Фрыстайл
Фрыста́йл (па-ангельску: Freestyle skiing) — від лыжнага спорту. У склад фрыстайлу ўваходзяць лыжная акрабатыка, скі-крос, могул і ньюскул скіінг. Лыжны балет — адна з дысцыплінаў фрыстайлу, якая існавала да 1999 году, была выключаная з праграмаў афіцыйных спаборніцтваў. Балет складаўся са спуску па пакатым схіле пад музычнае суправаджэньне з дэманстрацыяй элемэнтаў сьлізгаценьня, крокаў, кручэньняў, скачкоў.
Лыжная акрабатыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лыжнай акрабатыцы спартоўцы з адмыслова спрафіляванага трампліну зьдзяйсьняюць сэрыю з двух розных па складанасьці скачкоў. Трампліны бываюць 3 відаў: вялікі (патройны) (вышыня 4,05 м, ухіл 70°); сярэдні (падвойны) (3,5 м, 65°); малы (сальтавы) (2,1 м, 55°). Гара прызямленьня павінна быць пакрытая друзлым сьнегам. Ачкі налічаюцца за тэхніку адрыву ад трампліну, траекторыю палёту, фігуру й прызямленьне. 5 судзьдзяў ацэньваюць фігуру (з 7 балаў), 2 судзьдзі ацэньваюць прызямленьне (з 3 балаў). Найбольшую й найменшую адзнаку за палёт адкідаюць, пакінутыя 3 адзнакі сумуюць. З адзнакаў за прызямленьне выводзяць сярэднюю адзнаку й памнажаюць яе на 3. Атрыманыя сумы за палёт (максымум — 21 бал) і прызямленьне (максымум — 9 балаў), складаюць і памнажаюць на каэфіцыент складанасьці элемэнту. Па найбольшым ліку балаў вызначаецца пераможца. На дадзены момант, неафіцыйным рэкордам зьяўляецца сума балаў — 268.7 (PETERSON Jeret (ЗША) 11.01.2007).
Могул
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Могул — гэта спуск па грудкаватым, куп’істым схіле. Лавіруючы паміж грудамі, спартовец увесь час паварочвае ногі з лыжамі то ў адзін, то ў іншы бок. Траса спуску ўключае два трампліны, на якіх лыжнік дэманструе скачкі. Выступ ацэньваецца па наступных крытэрах: тэхніка заваротаў, складанасьць скачкоў і якасьць іх выкананьня, а таксама час спуску.
Скі-крос
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скі-крос — гонка па адмысловай горналыжнай трасе, якая ўключае ў сябе сьнежныя перашкоды ў відзе розных трамплінаў, хваляў, і віражоў. Спаборніцтвы па скі-кросе праходзяць у два этапы. На першым этапе, у кваліфікацыі, спартоўцы праходзяць трасу на час па адным. Па выніках кваліфікацыі спартоўцы разьмяркоўваюцца па групах у чатыры чалавекі для ўдзелу ў фіналах. Фінальныя заезды праходзяць па алімпійскай схеме, з выбываньнем. Перамагае той, хто прыходзіць да фінішу першым..
Слоўпстайл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Слоўпстайл — выкананьне сэрыі акрабатычных скачкоў на трамплінах, пірамідах, контр- ухілах, парэнчах, разьмешчаных пасьлядоўна на працягу ўсёй трасы. Дысцыпліна ўключаная ў праграму Алімпіяды-2014 рашэньнем Выканкаму МАК на паседжаньні ў Дурбане (ПАР) 4 чэрвеня 2011.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фрыстайл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў