Катастрофа Boeing 777 пад Данецкам
Авіякатастрофа Boeing 777 | |
---|---|
| |
Агульныя звесткі | |
Дата | 17 ліпеня 2014 |
Характар | Знішчэнне самалёта ППА |
Месца | |
Каардынаты | N/A |
Загінулыя | 298 |
Параненыя | 0 |
Паветранае судна | |
Самалёт у аэрапорце Перт (2010) |
|
Мадэль | Boeing 777-200ER |
Авіякампанія | Malaysia Airlines |
Пункт вылету | Амстэрдам |
Пункт прызначэння | Куала-Лумпур |
Рэйс | MH17/MAS17/KL4103 |
Бартавы нумар | 9M-MRD |
Дата выпуску | 1997 |
Пасажыры | 283 |
Экіпаж | 15 |
Авіякатастрофа Boeing 777 — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася 17 ліпеня 2014 года на тэрыторыі Украіны недалёка ад мяжы з Расіяй. Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines выконваў планавы рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. Самалёт пачаў зніжацца за 50 км да ўваходжання ў паветраную прастору Расіі, пазней яго абломкі выявілі на зямлі на тэрыторыі Украіны. На борце знаходзілася 283 пасажыры і 15 членаў экіпажа, усе яны загінулі. Самалёт упаў у раёне ўзброенага супрацьстаяння на ўсходзе Украіны.
Гэта другая катастрофа з авіялайнерамі дадзенай авіякампаніі за пяць месяцаў (пасля знікнення Boeing 777), і другая буйная авіякатастрофа ў зоне ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны за месяц (пасля збітага сепаратыстамі самалёта Іл-76[2]). Расійскія, украінскія ўлады і прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік на ўсходзе Украіны адмаўляюць сваё дачыненне да трагедыі і вінавацяць адзін аднаго ў інцыдэнце.
Па колькасці загінулых гэтая катастрофа стала найбуйнейшай у гісторыі авіяцыі з 11 верасня 2001 года і ўвайшла ў дзясятку найбуйнейшых за ўсю гісторыю. Найбуйнейшая авіякатастрофа XXI стагоддзя[заўв 1] і на постсавецкай прасторы.
Самалёт
Boeing 777-200ER (завадскі нумар 28411, серыйны — 084), зарэгістраваны пад нумарам 9M-MRD, быў пабудаваны на заводзе Boeing у Эверэце (штат Вашынгтон) у 1997 г., і быў перададзены авіякампаніі Malaysia Airlines 29 ліпеня 1997 г.[3]. Быў абсталяваны двума турбавентылятарнымі рухавікамі Rolls-Royce Trent 800 і 282 пасажырскімі крэсламі. На дзень катастрофы 17-гадовы авіялайнер здзейсніў 11 434 цыклу «ўзлёт-пасадка» і налётаў 75 322 гадзіны[4][5].
Члены экіпажа і пасажыры
Дзяржава | Кол-ць чал. |
---|---|
Аўстралія | 27 |
Бельгія | 4 |
Канада[заўв 2] | 1 |
Германія[заўв 3] | 4 |
Інданезія | 12 |
Малайзія[заўв 4] | 43 |
Нідэрланды[заўв 5] | 193 |
Новая Зеландыя | 1 |
Філіпіны | 3 |
Вялікабрытанія[заўв 6] | 10 |
Усяго | 298 |
Самалётам кіраваў экіпаж з 15 чал., якія мелі грамадзянства Малайзіі — 11 бортправаднікоў (3 сцюарда і 8 сцюардэс) і два кабінных экіпажа: асноўны (камандзір паветранага судна Юджын Чо Чжын Леонг, другі пілот Мухамад Фірдаус Абдул Рахім) і зменны (камандзір паветранага судна Ван Амран Ван Хасін, другі пілот Ахмад Хакімі Ханапі)[7][8].
На борце самалёта прысутнічалі грамадзяне 10 краін.
Крушэнне
Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines выконваў планавы рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. На борце знаходзілася 280 пасажыраў і 15 членаў экіпажа. Самалёт пачаў зніжацца за 50 км да ўваходжання ў паветраную прастору Расіі[9]. Сувязь з самалётам знікла ў 16:20 UTC+3[10]. Расійскую мяжу лайнер павінен быў перасекчы прыкладна ў 16:25 UTC+3[9].
