Эстонцы
Эстонцы | |
eestlased | |
Агульная колькасьць | 1 100 000 |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | |
Мовы | эстонская |
Рэлігіі | лютэранства, праваслаўе |
Блізкія этнасы | сэту, фіны, карэлы, вэпсы, водзь, іжора |
Эсто́нцы (па-эстонску: eestlased — саманазва зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя, датуль эст. maarahvas — літаральна «народ зямлі») — фіна-вугорскі народ, што складае асноўнае насельніцтва Эстоніі. Агульная колькасьць эстонцаў на зямным шары прыкладна 1,1 млн чалавек, у тым ліку ў Эстоніі 930 тысячаў. Асноўная мова — эстонская. Нягледзячы на тое, што Эстонія традыцыйна лічыцца адной з прыбалтыйскіх дзяржаваў, іхняя мова абсалютна не падобная да латвійскае і летувіскае і адносіцца да групы фінскіх моваў.
Расьсяленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульная колькасьць эстонцаў складае 1 100 000 чалавек. Найбольшая іх частка пражывае ў Эстоніі — 930 тыс. чал.
Невялікія групы эстонцаў пражываюць у Ленінградзкай, Пскоўскай ды Омскай абласьцёх Расеі, у Латвіі і Ўкраіне. На захадзе Пскоўскай вобласьці, у прыватнасьці, пражываюць сэту — блізкая паходжаньнем фіна-вугорская этнічная група, якая, аднак, часта лічыцца асобным этнасам.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эстонцы — народ, што ўтварыўся ў выніку зьмяшаньня старадаўняга абарыгеннага фінамоўнага насельніцтва з балтыйскімі, скандынаўскімі ды славянскімі плямёнамі. Да I тысячагодзьдзя нашай эры склаліся асноўныя групоўкі эсцкіх плямёнаў, да XIII стагодзьдзя склаліся тэрытарыяльныя аб’яднаньні-мааконды:
- Угандзі і Сакала на поўдні,
- Вірумаа, Ярвамаа, Хар’юмаа і Равала на поўначы,
- Ляэнэмаа і Саарэмаа на захадзе Эстоніі.
Старажытныя грэцкія й лацінскія аўтары, а таксама раньнесярэднявечныя аўтары маюць згадкі плямёнаў эстаў або айстыяў, якія напачатку атаясамліваліся ў гістарыяграфіі з продкамі эстонцаў. Сучасная гістарыяграфія больш схільная бачыць у эстах і айстыях продкаў балтаў.
З пачатку XIII стагодзьдзя пачалася экспансія Лівонскага ордэну на поўдзень і датчанаў на поўнач Эстоніі. Да 1227 тэрыторыя Эстоніі была ўлучаная ў землі ордэну, у 1238—1346 паўночная частка Эстоніі (Равала, Хар’юмаа і Вірумаа) належала Даніі. Эстонцы былі навернутыя ў каталіцтва. У выніку Лівонскай вайны 1558—1583 рокаў тэрыторыя Эстоніі была падзеленая між Рэччу Паспалітаю (паўднёвая частка), Швэцыяй (паўночная частка) і Даніяй (востраў Саарэмаа). Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя Эстонія адышла Швэцыі.
Рэфармацыя, распаўсюд богаслужэньняў і кнігадрукаваньня, з канца XVII стагодзьдзя — школьнага навучаньня на эстонскай мове спрыялі фармаваньню эстонскай нацыянальнай культуры. У 1632 у Дэрпце (цяп. Тарту) створаны ўнівэрсытэт з навучаньнем лацінаю і швэдзкаю, пазьней — нямецкаю моваю (цяпер Тартускі ўнівэрсытэт).
У хадзе Паўночнае вайны 1700—1721 рокаў Эстонія ўвайшла ў склад Расеі. Паўночная Эстонія ўтварыла Эстляндзкую губэрню, паўднёвая ўвайшла ў склад Ліфляндзкай губэрні. У XIX стагодзьдзі ў выніку аграрных рэформаў і разьвіцьця капіталізму ўзмацняецца перасяленскі рух эстонскага сялянства ва ўнутраныя вобласьці Расеі. Узрасла дзеля эстонцаў у мескім насельніцтве (у 1897 63% жыхароў Таліну). Разьвіваецца эстонскі нацыянальны рух.
Пасьля кастрычніцкага перавароту была абвешчаная незалежная Эстонская рэспубліка, неўзабаве акупаваная немцамі (да лістападу 1918); з канца лістападу 1918 па студзень 1919 на частцы тэрыторыі існавала абвешчаная бальшавікамі Эстонская савецкая рэспубліка. У 1940 Эстонская рэспубліка была акупаваная з боку СССР. У 1991 Эстонія стала незалежнай.
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эстонцы размаўляюць на эстонскай мове, якая ўваходзіць у прыбалтыйска-фінскую групу фіна-вугорскай галіны ўральскай сям’і. Вылучаюць дыялекты:
- паўночны (сярэдне-паўночная, астраўная, усходняя і заходняя гаворкі),
- паўднёвы (мульская, тартуская і выруская гаворкі),
- паўночна-ўсходні прыбярэжны.
