Капаткевіцкая раўніна
Капаткевіцкая раўніна — фізіка-геаграфічны раён Гомельскага Палесся, размешчаны ў міжрэччы Арэсы, Пцічы, Прыпяці і Бобрыка 2, на захадзе Гомельскай і поўдні Мінскай абласцей. Пераважаюць прыродна-тэрытарыяльныя комплексы з перарывістым покрывам водна-ледавіковых супескаў з плоскім і хвалістым рэльефам, які ўскладняецца невысокімі марэннымі ўзгоркамі.
Капаткевіцкая раўніна мяжуе з Бабруйскай раўнінай на поўначы, Мазырска-Лельчыцкай раўнінай на поўдні, Ясельдзінска-Слуцкай нізінай на захадзе і Васілевіцкай нізінай на ўсходзе. Значнай часткай адпавядае геамарфалагічнаму раёну, які мае назву Вятчынская нізіна.
У морфаструктурных адносінах тэрыторыя прымеркавана да Прыпяцкага прагіну. Сярэдняя магутнасць антрапагенавага чахла 30-60 м, месцамі да 120 м, ён складзены ніжне- і сярэднечацвярцічнымі гарызонтамі ледавіковых утварэнняў. Паверхня крышталічнага падмурка залягае на глыбіні 2500—5000 м.
Пераважае слабахвалістая водна-ледавіковая раўніна. Характэрная рыса рэльефа — просталінейныя паралельныя лагчыны, у якіх з цягам часу сфарміраваліся даліны рэк, што дзеляць паверхню на шэраг увалападобных павышаных участкаў і сістэму балотных і азёрных паніжэнняў. Абсалютныя вышыні паверхні вагаюцца ў межах 145—184 м, адносныя — 2-3 м, на павышэннях — да 10 м. Ухілы паверхні рэдка перавышаюць 1-2°, круцізна схілаў далін і лагчын 5-10°. Гушчыня расчлянення 0,2 км/км². Паверхня раўніны ўскладняецца сухімі далінамі, балкамі і замкнёнымі азёрападобнымі паніжэннямі тэрмакарставага паходжання, дзе гушчыня расчлянення дасягае 2-2,5 км/км². Даліны і лагчыны шырокія — да 3—4 км, шмат скразных далін. На захадзе вялікія прасторы занятыя водна-ледавіковымі адкладамі, перакрытымі на міжрэччах маламагутнай марэнай дняпроўскага ўзросту. Тэрасы на схілах лагчын складзены пясчана-жвіровым матэрыялам і галькай, схілы далін — саліфлюкцыйнымі адкладамі, якія месцамі перакрыты лёсападобнымі пародамі і пластом дэлювія. Днішчы буйных балак запоўнены торфам магутнасцю да 4 м. Вакол асобных азёрных катлавін сустракаюцца эолавыя формы перавеяных пяскоў. Ва ўсходняй частцы развіты палі дробных эолавых бугроў з катлавінамі выдзімання і гляцыякарставыя западзіны дыяметрам да 40 м.
Гідраграфічную сетку ўтвараюць дробныя прытокі Пцічы і Бобрыка з вузкімі забалочанымі далінамі.
Глебы дзярнова-падзолістыя, большай часткай забалочаныя, пясчана-супясчаныя і дзярновыя, тарфяна-балотныя.
Пад лесам звыш 40 % (лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубровы), пад ворывам каля 25 %.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3