Сьцяг Малдовы
Сьцяг Малдовы быў прыняты ў 1994 годзе. Уяўляе сабой трыкалёр з роўнавялікімі палосамі, разьмешчанымі вэртыкальна, у наступным парадку пачынальна ад тронка: блакітная, жоўтая, чырвоная. У цэнтры, на жоўтай паласе, разьмешчаны Дзяржаўны Герб Рэспублікі Малдовы. Герб Малдовы ўяўляе сабой перасечаны шчыт, у верхняй частцы якога — чырвонае поле, у ніжняй — сіняе. У цэнтры шчыта намаляваная галава зубра, паміж рогамі якога разьмешчаная васьміпрамянёвая зорка, справа ад галавы — пяціпялёсткавая ружа, зьлева — паўмесяц, зьвернуты і зьлёгку нахілены налева. Усе элемэнты на шчыце залацістыя (жоўтыя). Шчыт зьмешчаны на грудзі арла, трымальнага ў дзюбе залатой крыж (арол-крыжак), у кіпцюрах: справа — зялёную аліўкавую галіну, зьлева — залаты скіпэтар.
Суадносіны паміж шырынёй герба і даўжынёй сьцяга ўраўноўваецца 1:5, суадносіны паміж шырынёй і даўжынёй сьцяга — 1:2.
Гістарычныя сьцягі Малдовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Малдаўскім княстве галоўным сьцягам краіны быў гаспадарскі сьцяг «Steagul cel mare». Колер сьцяга быў пераважна чырвоны, з гербам Малдовы на ім — галавой тура (зубра). Галава тура з зоркай (мелай ад 5 да 8 канцоў) паміж рогамі, з ружай (сонцам) і паўмесяцам па баках, адлюстроўвалася на пячатках, сьцягах і манэтах малдаўскіх гаспадароў з XIV стагодзьдзя. Часам, гаспадары мелі ўласныя сьцягі, на якіх аб'ядноўваліся элемэнты радавога герба з гербам краіны. Вядомыя гэтак жа воінскія харугвы й баярскія сьцягі.
Сьцяг Малдовы ў часы кіраваньня Стэфана III Вялікага (1457—1504 гг.), быў чырвонага колеру з галавой тура, паміж рогамі якога была зорка, справа — солнца[Крыніца?], зьлева — паўмесяц.
У вугорскай хроніцы[1] гэтага пэрыяду ўтрымоўваецца гравюра якая адлюстроўвае эпізод бітвы ў Баі (1467), на ёй намалявана сьцяг Стэфана III з вэртыкальнымі палосамі (элемэнт радавога гербу), мелае ў тронка, па ўсёй шырыні, герб Малдовы — галаву тура.
У 1500 годзе Стэфанам III Вялікім былі падораныя кляштару Зограф, што на Сьвятой гары Афон, два сьцяга. На сьветла-чырвоным фоне першага сьцяга вышытая постаць Сьвятога Георгія які сядзіць на троне з мячом у руках і папіраючы нагамі пераможанага змея. Два анёла адзін з мячом другі са шчытом у руках карануюць яго дзевяціпрамянёвым вянком з жамчужынамі. Вакол галовы сьвятога вышыты надпіс на грэцкай мове Сьвяты Георгі з Кападокіі. Па баках сьцяга таксама вышыты надпіс, на славянскай мове. Другі сьцяг, падоранае Стэфанам Вялікім кляштару Зограф, нагадвае царкоўныя харугвы і яго фон таксама чырвонага колеру, на якім вышытая постаць Сьвятога Георгія на белым каню, дзідай які дзівіць цмока. Па баках сьцяга вышыты надпіс на славянскай мове.
-
Малдаўскі сьцяг у бітве ў Баі. 1467
-
Сьцяг Малдовы ў часы кіраваньня Стэфана III Вялікага. 1500
-
Ваенная харугва 1500 году
-
Малдаўскі сьцяг ў бітве ў Абэртыну. 1531
Выява малдаўскіх сьцягоў перададзеныя і ў гравюры польскага храніста М. Бельскага, якая адлюстроўвае Бітву ў Абэртыну 1531 году паміж малдаванамі на чале з гаспадаром Пятром IV Рарэшам і палякамі. На малдаўскім сьцягу ў цэнтры палатна намаляваны герб Малдовы, галава зубра, справа — сонца, зьлева — паўмесяц. У 1574 годзе дэлегацыя малдаўскіх баяраў прысутнічала на каранаваньні польскага караля Генрыха Валуа, пад сьцягам сіняга колеру, на якім была намаляваная галава тура з зоркай паміж рогамі.
