Перайсьці да зьместу

Білінгвізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Білінгві́зм або двухмо́ўе (ад лац. bi «двойчы» і лац. lingua «мова») — папераменнае карыстаньне дзьвюма мовамі. Калі ва ўжытку знаходзяцца тры й больш моваў, прынята гаварыць пра шматмоўе або полілінгвізм[1].

Білінгвізм як складаная зьява дасьледуецца ў розных аспэктах, зь якіх асноўныя: псыхалягічны, пэдагагічны, сацыялінгвістычны. Псыхалягічны аспэкт двухмоўя зьвязаны з асаблівасьцямі псыхалягічнага складу індывіда, зь яго разумовымі здольнасьцямі, эмацыянальнай прыстасаванасьцю, з праблемай пераключэньня з аднаго моўнага коду на другі. Пэдагагічны бок білінгвізму закранае розныя аспэкты навучаньня другой мовы, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваеньня другой. Сацыялінгвістычны аспэкт двухмоўя ахоплівае кола пытаньняў, зьвязаных з вывучэньнем адносінаў «білінгвізм — грамадзтва», такіх як: сфэра выкарыстаньня першай і другой мовы; ступень авалодваньня мовамі; разьмеркаваньне камунікацыйных функцыяў паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем чальцоў соцыюму і шырыня выкарыстаньня другой мовы, сьвядомае ўмяшаньне грамадзтва ў моўныя працэсы і г. д.

Пры фармаваньні двухмоўя з блізкароднасных моваў, і пры нізкай моўнай кампэтэнтнасьці білінгва (носьбіта дзьвюх моваў), можа ўзьнікаць моўная інтэрфэрэнцыя.

  • пражываньне ў дзяржаве, дзе родная мова ня ёсьць дамінантай;
  • зацікаўленасьць у замежнай мове;
  • неабходнасьць засвоіць другую мову дзеля справы, збору зьвестак або забавы;
  • навучаньне ў замежнай мове;
  • перасяленьне ў краіну, дзе мясцовая мова шануецца ня больш за родную;
  • выхаваньне за мяжой у грамадзе з роднаю моваю;
  • пражываньне ў памежжы аднолькава шанаваных моваў;
  • ужываньне бацькамі розных моваў або мовы адрознай ад мовы грамады;
  • частыя ўзаеміны ў грамадзе на розных мовах пры аднолькавай іх шанаванасьці;
  • засваеньне другой мовы адным з бацькоў;
  • вывучэньне мовы тэкстаў, шанаваных у сваім веравызнаньні;
  • шлюб з асобаю, у сям’і якой родная мова не ўжываецца.
  1. ^ Энцыклапедыя «Беларуская мова», 1994. С. 174.