Беларуска-бразільскія адносіны
Беларуска-бразільскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Бразілія. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўстаноўлены 10 лютага 1992 года.
У перыяд з верасня 2001 года па жнівень 2013 года ў г. Рыа-дэ-Жанейра дзейнічала Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь. У лістападзе 2010 года ў г. Бразілія адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. У чэрвені 2011 года адкрыта Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў г.Мінску.
У рамках 108-й Канферэнцыі Міжпарламенцкага Саюза ў красавіку 2003 года ў г. Сант’яга (Чылі) адбылася сустрэча кіраўніка беларускай парламенцкай дэлегацыі Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. А. Папова з членам Палаты дэпутатаў Нацыянальнага кангрэса Бразіліі Э.Алвесам. У кастрычніку 2004 года адбыўся працоўны візіт Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь С. М. Мартынава ў Федэратыўную Рэспубліку Бразілія.
У 2005 годзе Пасланец Прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Балгарыі Ж. А. Ліндгрэн Алвеш перадаў пасланне Прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія Л. І. Лулы да Сілва ў адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі з просьбай падтрымаць ініцыятыву Бразіліі па аб'яднанні намаганняў усіх краін у барацьбе супраць голаду. Дадзеная ініцыятыва была падтрымана беларускім бокам.
У кастрычніку 2005 года адбыўся першы афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь бразільскай парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Камісіі па міжнародных сувязях і нацыянальнай абароне Палаты дэпутатаў Нацыянальнага кангрэса Бразіліі А.Седразам дэ Алівейра.
У Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным кангрэсе Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія функцыянуюць групы дружбы паміж дзвюма краінамі.
У лютым 2010 года адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь дэлегацыі бразільскіх дзелавых колаў на чале з губернатарам штата Гаяс А. Р. Філью.
У сакавіку 2010 года ў рамках візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў Бразілію адбылася першая сустрэча на вышэйшым узроўні. Лідары дзвюх дзяржаў выступілі за пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама прынялі рашэнне абмяняцца пасольствамі (прынята палітычная дэкларацыя).
У чэрвені 2012 года адбыўся візіт у Бразілію (г.Рыа-дэ-Жанейра) беларускай дэлегацыі на чале з міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь С. М. Мартынавым для ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі ААН па пытаннях устойлівага развіцця Рыа+20.
У лістападзе 2013 года Бразілію з рабочым візітам наведала беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Міністра замежных спраў Беларусі А. Я. Гур'янавым, падчас якога праведзены беларуска-бразільскія кансультацыі паміж МЗС.
У красавіку 2014 года дэлегацыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам Міністра А. Ф. Худалеевым наведала Федэральную акругу Бразіліі, а таксама штат Рыа-дэ-Жанейра.
У ліпені 2015 года ў рамках саміту БРЫКС у г.Уфа (Расія) адбылася першая сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі з дзеючым Прэзідэнтам Бразіліі Дылмай Русеф. У верасні 2015 года адбыўся візіт бразільскай парламенцкай дэлегацыі на чале з другім намеснікам Старшыні Палаты дэпутатаў Нацыянальнага кангрэса Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія Ф. Л. Жыякобу ў Рэспубліку Беларусь.
У кастрычніку 2015 года ў г. Бразілія адбыліся чарговыя беларуска-бразільскія кансультацыі паміж МЗС па палітычных пытаннях. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў начальнік упраўлення Амерыкі А. І. Краўчанка, бразільскую — начальнік дэпартамента Еўропы Асвальда Біята.
У студзені 2016 года ў г. Бразілія адбыліся кансультацыі паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам юстыцыі Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія. Экспертныя кансультацыі былі праведзены з мэтай канчатковага ўзгаднення праекта Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Бразілія аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах і Мемарандума аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Бразіліі.
У сакавіку 2016 года ў г.Фарталеза (штат Сеара) знаходзілася дэлегацыя Магілёўскай вобласці на чале са Старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім. У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі прадстаўнікі Магілёўскага аддзялення БелГПП і прадпрыемстваў вобласці.