Італьянскія войны
Італьянскія войны | |
---|---|
Дата | 1494—1559 |
Месца | Італія, Нідэрланды |
Прычына | Барацьба за Неапалітанскі прастол |
Вынік | Паражэнне французскай кааліцыі |
Праціўнікі | |
Камандуючыя | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Італьянскія войны (1494—1559) — серыя ваенных канфліктаў паміж Францыяй, Іспаніяй і Свяшчэннай Рымскай імперыяй з удзелам іншых дзяржаў Заходняй Еўропы (Англія, Шатландыя, Швейцарыя, Венецыя, Папская вобласць і італьянскія гарады-дзяржавы), а таксама Асманскай імперыі, за ўладанне Італіяй і гегемонію ў Еўропе і Міжземнамор'і.
Узнікшы як дынастычная спрэчка за прастол Неапалітанскага каралеўства, Італьянскія войны хутка ператварыліся ў агульнаеўрапейскі канфлікт. З 1520-х гадоў галоўным складнікам гэтага канфлікту стала барацьба паміж Францыяй і Габсбургамі за дамінаванне ў Заходняй Еўропе. Ваенныя дзеянні адбываліся, галоўным чынам, на тэрыторыі Італіі, а таксама ў Нідэрландах. Палітычным вынікам войнаў стаў пераход Італіі пад уладу Іспаніі, замацаванне яе раздробненасці і адсоўванне італьянскіх дзяржаў на перыферыю еўрапейскіх міжнародных адносін.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]У 1454 годзе пасля серыі войнаў паміж Венецыяй, Міланам і Фларэнцыяй за ўладу ў Паўночнай Італіі быў заключаны Ладзійскі мір, да якога неўзабаве далучыліся Папа Рымскі, Неапалітанскае каралеўства і іншыя італьянскія дзяржавы. Была ўтворана Італьянская ліга, члены якой абавязаліся адмовіцца ад вырашэння канфліктаў ваеннай сілай і не заключаць саюзаў з трэцімі дзяржавамі. Мэтай лігі было ўсталяванне раўнавагі на Апенінскім паўвостраве і ўтрыманне Францыі па-за межамі Італіі. На працягу трыццаці гадоў ліга паспяхова выконвала свае задачы і, за выключэннем невялікіх сутычак, у Італіі панаваў мір. Аднак у 1490-х гадах становішча змянілася. У 1492 годзе сканаў Ларэнца Медычы, адзін з галоўных архітэктараў сістэмы італьянскай раўнавагі, і ў Фларэнцыі стаў кіраваць непапулярны П'етра II, які варожа ставіўся да Мілана і быў пасіўным у супрацьстаянні з Францыяй. У тым жа годзе Рымскім Папам быў абраны Аляксандр VI Борджыя, галоўнай мэтай палітыкі якога стала стварэнне ў Сярэдняй Італіі дзяржавы для роду Борджыя. Ужо ў 1493 годзе Аляксандр VI разам з Венецыяй і Міланам арганізаваў Лігу Святога Марка супраць Неапалітанскага каралеўства, якое падтрымала клан Арсіні — галоўных канкурэнтаў сямейства Борджыі ў Папскай вобласці.
Пачатковы перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Першая італьянская вайна (1494—1496)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці неапалітанскага караля Фернанда I у 1494 годзе прэтэнзіі на прастол Неапаля заявіў французскі кароль Карл VIII, які даводзіўся сваяком манархам Анжуйскай дынастыі (якая кіравала ў Неапалітанскім каралеўстве ў 1266—1442 гадах). Гэтыя прэтэнзіі былі падтрыманы герцагам Міланскім Ладавіка Мора, а таксама Папам Аляксандрам VI, які канфліктаваў з Неапалем. Французскія войскі ўварваліся ў Італію, падпарадкавалі Фларэнцыю і, практычна не сустракаючы супраціўлення, у 1495 годзе занялі Неапаль. Аднак супраць Францыі неўзабаве склалася Венецыянская ліга італьянскіх дзяржаў, якія асцерагаліся празмернага ўзмацнення французскага ўплыву на паўвостраве. Да лігі далучыліся імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліян I і кароль Арагона Фердынанд II. Пад пагрозай апынуцца адрэзаным ад Францыі і, магчыма, з прычыны распаўсюджвання сіфілісу сярод яго салдат[1]:9, Карл VIII пакінуў Неапаль. 6 ліпеня 1495 года французскія войскі сустрэліся з арміяй Венецыянскай лігі ў бітве пры Фарнова, і не здолеўшы дамагчыся перамогі, сышлі ў Францыю. У 1496 годзе іспанскія войскі ачысцілі тэрыторыю Італіі ад французскіх гарнізонаў, якія заставаліся ў крэпасцях, а гарнізон у Неапалі капітуляваў. Прызначаны Карлам VIII віцэ-каралём Неапаля, герцаг Манпансье памёр ад чумы, а д'Абіньі прывёў у Францыю рэшткі французскіх гарнізонаў.
