Формула-1
Формула-1 | |
Катэгорыя | аўтагонкі на аўтамабілях з адкрытымі коламі |
---|---|
Рэгіён | міжнародны |
Першы сэзон | 1950 |
Пілётаў | 20 |
Камандаў | 10 |
Канструктараў | 10 |
Рухавікі | |
Шыны | Пірэльлі |
Пераможцы | |
Дзейны чэмпіён | Льюіс Гэмілтан |
Дзейны канструктар | Мэрсэдэс |
formula1.com (анг.) | |
Актуальны сэзон |
«Фо́рмула-1» (па-ангельску: Formula One), Ф1 анг. F1 — чэмпіянат сьвету па колцавых аўтагонках на аўтамабілях з адкрытымі коламі пад эгідай Міжнароднай аўтамабільнай фэдэрацыі (ФІА). Чэмпіянат сьвету Формулы-1 праводзіцца кожны год і складаецца з асобных Гран-пры, або этапаў. У канцы году выяўляецца пераможца чэмпіянату. У Формуле-1 спаборнічаюць як асобныя пілёты, так і каманды. Пілёты спаборнічаюць за тытул чэмпіёна сьвету, а каманды — за Кубак канструктараў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чэмпіянат Формулы-1 паўстаў з эўрапейскага Гран-пры, а назва паходзіць ад сфармуляванага збору правілаў (формулаў), укладзеных у 1946 року. Першая гонка адбылася ў тым жа року ў італьянскім Турыне. З 1950 року пачаліся ладзіцца рэгулярныя чэмпіянаты, а ў 1958 року зьявіўся чэмпіянат сярод канструктараў. Першымі ўдзельніцамі «Формулы-1» былі тыя ж каманды, што змагаліся і ў даваенных чэмпіянатах Эўропы: «Альфа Рамэо», «Фэрары», «Мэрсэдэс-Бэнц» ды «Мазэраці».
Пераможцам першага чэмпіянату Формулы-1 стаў італьянскі гоншчык каманды «Альфа Рамэо» Джузэпэ Фарына. Аднак у 1950-х дамінаваў ягоны партнэр па камандзе аргентынец Хуан Мануэль Фанхіё, чый рэкорд у 5 заваяваных тытулаў трымаўся 45 гадоў (у 2003 року немец Міхаэль Шумахер заваяваў сваё шостае чэмпіёнства).
Брытанскі аўтагоншчык Стэрлінг Мос у 1955—1961 роках чатыры разы станавіўся віцэ-чэмпіёнам і яшчэ тройчы займаў трэцяе месца. Паводле стану на 2020 рок ён лічыцца найлепшым гоншчыкам з тых, якія ня здолелі стаць чэмпіёнамі.
У 1954 року «Мэрсэдэс-Бэнц» прадставіў новы рухавік W196 з дэсмадромнымі клапанамі(d) ды ўпырскваньнем паліва(d). Зь ім кіроўцы станавіліся чэмпіёнамі два гады запар, пакуль пасьля катастрофы ў Ле-Мане «Мэрсэдэс» не сышоў з матаспорту.
З 1958 року (калі ня ўлічваць Стэрлінга Моса) у Формуле-1 пачалося брытанскае дамінаваньне: да 1974 року чэмпіёнамі 9 разоў станавіліся Майк Готарн, Джым Кларк, Джэкі Ст’юарт, Джон Сэртыс і Грэм Гіл — а брытанскія каманды ў гэты пэрыяд заваявалі 14 канструктарскіх кубкаў. У 1968 року дамінантная брытанская каманда «Лотус» упершыню разьмясьціла на сваіх машынах рэкляму.