Пазней абломкі самалёта выявілі на зямлі на тэрыторыі Украіны[9]. Самалёт зваліўся ў раёне вёскі Грабава. Усё 280 пасажыраў і 15 членаў экіпажа загінулі[10].
Версіі
Увечар 17 ліпеня, Life News[12] і ІТАР-ТАСС[13] паведамлялі пра ўкраінскі Ан-26, збіты паўстанцамі (паводле іх жа слоў). Паводле сведчанняў, якія прыводзіліся РІА Навіны, збіццё адбылося прыкладна ў 16:00 па мясцовым часе, незадоўга да знікнення Боінга з экранаў радараў, і прыкладна ў тым жа раёне (каля горада Тарэз)[14].
Паводле слоў саветніка міністра ўнутраных спраў Украіны Антона Герашчанкі, самалёт збіты тэрарыстамі з зенітна-ракетнага комплексу «Бук»[10]. Глава Савета міністраў самаабвешчанай Данецкай рэспублікі Аляксандр Барадай заявіў, што «ў апалчэння няма сродкаў ППА, якія маглі б збіць транспартны самалёт на магістральнай вышыні»[15].
У групе УКантакце «Сводки от Стрелкова» (бел.: Зводкі ад Стралкова) з’явілася інфармацыя пра збіты самалёт над Тарэзам у Данецкай вобласці:
У раёне Тарэза толькі што збілі самалёт Ан-26, валяецца дзесьці за шахтай Прагрэс. Папярэджвалі ж — не лятаць у «нашым небе».[16]
Але гэтая група не з’яўляецца афіцыйнай групай Стралкова[17].
Служба бяспекі Украіны апублікавала запіс гутаркі тэрарыстаў дзе гаворыцца, што гэта менавіта яны збілі грамадзянскі самалёт[18][19]. У адпаведнасці з інфармацыяй СБУ, у перахопленых перамовах удзельнічаў І.Безлер («Бес»), які даклаў «свайму куратару палкоўніку ГРУ ГШ УС РФ В. Германіну пра толькі што збіты баявікамі грамадзянскі самалёт»[20].
Па заяве МУС Украіны, «маюцца доказы таго, што да катастрофы датычныя расійскія кадравыя ваенныя»[21]. Пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Юрый Сяргеяў заявіў, што Кіеў прадставіць ААН доказы дачынення расійскіх ваенных да катастрофы[22].
Пасля крушэння MH17 у ліпені 2014 года намеснік начальніка Генеральнага штаба УС Расіі Андрэй Картаполаў агучыў версію расійскага боку, паводле яго слоў, усе дадзеныя паказваюць на тое, што MH17 быў збіты ўкраінскімі войскам[23].
13 кастрычніка 2015 года Савет па бяспецы Нідэрландаў (DSB) апублікаваў справаздачу тэхнічнага расследавання. Згодна яго дадзеным, самалёт быў збіты зенітнай ракетай з расійскай устаноўкі «Бук».
У кастрычніку 2015 года спецыялісты расійскага ваеннага канцэрна «Алмаз-Антэй» апублікавалі вынікі ўласнага расследавання катастрофы MH17. З яго вынікае, што Boeing быў збіты ракетай, якая ўжо не выкарыстоўвалася расійскімі ваеннымі, з тэрыторыі, якая на той момант не кантралявалася ніводным з бакоў канфлікту ў Данбасе[23].
У 2019 годзе Служба бяспекі Украіны абвясціла ў вышук Алега Іваннікава, меркаванага расійскага афіцэра, якога называюць ключавым фігурантам справы аб авіякатастрофе «Боінга» рэйса MH17. Як раней паведамлялі даследчая група Bellingcat і расійскае выданне The Insider, Алег Іваннікаў каардынаваў дзеянні сепаратыстаў, а таксама наёмнікаў ПВК «Вагнер» на тэрыторыі самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі[24].
