Перайсьці да зьместу

Уладзімер Вуйтэк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Вуйтэк
Рост 183 см
Вага 89 кг
Пазыцыя Правы нападнік
Кідок/Ловы правы
Грамадзянства
Дата нараджэньня 17 лютага 1972 (52 гады)
Месца нараджэньня Острава, Чэхаславаччына
Выступаў за
Нацыянальная зборная Мужчынская зборная Чэхіі па хакеі Чэхія
Драфт НХЛ 73-і, 1991
Манрэаль Канадыенз
Гульнявая кар’ера 1992—2007

Ула́дзімер Ву́йтэк (па-чэску: Vladimír Vůjtek; нарадзіўся 17 лютага 1972 году, Острава, Чэхаславаччына) — былы чэскі хакейны правы нападнік. Сын трэнэра зборнай Славаччыны Уладзімера Вуйтэка.

Перад пераездам за акіян Вуйтэк два сэзоны адгуляў за клюб Чэхаславацкай экстралігі «Віткавіцы». У Паўночнай Амэрыцы дэбютаваў за клюб Заходняй хакейнай лігі «Тры-Сыці Амэрыканз», а ў сэзоне 1991—1992 рокаў згуляў дзьве гульні за клюб Нацыянальнай хакейнай лігі «Манрэаль Канадыенз», пасьля чаго вярнуўся ў «Амэрыканз». Перад наступным сэзонам Вуйтэк перайшоў у клюб «Эдмантан Ойлерз» і за два гады адгуляў у ім 70 матчаў. Падчас лякаўту 1994—1995 рокаў вярнуўся ў Эўропу, дзе выступаў за свой былы клюб «Віткавіцы», а таксама ў фінскай СМ-Лізе за «Эсят Поры».

На Чэмпіянаце сьвету 2007 року Чэхія выйшла з групы зь першага месца, а ў плэй-оф галоўным чынам дзякуючы хэт-трыку Вуйтэка перамагла Канаду, аднак ён сам у выніку некалькіх сутычак атрымаў у гэтым матчы страсеньне мозгу. Тым ня меней, у складзе зборнай ён стаў бронзавым прызэрам, а таксама быў прызнаны найлепшым гульцом і найбольш прадуктыўным гульцом (абодва — разам з Марцінам Прахазкам) ды ўвайшоў у зборную ўсіх зорак турніру.

У 1997 Уладзімер Вуйтэк вярнуўся ў НХЛ, згуляў 30 матчаў за «Тампа Бэй Лайтнінг», пасьля чаго ў яго быў выяўлены хранічны Вірус Эпштайна — Бар[1], з-за чаго Вуйтэк прапусьціў рэшту сэзону. Разьвітаўшыся з «Маланкамі», ён на сэзон вярнуўся ў «Віткавіцы».

У 1999 Уладзімер Вуйтэк падпісаў кантракт з «Атланта Трэшэрз». У перадсэзоннай гульні зь «Нью-Ёрк Рэйнджэрз» Вуйтэк быў траўмаваны каньком нападніка Валерыя Каменскага і адвезены ў шпіталь, дзе знаходзіўся на апэрацыі цягам 2,5 гадзінаў, цягам якіх на правую шчаку яму былі накладзеныя 100 швоў[2]. Адгуляўшы тры гульні рэгулярнага сэзону, Вуйтэк зноў вярнуўся ў Чэхію.

У Экстралізе ён два сэзоны выступаў за праскую «Спарту», пасьля чаго меў пасьпяховы сэзон у «ХПК Хямэенліна». Трэцяе вяртаньне Вуйтэка ў НХЛ адбылося ў 2002 року падпісаньнем кантракту на адзін год з «Пітсбург Пінгвінз». Паказаўшы шматабяцальныя вынікі ў трэніровачных гульнях перадсэзонкі[3], ён ня здолеў адзначыцца ў рэгулярным сэзоне. Згуляўшы ў тройцы з Аляксеем Кавалёвым і Вільле Нэймінэнам пяць гульняў, у якіх аддаў адзін пас, Вуйтэк вырашыў спыніць супрацу з клюбам.

Вярнуўшыся ў Эўропу, Уладзімер Вуйтэк гуляў у чэмпіянатах Чэхіі, Фінляндыі, Расеі і Швайцарыі. Свой апошні сэзон 2006—2007 правёў за клюб чэскай Экстралігі «Ацэларжы Тршынец».

  • Першая каманда ўсіх зорак Заходняй хакейнай лігі 91/92
  • Трэцяя зборная ўсіх зорак Цэнтральнай хакейнай лігі 91/92
  • Зборная ўсіх зорак Чэмпіянату сьвету 96/97
  • Бронзавы мэдаль Чэмпіянату сьвету 96/97
  • Найлепшы бамбардыр Чэмпіянату сьвету 96/97
  • Найбольш выніковы гулец Чэмпіянату сьвету 96/97
  • Чэмпіён чэскай Экстралігі 99/00
  • Зборная ўсіх зорак СМ-Лігі 01/02
  • Бронзавы мэдаль СМ-Лігі 01/02
  • Гулец месяцу СМ-Лігі 01/02

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]