Перайсьці да зьместу

Сьнежная каралева

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьнежная каралева
Sneedronningen
Жанр: казка
Аўтар: Ганс Крыстыян Андэрсэн
Мова арыгіналу: дацкая
Публікацыя: 1844
Электронная вэрсія

Сьне́жная карале́ва (па-дацку: Sneedronningen) — казка Ганса Крыстыяна Андэрсэна ў сямі частках («апавяданьнях»). Выдадзена 21 сьнежня 1844 года ў томе Навыя казкі. Першы том. Другая калекцыя. 1845.

Апавяданьне першае. Люстэрка й ягоныя аскепкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Жыў-быў троль, вельмі злосны; то быў сам д’ябал…» Злосны троль вырабляе люстэрка, у якім усё добрае здаецца злым, а злое — толькі ярчэй кідаецца ў вочы. Аднойчы вучні троля ўзялі гэта люстэрка, і бегалі зь ім паўсюль, дзеля забавы наводзячы яго на людзёў, а напрыканцы вырашылі дабрацца й да неба, «каб пасмяяцца над ангёламі й самім Творцам». Але люстэрка, выпаўшы зь іхніх рук, падае на зямлю й разлятаецца на тысячы аскепкаў. «Некаторым людзям аскепкі траплялі проста ў сэрца, і гэта было горш за ўсё: сэрца ператваралася ў кавалак лёду…»

Апавяданьне другое. Хлопчык і дзяўчынка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кай і Герда, хлопчык і дзяўчынка зь бедных сем’яў — не сваякі, але любяць адзін аднаго, як брат і сястра. У іх ёсць свой садок пад дахам, дзе яны разводзяць ружы. Узімку ў садку, шчыра кажучы, не пагуляеш, таму яны ходзяць адзін да аднаго гасьціць, а аднойчы, седзячы ля акна і любуючыся сьнегам, Кай пытаецца ў бабулі: сьняжынкі — нібы белыя пчолкі, а ці ёсць у іх свая царыца, як у звычайных пчол? Так, адказвае бабуля, гэта Сьнежная каралева; яна лётае над гарадамі на чорным воблаку. Праходзіць некаторы час, надыходзіць лета; Кай зь Гердай сядзяць у сваім садку сярод руж — і тут у вока яму трапляе аскепак д’ябальскага люстэрка. Сэрца яго становіцца чэрствым, «лядзяным»: ён сьмяецца з бабулі, здзекуецца над Гердай, прыгажосьць кветак яго больш не кранае, але ён захапляецца сьняжынкамі зь іх матэматычна ідэальнымі формамі («ніводнай няправільнай лініі!»). Аднойчы ён ідзе катацца на санках і зь пястоты прывязвае свае, дзіцячыя, да багата ўпрыгожаных «дарослых» саней; нечакана яны разганяюцца — хутчэй, чым ён мог сабе ўявіць, — ўзнімаюцца ў паветра й імчацца прэч: яго забрала з сабой тая самая Сьнежная каралева.

Апавяданьне трэцяе. Кветнік жанчыны, якая ўмела чараваць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герда адпраўляецца на пошукі Кая. У сваім падарожжах яна сустракае чараўніцу, якая ўпускае яе да сябе на ноч і ў выніку вырашае пакінуць дзяўчынку ў сябе й зрабіць яе сваёй прыёмнай дачкой; яна накладае на яе чары, з-за якіх Герда забывае аб сваім названым браце, і чараўніцтвам хавае пад зямлю ўсе ружы ў сябе ў садзе, каб яны выпадкова не нагадалі малой аб іхнім з Каем садку на даху. Але з капялюша свайго прыбраць ружы яна забывае; аднойчы капялюш гэты трапляецца Гердзе на вочы, тая ўсё прыгадвае й пачынае плакаць. Там, куды сьцякаюць ейныя сьлёзы, пачынаюць квітнець схаваныя чараўніцай ружы; Герда распытвае іх — можа, Кай ужо мёртвы й яны бачылі яго пад зямлёй? — Але, атрымаўшы адмоўны адказ, разумее, што яго яшчэ можна выратаваць, і пускаецца ў дарогу.