Разгром Неапалітанскага каралеўства выклікаў крах балансу сіл на Апенінскім паўвостраве. Паміж італьянскімі дзяржавамі пачаліся сутыкненні, якія выліліся ва ўзброеныя канфлікты (вайна паміж Фларэнцыяй і Пізай (з 1494 года), барацьба паміж Папам і домам Арсіні, пачатак захопаў Чэзарэ Борджыя камун і сеньярый Сярэдняй Італіі). З іншага боку, каралі Францыі таксама не жадалі адмаўляцца ад сваіх планаў па захопе італьянскіх тэрыторый.
Другая італьянская вайна (1499—1504)
[правіць | правіць зыходнік]У 1498 годзе каралём Францыі стаў Людовік XII, былы герцаг Арлеанскі, які як унук Валянціны Вісконці прад'явіў прэтэнзіі на Міланскае герцагства. Францыя заключыла саюз з Венецыяй супраць Мілана і Габсбургаў і прыцягнула на свой бок Савою, Фларэнцыю і Папу Аляксандра VI. У ліпені 1499 года французская армія ўварвалася ў Ламбардыю і практычна без супраціўлення заняла Мілан. Герцаг Ладавіка Мора бег у Ціроль, дзе з дапамогай імператара Максіміліяна I набраў невялікую наёмную армію з швейцарцаў і ў 1500 годзе адбіў сваю сталіцу. Аднак неўзабаве французы атрымалі верх над швейцарцамі і паланілі Ладавіка Мора. Ламбардыя перайшла пад уладу Францыі, а Людовік XII абвясціў сябе герцагам Міланскім.
Поспехі ў Паўночнай Італіі дазволілі каралю Францыі аднавіць свае прэтэнзіі на Неапаль. У 1500 годзе ён заключыў Гранадскі дагавор з Фердынандам II Арагонскім аб падзеле Неапалітанскага каралеўства. У 1501 годзе французскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Неапаля, а іспанскі экспедыцыйны корпус высадзіўся ў Калабрыі. Неапалітанскі кароль Федэрыга здаўся на літасць пераможцаў. Да 1502 года Паўднёвая Італія апынулася падзеленай паміж Францыяй і Іспаніяй. У той жа час Чэзарэ Борджыі захапіў Раманью і Урбіна, стварыўшы цэнтралізаваную дзяржаву ў Сярэдняй Італіі, і ўступіў у вайну з Фларэнцыяй. Аднак становішча ўскладнілася канфліктам паміж Францыяй і Іспаніяй за шэраг абласцей былога Неапалітанскага каралеўства (Базіліката, Абруцы). Былыя саюзнікі апынуліся ў стане вайны, поспех у якой спадарожнічаў іспанцам. У серыі пераканаўчых перамог (найважнейшай з якіх была бітва пры Гарыльяна) іспанская армія пад камандаваннем Гансала дэ Кордавы ў 1503 годзе разграміла французскія войскі і вымусіла іх пакінуць тэрыторыю Паўднёвай Італіі. Адначасова пазіцыі Францыі ў Сярэдняй Італіі былі падарваны смерцю Папы Аляксандра VI і ўзыходжаннем на прастол па-праіспанску настроенага Юлія II.
Людовік XII быў вымушаны пайсці на перамовы. Паводле Блуаскага міру 1505 года Францыя прызнала Неапалітанскае каралеўства ўладаннем Іспаніі, але захавала за сабой Ламбардыю і Геную. У выніку Паўднёвая Італія перайшла пад уладу іспанскага караля, у Паўночнай захавалася гегемонія Францыі, а ў Сярэдняй Італіі была адноўлена ўлада Папы Рымскага.
