Анатоль Арцёмавіч Брытун
Анатоль Арцёмавіч Брытун | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 7 лістапада 1957 (66 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | празаік, публіцыстыка |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Анатоль Арцёмавіч Брытун (7 лістапада 1957, Баранцы, Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць, БССР) — беларускі празаік, публіцыст, член саюза пісьменнікаў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Анатоль Арцёмавіч Брытун нарадзіўся 7 лістапада 1957 года ў вёсцы Баранцы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. З дзяцінства дапамагаў бацькам па гаспадарцы, хадзіў палоць буракі і збіраць бульбу ў мясцовы калгас «Беларусь» (цяпер сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «АграАзяты» Жабінкаўскага раёна), дзе маці Анатоля працавала паляводам. Бацька шмат гадоў быў работнікам прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Шмат часу хлопчык праводзіў у дзядулі на хутары каля вёскі Хідры Кобрынскага раёна. З юнацкіх гадоў быў летуценнікам, любіў прыгодніцкія кнігі, з’яўляўся самым адданым чытачом у сельскай бібліятэцы. Любоў да кнігі прывіла яму Соф’я Рыгораўна Карась, якая была бібліятэкарам у Баранцах.
Анатоль скончыў пачатковую школу ў Баранцах, потым вучыўся ў Верхалескай сярэдняй школе (Кобрынскі раён). Пасля васьмі класаў паступіў у Пінскі гідрамеліяратыўны тэхнікум, які скончыў у 1977 годзе і па размеркаванню накіраваны ў Пскоў (РСФСР), дзе 5 гадоў працаваў у праектным інстытуце, потым вярнуўся ў Брэст, завочна вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе атрымаў дыплом інжынера-гідратэхніка, працаваў у Брэсцкай дырэкцыі Галоўпалессевадбуд.
Яшчэ адну вышэйшую адукацыю набыў у Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна на факультэце грамадскіх прафесій. Там авалодаў польскай мовай, працаваў гідам-перакладчыкам у турыстычнай фірме «Спутник», затым у «Интуристе», потым — у маскоўскім «Интурбюро». За пяць гадоў зведаў усе куточкі Савецкага Саюза.
Пасля распаду Савецкага Саюза Анатолю Арцёмавічу, як перакладчыку, прапанавалі работу ў Брэсцкай мытні, дзе ён і працаваў да самага выхаду на пенсію, спачатку супрацоўнікам мытнага паста «Брэст-Цэнтральны», потым афармляў на вылет самалёты ў аэрапорце «Брэст».
Член Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі[1] з 2013 года.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Творчыя здольнасці з’явіліся ў Анатоля Брытуна яшчэ ў школе. Недзе ў восьмым класе напісаў сачыненне на вольную тэму, якое вельмі здзівіла настаўнікаў, якія не паверылі, што так можа пісаць падлетак, далі ліст паперы і загадалі паказаць сваё ўменне яшчэ раз. Той самы момант, калі зачынены ў пакоі школьнік складаў нешта, каб даказаць аўтарства, ён і лічыць першай спробай пяра.
Актыўна займацца літаратурнай дзейнасцю Анатоль Брытун пачаў у 2007 годзе. Першае прыгодніцкае апавяданне, прысвечанае паляўнічым і рыбалоўным прыгодам, было надрукавана ў рэспубліканскім часопісе «Паляўнічы і рыбалоў». Аўтар любіў лавіць рыбу, збіраць грыбы, таму вельмі хутка нараджаліся ў яго невялічкія прыгодніцкія і гумарыстычныя апавяданні. Бывала, што ў нумары часопіса выходзілі адразу некалькі гісторый. Пісаў на рускай і беларускай мовах, але потым пераключыўся толькі на беларускую. Яго творы публікаваліся ў літаратурных часопісах «Полымя» і «Маладосць», дзіцячым часопісе «Бярозка», рэспубліканскіх газетах «Паляўнічы і рыбалоў» і «Таможенный вестник», рэгіянальных газетах: «Народная трыбуна», «Брестский вестник», «Заря», «Брестская газета».