17 ліпеня 2019 намеснік начальніка Галоўнага следчага ўпраўлення Службы бяспекі Украіны Віталь Маякоў заявіў, што для падтрымання наступу баевікоў паблізу Савур-Магілы ў ноч з 16 на 17 ліпеня 2014 года зенітна-ракетны комплекс «Бук» незаконна перамясцілі цераз дзяржаўную мяжу Украіны з Расійскай Федэрацыяй па маршруце: горад Данецк Растоўскай вобласці — пасёлак Северны Луганскай вобласці — горад Сарокіна (раней Краснадон) Луганскай вобласці. На пачатку ліпеня 2019 года стала вядома пра затрыманне Службай бяспекі Украіны аднаго з «камандзіраў узводу супрацьпаветранай абароны ДНР» Уладзіміра Цемаха, які займаўся пастаўкамі зброі з Расіі — яго вывезлі з непадкантрольнай Украіне тэрыторыі ў выніку спецаперацыі. Віталь Маякоў таксама заявіў аб затрыманні два гады таму вадзіцеля цягача на якім перавозіўся комплекс «Бук» перад катастрофай рэйсу МН17[25][26].
Ахвяры і наступствы
Чалавечыя ахвяры
Нікому на борце выжыць не ўдалося.
Грамадзянства пасажыраў борта[27] | |
---|---|
Грамадзянства | Кол-ць |
Нідэрланды | 192[заўв 7] |
Малайзія | 44[заўв 8] |
Аўстралія | 27[заўв 9] |
Інданезія | 12 |
Вялікабрытанія | 10[заўв 10] |
Бельгія | 4 |
Германія | 4 |
Філіпіны | 3 |
Канада | 1[заўв 11] |
Новая Зеландыя | 1 |
Агулам | 298 |
Эканамічныя наступствы
Здарэнне прывяло да зніжэння такіх фондавых індэксаў, як Dow Jones (0,73 %) і S&P 500 (0,77 %). Найбуйнейшы індэксны фонд, які інвестуе ў расійскія акцыі, Market Vector Russia ETF страціў 7 % ад свайго кошту. Т.зв. «індэкс страху» узрос на 31 % і дасягнуў піка з красавіка года. Акрамя таго, узраслі кошты на золата і сырую нафта: на 1,3 % і 1,8 % адпаведна[28].
Авіякампаніі Аэрафлот, Трансаэра, Air France, Turkish Airlines, Virgin Airlines, Lufthansa і S7 паведамілі пра намер здзяйсняць рэйсы ў аблёт Украіны[29]. Еўракантроль закрыў паветраную прастору Усходняй Украіны для грамадзянскай авіяцыі[30].
Рэакцыя на здарэнне
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ініцыяваў стварэнне дзяржаўнай камісіі з прыцягненнем спецыялістаў ІКАО і іншых міжнародных структур для расследавання авіякатастрофы[31] і выказаў спачуванні прэм’ер-міністру і народа Малайзіі[32]. Паводле заявы Парашэнкі, катастрофа з’яўляецца тэрарыстычным актам[33], Пасля падзення самалёта Дзяржавіяслужба Украіны цалкам закрыла паветраную прастору для грамадзянскіх палётаў у зоне ваенных дзеянняў[34][35].
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выказаў спачуванні прэм’еру Малайзіі Наджыбу Разаку ў сувязі з авіякатастрофай[36]. МНС Расіі прапанавала дапамогу Украіне ў правядзенні мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў крушэння Boeing[37]. Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі зрабіла заяву, што малайзійскі Boeing у момант свайго крушэння знаходзіўся па-за зонай дзеяння расійскай ППА і палёты ваенных самалётаў ВПС Расіі каля ўкраінскай мяжы ў гэты дзень не праводзіліся[38].
Прэм’ер-міністр Малайзіі заявіў, што нягледзячы на тое, што ўкраінскі бок лічыць самалёт збітым, «на гэтым этапе Малайзія не можа дакладна вызначыць прычыну трагедыі, але мы павінны высвятліць і высвятлім дакладна, што менавіта здарылася з гэтым рэйсам». Ён таксама сказаў, што Малайзія прыме непасрэдны ўдзел у расследаванні і калі высвятліцца, што самалёт быў сапраўды збіты, Малайзія будзе настойваць, каб вінаватыя былі неадкладна адданы правасуддзю[39].
Прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ заявіў, што знаходзіцца «ў стане глыбокага шоку». Таксама ён дадаў, што перарывае свой адпачынак у сувязі з інцыдэнтам.[40]
Канцлер ФРГ Ангела Меркель выказала спачуванні блізкім загінулых у выніку авіякатастрофы і запатрабавала тэрміновага правядзення незалежнага расследавання катастрофы[41].
