Перайсьці да зьместу

Гісторыя Докшыцаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сядзіба ў Докшыцах. А. Адам, 1812 год

Докшыцы — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Докшыцы зьмяшчаецца ў грамаце вялікага князя Вітаўта, выдадзенай 13 студзеня 1407 году ў Вільні. У ёй намесьнік віленскі Войцех Манівід атрымаў пацьверджаньне на сёлы і сялянаў-даньнікаў у Харэцкай воласьці, сярод якіх называюцца даньнікі «доксычане» (doxyczane)[1].

Па сьмерці В. Манівіда (1423) Докшыцы перайшлі да ягонага сына Івана, у 1485 годзе — да Войцеха, сына Івана. Па сьмерці апошняга (1475) спадкаемцамі манівідавай спадчыны сталі дзьве сястры — Ядвіга (жонка Алехны Судзімонтавіча) і Соф’я (жонка Мікалая Радзівіла). Пры падзеле спадчыны частка двароў дасталася Ядвізе, частка — Соф’і.

Пазьней Докшыцы працягвалі падзяляцца паміж уласьнікамі. Доля Ядвігі перайшла да яе дачкі Соф’і, якая ў канцы XV ст. выйшла замуж за князя Аляксандра Гальшанскага. Па яе сьмерці (1517) гэтую частку падзялілі паміж чатырмя яе дочкамі і сынам Паўлам, біскупам віленскім. Ад іх доля ў Докшыцах дасталася Ганьне Гальшанскай (жонка Мікалая Паца), потым яе сынам. Доля ж Соф’і Радзівіл перайшла да яе чатырох сыноў — Мікалая, Яна, Юрыя і Войцеха. Па сьмерці апошняга зь іх (1519) адбыўся чарговы падзел уладаньняў. Частка даньнікаў з Докшыцаў перайшла да старэйшага з братоў — Мікалая Радзівіла, пазьней ваяводы віленскага (памёр у 1521 годзе). Ягонымі спадкаемцамі сталі жонка Альжбета і тры сыны — Мікалай, Ян і Станіслаў, якія ў 1526 годзе падзялілі бацькоўскія ўладаньні.

У 1536 годзе сярод спадчыны Мікалая Радзівіла ўпамінаюцца «докшыцкія людзі», памер іх штогадовай даніны складаў 36 пудоў мёду. З трох братоў Радзівілаў апошні, Ян, памёр у 1542 годзе, па чым гэтая частка Докшыцаў перайшла ў валоданьне трох ягоных дачок. Да 1565 году дзьве зь іх памерлі бязьдзетнымі. Бацькоўская спадчына перайшла да трэцяй сястры — Ганны, якая была жонкай (з 1554 году — удавой) Станіслава Кішкі. У 1560 годзе ў яе валоданьні былі 48 двароў (службаў) у Докшыцах, дзе ў той час ужо існавала царква.

Род Гальшанскіх, уладальнікаў судзімонтаўскай часткі Докшыцаў, згас зь сьмерцю біскупа Паўла ў 1555 годзе. Спадчына перайшла да нашчадкаў па кудзелі. Імі сталі дзьве дачкі Ядвігі Гальшанскай ад шлюбу зь Янам Храптовічам, а таксама дзеці Ганны Гальшанскай. Судзімонтаўскую спадчыну падзялілі паміж імі на невялікія долі. Адзін з сыноў Ганны Гальшанскай і Мікалая Паца, Дамінік, у 1557 годзе прадаў частку даньнікаў Станіславу Садоўскаму, служэбніку Ганны Кішчынай. Апошняя ў красавіку 1560 году набыла долю Садоўскага ў Докшыцах за 300 літоўскіх грошай, а праз шэсьць месяцаў перадала докшыцкіх даньнікаў служэбніку Пятру Скалдзіцкаму. У 1561 годзе Ганна набыла ў Станіслава Паца з згоды ягоных братоў Мікалая, Дамініка і Паўла іхную долю. Заставалася яшчэ адна частка Докшыцаў, што знаходзілася ў валоданьні сястры Ганны Гальшанскай Ядвігі, потым дачкі апошняй Ганны і яе мужа Юрыя Осьціка. У 1569 годзе іх сын Мікалай Осьцік перадаў гэту частку Докшыцаў свайму зяцю, князю Льву Сангушку. Далейшы сьлед яе не прасочваецца.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Докшыцы ўвайшлі ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У час Інфлянцкай вайны (1558—1582) ваколіцы Докшыцаў былі адной з асноўных апорных базаў Стэфана Баторыя пры вызваленьні Полаччыны ад маскоўскіх захопнікаў. Па сьмерці (1600) Ганны Кішкі Докшыцы перайшлі да яе сына Станіслава (памёр у 1617 годзе), потым ягоным сынам. З апошніх Станіслаў (1584—1626) перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і пазьней стаў біскупам жамойцкім, у 1608 годзе ён заснаваў у Докшыцах драўляны касьцёл[2] і перадаў яму фальварак Туркі.

У 1621 годзе Докшыцы атрымалі статус мястэчка, а ў 1622 годзе Станіслаў Кішка перадаў асноўную яго частку (на правым беразе Бярэзіны) з навакольнымі вёскамі Дамашы і Таргуны капітулу Жамойцкага біскупства, якое ён у той час узначальваў[3]. Левабярэжную частку Докшыц у сярэдзіне XVIII ст. набыў у спадкаемцаў Кішкаў кашталян менскі Аляксандар Юдзіцкі, які потым прадаў яе Антонію Гутаровічу.

