Перайсьці да зьместу

Галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй

Гало́ўная ўпра́ва па барацьбе́ з арганізава́най злачы́ннасьцю і кару́пцыяй (ГУБАЗіК) — управа Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

Зь верасьня 2014 па лістапад 2020 року пасаду начальніка ГУБАЗіК займаў Мікалай Карпянкоў.

У лістападзе 2020 року Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла пра запуск працэсу міжнароднага прызнаньня структураў ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі ў зьвязку з учыненымі імі злачынствамі ў час здушэньня пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі[1]. Некаторых палітыкі і актывісты назваюць ГУБАЗіК «беларускім Гестапа».[2]

Паводле сьведчаньня палітычнага вязьня Міколы Дзядка, агучанага 1 ліпеня 2021 року ў Менскім судзе, супрацоўнікі ГУБАЗіКа называюць уласную менскую ўправу Гестапа[3].

  • супрацьдзеяньне карупцыі ў органах дзяржаўнай улады і прыярытэтных галінах эканомікі;
  • барацьба з арганізаванай злачыннасьцю, у тым ліку транснацыянальнага і міжнароднага характару;
  • прадухіленьне і раскрыцьцё цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў агульнакрымінальнай і эканамічнай накіраванасьці, якія зьдзяйсьняюцца арганізаванымі групамі;
  • прадухіленьне тэрарыстычных і экстрэмісцкіх праяваў;
  • усталяваньне і ліквідацыя каналаў незаконнай міграцыі, а таксама выяўленьне і прадухіленьне іншых злачынстваў, якія зьдзяйсьняюцца ўдзельнікамі арганізаваных груповак, сфармаваных паводле нацыянальнай ці этнічнай прыкметы, альбо якія дзейнічаюць у арганізацыях дыяспараў.

28 сакавіка 1991 року ў цэнтральным апараце МУС СССР была заснаваная галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю[4]. У ейную структуру ўвайшла міжрэгіянальная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю №1, якая базавалася ў Менску й знаходзілася ў апэратыўным падпарадкаваньні кіраўніцтва МУС БССР.

30 сьнежня 2003 року Камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй пры МУС Беларусі быў скасаваны. Паўнамоцтвы камітэту і падпарадкаваных яму тэрытарыяльных і на транспарце спэцыяльных падразьдзяленьняў па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй былі перададзены Міністэрству ўнутраных справаў, галоўнай управе ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, управам унутраных справаў аблвыканкамаў, управе ўнутраных справаў на транспарце[5]. У МУС Беларусі была створаная галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

У другой палове 2020 году афіцэр ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў перайшоў на бок апазыцыі, перадаў руху за свабодныя выбары вялікі масіў унутранай інфармацыі і зьехаў зь Беларусі[6]. У красавіку 2023 году Менскі гарадзкі суд завочна прыгаварыў Лупаносава да 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і да штрафу[7].

  • Першая ўправа (па барацьбе з карупцыяй)
    • Першы аддзел (па прадухіленьні супрацьпраўнай дзейнасьці ў органах дзяржаўнай улады і кіраваньня)
    • Другі аддзел (па супрацьдзеяньні ўсталяваньню кантроля арганізаванай злачыннасьці над эканомікай)
    • Трэці аддзел (па прадухіленьні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам)
    • Чацьверты аддзел (па супрацьдзеяньні незаконнай трансплянтацыі органаў і тканак чалавека й іншым карупцыйным правапарушэньням у сумежных галінах мэдычнай дзейнасьці)
  • Другая ўправа (па прадухіленьні і раскрыцьці злачынстваў, якія носяць заказны й арганізаваны характар)
    • Першы аддзел (па раскрыцьці злачынстваў, якія носяць заказны й арганізаваны характар)
    • Другі аддзел (па прадухіленьні супрацьпраўнай дзейнасьці «крымінальных аўтарытэтаў» і лідэраў крымінальнага асяродзьдзя)
    • Трэці аддзел (па вышуку ўдзельнікаў арганізаваных груп, якія ўцяклі ад органаў крымінальнага перасьледу)
    • Чацьверты аддзел (па супрацьдзеяньні агульнакрымінальнаму экстрэмізму)
  • Трэцяя ўправа (па супрацьдзеяньні экстрэмізму)
    • Першы аддзел (па супрацьдзеяньні экстрэмізму ў радыкальных грамадзкіх і іншых фармаваньнях)
    • Другі аддзел (па супрацьдзеяньні экстрэмізму ў этнічных, рэлігійных утварэньнях і незаконнай міграцыі)
  • Чацьвертая ўправа (агентурна-апэратыўнай работы і арганізацыі апэратыўна-вышуковай дзейнасьці)
    • Першы аддзел (агентурна-апэратыўнай работы і апэратыўна-тэхнічных мерапрыемстваў)
    • Другі аддзел (арганізацыі апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і апэратыўнага аналізу)
    • Трэці аддзел (апэратыўна-прафіляктычных мерапрыемстваў)
    • Чацьверты аддзел (апэратыўна-дзяжурнай службы)
    • Аддзел па абароне дзяржаўных сакрэтаў
  • Пятая ўправа (па м. Менску)
  • Шостая ўправа (па Берасьцейскай вобласьці)
  • Сёмая ўправа (па Віцебскай вобласьці)
  • Восьмая ўправа (па Гомельскай вобласьці)
  • Дзявятая ўправа (па Гарадзенскай вобласьці)
  • Дзясятая ўправа (па Менскай вобласьці)
  • Адзінаццатая ўправа (па Магілёўскай вобласьці)

У структуру ўсіх тэрытарыяльных управаў уваходзяць: першы аддзел (па барацьбе з карупцыяй), другі аддзел (па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю), трэці аддзел (па супрацьдзеяньні экстрэмізму), чацьверты аддзел (агентурна-апэратыўнай работы і апэратыўнага аналізу).