Прэм’ер-міністр Аўстраліі Тоні Эбат сказаў, што калі інцыдэнт сапраўды апынецца збіццём самалёта, тое гэта будзе злачынствам, і вінаватыя павінны паўстаць перад правасуддзем. Міністэрства замежных спраў Аўстраліі чакае пацверджання колькасці аўстралійскіх грамадзян на борце рэйса.[42]
29 ліпеня 2015 года ў Савеце бяспекі ААН адбылося галасаванне за стварэнне міжнароднага трыбунала па расследаванні збіцця самалёта. Прапанову па стварэнні трыбунала падалі Аўстралія, Бельгія, Малайзія, Нідэрланды і Украіна[43]. Пастаянныя члены Савета бяспекі ЗША, Вялікабрытанія і Францыя падтрымалі стварэнне трыбунала, Кітай устрымаўся. Таксама ўстрымаліся два непастаянныя члены Савета бяспекі ААН: Ангола і Венесуэла. Пры 11 галасах «за» рашэнне па стварэнні трыбунала было заблакавана Расіяй.
Расследаванне
Урад Украіны запрасіў да ўдзелу ў расследаванні прадстаўнікоў улад Малайзіі і Нідэрландаў, Еўракамісіі, амерыканскай кампаніі Boeing, Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), амерыканскага Нацыянальнага савета па бяспецы на транспарце (NTSB) і Еўрапейскай арганізацыі па бяспецы паветранай навігацыі (Eurocontrol). Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (Інтэрпал) і паліцэйская служба Еўрапейскага саюза (Еўрапал) таксама накіруюць сваіх супрацоўнікаў да месца крушэння авіялайнера[44].
24 мая 2018 года прадстаўнік міжнароднай следчай групы на прэс-канферэнцыі пра вынікі расследавання заявіў, што зенітна-ракетны комплекс «Бук», які збіў «Боінг» Malaysia Airlines у Данецкай вобласці, належаў 53-й зенітна-ракетнай брыгадзе Мінабароны Расіі. База 53-й брыгады размяшчаецца ў пасёлку Маршала Жукава пад Курскам. Следчая група высветліла, што «Бук» вывезлі з базы 23 чэрвеня. Ён быў у складзе канвою з 50 машын і шасці ЗРК «Бук». Следчыя прааналізавалі адметныя рысы машын па дзясятках фотаздымкаў, выкладзеных у гэты час у сацсетках. Яны высветлілі месцазнаходжанне аб’екта з кожнай фатаграфіі і склалі храналагічны шлях канвою з Курска[45][46].
19 чэрвеня 2019 прадстаўнікі міжнароднай сумеснай следчай групы афіцыйна назвалі імёны чатырох падазраваных па справе аб гібелі MH17. Гэта — былы міністр абароны самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Ігар Гіркін (Стралкоў), а таксама Леанід Харчанка, Алег Пулатаў і Сяргей Дубінскі. Выдадзена чатыры ордэры на іх арышт. Следства лічыць, што яны нясуць адказнасць за арганізацыю дастаўкі зенітна-ракетнага комплексу «Бук» на кантраляваную сепаратыстамі тэрыторыю. Усе яны абвінавачаныя ў забойстве[47]. Пазней Нацыянальная пракуратура Нідэрляндаў прад’явіла абвінавачваньні чатыром фігурантам справы аб катастрофе рэйсу MH17[48][49].
Суд
9 сакавіка 2020 года ў Нідэрландах у судовым комплексе Схіпхала пачаліся слуханні па справе аб забойстве 298 чалавек, а таксама аб наўмысным знішчэнні самалёта. Ніводзін з чатырох падазраваных на судовае паседжанне не з’явіўся[50].
Падсудныя:
- Ігар Гіркін (грамадзянін Расіі) — па стане на лета 2014 года міністр абароны самаабвешчанай ДНР, адстаўны афіцэр ФСБ;
- Сяргей Дубінскі (грамадзянін Расіі) — на лета 2014 года старшы афіцэр расійскай ваеннай разведкі ў адстаўцы;
- Леанід Харчанка (грамадзянін Украіны) — на лета 2014 года камандзір падраздзялення ваеннай разведкі «арміі ДНР»;
- Алег Пулатаў (грамадзянін Расіі) — на лета 2014 года падпалкоўнік запасу ПДВ Расіі.
17 лістапада 2022 года суд прызнаў Ігара Гіркіна (Стралкова) і яго падначаленых Сяргея Дубінскага і Леаніда Харчанку вінаватымі і датычнымі да знішчэння самалёта «Boeing» MH17 і забойства 298 яго пасажыраў у небе над Данбасам у ліпені 2014 года. Яшчэ аднаго абвінавачанага Алега Пулатава прызналі невінаватым і адхілілі патрабаванне пракуратуры змясціць яго ў турму[51].
