Сяргей Балахонаў
Сяргей Балахонаў лац. Siarhiej Bałachonaŭ | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 24 красавіка 1977 (47 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, паэт, настаўнік, літаратурны крытык |
Мова | беларуская мова[2] |
http://balachonau.puls.by/ |
Сярге́й Балахо́наў (нарадзіўся 24 красавіка 1977 году) — беларускі пісьменьнік.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Гомелі (афіцыйна, а насамрэч у вёсцы Сьвяцілавічы Веткаўскага раёну). Скончыў гомельскую сярэднюю школу № 49 з паглыбленым вывучэньнем нямецкае мовы (1994), гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1999). Ад таго часу настаўнічае (зь перапынкам на службу ў войску (2000)). Жыве пераважна ў Гомелі. Халасты.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сталая літаратурная творчасьць пачалася ў 1992 годзе. Аднак усе творы, напісаныя да восені 1998 году, нідзе не публікаваліся. Сярод іх вершаваныя зборнікі «Сонцавароты», «Брама сталасьці», «Мой беларускі…», «Дваццатае вока вясны», «Паляваньне на тэкст», няскончаныя эпічныя паэмы «Прывітаньне, мая каханая» ды «Алесь Гальшэўскі», некалькі фантастычных апавяданьняў ды аповесьць «Іх спаткала нявосень».
Першыя публікацыі зьявіліся ўвосень 1998 году ў самвыдаце «Сымболь» (Менск, рэдактар Вадзім Карцаў) і адначасна ў газэтах «Наша слова» і «Наша Ніва». У 1999 годзе стаў адным з аўтараў, безь якіх, па словах Л. Рублеўскай, нельга было ўявіць тагачаснай «Нашай Нівы». Ад тае пары на старонках «Нашай Нівы» публікаваліся ягоныя дзёньнікавыя творы, шэраг апрацаваных гарадзкіх легенд «Die modernen Sagen» («Сучасныя сагі»), эсэ, гістарычныя містыфікацыі, вершы, музычныя рэцэнзіі ды іншае.
У 1999—2000 гадах шэраг тэкстаў С. Балахонава друкавала газэта гомельскага Задзіночаньня беларускіх студэнтаў «ЗуБаСьцік». У той самы час і да 2001 году наладзілася сталая творчая супраца з гомельскай маладзёвай газэтай «Undergroўnd» (рэдактар Кастусь Гусараў), у якой была надрукавана апавяданьне-трылёгія «Мажджаліна» пад псэўданімам Сяргей Лобан.
У 2001 годзе дэбютаваў на старонках часопіса «ARCHE» з апавяданьнем «Сьмерць лютністы», у анатацыі да якога аўтара ўпершыню зьвязваюць з постмадэрнісцкай плыньню. Надалей пісьменьнік выяўляе сябе апалягетам постмадэрнізму, ведучы палеміку з крытыкам літаратуры Данілам Жукоўскім (артыкулы «Сартр за наваградзкай камяніцай», «Ізноў пра кляты постмадэрнізм», «Архіпэляг постмадэрн», «Entlarvung адзінокага ў пустэльні»).
У 2005 годзе адбыўся дэбют у замежным пэрыёдыку: чэскі часопіс «Host» зьмясьціў яго літаратуразнаўчы артыкул «Nĕkdo tam je, aneb Rozcestí nove bĕloruské literatury». Пры канцы 2005 году ў выдавецтве Ігара Логвінава была выдадзена першая кніга пісьменьніка — зборнік прозы «Імя грушы», які на пачатку 2007 г. трапіў у шорт-ліст прэтэндэнтаў на атрыманьне літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес — 2006». У 2006 г. у літаратурна-мастацкім альманаху «Калосьсе» (рэдактар Алесь Аркуш) была апублікавана аповесьць «Сьнег капітана Мантгомэры», падзеі якой разгортваюцца ў Гомелі часоў казацка-сялянскай вайны XVII стагодзьдзя. Падборка твораў С. Балахонава ўвайшла ў аўдыёхрэстаматыю сучаснай беларускай літаратуры «Начная чытанка» (2007). Працаваў над перакладам шэрагу твораў для музычных складанак «Тузін. Перазагрузка» (2009) і Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2 (2011).
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Імя грушы» (2005) ISBN 985-6701-87-2
- «Зямля пад крыламі Фенікса. Нарысы з паралельнай гісторыі Беларусі» (2012) ISBN 978-985-562-033-5
- «Інфанта і аднарог» (2015)[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #1021986674 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ https://web.archive.org/web/20200317214824/https://kniharnia.by/catalog/suchasnaya_proza/infanta_i_adnarog/