Абвастрэнне канфлікту
[правіць | правіць зыходнік]Вайна Камбрэйскай лігі (1508—1516)
[правіць | правіць зыходнік]Узыйшоўшы на Святы Прастол у 1503 годзе Папа Юлій II разгарнуў праграму стварэння ў Сярэдняй Італіі моцнай Папскай дзяржавы, здольнай супрацьстаяць замежным дзяржавам. Выгнаўшы Чэзарэ Борджыя, Юлій II далучыў яго ўладанні, аднак Рыміні і Фаэнца былі захоплены Венецыяй, якая стала галоўнай перашкодай для пашырэння папскай улады ў Сярэдняй Італіі. У той жа час абвастрыліся адносіны Венецыі з імператарам Максіміліянам I, які вырашыў каранавацца ў Рыме, але не быў прапушчаны войскамі рэспублікі. У 1508 годзе імперская армія паспрабавала ўварвацца на тэрыторыю Венецыі, але была адбіта, а венецыянцы акупавалі Рыеку і Трыест. Узмацненне Венецыі згуртавала супраць яе еўрапейскія дзяржавы: у 1508 годзе была сфарміравана антывенецыянская Камбрэйская ліга, у якую ўвайшлі Папа Юлій II, імператар Максіміліян I, кароль Арагона Фердынанд II і кароль Францыі Людовік XII.
У 1509 годзе іспанскія войскі захапілі венецыянскія порты ў Апуліі, армія Папы ўварвалася ў венецыянскую Раманью і заняла Равену, Венгрыя атакавала Далмацыю, а армія Савоі высадзілася на Крыте. Адначасова войскі імператара захапілі Рэверэта і Верону, а французская армія разграміла венецыянцаў у бітве пры Аньядэла. Венецыянская рэспубліка апынулася пад пагрозай поўнага знішчэння. Аднак поспехі дыпламатыі Венецыі і рознагалоссі ў стане саюзнікаў, занепакоеных узмацненнем французскага ўплыву ў Паўночнай Італіі, пераламалі сітуацыю. Коштам саступкі Равены і Раманьі рэспубліка ў 1510 годзе дамаглася заключэння сепаратнага міру з папам, а адмовіўшыся ад апулійскіх портаў — з Іспаніяй. Імперскія войскі былі адбіты. Тым не менш, французы акупавалі Раманью, нягледзячы на супраціўленне венецыянска-папскіх атрадаў.
У 1511 годзе Папе ўдалося сфарміраваць новы саюз, гэтым разам супраць Францыі. У склад «Свяшчэннай лігі», арганізаванай Юліем II, увайшлі Венецыя, Іспанія, Англія, а трохі пазней — і імператар Максіміліян I. Хоць першапачаткова поспех спадарожнічаў французам, якія пад камандаваннем Гастона дэ Фуа захапілі Брэшыю і разбілі іспанцаў у бітве пры Равене, у 1512 годзе перавага пачала схіляцца на бок саюзнікаў. У Ламбардыю ўварвалася найманая на папскія грошы армія швейцарцаў, якая заняла Мілан і аднавіла на прастоле герцага Максіміліяна Сфорцы, ператварыўшы Міланскае герцагства ў пратэктарат Швейцарыі. Папска-іспанскія войскі таксама перайшлі ў наступ і адбілі ў французаў Парму, П'ячэнцу і Рэджа. Спробы Францыі ў 1513 годзе адваяваць Мілан праваліліся: у бітве пры Навары войскі Людовіка XII былі ўшчэнт разбіты швейцарцамі.
Няўдачы французаў прымусілі Венецыю зноў пайсці на збліжэнне з Францыяй і скласці ў 1513 годзе саюз з Людовікам XII. Венецыянскія войскі захапілі Фрыўлі, але пацярпелі паражэнне ад іспанскай арміі ў бітве пры Ла-Моце. На французскім узбярэжжы высадзіліся войскі англійскага караля Генрыха VIII, якія, атрымаўшы перамогу пры Гінгаце, занялі Тэруан. На дапамогу Францыі прыйшла Шатландыя, аднак яе армія была разбіта англічанамі ў бітве пры Флодэн-Філдзе, а шатландскі кароль Якаў IV быў забіты. Аднак «Свяшчэнная ліга» неўзабаве пачала развальвацца. Генрых VIII у 1514 годзе заключыў сепаратны мір з Францыяй, а смерць Юлія II у 1513 годзе пакінула саюзнікаў без лідара. Новы Папа Леў X не адрозніваўся ваяўнічасцю і схіляўся да прымірэння з Францыяй.