Белавежскім летапісцам сталі называць Анатоля Брытуна пасля таго, як убачыў свет яго першы раман «Пах мускусу». У творы пісьменнік знаёміць чытача з яцвяжскім паданнем пра Вечнага стражніка, які ахоўвае некранутыя лясы Белавежы. Старажытная пушча стала месцам дзеяння невыпадкова: аднойчы Анатоль пачуў ад маці, что дзед і прадзед з боку бацькі раней жылі ў Белавежскай пушчы, працавалі там вартаўнікамі і ляснічымі. Падчас Першай сусветнай вайны акупацыйныя ўлады іх выселілі, бо дзед са сваім бацькам стралялі ў кайзераўцаў, якія пілавалі дубы і забівалі зуброў. Гэта гісторыя і стала асновай першага рамана, які ў часопіснай версіі з’явіўся ў першых нумарах «Полымя» за 2010 год. У 2012 годзе пісьменнік за свае грошы выдаў трыста экзэмпляраў кнігі пад аднайменнай назвай, якая разышлася па бібліятэках краіны. У 2014 годзе за «Пах мускусу» стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя У. Каласніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі «Проза».
Наступная кніга Анатоля Брытуна — аповесць «Сяліба» — з’явілася ў 2015 годзе. Яна адлюстроўвае жыццё селяніна-беларуса на працягу амаль усяго ХХ стагоддзя. У аснове «Сялібы» — аповеды дзеда пісьменніка з боку маці, таго самага, што жыў недалёка ад Хідраў. Праз погляды галоўнага героя пісьменнік паказаў лёс нашай малой радзімы на працягу доўгага часу, адносіны простага чалавека да змены ўлады, якая адбывалася сем разоў.
У 2019 годзе, да 1000-годдзя Брэста, выходзіць трэцяя кніга Анатоля Брытуна «Трылогія прыгод тысячагоддзя». Выданне ўключыла ў сябе тры творы, прысвечаныя мінулым старонкам гісторыі нашай краіны, Бярэсця і Белавежская пушчы, супрацьстаянню з вікінгамі, барацьбе з мангола-татарамі і крыжаносцамі. Героямі аўтар абраў яцвягаў і літвінаў, якія мужна змагаліся за сваю незалежнасць, адстойвалі сваю зямлю і свой гонар.
У 2021 годзе Анатоль Арцёмавіч выйшаў на пенсію, жыве ў Брэсце. Яго празаічныя творы перыядычна з’яўляюцца ў мясцовым і рэспубліканскім друку, кнігі пісьменніка можна сустрэць у кожнай бібліятэцы краіны.
Аўтар гістарычных кніг з задавальненнем сустракаецца з прыхільнікамі свайго таленту, так напярэдадні 25-годдзя ўтварэння мытнай службы Рэспублікі Беларусь, у 2016 годзе, у музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» ў Брэсце прайшла творчая сустрэча са старшым інспектарам Брэсцкай мытні Анатолем Брытуном, а ў красавіку гэтага ж года пісьменнік выступаў на раённым фестывалі дзіцячай кнігі ў Жабінцы
У 2018 годзе ў складзе дэлегацыі Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ён прыняў удзел у XXV Дні беларускага пісьменства, які прайшоў у горадзе Іванава. 27 кастрычніка 2022 года ўдзельнічаў у Першым абласным літаратурным фестывалі «Берасцейскае шматгалоссе», які адбыўся ў Жабінцы. У 2023 годзе пісьменнік стаў лаўрэатам літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Літаратура для дзяцей і юнацтва» з кнігай «Трылогія прыгод тысячагоддзя».
Сям'я
[правіць | правіць зыходнік]У 32 гады ажаніўся, у сям’і нарадзіўся сын Арцём.
Зноскі
- ↑ Брэсцкае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (англ.). www.oo-spb.by. Праверана 22 сакавіка 2024.