Дом Маліна
Славутасьць | |
Дом Маліна
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Адрас | вуліца Валадарскага (9) |
Каардынаты | 53°53′51.41″ пн. ш. 27°33′5.69″ у. д. / 53.8976139° пн. ш. 27.5515806° у. д.Каардынаты: 53°53′51.41″ пн. ш. 27°33′5.69″ у. д. / 53.8976139° пн. ш. 27.5515806° у. д. |
Дата пабудовы | 1912 год |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Дом Маліна | |
Дом Маліна на Вікісховішчы |
Дом Ма́ліна — трохпавярховы будынак у Менску па вуліцы Валадарскага, 9, пабудаваны ў 1912 годзе з цэглы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ранейшы адрас — 43/13 на рагу вуліцаў Захар’еўскай і Серпухаўскай, у 1912 — 45/13. Уладальнікі — Малін Юдаль Лейзеравіч і ягоная жонка Маліна Хая Абрамаўна.
Дом пабудаваны ў 1912 годзе, у гэтым жа годзе ў гэты будынак пераехала менскае аддзяленьне Пазямельна-сялянскага банку. Частка пакояў здавалася пад жыльлё. Да 1918 году ў доме месьцілася канторы й аптовы тытунёвы склад-крама таварыства Маліна Ю. Л. і Шлапакова М. У 1912—1913 тут таксама месьціцца канторы сельскагаспадарчых машын і прыладаў Рапапорта К. і Рапапорта Э., крама таварыства спажыўцоў Лібава-Роменскай чыгункі. У 1913—1916 будынак займаюць менскае аддзяленьне Сялянскага пазямельнага банку, упраўленьне вайскова-санітарных арганізацыяў, упраўленьне Ўсерасейскага земскага саюзу, польскае вайсковае ўпраўленьне. У 1914—1918 тут месьціцца галянтарэйная лаўка Глезэра Янкеля Мордухавіча. У 1916—1917 кабінэт Галоўнага ўпаўнаважанага Чырвонага Крыжа Заходняга фронту, аўтааддзел Камісарыяту народнай гаспадаркі Заходняй вобласьці, упраўленьне Зьвязу палякаў-вайскоўцаў Заходняга фронту, канцылярыя Матэрыяльна-нарыхтоўчага аддзелу камандаваньня Заходняга фронту, кабінэт начальніка аддзелу Ўпраўленьня будаўніча-тэхнічнай часткі, кабінэт прадстаўніка галоўнакамандуючага Заходняга фронту Паржэцкага Р. І., упраўленьне будаўніча-тэхнічнай часткі Заходняга фронту (кв. 2). У 1916—1919 — бакалейная лаўка Грынеўскага В. Ф.
З 19 сакавіка 1918 году Народны сакратарыят БНР арандаваў пакоі на 3-м паверсе. 24 сакавіка 1918 году ў кабінэце старшыні Народнага сакратарыяту Язэпа Варонкі пачалося паседжаньне Рады БНР, якое закончылася 25 сакавіка прыняцьцем Трэцяй Устаўной граматы, якая абвясьціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай[1]. У пачатку красавіка ў памяшканьні Народнага Сакратарыяту адкрыліся курсы беларусазнаўства. На працягу амаль усяго 1918 году на доме вісела шыльда «Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі»[1][2].
У 1918—1919 гадах будынак таксама займала лаўка гандляркі тытунём Меяровіч Хасі Вульфаўны, лаўка па продажы паперы Фішара Аўсея Беньямінавіча, Фішара Ісака Беньямінавіча, пральня (на першым паверсе), аддзел разьмеркаваньня рабочай сілы (Біржа труда).
У 1920 годзе Маліны выехалі за мяжу. У 1920 годзе ў будынку месьціцца інтэрнат № 5.
У 1921 годзе маёмасьць нацыяналізаваная. У 1920—1921 гадах у доме месьцяцца штаб Чырвонага паветранага флёту, Трамот (транспартна-матэрыяльны аддзел). У 1921 — 13 крамаў, дзьве зь якіх перабудаваныя пад кухні для бежанцаў, сьлясарная майстэрня, «Губэвак». У 1921—1922 — інтэрнат «Белэвако».
У 1922 годзе — уласнасьць гарадзкога жыльлёвага пададдзелу аддзелу камунальнай гаспадаркі менскага акруговага выканаўчага камітэту. У 1922 годзе першы паверх займала Амэрыканская адміністрацыя дапамогі (American Relief Administration, ARA).
У 1925—1926 уласьнік — Белкаапсаюз. У 1925—1926 гадах у будынку месьцяцца «Белмясгандаль», канцылярыя Белкаапсаюзу, канцылярыя Мінцэнтрабкаапа, канцылярыя Ўсекабанку, канюшня, Менскі цэнтральны рабочы каапэратыў, склад Белкаапсаюзу, Сялянскі банк, упаўнаважаны Ленінградзкага тытунёвага трэсту.
На 1926 год дом падзелены на 5 кватэраў і памяшканьні дзяржаўных установаў.
У 1928 годзе будынак займае агульны аддзел Усебеларускай канторы Дзяржаўнага банку, аддзел кніжнай і папяровай часткі й кнігарня Белкаапсаюзу. У 1928—1929 — праўленьне Менскіх цэнтральных рабочых каапэратываў, беларускае аддзяленьне Ўсерасейскага камэрцыйнага (каапэратыўнага) банку, плянавае бюро й гараж Белкаапсаюзу. У 1935 тут месьціцца дзіцячы сад № 18 (беларускі) Белкаапсаюзу, крама політэхнічнага абсталяваньня «Фота-радыё». У 1935—1938 — Белкаапмясаптушка, трэст Белпрамхлеб (Галоўхлеб). У 1935—1936 — паштова-газэтнае агенцтва сувязі, гараж і сталовая Белкаапсаюзу, Менская цэнтральная гарадзкая ашчадная каса № 16 (3 паверх), таксафон. 1936—1940 — трэст Маслапрам, унівэрмаг культтавараў Белпрамгандлю. У 1937—1940— дзіцячы сад № 53, крама № 8 посуда-гаспадарчых і электратавараў Гарпрамгандлю, Абласны саюз спажывецкіх таварыстваў, мэдпункт.
Пасьля вайны першы паверх займалі Белкаапсаюз і Кафэ № 1[3]. Цяпер у будынку месьціцца кафэ Чабурэчная[4].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дом уяўляе сабой прамавугольны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Асымэтрычную кампазыцыю мае галоўны фасад, на якім сымэтрычна разьмешчаныя балькончыкі з чыгуннай ажурнай агароджай. Першы паверх буйна руставаны, аддзелены ад наступных карнізным поясам. У цэнтральнай частцы праходзяць дзьве руставаныя пілястры. Сьцяна расчлянёная прамавугольнымі вокнамі ў ліштвах, на другім паверсе — замковым каменем. Пад карнізам праходзіць вузкі фрыз зь лепкай у выглядзе вянкоў і гірляндаў[5].
Крыніцы й заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Валянцін Мазец Тут абвешчана незалежнасць // Навіны Беларускай акадэміі № 18 (697). — 21 траўня 1993.
- ^ Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — С. 210. — 304 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-01-0729-9
- ^ Минск. Краткий справочник. 1967 (рас.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 17 жніўня 2014 г.
- ^ Адрасы БНР. TUT.BY (25 сакавіка 2008). Праверана 17 жніўня 2014 г.
- ^ Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леанід Маракоў Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг. Кніга I.. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1426-3
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988].
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 713Г000022 |
- Дом Маліна , Radzima.org
- Дом Маліна (рас.), Глёбус Беларусі