Перамогі аўстралійца Джэка Брэбэма ў 1959, 1960 і 1966 роках паступова давялі перавагу сярэдняга разьмяшчэньня рухавіка, і ў сэзоне 1961 року ўдзельнічала толькі адна машына, Ferguson P99, зь пярэднім разьмяшчэньнем рухавіка. Наступным найістотнейшым новаўвядзеньнем стала зьяўленьне ў сэзоне 1962 ў машынах «Лотусу» ліставога алюмінавага монакоку(d) замест традыцыйнага прасторавага(d) дызайну.
Ад зьяўленьня ў канцы 1960-х рокаў аэрадынамічнага профілю(d) вырасла значэньне прыціскной сілы(d). У канцы 1970-х «Лотус» прадставіў прызямляльную(d) аэрадынаміку, якая характарызавалася агромністай прыціскной сілай і значным павелічэньнем паваротных хуткасьцяў. Аэрадынамічныя сілы прыціску на аўтамабілі настолькі вырасьлі (да пяці вагаў самога аўтамабілю), што для захоўваньня аднолькавага дарожнага прагалу спатрэбіліся спружыны асаблівай цьвёрдасьці, і падвеска стала фактычна нерухомай.
У сэзоне 1983 року была ўведзеная забарона на прызямляльную аэрадынаміку(d). Аднак да гэтай пары даказалі сваю прыдатнасьць упершыню ўведзеныя ў 1977 року камандай «Рэно» рухавікі з турбанадзіманьнем(d). У 1987 року гэтыя машыны з рухавікамі BMW магутнасьцю 820 кВт (1100 к. с.) сталі наймагутнейшымі балідамі ва ўсёй гісторыі колцавых аўтагонак. Каб абмежаваць магутнасьць рухавікоў, а зь ёю і хуткасьць машынаў, у 1984 року ФІА абмежавала ёмістасьць бакаў, у 1988 року — наганяньне ціску, а ў 1989 року і ўвогуле забараніла турбанадзімальныя рухавікі.
У 1980-я рокі пачалося разьвіцьцё электронных сродкаў дапамогі кіраваньню. У 1982 на машыне Lotus 91 упершыню была прадстаўленая актыўная падвеска. Ейнае паступовае ўдасканаленьне дапамагло Айртану Сэне перамагчы на Гран-пры Манака-1987. У пачатку 1990-х рокаў сталі разьвівацца сыстэмы паўаўтаматычнага пераключэньня перадачаў і рэгуляваньня колавае цягі. У 1994 року ФІА забараніла мноства з гэтых дапаможнікаў з прычыны таго, што яны сталі ўплываць на вынікі гонак болей, чымся майстэрства кіроўцаў. У выніку мноства аўтамабіляў, што выкарыстоўвалі новыя тэхналёгіі, сталі няўстойлівымі ў кіраваньні (напрыклад, Williams FW16).
У канструктарскім змаганьні 1980—1990-х рокаў дамінавалі каманды «Макларэн» ды «Ўільямз». У гэты пэрыяд «Макларэн» перамог у 16 чэмпіянатах, а «Ўільямз» заваяваў 7 канструктарскіх тытулаў і 9 асабістых (у суме таксама 16). З 1988 року галоўным стала процістаяньне гоншчыкаў Айртана Сэны і Алена Проста, скончанае ў 1993 сыходам апошняга з гонак. У наступным року Айртан Сэна загінуў, разьбіўшыся на Гран-пры Сан-Марына; за дзень да гэтага падчас кваліфікацыі загінуў яшчэ адзін пілёт, Ролянд Ратцэнбэргер. Тады ФІА занялася павышэньнем стандартаў бясьпекі, і сьмерцяў ад сутычак на трасе не было цягам 20 гадоў (на Гран-пры Японіі-2014 Жуль Б’янкі пасьлізнуўся на трасе і разьбіўся аб аўтамабіль тэхдапамогі).