Літаратурная мова заснаваная на паўночным дыялекце, пісьмовасьць (з XVI стагодзьдзя) на аснове лацінскай графікі. Дыялекты поўдня часам разглядаюць як асобную мову — паўднёваэстонскую, падобны ж статус могуць мець дыялекты выру й сэту. Эстонская мова асабліва роднасная такім мовам як фінская, карэльская й г.д.
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вернікі — у асноўным лютаране, шырока пашыраныя піетысцкія плыні (баптысты, адвэнтысты, гернгутары). Праваслаўныя, у асноўным сэту, пражываюць на паўднёвым усходзе Эстоніі і ў Пячорскім раёне Пскоўскай вобласьці Расеі.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйная культура заходняй і паўночнай Эстоніі выпрабавала скандынаўскі і фінскі ўплывы, паўднёвая і ўсходняя — балцкі і ўсходнеславянскі.
Фальклёр
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фальклёр улучае рунічныя сьпевы, на аснове якіх складзены нацыянальны эпас «Калевіпаэг», песьні, казкі.
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старадаўнія музычныя інструмэнты — канэль, драўляныя трубы, казіныя ражкі, сапілкі, дуды.
У XVIII стагодзьдзі распаўсюджваецца скрыпка, у XIX стагодзьдзі ўтвараюцца духавыя аркестры, разьвіваецца харавое мастацтва. У 1869 праводзіцца першае ўсеэстонскае сьпеўнае сьвята.
Прыкладное мастацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьвіваецца прыкладное мастацтва (узорнае ткацтва, вышываньне і вязаньне, пляценьне сетак, абробка скуры, срэбра, на захадзе — разьба і выпальваньне па дрэве й інш.).
Строі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйная жаночая вопратка сярэдзіны XIX стагодзьдзя — кашуля тунікападобнага крою (эст. särk, hame), паласатая спадніца (seelik, kört), тканы пояс, верхняя сукневая кароткая швэдра ў талію (kampsun) або кабат (liistik). На поўначы пашыраная кароткая блюза з пышнымі рукавамі (käised). Замужнія жанчыны насілі фартух, скарачкавы галаўны ўбор (linik), пазьней — палатняны чапец (tanu), на поўначы і захадзе — убор кшталту какошніка (pottmüts, kabimüts). Галаўны ўбор дзяўчын — вянок на цьвёрдай аснове (pärg) або стужка. Характэрная льняная (õlalinik, kaal) або шарсьцяная покрыўка (sõba). Сьвяточная вопратка ўпрыгожвалася срэбнымі фібуламі — канічнымі і пляскатымі, ланцужкамі з манэтамі і каралямі; асабліва багатыя нагрудныя ўпрыгажэньні ў сэту. Жаночую вопратку сэту вылучалі расейскія элемэнты: рубаха-доўгарукаўка (пазьней — г. зв. наўгародзкага тыпу з шырокімі рукавамі) і глухі косаклінны сарафан (rüüd, sukman). Галаўны ўбор — скарачкавы лінік, дзяўчаты насілі вянок расейскага тыпу (vanik).
Мужчынскае адзеньне — тунікападобная кашуля з прамым разрэзам каўнеру (särk), штаны — доўгія або па калені, камізэлька (vest), куртка (vammus), паўсьцяны капялюш (kaap). У сэту была пашыраная расейская косаваротка. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка — кафтан, узімку шуба.
Абутак — скураныя лапці (pastlad), у сьвяты — пантофлі ў жанчын, высокія боты ў мужчын. Былі пашыраныя вязаныя каляровыя рукавічкі (kindad), панчохі (sukad), шкарпэткі (sokid).
Кухня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўная традыцыйная страва — жытні хлеб, кашы (галоўным чынам ячменныя), юшкі, гародніна (бручка, рэпа, капуста, з XIX стагодзьдзя — бульба), рыба, кіслае малако, мяса (салёная і вэнджаная сьвініна, бараніна, ялавічына).
Да сьвят выпякалі чысты жытні або пшанічны хлеб, гатавалі каўбасы (на поўдны — крывяныя, на поўначы — «белыя», з начыньнем з крупы), квашаніна. Для поўдня характэрны сыр.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Population by ethnic nationality. Statistics Estonia (30 сакавіка 2012). Праверана 30 сакавіка 2012 г.
- ^ http://www.stat.fi/tup/suoluk/suoluk_vaesto_en.html
- ^ https://web.archive.org/web/20131120072919/http://canadainternational.gc.ca/baltic_states-pays_baltes/bilateral_relations_bilaterales/estonia_relations_estonie.aspx?lang=eng
- ^ https://web.archive.org/web/20120118212344/http://www.perepis-2010.ru/results_of_the_census/result-december-2011.ppt
- ^ 14,000 Estonian mother tongue speakers in the UK
- ^ 2054.0 Australian Census Analytic Program: Australians' Ancestries (2001 (Corrigendum)) (анг.) (pdf). Australian Bureau of Statistics (2001). Праверана 24 кастрычніка 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Наулко В. Естонське населення в Україні // Народна творчість та етнографія. — 1970. — № 5.