У 1515 годзе французская армія пад камандаваннем новага караля Францыі Францыска I уварвалася ў Італію і, абапіраючыся на саюз з Венецыяй, у бітве пры Марыньяна разграміла швейцарскія войскі. Неўзабаве французы ўвайшлі ў Мілан. На сустрэчы Францыска I і Папы Льва X у Балонні было ўзгоднена спыненне ваенных дзеянняў паміж дзвюма дзяржавамі, прычым Парма і П'ячэнца павінны былі адысці да Францыі. Паводле Нуаёнскага дагавора 1516 года Папа і кароль Іспаніі Карл I прызналі правы французскага караля на Ламбардыю ў абмен на яго адмову ад прэтэнзій на Неапаль. Вайна завяршылася ў 1517 годзе заключэннем міру паміж Венецыяй і імператарам, паводле якога рэспубліка страчвала Рэверэта, але захоўвала Крэмону. Такім чынам Паўночная Італія апынулася падзеленай паміж Францыяй і Венецыяй.
Першая вайна Францыска I і Карла V (1521—1526)
[правіць | правіць зыходнік]Новы этап у Італьянскіх войнах пачаўся ў 1519 годзе з узыходжаннем іспанскага караля Карла I на прастол Свяшчэннай Рымскай імперыі пад імем Карла V. Пад яго ўладай былі аб'яднаны велізарныя ўладанні ў Еўропе: Германія, Нідэрланды, Іспанія, Сіцылія, Неапаль, што дазволіла таксама высунуць прэтэнзіі на Мілан і Бургундыю. У той жа час распачатая ў Германіі Рэфармацыя, барацьбу з якой узначаліў Карл V, забяспечыла імператару падтрымку папства. У 1521 годзе ваенныя дзеянні ў Італіі аднавіліся. Іспана-імперская армія нечакана атакавала Ламбардыю і захапіла Мілан. Французскія войскі былі разбіты ў бітве пры Бікоцы. Папа зноў заняў Парму і П'ячэнцу. У 1522 годзе іспанская армія акупавала Геную. У наступным годзе Венецыя заключыла сепаратны мір з саюзнікамі, саступіўшы Градзішку Аўстрыі, а англійскія войскі атакавалі Пікардыю. Да канца 1524 года французскія войскі былі цалкам выцеснены з Італіі, а іспанскі флот аблажыў Марсель.
У 1525 годзе новая буйная французская армія пад камандаваннем самога караля Францыска I перайшла праз Альпы, імкнучыся вярнуць пад уладу Францыі Ламбардыю. Аднак у бітве пры Павіі французскія войскі былі ўшчэнт разбіты іспанцамі, а Францыск I патрапіў у палон. Знаходзячыся ў іспанскім палоне, кароль Францыі быў вымушаны ў 1526 годзе падпісаць кабальны Мадрыдскі дагавор, паводле якога ён адмовіўся ад усіх прэтэнзій на Італію і саступіў Іспаніі былыя ўладанні Бургундскага дому — Бургундыю, Артуа і Фландрыю.
Вайна Каньякскай лігі (1526—1530)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вызвалення Францыска I з іспанскага палону, ён абвясціў пра несапраўднасць умоў Мадрыдскага дагавора. Яму ўдалося прыцягнуць на свой бок Папу Клімента VII, незадаволенага ўсталяваннем гегемоніі Іспаніі ў Італіі. У выніку, у 1526 годзе была сфарміравана антыіспанская Каньякская ліга, у якую ўвайшлі Францыя, Папская дзяржава, Венецыя, Фларэнцыя і Франчэска II Сфорца, герцаг Міланскі. Аднак французскі кароль не спяшаўся накіроўваць свае войскі ў Італію. Хоць папска-венецыянскія войскі адбілі ў іспанцаў Лодзі, вызваліць Ламбардыю ім не ўдалося. У той жа час імператар Карл V сабраў новую армію ландскнехтаў, якая рушыла ў Сярэднюю Італію. Раздражнёныя адсутнасцю жалавання, ландскнехты 4 мая 1527 года штурмам узялі Рым і разрабавалі горад. Узяцце Рыма выклікала шок у Еўропе. Папа быў запёрты ў замку Святога Анёла, прэстыж папства рэзка ўпаў. У Фларэнцыі ўспыхнула антыпапскае паўстанне, якое выгнала Медычы і аднавіла рэспубліку. Тым не менш Францыску I удалося некалькі ўмацаваць Каньякскую лігу, дамогшыся далучэнні да яе караля Англіі.
У 1528 годзе французскія войскі зноў уступілі ў Італію. Яны з баямі прарваліся на поўдзень і аблажылі Неапаль. Аднак у французскім лагеры пачалася чума, якая панесла больш за палову салдат і камандзіраў, у бітве пры Ландрыяна іспанскія войскі атрымалі верх, а ў Генуі разгарэўся антыфранцузскі мяцеж на чале з Андрэа Дорыа, які перадаў генуэзскі флот Іспаніі і прымусіў капітуляваць французскі гарнізон у Савоне. Францыск I быў вымушаны вывесці войскі з Італіі. Неўзабаве паміж Францыяй і Карлам V быў заключаны Камбрэйскі мір, які прадугледжваў пераход Артуа, Фландрыі і Турнэ пад уладу Іспаніі і замацаваў іспанскую гегемонію ў Італіі. Наўзамен імператар адмовіўся ад прэтэнзій на Бургундыю. Папа Рымскі таксама спыніў супраціўленне наўзамен на абяцанне Карла V аднавіць уладу Медычы ў Фларэнцыі, а ў 1530 годзе Клімент VII каранаваў Карла імператарскай каронай у Балонні. Ваенныя дзеянні працягнула толькі Фларэнцыя, але пасля гераічнай абароны ў 1530 годзе яна была вымушана капітуляваць. Фларэнційская рэспубліка была скасавана, а ў 1532 годзе Алесандра Медычы быў абвешчаны герцагам Фларэнцыі.
Завяршэнне Італьянскіх войнаў
[правіць | правіць зыходнік]Трэцяя вайна Францыска I і Карла V (1536—1538)
[правіць | правіць зыходнік]Узяцце Рыма ў 1527 годзе, поспехі Рэфармацыі ў Германіі і разрыў з каталіцтвам англійскага караля Генрыха VIII моцна падарвалі пазіцыі Папы Рымскага. Ён апынуўся ў поўным падпарадкаванні ў імператара і больш не прымаў актыўнага ўдзелу ў Італьянскіх войнах. Пачынаючы з 1530-х гадоў канфлікт набыў характар барацьбы паміж іспанскімі Габсбургамі і французскімі Валуа за гегемонію ў Еўропе. Новая нагода для ваеннага сутыкнення ўзнікла са смерцю міланскага герцага Франчэска II Сфорца ў 1535 годзе. Карл V неадкладна абвясціў Ламбардыю ўладаннем іспанскай кароны. Супраць гэтага выступіў Францыск I, які прад'явіў у адказ прэтэнзіі на Мілан і Савою. У 1536 годзе французскія войскі захапілі Турын і акупавалі ўсё Савойскае герцагства, аднак да Мілана ім дайсці не ўдалося. У адказ Карл V атакаваў Праванс і аблажыў Марсель. Паколькі іспанцы не змаглі захапіць моцна ўмацаваны Авіньён, іх прасоўванне ўглыб французскай тэрыторыі спынілася. У 1538 годзе Францыя і імператар заключылі Ніцкае перамір'е на 10 гадоў, захаваўшы гегемонію Іспаніі ў Італіі, але перадаўшы П’емонт пад уладу Францыска I.
Чацвёртая вайна Францыска I і Карла V (1542—1546)
[правіць | правіць зыходнік]Ніцкае перамір'е апынулася недаўгавечным. У 1541 годзе іспанскія салдаты забілі двух французаў у Павіі. У адказ Францыск I у 1542 годзе аднавіў вайну, захапіўшы Люксембург і Русільён, якія належалі іспанскаму каралю. Адначасова Францыя заключыла саюз з Сулейманам I, султанам Асманскай імперыі, якая пагражала Габсбургам з усходу. У 1543 годзе аб'яднаны франка-турэцкі флот захапіў Ніцу, а ў наступным годзе войска Францыска I нанеслі паражэнне іспанцам у бітве пры Чэрэзоле. Аднак выбіць іспанцаў з Ламбардыі зноў не ўдалося. Больш за тое, на бок Карла V перайшоў англійскі кароль Генрых VIII. Англійскія войскі высадзіліся ў паўночнай Францыі і захапілі Булонь, а армія імператара, заняўшы Суасон, пачала наступ на Парыж. Тым не менш рознагалоссі паміж англічанамі і імперцамі, а таксама серыя анты-іспанскіх паўстанняў у Італіі (у Генуі і Сіене) і бесперапынныя атакі турэцкага флоту прымусілі Карла V пайсці на перамовы з Францыяй. Паводле міру ў Крэпі 1544 года статус-кво ў Італіі быў адноўлены, хоць Англія працягвала ўтрымліваць Булонь.