На падставе клопату пра бясьпеку ФІА самаўласна зрабіла зьмены ў правілы (якія паводле ранейшых пагадненьняў павінны ўхваляць усе каманды). Найбольш значныя зьмены, гэтак званая «эра вузкіх дарог», набылі моц у сэзоне 1998 року. Як вынік, заднія шыны і ў цэлым гоначныя трасы сталі вузейшыя, а таксама былі прынятыя шыны з барознамі, якія зьмяншалі счапленьне з дарогай. Такім чынам ФІА спадзявалася зьменшыць хуткасьць аўтамабіляў на паваротах, наблізіўшы ўмовы гонкі да дажджлівага надвор’я.
Рашэньне было неадназначным. Вынаходлівыя інжынэры пачалі кампэнсаваць дэфіцыт мэханічнага счапленьня ўдасканальваньнем счапленьня аэрадынамічнага, павялічваючы ціск на шыны прымяненьнем крылаў ды іншых аэрадынамічных рашэньняў. Гэтыя мэтады, у сваю чаргу, прывялі да зьмяншэньня колькасьці абгонаў: кіроўцы імкнуліся не набліжацца да пярэдняга аўто, каб не захапіць «бруднага» паветра, ад чысьціні якога залежала эфэктыўнасьць аэрадынамікі. Барознавыя шыны мелі яшчэ адзін староньні эфэкт: паколькі яны складаліся з цьвярдзейшых матэрыялаў (бо мелі трымаць цяжэйшыя барознавыя блёкі), пры браку аэрадынамічнага счапленьня здараліся дзіўныя інцыдэнты, бо счапленьне такіх шынаў з дарогай не было ранейшым.
З 1984 па 2008 рокі пераможцамі ўсіх чэмпіянатаў станавіліся гоншчыкі «Вялікай чацьверкі»: «Макларэну», «Ўільямзу», «Рэно» (былога «Бэнэтону») і «Фэрары». Гэтыя ж каманды выйгралі ўсе Кубкі канструктараў 1979—2008 рокаў, прытым у 1989—1997 роках занялі ўсе першыя чатыры месцы, а таксама перамаглі ва ўсіх гонках, за выключэньнем Гран-пры Манака-1996. Панаваньне «Вялікай чацьверкі», а таксама аграмадны кошт удзелу ў чэмпіянаце выклікаў сыход слабейшых камандаў з «Формулы-1». З 1990 року яе пакінулі 28 камандаў.
ФІА некалькі разоў зьмяняла правілы з мэтай зьмяншэньня коштаў і павелічэньня відовішчнасьці гонак. У 2002 року ўпершыню ад пачатку Формулы-1 былі забароненыя камандныя загады, паколькі яны сталі відавочна злоўжывацца камандамі з мэтай здабыцьця найвыгаднейшых для сябе вынікаў. Акрамя гэтага, зьмянілася сыстэма кваліфікацыі, падліку пунктаў, тэхнічныя патрабаваньні і правілы што да зносаўстойлівасьці рухавікоў ды шынаў. «Шынная вайна» між вытворцамі «Michelin» ды «Bridgestone» прывяла да падзеньня хуткасьці праезду трасы; а на Гран-пры ЗША-2005 у Індыянапалісе сем зь дзесяці камандаў ня бралі ўдзелу пасьля прызнаньня шынаў «Michelin» небясьпечнымі. У выніку адзіным пастаўцом шынаў у сэзоне-2007 быў «Bridgestone».
У 1999—2004 роках шэсьць запар Кубкаў канструктараў выйграла «Фэрары», зь іх пяць — зь Міхаэлем Шумахэрам (2000—2004). Шумахэр усталяваў шэраг рэкордаў: 91 перамога ў Гран-пры; 13 перамог з 18 у сэзоне; 7 чэмпіёнстваў у асабістым заліку.