Гаспадарскі сьцяг Ерэмія Мовілэ, які адносіцца прыкладна да 1601 году, быў чырвоным з жоўтай аблямоўкай. У цэнтры адлюстроўвалася кальцо пад крыжом, усярэдзіне якога — галава тура. У кантоне сьцяга на белым фоне зьмешчаная легенда — поўнае імя гаспадара. Паляк Крэстафор дэ Збараз пабываўшы ў 1622 годзе ў гаспадара Стэфана IX Томшы таксама апісвае чырвоны сьцяг з галавой зубра.
У 1636 годзе Джэзі Красінскі ў сваіх запісах згадвае, што ён быў сустрэты гаспадаром Малдовы Васілём Лупу, якога суправаджалі некалькі баяраў з двума сьцягамі, адзін быў — сіняга колеру з чырвоным крыжом, другі — белы з чырвонай паласой. Пасьля гаспадар даслаў за ім некалькі дзясяткаў баяраў пад сінім сьцягам. З дакумэнту 1813 году вядома, што чырвоны сьцяг з галавой тура быў і ў гаспадара Малдовы Скарлата Калімакі (1812—1819).
У 1832 годзе для Малдовы быў уведзены Арганічны рэглямэнт, які прадугледжвае выкарыстаньне чырвона-сініх сьцягоў. Ужо, магчыма, з 1832 году выкарыстоўваўся сіні сьцяг з галавой зубра і трыма зоркамі ў чырвоным кантоне. Сьцяг Малдаўскага княства 1834—1859 гадоў адлюстроўвае (паводле Д. Чарнаводзяну) тры белыя зоркі ў чырвоным крыже, а ў вольнай часткі палотнішча — герб княства.
Таксама вядома выява малдаўскага ваеннага сьцяга 1834—1849 гадоў. Гэта было квадратнае сіняе палотнішча, у кутах якога на чырвоным фоне адлюстроўваліся залатыя васьміканцовыя зоркі, у цэнтры — галава тура пад зоркай і над імі — карона. На абарачэньні сьцяга — малюнак Сьвятога Георгія, які дзівіць цмока, і чатыры манаграмы «М», што азначаюць: ваявода Міхаіл Стурдза. У кнізе Д. Чарнаводзяну гэты сьцяг намалявана па-іншаму: вакол галовы тура вянок, зоркі ў кутах белыя. Штандар (1849) малдаўскага гаспадара Грыгорэ Алесандра Гіка - сіняе палотнішча, у чырвоных кутах жоўтыя шасьціканцовыя зоркі, у цэнтры герб княства. Штандар 1856 году меў падобны дызайн, але герб адлюстроўваўся на фоне мантыі, а чырвоныя куты з прастакутных сталі трохкутнымі.
Выява сьцяга малдаўскіх суднаў, прыпісаных да порта Галац, мы знаходзім у альбоме сьцягоў і штандараў, выдадзеным у Санкт-Пецярбургу ў 1861 годзе. На сінім полі галава тура, у чырвоным кантоне тры белыя васьміканцовыя зоркі. Праўда, апісаньне сьцяга чамусьці іншае: «Сьцяг малдаўскіх міліцый мае дзьве гарызантальныя палосы, чырвоную (верхнюю) і сінюю з зубрынай галавой на белым крыже, разьмешчаным у верхнім куце сьцяга, блізу шкатарыны».
-
Гандлевы (камерцыйны) сцяг Малдаўскага княства 1834—1859 гадоў
-
Гандлевы (камерцыйны) сцяг Малдаўскага княства 1834—1859 гадоў
-
Знамя пяхотнага палка Малдаўскай арміі. 1834
-
Знамя пяхотнага батальёна Малдаўскага княства 1834 года. аверс
-
Знамя другога батальёна Малдаўскага княства 1849 года
-
Штандар 1856-1859 гадоў
-
Афіцыйны сьцяг (па Канстытуцыі) 1831-1861 гадоў
-
Дзяржаўны сьцяг Малдаўскай Дэмакратычнай Рэспублікі
-
Знамя Sfatul Tarii. Асабовы бок
-
Знамя Sfatul Tarii. Адваротны бок
Вядомыя сьцягі МДР 1917—1918 гадоў: трыкалёр зь сіняй, жоўтай і чырвонай гарызантальных палос. Знамя Sfatul Tarii — з гербам у цэнтры жоўтай паласы, над гербам разьмяшчаўся надпіс: «REPUBLICA DEMOKRATICA MOLDOVENEASCA SI INDEPENDENTA». Другі сьцяг (ці другі бок) аналягічных колераў з надпісам: «SFATUL TĂRII» і гербам.
