 2020 году «БНБК» пачала прымаць збожжа. Запрацавалі збожжасховішча і аўтапрадпрыемства, вадавод даўжынёй 17,5 км і кацельня, чыгунка і газаправод, а таксама лінія электраперадачы. Працягвалі ўзводзіць: завод прэміксаў магутнасьцю 150 000 тонаў за год, завод камбікармоў для рыбы на 110 000 тонаў, завод камбікармоў для сьвіней на 316 000 тонаў і 3 лініі заводу камбікармоў для кароваў і птушак па 150 000 тонаў. Існавала магчымасьць дасушваць 400 тонаў збожжа за гадзіну. Рэнтабэльнасьць агратэхнічнай пляцоўкі перавышала 15 %. Біятэхналягічная пляцоўка прадугледжвала такія вытворчасьці, як: мукамольны завод і вытворчасьці крухмалу і глютэну, камбікормавых дадаткаў і глюкозы, а таксама вытворчасьці 80 000 тонаў лізіну, 8000 тонаў трэаніну і 1600 тонаў трыптафану. Вартасьць выпушчаных тавараў мела перавышаць 650 млн даляраў з выпрацоўкай звыш 375 000 даляраў на супрацоўніка. У навукова-вытворчым цэнтры «БНБК» працавалі навукоўцы некалькіх інстытутаў НАНБ. Напярэдадні пры наведваньні Ўборак А. Лукашэнка заўважыў: «Такой вытворчасьцю валодаюць адзінкі краінаў — 4 ўсяго. І сярод іх Беларусь». Пры гэтым, на поўнай магутнасьці «БНБК» мела закупаць да 700 000 тонаў збожжа паводле сусьветных цэнаў, якія былі вышэйшымі за дзяржаўныя закупачныя[36]. Пайшчыкамі «БНБК» былі: ўрад Беларусі на 34,38 %, 10 замежных прадпрыемстваў на 64,24 % і 2 фізычныя асобы на 1,38 %[37]. Таксама напярэдадні галоўны інжынэр «БНБК» Юры Шылягін адзначыў: «Мы ўжо пачыналі выпускаць гатовую прадукцыю — камбікармы. Прымалі збожжа, пачалі зарабляць грошы». Кіраўнік біятэхналягічнай вытворчасьці Аляксандар Більдзюкевіч згадаў: «Апошную падрыхтоўку мы робім для таго, каб пачаць працэдуру запуску нашай першай сапраўднай інавацыйнай вытворчасьці. На гэтым заводзе мы будзем выпускаць збалянсаваны і высокаэфэктыўны прэмікс для ўсіх відаў жывёлаў». Раней у суседнім Дружным пасёлку пабудавалі 4 арэндныя дамы для супрацоўнікаў «БНБК»[38]. Жытло ўзьвялі па кошце 632 даляры за кв.м[39]. Аўтапарк «БНБК» налічваў 30 збожжавозаў «МАЗ». Камэрцыйны кіраўнік «БНБК» Ільля Снапкоў адзначыў: «Уся сыравіна закантрактаваная на 100 %. І максімальна зараз імкнёмся закупіць беларускае збожжа. Геаграфія (збыту) вельмі разнастайная: Нарвэгія, Бэльгія, краіны Балтыі, Сэрбія, Расея, Польшча, Летува. Японія»[40].

У жніўні 2020 году Менскі дзяржаўны абласны каледж (Сеніца, Менскі раён) заключыў з «БНБК» Дамову на падрыхтоўку ўсіх 4-х профіляў, па якіх набіраў 189 чалавек: «Маркетынг» і «Візуальны мэрчэндайзінг», «Тэхналёгія перапрацоўкі расьліннай і жывёльнай сыравіны», а таксама «Вытворчасьць, захоўваньне і перапрацоўка прадукцыі расьлінаводзтва»[41]. 18 жніўня кіраўнік біятэхналягічнай вытворчасьці Більдзюкевіч акрэсьліў грыбокую перапрацоўку збожжа на заводах «БНБК»: «Збожжа пшаніцы праз шэраг пераўтварэньняў, пачынаючы ад мукі, крухмалу і глюкознага сыропу, ператвараецца ў 3 незаменныя амінакісьлі. Гэта лізін, трыянін і трыптафан»[42]. Таксама 18 жніўня Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 492, паводле якой намесьнік старшыні ўраду Аляксандар Субоцін стаў прадстаўніком дзяржавы ў «БНБК»[43]. Тым часам, сярод пайшчыкаў «БНБК» былі былы кыргыскі прэзыдэнт Курманбэк Бакіеў і ягоныя сыны Марат і Максім[44].

16 лютага 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 90, паводле якой «БНБК» улучылі ў пералік сыстэмаўтваральных прадпрыемстваў Менскай вобласьці. У выніку прадстаўнік прэзыдэнта Беларусі ў Менскай вобласьці атрымаў права прысутнічаць на паседжаньнях органа кіраваньня «БНБК»[45]. 25 траўня 2021 году на «БНБК» правялі пажарнае вучэньне, у якім задзейнічалі Рэспубліканскі атрад спэцыяльнага прызначэньня і пажарна-аварыйны атрад Менскай абласной управы МНС Беларусі, верталёт авіяцыі МНС Беларусі з 5-тоннай ёмістасьцю вады і пажарны аварыйна-ратавальны цягнік Беларускай чыгункі з больш як 100 тонамі вогнетушыльнага рэчыва. Пры гэтым, удзельнікамі вучэньня сталі 77 пажарнікаў на 19 адзінках аварыйна-ратавальнай тэхнікі. Пасьля вучэньня галоўны інжынэр «БНБК» Юры Шылягін прызнаў: «Нашая вытворчасьць патэнцыйна небясьпечная, бо зьвязаная з выкарыстаннем вялікай колькасьці атрутных рэчываў. Акрамя таго, прадпрыемства ёсьць выбуховапажаранебясьпечным. З мэтай прадухіленьня надзвычайнай сытуацыі на прадпрыемстве створаны аддзел прамысловай бясьпекі»[46][47]. 3 лістапада 2021 году 1-ы намесьнік старшыні «КМДІК будаўніцтва» Янь Цзяньцян сустрэўся са старшынёй ураду Беларусі Раманам Галоўчанкам, якому заявіў: «Камбікормавая вытворчасьць ужо ўведзеная ў эксплюатацыю. Што тычыцца амінакісьлевай вытворчасьці, лізін ужо вырабляецца, а выпуск трэаніну і трыптафану пачнецца сёлета ў сьнежні». Янь Цзяньцян таксама згадаў праект «БНБК-3», які прадугледжваў глюкозную і крухмальную вытворчасьці, выпуск вітамінаў Б2, Б12 і Ц, а таксама такіх амінакісьляў, як валін, лейцын і ізалейцын. Гэтыя вырабы былі новымі для Беларусі[48].

13 красавіка 2022 году намесьнік старшыні ўправы «Беларускай ўнівэрсальнай таварнай біржы» Аляксей Мацавіла паведаміў: «З пачатку году агульная сума ўгодаў па рэалізацыі прадукцыі «БНБК» у Расею склала $2,4 млн. Найбольшы аб'ём продажаў прыпаў на L-лізін сульфат — больш за $1,7 млн у вартасным выражэньні. Характэрна, што яшчэ нядаўна Беларусь была нета імпартэрам гэтай незаменнай амінакісьлі, прычым беларускія жывёлагадоўчыя прадпрыемствы актыўна закуплялі яе як на пазабіржавым рынку, так і на біржавых таргах. Аднак пасьля запуску вытворчасьці амінакісьляў на базе «БНБК» у нас зьявілася магчымасьць ня толькі насычаць гэтай прадукцыяй унутраны рынак, але і рэалізоўваць яе за мяжу. Такім чынам, са сьнежня мінулага году ў нас ужо сфармаваўся пул пастаянных пакупнікоў. У асноўным гэта кампаніі з Маскоўскай, Смаленскай, Валгаградскай вобласьцяў, Краснадарскага краю і Рэспублікі Башкартастан»[49]. 30 траўня 2022 году намесьнік старшыні ўраду Беларусі Леанід Заяц паведаміў, што ў «БНБК» ёсьць замовы з Расеі на 100 000 тонаў камбікорму для рыбы[50]. 9 чэрвеня 2022 году губэрнатар Курскай вобласьці Расеі Раман Старавойт згадаў пра наведваньне «БНБК»: «Радасна заўважыць, што сыравінай для выпуску амінакісьляў і вітамінаў будзе пшаніца і соевы шрот, вырашчаны на тэрыторыі Курскай вобласьці. Ужо 150 000 тонаў высакаякаснага збожжа знаходзіцца ў элеватарах карпарацыі»[51].

15 чэрвеня 2022 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 388, якой паручыўся за пазыкі «БНБК» перад «Беларусбанкам» на 43,345 млн даляраў ад 29 ліпеня 2021 году і перад «Белгазпрамбанкам» на 33,168 млн $ у расейскіх рублях ад 30 ліпеня 2021 году[52]. 27 ліпеня 2022 году намесьнік старшыні ўраду Леанід Заяц паведаміў, што на ўнутраных рынку заключылі дамовы на пастаўку 127 000 тонаў камбікармоў і амінакісьляў, вытворчасьць якіх нарасьцілі з 1 ліпеня. Пры гэтым, заключылі дамовы на пастаўку ў Расею 109 000 тонаў камбікорму на суму 218 млн даляраў[53]. Леанід Заяц згадаў, што такіх прадпрыемстваў, як «БНБК», у сьвеце ўсяго 20, і дадаў: «у краіне ствараюцца сыравінныя базы, якія ўжо ёсьць у Глускім, Пухавіцкім і Бабруйскім раёнах Беларусі, а ў плянах — Асіпавіцкі. Маем ужо 112 тыс. га зямлі і ўвесь пералік неабходнай тэхнікі. Плянуецца загрузіць гэтыя тэрыторыі магутнасьцямі «БНБК»[54].

5 верасьня 2022 году міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Ігар Брыло згадаў пра пуск чарговых заводаў «БНБК»: «Са збожжа робяць ня толькі камбікорм, як на стандартных камбінатах хлебапрадуктаў, але гэта прадпрыемства вырабляе 4 віды амінакісьляў: лізін монагідрахлярыд, лізін сульфат, трыптафан і трэанін. На ім сёньня ёсць і крухмальная вытворчасьць, глютэнавая». Міністар адзначыў, што на «БНБК» працавала звыш 1600 маладзёнаў, і дадаў: «У Пухавіцкім раёне, Мар’інай Горцы ўжо пабудавана некалькі дамоў для жыцьця маладых спэцыялістаў»[55]. 29 верасьня ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 656, якой паручыўся за пазыку 18,83 млн рублёў на 7,5 гады ад «Беларусбанка» для лізінгу «БНБК» земляробчага абсталяваньня[56]. На лістапад 2022 году «БНБК» вырабляла звыш 50 відаў камбікармоў і прэміксаў для плоцеўзроставых жывёлаў. 4 лістапада пры наведваньні прадпрыемства кітайскі амбасадар у Беларусі Се Сяоюн падкрэсьліў, што «БНБК» — унікальны для Эўропы стратэгічны аб’ект. Сярод іншага, адзначалася, што ўзьвядзеньне «БНБК» стала адзінай у сьвеце будоўляй «КМДІК будаўніцтва», якая працягнулася падчас каронавіруснай пандэміі. Кіраўнік «БНБК» Даніл Урыцкі дадаў, што на будоўлі працавала 3000 грамадзянаў Беларусі і 2000 грамадзянаў Кітаю. Пры гэтым, за час будаўніцтва прадалі вырабаў на больш як 100 млн рублёў. Сярэднемесячны заробак каля 1700 супрацоўнікаў перавышаў 2000 рублёў[57]. 10 лістапада 2022 году дырэктарка па эканоміцы і фінансах «БНБК» Васіліна Ахрамовіч паведаміла, што з тоны збожжа цаной 200 даляраў у ходзе 6 перадзелаў на амінакісьліннай вытворчасьці стваралі вырабы цаной каля 8000 даляраў за тону. Васіліна Ахрамовіч дадала пра ўзьвядзеньне вытворчасьці 3-х вітамінаў і яшчэ 3-х амінакісьляў, такіх як валін, лейцын і ізалейцын, у рамках праекту «БНБК-3»: «Гэта прадукцыя ўжо не кармавога, а фармакапейнага і харчовага прызначэньня. Адпаведна ў яе і кошт даражэйшы. Там праект арыентаваны на перапрацоўку кукурузы. Пры кошце $200—250 (за адзінку сыравіны) будзе атрымлівацца прадукт, які будзе каштаваць дзясяткі тысячаў даляраў, а ў фармакапейнай якасьці гэта мільёны даляраў» (за супастаўны аб'ём гатовай прадукцыі)[58].