21 чэрвеня 2021 году ГУБАЗіК дадалі ў Сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША за разгортваньне спэцыялізаванае падразьдзяленьняў для зьдзяйсьненьня гвалту супраць пратэстоўцаў, у тым ліку за рэйд на сядзібу апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, выкраданьне Марыі Калесьнікавай і ўзяцьце пад варту Рамана Пратасевіча. У санкцыйны спіс быў дададзены і былы начальнік ўправы Мікалай Карпянкоў[8]. У той жа дзень Карпянкоў таксама трапіў пад санкцыі ЭЗ[9][10], Вялікабрытаніі[11], Канады[12]. 7 ліпеня да санкцый супраць Карпянкова далучылася Швейцарыя[13].

2 сьнежня 2021 году начальнік ГУБАЗіК Андрэй Паршын і іншыя кіраўнікі ўправы патрапілі пад санкцыі ЗША ды Канады. Паршын у той жа дзень быў уключаны і ў санкцыйны сьпіс Вялікабрытаніі[14][15][16]. У 2022 годзе да санкцый супраць Паршына далучыліся ЭЗ[17] ды Швайцарыя[13].

Летам 2024 году Эўрапейскі зьвяз і Швайцарыя ўвялі санкцыі супраць кіраўніка ГУБАЗіК Андрэя Ананенкі ды дваіх яго намесьнікаў[18][19].

  1. ^ Сьвятлана Ціханоўская запускае працэс прызнаньня ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі, Радыё Свабода, 20 лістапада 2020 р.
  2. ^ https://www.currenttime.tv/a/belarusi-gestapo-ss-latushko/31365981.html
  3. ^ Страшныя паказанні палітвязня Дзядка ў судзе: Выдаў паролі пасля таго, як душылі падушкай, Наша Ніва, 1 ліпеня 2021 г.
  4. ^ Приказ Министерства внутренних дел СССР от 28 марта 1991 года № 026 «О создании межрегиональных (региональных) управлений по борьбе с организованной преступностью МВД СССР»
  5. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 30 декабря 2003 года № 603 «О некоторых мерах по совершенствованию системы органов и подразделений внутренних дел Республики Беларусь»
  6. ^ Арцём Гарбацэвіч (2021-03-25) Афіцэр ГУБАЗіКа, які перадаваў інфармацыю «Байполу», даў першае інтэрв’ю: Хай думаюць, што я адзін такі, хай супакойваюць сябе Наша Ніва Праверана 2021-12-15 г.
  7. ^ Станислава Лупоносова заочно приговорили к 18 годам колонии (рас.) Reform.news(be)
  8. ^ Treasury and International Partners Condemn Ongoing Human Rights Abuses and Erosion of Democracy in Belarus (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2021-06-21). Праверана 2021-09-18 г.
  9. ^ Еўразвяз зацвердзіў новы пакет санкцыяў супраць прадстаўнікоў Беларусі. Хто ў спісе? (бел.). Белсат (2021-06-21). Праверана 2021-06-27 г. Архіўная копія ад 2021-06-27 г.
  10. ^ COUNCIL IMPLEMENTING REGULATION (EU) 2021/997 — EUR-Lex(en), 21.06.2021
  11. ^ CONSOLIDATED LIST OF FINANCIAL SANCTIONS TARGETS IN THE UK (анг.) Office of Financial Sanctions Implementation HM Treasury
  12. ^ Consolidated Canadian Autonomous Sanctions List (анг.). Міністэрства міжнародных справаў Канады(en) (2015-10-19). Праверана 2021-06-29 г.
  13. ^ а б Searching for subjects of sanctions (бел.)
  14. ^ ЗША і Вялікая Брытанія пашырылі санкцыі адносна Беларусі Радыё Свабода Праверана 2021-12-12 г.
  15. ^ Backgrounder: Belarus sanctions (анг.). Міністэрства міжнародных справаў Канады(en)Праверана 2022-01-02 г.
  16. ^ Хто трапіў пад санкцыі ЕС, ЗША, Канады і Вялікабрытаніі? Поўны спіс
  17. ^ Еўрасаюз увёў санкцыі супраць кіраўніка «Белтэлерадыёкампаніі», Рыгора Азаронка і Людмілы Гладкай (бел.) Новы час
  18. ^ Council Decision (CFSP) 2024/2116 of 26 July 2024 (анг.). EUR-Lex(be).
  19. ^ Ordinance on measures against Belarus (анг.). Дзяржаўны сакратарыят па эканамічных пытаньнях(de).