Апошняя Італьянская вайна (1551—1559)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці караля Францыска I у 1547 годзе на французскі прастол узышоў яго сын Генрых II, які працягнуў антыгабсбургскую палітыку свайго бацькі. Яму ўдалося ў 1548 годзе далучыць да Францыі маркізат Салуца ў П'емонце і зблізіцца з Папам Юліем III, незадаволеным пазіцыяй імператара на Трыдэнцкім саборы. У 1551 годзе Генрых II абвясціў вайну Карлу V і ўварваўся ў Латарынгію. Французскія войскі акупавалі практычна ўсю Латарынгію да Рэйна. У 1553 годзе армія Генрыха II рушыла ў Італію і атакавала Фларэнційскае герцагства. Аднак у бітве пры Марчыяна французы пацярпелі паражэнне, а ў 1554 годзе капітуляваў абложаны іспанцамі французскі гарнізон у Сіене. У 1556 годзе Карл V адрокся ад іспанскага прастола на карысць свайго сына Філіпа II і ад тытула імператара на карысць малодшага брата Фердынанда I.
Тым часам, французскія войскі пад камандаваннем Франсуа дэ Гіза ўступілі ў Паўднёвую Італію і занялі Неапаль. Аднак на паўночным тэатры баявых дзеянняў Францыя пацярпела паражэнне: у 1557 годзе іспанская армія, падтрыманая англійскім экспедыцыйным корпусам, ушчэнт разбіла французскія войскі ў бітве пры Сен-Кантэне. Франсуа дэ Гіз быў вымушаны адвесці войскі з Італіі. Хоць дзеянні французаў былі досыць паспяховымі: у 1558 годзе паў Кале, які знаходзіўся пад уладай Англіі больш за два стагоддзі, а неўзабаве французскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Іспанскіх Нідэрландаў, у 1559 годзе агульнае знясіленне бакоў прымусіла пайсці на мірныя перамовы.
Паводле Ката-Камбрэзійскага мірнага дагавора, заключанаму паміж Францыяй, Англіяй і Іспаніяй у 1559 годзе, Францыя адмовілася ад усіх прэтэнзій на Італію, утрымаўшы за сабой толькі Салуца. П'емонт і Савоя былі вернуты герцагу Савойскаму, Мілан і Неапалітанскае каралеўства былі прызнаны ўладаннем Іспаніі. Наўзамен Францыя атрымала Кале, а таксама тры латарынгскія біскупствы: Мец, Туль і Вердэн. Іспанія захавала Франш-Кантэ і Нідэрланды.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Ката-Камбрэзійскі мір завяршыў Італьянскія войны. Галоўным іх вынікам стала зацвярджэнне іспанскай гегемоніі ў Італіі і ператварэнне Іспаніі ў вядучую дзяржаву Еўропы. Францыя была вымушана здавольвацца далучэннем невялікіх тэрыторый, а Рэлігійныя войны, якія неўзабаве разгарэліся, надоўга саслабілі краіну. У час войнаў моцна пацярпела гаспадарка Італіі. Замацаванне іспанскай улады і феадальнай раздробненасці ва ўмовах спусташэння краіны прывяло да падзення значэння італьянскіх дзяржаў у еўрапейскай палітыцы і зрушэнню Італіі на перыферыю гістарычнага развіцця Еўропы. З іншага боку, вярнуўшыся з Італіі, французскія і нямецкія салдаты і афіцэры прынеслі ў свае краіны ідэалы Рэнесансу і гуманізму, што паслужыла штуршком да бурнага развіцця культуры Адраджэння на поўнач ад Альпаў.
Зноскі
- ↑ А. Н. Родионов. Сифилис. — Питер, 2007. — 320 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- История Италии в 3-х тт. М., 1973
- Guicciardini, F. The History of Italy. Princeton, 1984.