Суд палічыў даказаным, што рэйс MH17 быў збіты расійскай ракетай з ЗРК «Бук». У якасці доказаў суддзя называе след ад ракеты, спадарожнікавыя здымкі, паказанні сведак, перахопленыя тэлефонныя размовы і сляды паражаючых элементаў у самалёце. Таксама суддзя падкрэсліў, што ажыццявіць пуск ракеты мог толькі добра навучаны экіпаж і гэта не было выпадковасцю.
Таксама суд заявіў, што ў момант падзення «Boeing» у 2014 годзе Украіна знаходзілася ў неміжнародным узброеным канфлікце з самаабвешчанай «ДНР», якая, у сваю чаргу, знаходзілася пад кантролем Расіі.
Заўвагі
- ↑ Тэрарыстычныя акты 11 верасня 2001 года Нацыянальны савет па бяспецы на транспарце не адносіць да авіяцыйных катастроф
- ↑ З падвойным грамадзянствам Канады і Румыніі, сеў на борт з канадскім пашпартам.
- ↑ У тым ліку:
- 1 з падвойным грамадзянствам Нідэрландаў і Германіі.
- ↑ У тым ліку члены экіпажа.
- ↑ У тым ліку:
- 1 з падвойным грамадзянствам Нідэрландаў і Бельгіі;
- 1 з падвойным грамадзянствам Нідэрландаў і Ізраіля;
- 1 з падвойным грамадзянствам Нідэрландаў і Італіі;
- 1 з падвойным грамадзянствам Нідэрландаў і ЗША;
- 1 з падвойным грамадзянствам Нідэрландаў і Малайзіі[6].
- ↑ У тым ліку:
- 1 з падвойным грамадзянствам Вялікабрытаніі і Паўднёвай Афрыкі;
- 1 з падвойным грамадзянствам Вялікабрытаніі і Новай Зеландыі.
- ↑ У тым ліку тры чалавекі мелі грамадзянства В’етнама, па адным — грамадзянства Бельгіі, Ганконга, Ізраіля, Італіі і ЗША
- ↑ 29 пасажыраў і 15 членаў экіпажа; у тым ліку — адзін чалавек меў таксама грамадзянства Аўстраліі
- ↑ У тым ліку адзін чалавек меў таксама грамадзянства Ірландыі
- ↑ У тым ліку адзін чалавек меў таксама грамадзянства ПАР, адзін — Новай Зеландыі
- ↑ У тым ліку адзін чалавек меў таксама грамадзянства Румыніі
Крыніцы
- ↑ http://www.bbc.co.uk/news/world-europe-28468858 Праверана 9 верасня 2014.
- ↑ http://lifenews.ru/news/135042
- ↑ airframes.org. Aircraft Database – 9MMRD . Airframes.Org (11 жніўня 2005). Праверана 17 ліпеня 2014.
- ↑ Malaysia Airlines 9M-MRD (Boeing 777 — MSN 28411) Архівавана 18 ліпеня 2014 года.
- ↑ 9M-MRD Malaysia Airlines Boeing 777-2H6(ER) — cn 28411 / 84 Архівавана 23 чэрвеня 2017 года.
- ↑ Remains of Shell worker and baby coming home . The Star (9 верасня 2014). — «The 35, he added, included restaurateur Jenny Loh Yan Hwa, a passenger with dual citizenship, along with Dutch citizens Fan Shun Po and Paul Goes.» Праверана 25 верасня 2017. – The Dutch-Malaysian is counted as Dutch on the manifest Архівавана 18 верасня 2018.
- ↑ MH17 Passenger Manifest — DocumentCloud
- ↑ Malaysia Airlines Flight MH17 Passenger, Crew Names List Архівавана 2 сакавіка 2017 года.