З 1983 року ў Формуле-1 дамінавалі спэцыялізаваныя каманды кшталту «Ўільямзу», «Макларэну», «Бэнэтону», якія карысталіся рухавікамі буйных вытворцаў: «Мэрсэдэсу-Бэнцу», «Хонды», «Рэно», «Форду». У 2000 року Форд прадставіў каманду «Ягуар», якая стала першай новай камандай упершыню з сыходу «Альфа-Рамэо» і «Рэно» ў канцы 1985 року. А ўжо да 2006 у Формуле-1 дамінавалі каманды вытворцаў: «Рэно», «БМВ», «Таёты», «Хонды», «Фэрары» — адзіным канкурэнтназдольным ім заставаўся «Макларэн», хоць і той часткова належаў «Мэрсэдэсу-Бэнцу».
У 2008—2009 роках з прычыны эканамічнага крызісу з чэмпіянату сышлі «Хонда», «БМВ» ды «Таёта», з чым скончылася панаваньне камандаў вытворцаў. Іхнія каманды перайшлі пад уласнасьць іншых асобаў. Такім чынам, з вытворцаў у гонках засталіся «Мэрсэдэс-Бэнц», «Рэно», «Макларэн» ды «Фэрары».
Каб кампэнсаваць сыход вытворцаў, у сэзон-2010 былі прынятыя чатыры новыя каманды: «Лотус», «Гішпанія», «Вэрджын» ды «ЗША»; апошняя, аднак, зь фінансавых прычынаў нават ня здолела сфармавацца. Паступова былі расфармаваныя яшчэ тры каманды, якія ня здолелі канкураваць з багацейшымі.
У сэзоне 2014 року ФІА замяніла безнадзіманыя V8-рухавікі аб’ёмам 2,4 літра на турбанадзіманыя гібрыдныя аб’ёмам 1,6 л. Дзякуючы гэтаму ў гонкі зноў пачала пастаўляць рухавікі «Хонда», але дамінаваць стаў «Мэрсэдэс», гоншчыкі якога Льюіс Гэмілтан і Ніка Росбэрг перамаглі ў 16 з 19 гонак сэзону.
Наступнай у «Формулу-1» вярнулася ў 2016 року каманда «Рэно», у 2018 «Астан Марцін» ды «Альфа-Рамэо» заняліся спонсарскай дапамогай, а пазьней выставілі і ўласныя каманды.
Сэзоны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Правілы гонак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гран-пры Формулы-1 ладзіцца ў выходныя дні і пачынаецца ў пятніцу дзьвюмя разьміначнымі гонкамі (толькі ў Манака яны перанесеныя на чацьвер). У суботу ладзіцца ашчэ адна трэніроўка. У пятніцу могуць трэніравацца і запасныя кіроўцы пры ўмове, што ад каманды езьдзяць ня болей за два аўтамабілі. Пасьля суботняй трэніроўкі праводзяцца кваліфікацыйныя заезды, па выніках якіх вызначаюцца стартавыя месцы кіроўцаў на нядзельнай гонцы.
Шыны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 2016 року «Пірэльлі» атрымала права прадастаўляць на кожную гонку тры розныя катэгорыі шынаў, выбар зь якіх належыць уласна камандам. Выбар шынаў агалошваецца за месяц да гонкі. Кіроўцы могуць выбраць 10 з 13 шынаў любой катэгорыі (зь сямі мяккіх, чатырох сярэдніх і дзьвюх цьвёрдых).
Кваліфікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сучасны выгляд кваліфікацыя набыла ў сэзоне 2006 року. Яна падзеленая на тры часткі (спробы), у кожнай зь якіх кіроўцы змагаюцца за выхад у наступную частку. У кожнай з частак кіроўцы могуць езьдзіць колькі заўгодна колаў. Улічваецца толькі найхутчэйшы вынік кіроўцы ў дадзеным пэрыядзе. Найслабейшыя кіроўцы выбываюць з кваліфікацыі (але ня з гонкі). Іхняя колькасьць залежыць ад агульнай колькасьці машынаў у чэмпіянаце. Пры цяперашняй колькасьці ў 20 машынаў у першай частцы выбываюць 5 найпавольнейшых кіроўцаў. Кіроўцы з вынікам у гэтым раўндзе, горшым на 107% ад найлепшага часу, ня змогуць выступіць у гонцы без дазволу ст’юардаў. Апошняе правіла не прымяняецца ў 2-м і 3-м пэрыядах кваліфікацыі.
У 2-й частцы кваліфікацыі астатнія 15 кіроўцаў змагаюцца за 10 найлепшых вынікаў, якія даюць ім магчымасьць выйсьці ў наступную частку. У 3-й частцы разьмяркоўваюцца месцы ў стартавай дзясятцы машынаў. Усе ўдзельнікі 3-й часткі кваліфікацыі мусяць стартаваць у гонцы на тых самых шынах, на якіх паказалі найлепшы вынік у 2-й частцы кваліфікацыі (калі надвор’е не вымагае выкарыстаньня адмысловага тыпу шынаў). Астатнія кіроўцы вольныя выбіраць стартавы камплект шынаў.
У канцы кваліфікацыі прымяняюцца магчымыя штрафы, якімі могуць караць кіроўцаў за парушэньні на ранейшых гран-пры, за зьмену дэталяў каробкі перадачаў ці рухавіку. Машыны, якія не прайшлі перадкваліфікацыйны тэхнічны агляд, не бяруць удзелу ў кваліфікацыі, але ў гонцы з дазволу ст’юардаў могуць стартаваць з апошняй пазыцыі.
Гонка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гонка пачынаецца разагравальным колам, пасьля якога гоншчыкі выстройваюцца на старце паводле вызначаных у кваліфікацыі пазыцыяў. Гэтае кола дазваляе кіроўцам праверыць стан аўтамабілю і трасы, разагрэць шыны.
Пасьля вяртаньня на старт сыгнал да гонкі падаюць сьветлафоры. З 1980 року агульная працягласьць трасы ўсталяваная роўнай 305 км, але існуюць і карацейшыя трасы (напрыклад, Манака), каб укласьціся ў дзьвюхгадзінны прамежак часу.
Цягам гонкі кіроўцы змагаюцца за першынство, абганяючы адзін аднаго. Кіроўцы, якія праехалі меней колаў за астатніх, павінны саступаць заднім аўтамабілям пры абгоне.
У часе гонкі кіроўцы могуць заяжджаць на кароткачасовыя прыпынкі дзеля зьмены шынаў і рамонту. Колькасьць прыпынкаў залежыць ад выбранай стратэгіі кожнай каманды, але яны абавязаныя выкарыстаць два з абраных імі тыпаў шынаў, а значыць, зрабіць прынамсі адзін прыпынак. Даўней на піт-стопе можна было дазаправіцца (сэзоны 1994—2009) альбо нават замяніць кіроўцу. Але сучасныя гоначныя аўтамабілі настолькі адрэгуляваныя пад канкрэтнага пілёта, што цяпер зрабіць гэтак немагчыма.
Пераможцай гонкі лічыцца машына, якая фінішавала першай, праехаўшы вызначаную колькасьць колаў. Звычайна гонка ўкладаецца ў дзьве гадзіны, але калі з прычынаў благога надвор’я ці аварыяў адбылася затрымка, то колькасьць колаў можа быць зьменшаная. Гоншчыкі, якія не дайшлі да фінішу з прычыны аварыі, сапсаваньня аўтамабілю ці зь якой іншай прычыны, не займаюць ніякога месца ў фінішным пратаколе, калі праехалі менш за 90% дыстанцыі. Гоншчыкі, якіх абганялі ўсе іншыя, пазначаюцца ў пратаколе як «адсталыя на пэўную колькасьць колаў».
У выпадку інцыдэнту на трасе, які пагражае бясьпецы ўдзельнікаў ці прысутных побач маршалкаў на трасу можа быць выпушчаная машына бясьпекі. Гэта азначае прыпыненьне гонкі: усе гоншчыкі павінны ехаць усьлед за гэтай машынай, не абганяючы адзін аднаго. Падчас прысутнасьці на трасе машыны бясьпекі можна карыстацца піт-стопам. Машына бясьпекі зьяжджае з трасы пасьля таго, як зьнікне пагроза бясьпецы; ейную ролю да стартавай лініі пераймае першы гоншчык, пасьля чаго гонка працягваецца ў звычайным рэжыме. Машына бясьпекі — адносна нядаўняе новаўвядзеньне, якое дазваляе не спыняць гонку цалкам і не зрываць трансьляцыю для ўсё большай тэлевізійнай аўдыторыі па ўсім сьвеце.
Сьцягі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Колер | Сьцяг | Значэньне |
---|---|---|
Шчыт машыны бясьпекі | Выстаўляецца ў спалучэньні з жоўтым сьцягам. Азначае, што на трасе знаходзіцца машына бясьпекі. Дзейнічаюць абмежаваньні жоўтага сьцяга. Кіроўцы мусяць запаволіцца і заставацца на сваіх пазыцыях. | |
Шчыт віртуальнай машыны бясьпекі | Выстаўляецца ў спалучэньні з жоўтым сьцягам. Азначае, што дзейнічае рэжым віртуальнай машыны бясьпекі. У гэты пэрыяд кіроўцы атрымліваюць зьвесткі пра мінімальны час, за які яны могуць пераадолець сэктар. Прымяняюцца абмежаваньні падвойнага жоўтага сьцяга. Час машынаў вымяраюць маршалкі (прыкладна праз кожныя 50 м трасы), і розьніца між часам машыны і мінімальным часам перадаецца кіроўцу. Яна павінна заставацца дадатнай і цягам усяго рэжыму віртуальнай машыны бясьпекі, інакш кіроўца можа быць аштрафаваны. | |
Зялёны | Дзейнічаюць звычайныя правілы гонкі. Паказваецца пасьля жоўтага сьцяга, каб паведаміць, што пагроза мінула. Зялёныя сьцягі паказваюцца на ўсіх участках трасы на працягу кола пасьля прыбіраньня жоўтых (або ад’езду машыны бясьпекі). Таксама паказваюцца ў пачатку гонкі. | |
Жоўты | Азначае небясьпеку на ці побач з трасай (маханьне сьцягам — на трасе, нерухомы сьцяг — ля трасы). Маханьне двума сьцягамі азначае, што кіроўцы павінны запаволіцца, бо на трасе ці побач працуюць маршалкі, і, магчыма, давядзецца спыняцца. | |
Жоўта-чырвоны паласаты | Склізкая траса, магчыма, праз разьлітую ваду, аліву ці раскіданыя аскепкі. Калі на трасе знаходзіцца жывёла, сьцяг могуць «калыхаць» у бакі (не махаць). | |
Блакітны | Кіроўца, які едзе сьпераду, павінен дазволіць хутчэйшаму аўтамабілю абагнаць яго, бо адстае на кола. Калі кіроўца не зважае на сьцяг тройчы, то можа быць аштрафаваны. | |
Белы | Азначае, што наперадзе знаходзіцца павольны аўтамабіль. Часта выкарыстоўваецца на выезьдзе зь піт-лініі, дзе зьяўляюцца аўтамабілі, што выяжджаюць з кароткага прыпынку. | |
Чорны з аранжавым кругам | Аўтамабіль пашкоджаны ці мае мэханічную праблему, неабходна неадкладна вярнуцца ў гараж. Побач пазначаецца нумар аўтамабіля. | |
Белы напалову з чорным | Папярэджаньне кіроўцу за неспартовыя ці небясьпечныя паводзіны. Пры далейшым паўтарэньні можа быць паказаны чорны сьцяг. Побач пазначаецца нумар аўтамабіля. | |
Чорны | Кіроўца дыскваліфікаваны. Побач пазначаецца нумар аўтамабіля. Можа паказвацца пасьля белага напалову з чорным сьцягу. | |
Чырвоны | Неадкладнае спыненьне гонкі/кваліфікацыі/трэніроўкі з прычыны небясьпечнага стану. | |
Клятчасты | Канец гонкі, кваліфікацыі або трэніроўкі. |
Падлік пунктаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1-е | 2-е | 3-е | 4-е | 5-е | 6-е | 7-е | 8-е | 9-е | 10-е | НК* |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
25 | 18 | 15 | 12 | 10 | 8 | 6 | 4 | 2 | 1 | 1 |
*Каб зарабіць пункт за найхутчэйшае кола, кіроўца мусіць фінішаваць у першай дзясятцы. Калі кіроўца з найхутчэйшым вынікам праезду кола ня трапіў у дзясятку, то пункт не атрымлівае ніхто.