  1. ^ Кантакты (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  2. ^ а б Пра нас (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  3. ^ Закупкі (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  4. ^ Сланечнікавы шрот (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  5. ^ Транспартныя паслугі (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  6. ^ Амінакісьлі (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  7. ^ Камбікармы (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  8. ^ Прэміксы (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  9. ^ Збожжава-бялковыя вырабы (рас.) // ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя», 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  10. ^ І больш за тысячу працоўных месцаў // Зьвязда : газэта. — 9 жніўня 2016. — № 151 (28261). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 жніўня 2016 г. № 300 «Аб арганізацыі высокатэхналягічнай аграпрамысловай вытворчасьці поўнага цыклю» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 10 жніўня 2016 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  12. ^ Tut.by. Бакіеву прыпісваюць мільярдны праект у Беларусі // Газэта «Новы час», 10 лістапада 2016 г. Архіўная копія ад 10 лістапада 2016 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  13. ^ Надзею Каткавец прызначылі ў кіраўніцтва беларуска-кіргіскай біятэхналягічнай кампаніі, — Tut.by // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 студзеня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  14. ^ Tut.by. Надзея Каткавец стала топ-мэнэджэрам беларуска-кыргыскай біятэхналягічнай карпарацыі // Газэта «Наша ніва», 18 студзеня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  15. ^ БелаПАН. Кітай выдаткуе Беларусі ільготны крэдыт у 1,7 млрд юаняў // Беларускае радыё «Рацыя», 8 лютага 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  16. ^ «Беларуская біятэхналягічная карпарацыя» запускае маштабны інвэстпраект у АПК // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 траўня 2018 г. Архіўная копія ад 28 траўня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  17. ^ а б Кіргістан накіраваў ноту пратэсту Беларусі праз дырэктара «БНБК» Урыцкага, у якім апазналі іншага чалавека // Беларуская служба Радыё «Свабода», 28 ліпеня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  18. ^ БелТА. Адбылася закладка завода па вытворчасьці высокаэфэктыўных кармоў — кітайскія інвэстыцыі // Газэта «Наша ніва», 29 ліпеня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  19. ^ БелаПАН. Беларусь адмовіла ў выдачы экс-прэм’ера Кыргыстана па палітычных матывах // Беларускае радыё «Рацыя», 28 ліпеня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  20. ^ Tut.by. Кыргыстан знайшоў у Беларусі свайго беглага прэм’ера, асуджанага да пажыцьцёвага зьняволеньня // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 28 ліпеня 2018 г. Архіўная копія ад 28 ліпеня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  21. ^ БелаПАН. Беларусь адмовіла ў выдачы экс-прэм'ера Кыргыстана па палітычных матывах // Газэта «Новы час», 31 ліпеня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  22. ^ Беларусь укладзе 5,5 млн рублёў у акцыі кампаніі меркаванага экс-прэм’ера Кіргістану // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 верасьня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  23. ^ БелаПАН. У карпарацыі з Мар'інай Горкі сярэдні заробак складаў амаль $26 тысяч // «Эўрарадыё», 16 ліпеня 2019 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  24. ^ АА. 66% беларусаў атрымліваюць менш за «па 500». У біятэхналягічнай карпарацыі сярэдні заробак — $26 000 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 16 ліпеня 2019 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  25. ^ БелаПАН. Пятай часткай беларускай біятэхналягічнай карпарацыі валодае пляменьнік Бакіева // Беларуская служба Радыё «Свабода», 16 ліпеня 2019 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  26. ^ Вераніка Бута, тэлеканал «Беларусь 1». Разьвіцьцё ў Беларусі біятэхналягічнай галіны пад пільнай увагай урада // Белтэлерадыёкампанія, 30 ліпеня 2019 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  27. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Буйны інвэстпраект рэалізуюць у Пухавіцкім раёне // Белтэлерадыёкампанія, 4 жніўня 2019 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  28. ^ Надзея Нікалаева. Тэхнічная эліта // Зьвязда. — 11 верасьня 2021. — № 175 (29544). — С. 1, 10.
  29. ^ Дар’я Рэва. Запыты часу: інавацыі ў навучаньні і новыя рабочыя спэцыяльнасьці // «Настаўніцкая газэта» Праверана 5 лістапада 2022 г.
  30. ^ Беларусь і Нарвэгія рыхтуюць дакумэнты па спрашчэньні візавага рэжыму // БелТА, 29 студзеня 2020 г. Архіўная копія ад 29 студзеня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  31. ^ Надзея Нікалаева. НАН Беларусі і «Беларуская біятэхналягічная карпарацыя» будуць супрацоўнічаць // Газэта «Зьвязда», 31 студзеня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  32. ^ Санэпіднагляд у Беларусі ўзмоцнены // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 24 лютага 2020 г. Архіўная копія ад 26 лютага 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  33. ^ Дар’я Рэва. Увага! Новыя спэцыяльнасьці // «Настаўніцкая газэта», 30 траўня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  34. ^ Варвара Марозава. «Прадпрыемства павінна працаваць, прыносіць прыбытак» // Зьвязда. — 3 чэрвеня 2020. — № 106 (29220). — С. 2.
