Перайсці да зместу

Бібліятэка Слонімскага кляштара бернардзінцаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бібліятэка Слонімскага кляштара бернардзінцаў — бібліятэка, якая існавала пры Слонімскім кляштары бернардзінцаў з XVII стагоддзя да сярэдзіны XIX стагоддзя. Дакументальныя звесткі пра яе паходзяць пачынаючы з 1787 года. Захаваліся інвентарныя спісы кніг бібліятэкі 1798, 1804, 1816, 1820, 1821 і 1822 гадоў. Бібліятэка значна вырасла ў канцы 1820—1830-х гадоў, калі бернардзінцы трымалі школу. У 1820 годзе тут было 948 кніг, у асноўным казанні на польскай мове, працы па тэалогіі, філасофіі, рыторыцы і гісторыі, а ў 1822 годзе — 1766 кніг (яшчэ 17 богаслужэбных кніг захоўвалася ў сакрысціі), у 1830 годзе — 1858 кніг. З захаваных інвентароў вынікае, што кнігазбор бернардзінцаў быў даволі стары, тэаматычна пераважалі прапаведніцкія, аскетычныя творы, працы па рыторыцы і філасофіі. У 1830 годзе ў бібліятэку перайшла літаратура з зачыненага кляштара ў Берасці (791 кніга). У 1838 годзе ў Слонімскім кляштары 2177 кніг, з іх 75 літургічных: антыфанарыі, псалтыры, брэвіярыі, агенды, мшалы (у т.л. «мшал рускі»). У гэты час пераважалі філасофскія працы, лацінскія і польскія казанні, каментарыі Свяшчэннага Пісання, аскетычныя, гістарычныя і палітычныя творы, працы па рыторыцы, граматыцы, паэзіі. Пасля 1845 года ў бібліятэцы 1734 кніга ў 2774 тамах.

  • В. С. Пазднякоў. Бібліятэка Слонімскага кляштара бернардзінцаў // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
  • Pietrzkiewicz I. Biblioteki klasztorów słonimskich w świetle zachowanych inwentarzy XVIII—XIX ww. // Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. СПб., 2005. Вып. 3.