Перайсьці да зьместу

Ян Казімер Сапега

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Казімер Сапега
Ян Казімер Сапега. К. З. Кноэфэль, 1762
Ян Казімер Сапега. К. З. Кноэфэль, 1762

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся невядома
Памёр 22 лютага 1730
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Францішак Стэфан Сапега
Ганна Крыстына зь Любамірскіх
Жонка Людвіка з Апалінскіх
Дзеці Пётар Павал, Андрэй Францішак, Казімер Антоні, Павал, Міхал Антоні, Францішак Антоні, Кацярына Людвіка
Дзейнасьць дыплямат

Ян Казімер Сапега (? — 22 лютага 1730) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Расейскай імпэрыі. Гетман вялікі літоўскі (1708—1709); генэрал-фэльдмаршал расейскай службы (з 1726), генэрал-губэрнатар Пецярбургу (з 1727). Быў старостам бабруйскім (з 1682).

З чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Францішка Стэфана, канюшага вялікага літоўскага, і Ганны Крыстыны зь Любамірскіх. Меў братоў Юзэфа Францішка і Юрыя Фэліцыяна.

Навучаўся ў езуіцкіх калегіюмах Варшавы (1685) і Бранева (да 1692), падарожнічаў па Галяндыі, Ангельшчыне, Францыі. Вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае ў 1697 і ў тым жа року абіраўся паслом на сойм ад Берасьцейскага ваяводзтва.

Удзельнічаў у Вялікай Паўночнай вайне (1700—1721). У 1702 далучыўся да войска караля і вялікага князя Аўгуста Моцнага, але неўзабаве перайшоў на бок швэдаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфэдэрацыі (1704), створанай дзеля зьмяшчэньня са стальца Аўгуста Моцнага і абраньня каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў некалькі перамог над войскамі Аўгуста Моцнага пад Пултускам (1704), Алітай (1706), Ляхавічаў (12 красавіка 1709) і расейскімі войскамі пад Тыкоцінам (1706). 13 траўня 1709 атрымаў паразу ад расейскіх войскаў каля Лядухава (Украіна). У 1708—1709 гетман вялікі літоўскі (прызначаны швэдзкім каралём Карлам XII). Пасьля паразы швэдаў у Палтаўскай Бітве (1709) перайшоў на бок расейцаў і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. 11 лістапада 1709 ягонае 15-тысячнае войска склала зброю. Аднак, страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай яе вяртаньня зноў павёў барацьбу (у 1711—1713) супраць Аўгуста. У 1713 зноў перайшоў на ягоны бок і атрымаў амністыю. Выношваў плян захопу Карла XII у час ягонага праезду праз Польшчу з Бэндэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфэдэрацыі гетману вялікаму кароннаму А. Сяняўскаму. Але пасьля няўдачы гэтай апэрацыі яго самога арыштавалі прыхільнікі Аўгуста Моцнага і аддалі пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Даўлет-Гірэя.

У 1714 прапаноўваў Аўгусту Моцнаму пачаць вайну супраць Расеі ў зьвязе са Швэцыей і Турэччынай, каб вярнуць Інфлянты. Спрабаваў выкарыстаць у сваіх мэтах барацьбу Віленскай канфэдэрацыі (1716) з Саксонскай дынастыяй. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам Моцным.

У 1720 годзе зьвярнуўся да А. Д. Меншыкаву (і атрымаў яго згода) з прапановай заключыць шлюб паміж сваім сынам Пятром (25 студзеня 1701 — 24 студзеня 1771) і старэйшай дачкой Меншыкава Марыяй Аляксандраўнай. Сватаўство было сустрэта Меншыкавым добразычліва, бо Сапега абяцаў, у сваю чаргу, падтрымліваць дамаганьне Меншыкава на герцагскую карону Курляндыі (якая знаходзілася тады ў леннай залежнасьці ад Польшчы). Плянаваў ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой расейскага князя Д. Меншыкава, які хацеў з дапамогай Сапегаў атрымаць Курляндзкае і Зэмгальскае герцагства (заручыны адбыліся ўвесну 1726 у Пецярбургу, падарожжа Я. К. Сапегі ў расейскую сталіцу апісваецца ў ягоным дзёньніку). Аднак пляны Д. Меншыкава не зьдзейсьніліся, і па скасаваньні заручынаў іхныя адносіны пагоршыліся.

Яго сын, у 1721 г., Пётр Сапега прыбыў у Санкт-Пецярбург, неўзабаве заняў месца пры двары і пазыскаў зычлівасьць імпэратрыцы Кацярыны I. Да дня заручын Сапега прыбыў у Санкт-Пецярбург, быў узьведзены 10 сакавіка 1726 году імпэратрыцай Кацярынай I у званьне генэрал-фэльдмаршала за асабістыя заслугі перад імпэратрыцай. Паводле дасьледніка М. Валодзіна, ён прывёз брата і сястру Кацярыны I ў Санкт-Пецярбург, за што і атрымаў фэльдмаршалскую булаву. 22 сакавіка стаў кавалерам адразу двух расейскіх ордэнаў: Сьвятога Апостала Андрэя Першазванага і Сьвятога Аляксандра Неўскага, а сын яго быў падараваны ў камэргера і неўзабаве таксама стаў кавалерам ордэна Сьвятога Аляксандра Неўскага [3].

Застаўся пры двары Кацярыны I, быў яе фаварытам. Заручыўся з крэўнай імпэратрыцы Соф’яй Скаўронскай. Зьявіліся чуткі, што ў выпадку сьмерці Аўгуста Моцнага Кацярына I жадае зрабіць Я. К. Сапегу каралём[1].

Захаваў свае пазыцыі пры Пятру II (1727—1730), удзельнічаў у працы найвышэйшых дзяржаўных установаў Расеі. 23 сакавіка 1726 атрымаў чын расейскага генэрал-фэльдмарашала. Па высылцы Д. Меншыкава (1727) прызначаны генэрал-губэрнатарам Пецярбургу, нягледзячы на немагчымасьць заняцьця гэтай пасады чужаземцамі.

Выступаў за падтрымку Станіслава Ляшчынскага з боку Расеі ў зьвязе з Францыяй. Увесну 1728 выехаў у Вялікае Княства Літоўскае, каб умацаваць пазыцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспасьпяхова[2]. Спачыў ў Радліне[3].

  1. ^ Мацук А. Сапега Ян Казімір // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 544.
  2. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1.
  3. ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 82.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Казімер Сапегасховішча мультымэдыйных матэрыялаў