  35. ^ Вольга Анішчанка, тэлеканал «Беларусь 1». Тэхналёгіі будучыні сёньня сталі тэмай нарады ў Палацы Незалежнасьці // Белтэлерадыёкампанія, 2 чэрвеня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  36. ^ Варвара Марозава, Вольга Мядзьведзева. «Гэта больш, чым космас» // Зьвязда. — 11 жніўня 2020. — № 154 (29268). — С. 2.
  37. ^ Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя // БелТА, 10 жніўня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  38. ^ Ілона Красуцкая, тэлеканал «Беларусь 1». На «БНБК» пачалі выпуск камбікармоў // Белтэлерадыёкампанія, 10 жніўня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  39. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Лукашэнка пры наведваньні «БНБК»: Палітыка адна павінна быць - людзі // Белтэлерадыёкампанія, 10 жніўня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  40. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Першы завод «Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі» пачынае вытворчасьць // Белтэлерадыёкампанія, 11 жніўня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  41. ^ Ала Клюйко. Прафэсія вызначае будучыню // «Настаўніцкая газэта», 13 жніўня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  42. ^ Аляксей Кандраценка, тэлеканал «Беларусь 1». «БНБК» - новая структура на прамысловай карце Менскай вобласьці // Белтэлерадыёкампанія, 18 жніўня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  43. ^ Марыя Амеліна. Саўмін прызначыў прадстаўнікоў дзяржавы ў ААТ // Радыё «Спадарожнік», 21 жніўня 2020 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  44. ^ «Вячэрні Бішкек»: Бакіеў зь сям’ёй і дырэктар «БНБК» пакінулі Беларусь // Газэта «Новы час», 23 жніўня 2018 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  45. ^ Пералік горадаўтваральных прадпрыемстваў вызначылі ў Беларусі // Радыё «Спадарожнік», 18 лютага 2021 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  46. ^ Ільля Цьвяткоў, тэлеканал «Беларусь 1». Вучэньні ратавальнікаў Менскай вобласьці // Белтэлерадыёкампанія, 25 траўня 2021 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  47. ^ Вераніка Канюта. Ратавальнікам любая задача пад сілу // Зьвязда. — 28 траўня 2021. — № 99 (29468). — С. 4.
  48. ^ Галоўчанка абмеркаваў з кіраўніцтвам «КМДІК будаўніцтва» рэалізацыю значных інвэстпраектаў у Беларусі // БелТА, 3 лістапада 2021 г. Архіўная копія ад 3 лістапада 2021 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  49. ^ Мардовія зацікаўленая ў закупцы беларускіх кармавых дабавак праз БУТБ // БелТА, 13 красавіка 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  50. ^ Віктар Талочка. Улады расказалі, калі будзе запушчана агракарпарацыя «БНБК» // Радыё «Спадарожнік», 30 траўня 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  51. ^ Марыя Дадалка. Лукашэнка: Мы гатовыя ўдзельнічаць у мадэрнізацыі ключавых сэктараў эканомікі Курскай вобласьці // Газэта «Зьвязда», 9 чэрвеня 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  52. ^ Урад прадаставіць «Беларусбанку» і «Белгазпрамбанку» гарантыі па крэдытах «БНБК» // БелТА, 17 чэрвеня 2022 г. Архіўная копія ад 17 чэрвеня 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  53. ^ «Беларуская біятэхналягічная карпарацыя» выйдзе на поўную моц па камбікармах і амінакіслотах у верасьні // БелТА, 27 ліпеня 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  54. ^ Уласную вытворчасьць вітамінаў плянуюць стварыць на базе «БНБК» // БелТА, 27 ліпеня 2022 г. Архіўная копія ад 27 ліпеня 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  55. ^ Міністар сельскай гаспадаркі расказаў аб запуску вытворчасьці вітамінаў на «БНБК» // БелТА, 5 верасьня 2022 г. Архіўная копія ад 5 верасьня 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  56. ^ Урад прадаставіў «Беларусбанку» гарантыі па крэдыце для «БНБК» // БелТА, 3 кастрычніка 2022 г. Праверана 5 лістапада 2022 г.
  57. ^ Валерыя Сьцяцко, Вераніка Канюта. «Наша любімая Беларусь і яе выдатны працавіты народ вартыя самага перадавога і найлепшага» // Зьвязда. — 5 лістапада 2022. — № 218 (29840). — С. 2, 3.
  58. ^ Як пару соцень даляраў ператварыць у мільёны // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 10 лістапада 2022 г. Праверана 28 лістапада 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]