Пункты за першыя дзесяць месцаў у гонцы атрымліваюць і кіроўцы, і канструктары. Калі абодва кіроўцы аднае каманды трапілі ў дзясятку, то канструктар атрымлівае пункты за іх абодвух. Заробленыя ва ўсіх гонках пункты складаюцца, і ў канцы чэмпіёнам сьвету становяцца кіроўца і канструктар з найбольшай набранай колькасьцю пунктаў. Калі цягам сэзону кіроўца зьмяніў каманду, ён захоўвае свае набраныя пункты.
Тэарэтычна кіроўца можа ня скончыць гонку, але ўсё адно набраць пункты, калі ён праехаў прынамсі 90% усёй адлегласьці і пры гэтым трапіў у дзясятку (то бок, да фінішу дайшлі меней за 10 аўтамабіляў). Калі кіроўца-пераможца гонкі праехаў меней за 75% усёй трасы, то першая дзясятка атрымлівае толькі палову пунктаў з табліцы. Такое здаралася ў гісторыі Формулы-1 пяць разоў (апошнім разам у Малайзіі ў 2009 року, калі гонка была спыненая пасьля 31 кола з прычыны дажджышчы).
Гран-пры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон 1950 року пачынаўся зь сямі гонак, сэзон 2020 року меў 17 гонак. Найбольшая колькасьць гонак — 21 — адбылася ў 2016 року.
Шэсьць зь сямі першапачатковых гонак ладзіліся ў Эўропе, і толькі ў ЗША адбывалася гонка Індыянапаліс 500, пазьней замененая на Гран-пры ЗША. Паступова Формула-1 распаўсюдзілася й на іншыя кантынэнты. Першай паўднёваамэрыканскай краінай гаспадыняй стала Аргентына (1953), першай афрыканскай — Марока (1958), першай азіяцкай — Японія (1976), першай акіянскай — Аўстралія (1985). Адзінымі трасамі, якія захаваліся ад заснаваньня Формулы-1, ёсьць Гран-пры Вялікабрытаніі ды Італіі; зь перапынкамі існавалі таксама Гран-пры Бэльгіі, Нямеччыны ды Францыі.
Сэзон 2021 року
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гран-пры Аўстраліі
- Гран-пры Бахрэйна
- Гран-пры Кітаю
- Гран-пры Гішпаніі
- Гран-пры Манака
- Гран-пры Азэрбайджану
- Гран-пры Канады
- Гран-пры Францыі
- Гран-пры Аўстрыі
- Гран-пры Вялікабрытаніі
- Гран-пры Вугоршчыны
- Гран-пры Бэльгіі
- Гран-пры Нідэрляндаў
- Гран-пры Італіі
- Гран-пры Расеі
- Гран-пры Сынгапуру
- Гран-пры Японіі
- Гран-пры ЗША
- Гран-пры Мэксыкі
- Гран-пры Сан-Паўлу
- Гран-пры Саудаўскай Арабіі
- Гран-пры Абу-Дабі
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Гран-пры ЗША ў 2003 годзе