Апавяданьне чацьвёртае. Прынц і прынцэса

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пакінуўшы сад чараўніцы, дзе пануе вечнае лета, Герда бачыць, што на самой справе ўжо даўно надышла восень, і вырашае пасьпяшацца. На шляху яна сустракае вучонага крумкача, які жыве са сваёй «нявестай» пры двары тутэйшага караля; з размовы зь ім яна робіць выснову, што жаніх каралеўскай дочкі, прынцэсы, які зьявіўся зь невядомых краёў — гэта Кай, і пераконвае крумкача адвесці яе да палацу паглядзець на яго. Становіцца зразумела, што яна памылілася; але прынц і прынцэса шкадуюць яе й даруюць дзяўчынцы «чаравікі, і муфту, і прыгожую сукенку» й залатую карэту, каб яна хутчэй знайшла Кая.

Апавяданьне пятае. Маленькая разбойніца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дарозе на падарожнікаў нападаюць разбойнікі: забіваюць слуг і фурмана, забіраюць сабе карэту, коней і дарагія адзеньня Герды. Сама ж Герда дастаецца «у сяброўкі» Маленькай разбойніцы, дачцэ начальніцы мясцовай шайкі — нявыхаванай, прагнай, упартай, але па сутнасьці — адзінотнай. Разбойніца уладкоўвае яе ў сваім «зьвярынцы»; дзяўчынка распавядае «гаспадыні» сваю гісторыю, тая пранікаецца й знаёміць яе з Паўночным аленем, гонарам «зьвярынцу». Алень распавядае Гердзе аб сваёй далёкай радзіме, дзе кіруе Сьнежная каралева; Герда здагадваецца, што менавіта Сьнежная каралева трымае Кая ў сябе, і, з дазволу разбойніца, пускаецца ў шлях на паўночны алень.

Апавяданьне шостае. Ляпляндка й фінка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На шляху Герда з аленямі начуюць у гасьціннай ляпляндкі, якая, выслухаўшы іхнюю гісторыю, раіць падарожнікам пабываць у адной мудрай жанчыны-фінкі. Алень, паслухаўшы яе, едзе зь Гердай да фінкі й просіць у яе для дзяўчынкі «пітва, якое б дало ёй моц дванаццаці асілкаў». У адказ фінка кажа, што Гердзе такое пітво й не спатрэбіцца: «моц — у яе мілым, нявінным дзіцячым сэрцайку». Развітаўшыся з чарадзейкай, Герда з аленем даязджаюць да царства Сьнежнай каралевы; там яны растаюцца — далей дзяўчынка павінна йсці сама.

Апавяданьне сёмае. Што адбывалася ў палацы Сьнежнай каралевы й што адбылося потым

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на ​​ўсе перашкоды, Герда дабіраецца да палацу Сьнежнай каралевы й спадкае Кая ў адзіноце: ён спрабуе скласьці з аскепкаў лёду слова «вечнасьць» — такое заданьне прапанавала яму перад сыходам каралева (яна сказала што, калі ён здолее гэта зрабіць, ён будзе «сам сабе пан», і яна «падаруе яму ўвесь сьвет і новыя канькі»). Спачатку ён ня можа зразумець, хто яна такая, але потым Герда сьпявае яму іх любімы псалом («Ружы квітнеюць… Прыгажосьць, прыгажосьць! Хутка ўбачым мы немаўля Хрыста»), Кай узгадвае яе, і ільдзінкі «ад радасьці» самі сабой складваюцца ў патрэбнае слова. Кай ўжо сам сабе гаспадар; названыя брат зь сястрой вяртаюцца дадому, і высвятляецца, што яны — ужо дарослыя.