- ↑ а б в Крыніца паведаміла пра падзенне малазійскага Boeing на мяжы Расіі і Украіны, Інтэрфакс (17 ліпеня 2014)
- ↑ а б в В ДОНЕЦЬКІЙ ОБЛАСТІ ЗБИЛИ ПАСАЖИРСЬКИЙ ЛІТАК, Українська правда (17 ліпеня 2014)
- ↑ http://www.nytimes.com/interactive/2014/07/17/world/europe/maps-of-the-crash-of-malaysian-airlines-flight-mh17.html?_r=0
- ↑ Апалчэнцы паведамілі пра збіты Ан-26 на ўсходзе Украіны
- ↑ Апалчэнцы абвешчанай ДНР збілі самалёт Ан-26 украінскіх ВПС
- ↑ Транспартны Ан-26 збіты на ўсходзе Украіны, заявілі сведкі
- ↑ ДНР усклала адказнасць за збіты «Боінг» на Кіеў, Інтэрфакс (17 ліпеня 2014)
- ↑ Стралкоў пра збіты Ан-26: Папярэджвалі ж не лётаць у "нашым небе" (Корреспондент.net, Сёння, 19:05).
- ↑ http://ikorpus.ru/12-07-2014-razyasnenie-po-povodu-vvoda-vojsk/ Архівавана 19 ліпеня 2014. iKorpus
- ↑ СБУ перахапіла перамовы тэрарыстаў: «Нячысцік» даклаў пра збіты самалёт
- ↑ СБУ выклала перамовы якія абстралялі «Боінг» сепаратыстаў
- ↑ http://www.unn.com.ua/ru/news/1366301-sbu-perekhopila-peregovori-teroristiv-byes-dopoviv-kuratoru-z-rf-pro-zbitiy-boyovikami-tsivilniy-litak-1
- ↑ http://www.unn.com.ua/ru/news/1366289-ye-dokazi-scho-mizhnarodniy-pasazhirskiy-litak-zbili-rosiyski-kadrovi-viyskovi-mvs
- ↑ http://www.unn.com.ua/ru/news/1366320-ukrayina-nadast-dokazi-prichetnosti-viyskovikh-rf-do-avariyi-boyinga-postpred-pri-oon
- ↑ а б rbc.ru
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Презентація спікера Служби Безпеки України щодо ходу розслідування трагедії МН17
- ↑ svaboda.org
- ↑ Media Statement 6: MH17 Incident(недаступная спасылка). Malaysia Airlines (19 ліпеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2014. Праверана 19 ліпеня 2014.
- ↑ http://top.rbc.ru/economics/18/07/2014/937304.shtml#xtor=AL-[internal_traffic]--[rbc.ru]-[main_body]-[item_4]
- ↑ ІТАР-ТАСС — Рэакцыя сусветных авіякампаній на крушэнне Boeing у Данецкай вобласці
- ↑ http://itar-tass.com/mezhdunarodnaya-panorama/1325748
- ↑ Порошенко ініціює міжнародну комісію з розслідування катастрофи Боїнга-777 на Донеччині, УНІАН (17 ліпеня 2014)
- ↑ Президент України висловив співчуття Прем’єр-міністру та народу Малайзії
- ↑ http://www.ntv.ru/novosti/1144176
- ↑ http://www.unn.com.ua/ru/news/1366276-p-poroshenko-nazvav-katastrofu-litaka-malaysia-airlines-teroristichnim-aktom-s-tsegolko
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2016. Праверана 18 ліпеня 2014.
- ↑ Пуцін выказаў спачуванні прэм’еру Малайзіі ў сувязі з крушэннем самалёта ва Украіне
- ↑ МНС Расіі прапанавала дапамогу Украіне ў ліквідацыі наступстваў крушэння Boeing
- ↑ Мінабароны РФ: У раёне крушэння малайзійскага Boeing знаходзяцца 27 украінскіх установак «Бук-М1»
- ↑ Alan Yuhas. Malaysia Airlines plane MH17 crashes in Ukraine - live updates | World news . theguardian.com. Праверана 17 July 2014.
- ↑ [1]
- ↑ Меркель узрушана крушэннем малайзійскага Boeing
- ↑ MH17 official statements . ABC News (17 ліпеня 2014). Праверана 17 July 2014.
- ↑ Росія заблокувала резолюцію РБ ООН щодо створення трибуналу по MH17
- ↑ Целы 196 загінулых знойдзены на месцы падзення малайзійскага Boeing (20 ліпеня 2014). Праверана 20 ліпеня 2014.
- ↑ tvrain.ru
- ↑ nashaniva.by
- ↑ svaboda.org
- ↑ tass.ru
- ↑ svaboda.org
- ↑ eurointegration.com.ua
- ↑ ibtgekwptx.net Архівавана 18 лістапада 2022.