Перайсьці да зьместу

Леброн Джэймз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Лебро́н Рэ́йман Джэймз (па-ангельску: LeBron Raymone James; 30 сьнежня 1984 году, Акрон, Агаё) — амэрыканскі баскетбаліст, які гуляе ў НБА за каманду «Лос-Анджэлес Лэйкерз» і Нацыянальную зборную ЗША. Чатырохразовы чэмпіён НБА ў складзе «Маямі Гіт», «Кліўлэнд Кавальерз» і «Лос-Анджэлес Лэйкерз». Двухразовы Алімпійскі чэмпіён (2008, 2012). 16 студзеня 2013 году стаў наймаладзейшым гульцом у гісторыі НБА, які здолеў набраць 20 тысяч пунктаў[1].

Джэймз пачаў займацца баскетболом у сярэдняй школы роднага гораду Экрану ў штаце Агаё. Нацыянальныя СМІ актыўна рэклямавалі яго як будучую супэрзорку НБА за ягоную здольнасьць здабываць пункты, рабіць добрыя перадачы, атлетызм і ашульную здольнасьць да гульні[2]. Джэймз рыхтаваўся да кар’еры прафэсіянала, калі быў абраны клюбам «Кліўлэнд Кавальерз» пад першым нумарам на драфце НБА 2003 году. У 2004 годзе ён быў прызнаны навічком году НБА[3] ды неўзабаве стаў адным з галоўных гульцоў лігі, прывёўшы «Кавальерз» да іхняга першага фіналу НБА ў 2007 годзе і атрымаўшы ўзнагароду самага каштоўнага гульца НБА ў 2009 і 2010 гадах[4]. Пасьля няўдачы з клюбам у спробе стаць пераможцам лігі, баскетбаліст зышоў з каманды ў 2010 годзе ў якасьці вольнага агента, далучыўшыся да «Маямі Гіт»[5]. Пра гэты пераход было абвешчана ў адмысловым тэлевізійным этэры пад назвай «Пастанова»[6].

Джэймз стаў пераможцам НБА, гуляючы за «Гіт», у 2012 і 2013 гадах. У абодва гэтыя сэзоны ён таксама атрымаў узнагароды самага каштоўнага гульца лігі і фіналу. Па чацьвертым сэзоне з «Маямі Гіт» у 2014 годзе Джэймз адмовіўся ад кантракту і зноў узгодніўся з «Кавальерз». У 2016 годзе ён прывёў клюб да перамогі над «Голдэн Стэйт Ўорыярз» у фінале. Пры гэтым кліўлэндзкі клюб цярпеў паразу ў сэрыі зь лікам 3:1. Прабыўшы ў камадзе яшчэ некалькі гадоў, Джэймз скарыстаўся пунктам у сваім кантракце, каб пакінуць «Кавальерз» і скласьці працоўную дамову з «Лос-Анджэлес Лэйкерз», дзе ў чарговым раз стаў чэмпіёнам НБА ў 2020 годзе. Паводле вынікаў фінальнай сэрыі баскетбаліст быў у чацьверты раз уганараваны тытулам самага каштоўнага гульца фіналу[7]. 7 лютага 2023 году Джэймз абышоў Карыма Абдул-Джабара і стаў найлепшым бамбардзірам у гісторыі лігі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]