У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Докшыцы значна пацярпелі. У 1690 годзе маёнтак Докшыцы падзяляўся паміж капітулам Жамойцкага біскупа (82 дымы ў большым варыянце), плябаніяй докшыцкага касьцёла (5 дымоў у фальварку Туркі), плябаніяй докшыцкай царквы (1 дым) і Янам Паўлам Юдзіцкім (33 дымы), апошняму належаў таксама фальварак Дзедзіна (9 дымоў). Другая частка Дзедзіна (3 дымы) была ў руках Гераніма Рамана Твароўскага, якому таксама належаў Нябышын (42 дымы), а трэцяя (2 дымы) — удаве Станіслава Асіньскага Марцыбеле зь Беліковічаў.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Докшыцы апынуліся на шляху руху швэдзкага корпусу генэрала А. Левэнгаўпта. Швэды спалілі мястэчка і касьцёл. У 1745 годзе пачалося будаваньне новага касьцёла (асьвячоны у 1753 годзе), пры якім у 1781 годзе з згоды папы рымскага Піюса VI пачало працаваць брацтва Найсьвяцейшай Тройцы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Плян Докшыцаў канца XVIII ст.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Докшыцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету (з 1797 году — цэнтар воласьці Барысаўскага павету). У 1795 годзе паселішча атрымала статус места. 22 студзеня 1796 году адбылося зацьверджаньне гербу Докшыцаў: «у зялёным полі два ўзгоркі, на якіх ляжаць збаны, зь іхніх гарлавін выцякаюць срэбныя крыніцы»[4]. Улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі ўладаньні Жамойцкага біскупства і перадалі іх генэрал-маёру расейскіх войскаў В. Мілашэвічу.

На 1800 год у Докшыцах было 152 двары, зь якіх Мілашэвічу належалі 106 (35 хрысьціянскіх і 71 юдэйскі), 42 двары (у тым ліку 12 юдэйскіх) складалі частку ўдавы Людвігі Гутаровіч і называліся Докшыцкай Слабадой. Яшчэ 4 двары, якія знаходзіліся ў валоданьні плябаніі, засялала чыншавая шляхта. У мястэчку існавалі 2 царквы і юдэйская малітоўная школа. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Сьвятой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе — у дзень Узьвіжання Сьвятога Крыжа.

У Вайну 1812 году праз Докшыцы ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Я. Багарнэ, а ў кастрычніку — часткі корпусу генэрала К. Ф. Врэдэ, якія разрабавалі мястэчка. У 1824 годзе ў Докшыцах дзейнічала суконная майстэрня Давіда Шапіры. У ёй працавалі тры майстры і чатыры рабочыя, якія абслугоўвалі 2 ткацкія станкі. Д. Шапіру (купцу 3-й гільдыі) належалі ў Докшыцах 3 крамы. У час вызвольнага паўстаньня у красавіку — траўні 1831 году каля Докшыцаў адбыліся баі вялейскіх паўстанцаў С. Радзішэўскага з расейскімі карнікамі.

Па скасаваньні прыгоннага права ў 1861 годзе Докшыцы сталі цэнтрам аднайменнай воласьці. У 1863 годзе тут збудавалі новую царкву-мураўёўку. У 1868 годзе ў Докшыцах быў 1 мураваны і 266 драўляных дамоў, мураваная царква, драўляны касьцёл, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, 22 крамы, 17 шынкоў, 3 бровары і паравы млын. У мястэчку штотыднёва праходзілі таргі (больш значныя праводзіліся ў аўторак на масьленічным тыдні і ў сьвята Прачыстай 15 жніўня). Да 1870-х у Докшыцах дзейнічалі магістрат (ратуша) і дума, у 2-й палове XIX ст. разьмяшчаліся валасная ўправа, кватэра прыстава 3-га стану Барысаўскага павету, паштовая станцыя, працавала народная вучэльня. У XIX ст. канчаткова сфармавалася вулічная сетка Докшыцаў (цэнтральныя Барысаўская, Даўгінаўская, Глыбоцкая і Полацкая вуліцы, да іх прымыкалі — Ветраная, Сянная, Татарская і інш.). У канцы XIX ст. у Докшыцах пачалі дзейнасьць пазыка-ашчаднае і пажарнае таварыствы.

З 1902 году ў Докшыцах працавала 2-клясная пачатковая вучэльня (з 1907 году — 4-клясная, з 1913 году — вышэйшая пачатковая). У 1904 годзе ў мястэчку было 435 драўляных і 1 мураваны дамоў, 2 гасьцініцы, 2 сукнавальні (працавалі 3 рабочыя), 1 аптэка і 2 аптэкарскія крамы. У гэты час вядомасьць атрымаў Докшыцкі народны лялечны тэатар батлейка, канструкцыю якой зрабіў пан Патупчык; ён жа з жонкай і сынамі ладзілі паказы батлейкі на Каляды, у час іншых сьвятаў, на кірмашах і вясельлях.

У час Першай сусьветнай вайны Докшыцы былі прыфрантавым местам (у верасьні 1915 году іх ненадоўга займалі нямецкія войскі), у 1918 годзе — места зноў занялі нямецкія войскі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Докшыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[5].

З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 году Докшыцы займалі польскія войскі, пазьней бальшавікі, потым зноў палякі. Згодна з умовамі Рыскай дамовы (1921) Докшыцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час у месьце быў 491 будынак.

У 1939 годзе Докшыцы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (у 1962—1965 гадах былі ў складзе Глыбоцкага раёну). У Другую сусьветную вайну з 9 ліпеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

28 лютага 2011 году адбылося зацьверджаньне сьцяга места[6].

Вуліца Барысаўская

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Насевіч В. Докшыцы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 592.
  2. ^ Насевіч В. Докшыцы // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 267.
  3. ^ Насевіч В. Докшыцы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 593.
  4. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  5. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  6. ^ Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (рас.)