У Канстытуцыі АМССР (23.04.1925) гаварылася (артыкул 48): «Аўтаномная Малдаўская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка мае свае дзяржаўныя герб і сьцяг, усталяваныя Малдаўскім Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам і якія зацьвярджаюцца Ўсеўкраінскім Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам» 4 верасьня 1925 году на паседжаньні Прэзыдыўма ЦВК АМССР было заслухана пытаньне «Аб конкурсе на праект дзяржаўных герба і сьцяга АМССР», уся праца па разглядзе праектаў была ўскладзеная на адмыслова створаную камісію. 21 верасьня Малы Прэзыдыўм ЦВК АМССР разгледзеў на сваім паседжаньні атрымалыя найбольшую падтрымку праекты герба і сьцяга. На чырвоным палотнішчы сьцяга прадугледжвалася адлюстраваць катах кукурузы і пшанічны колас, перавітыя вінаграднай лазой, абрэвіятуру «Р.А.С.С.М.» з сярпом і молатам. Малы Прэзыдыўм ЦВК ухваліў праекты, але занёс зьмены. У прыватнасьці, у праект сьцяга прапаноўвалася занесьці наступныя папраўкі: а) сярпу і молату надаць выгляд, аналягічны прынятаму на саюзным гербе; б) літары Р.А.С.С.М. зьмясьціць дугой у левым верхнім куце канцамі ўніз; в) кукурузу і колас абвіць вінаграднай лазой так, каб лісьце вінаграда зьвешвалася па баках і ў сярэдзіне.
19 кастрычніка 1925 году ЦВК АМССР на сваім паседжаньні зацьвердзіў вышэйапісаныя праекты дзяржаўнага герба і сьцяга АМССР на падставе пастановы Малога Прэзыдыўма ЦВК АМССР ад 21.09.1925.
31 студзеня 1937 году была прынятая новая Канстытуцыя Ўкраінскай ССР, на падставе якой ВУЦВК 21 красавіка 1937 году ўдакладніў малюнак Дзяржаўнага герба УССР і ў траўні 1937 — зьмяніў малюнак Дзяржаўнага сьцяга УССР. Гэтыя новыя ўкраінскія герб і сьцяг склалі аснову новых герба і сьцяга Малдаўскай АССР, апісаньне якіх было дадзена ў артыкулах 111 (герб) і 112 (сьцяг) новай Канстытуцыі МАССР, прынятай 6 студзеня 1938 году. З дапамогай аналізу раўналежных тэкстаў гэтай Канстытуцыі на малдаўскай мове ў лацінскай графіцы і на ўкраінскай мове можна ўсталяваць украінскія і малдаўскія надпісы на сьцягу: украінскія — «УРСР» і «Молдавська АРСР», малдаўскія — «RSSU» і «RASS Moldovenească».
27 лютага 1938 году (усяго праз 52 дні пасьля сьцьвярджэньня Канстытуцыі) Бюро Малдаўскага абкаму КП(б) Украіны прыняло пастанову, аб перакладзе малдаўскай пісьменнасьці на азбуку, у адпаведнасьці зь якім, па-за сумневам, у 1938 годзе былі прынятыя заканадаўчыя акты Малдаўскай АССР, якія зацьвердзілі надпісы на гербе і сьцягу на малдаўскай мове, як «РССУ» і «РАСС Молдовеняскэ».
Паводле артыкула 123 10-ы разздзелы Канстытуцыі МССР, прынятай 10 лютага 1941 году: «Дзяржаўны сьцяг Малдаўскай ССР складаецца з чырвонага палотнішча, з малюнак у левым куце ў тронка зьверху, залатых сярпа і молата і залатых літар „РССМ“. Суадносіны шырыні да даўжыні 1:2».
Сьцяг Малдаўскай ССР быў зацьверджаны ўказам Прэзыдыўма ВС МССР ад 31 студзеня 1952 году. Ён складаўся з чырвонага палотнішча, перасечанага зялёнай гарызантальнай паласой, шырыня якой роўная 1/4 часткі шырыні палотнішча сьцяга. У верхнім куце ў тронка, як і ў астатніх савецкіх сьцягоў, зьмяшчаліся залатыя серп і молат і чырвоная зорка, апраўленая залатой аблямоўкай. Суадносіны шырыні да даўжыні — 1:2. Сьцяг апісваўся ў артыкуле 168 Канстытуцыі МССР 1978 году.
Падобныя сьцягі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьцяг Малдовы, нараўне з сьцягам Парагваю й сьцягам Саудаўскай Арабіі, зьяўляецца адным з нешматлікіх дзяржаўных сьцягоў, якія выглядаюць па-рознаму спераду і ззаду. На сьцягу Малдовы герб намаляваны толькі з франтальнага боку.
Іншыя сьцягі Малдовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьцяг узброеных сіл Малдовы быў зацьверджаны ў жніўні 1998 году. Гэты сьцяг уяўляе сабой сіняе палотнішча з чырвоным прамым крыжом, мелым жоўтую акантоўку. У цэнтры знаходзіцца эмблема малдаўскага войска. Суадносіны бакоў 3:2. Эмблема ўяўляе сабой залатога арла з срэбнымі крыжам у дзюбе, мячом і булавой у кіпцюрах; на грудзі малдаўскі шчыток.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ І. Кюкюла 1488 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьцяг Малдовы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў