Перайсці да зместу

Карл Арнольд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карл Арнольд
ням.: Karl Arnold
Дата нараджэння 1 красавіка 1883(1883-04-01)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 29 лістапада 1953(1953-11-29)[1][4][…] (70 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Anne-Dora Arnold[d]
Род дзейнасці карыкатурыст, мастак, ілюстратар, графічны дызайнер, фатограф
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Карл Максіміліян Арнольд (ням.: Karl Maximilian Arnold, 1 красавіка 1883, Нойштат-бай-Кобург — 29 лістапада 1953, Мюнхен) — нямецкі мастак-карыкатурыст і графік.

Жыццё і творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і баварскага прадпрымальніка і палітыка Макса Оскара Арнольда, быў чацвёртым з дзевяці дзяцей. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі вывучаў маляванне і мадэляванне ў прамыслова-рамесніцкай школе ў родным горадзе. Увосень 1901 года прыязджае ў Мюнхен і паступае там у Акадэмію прыгожых мастацтваў, дзе вучыцца перш у класе малюнка ў Карла Раўпа, а затым жывапісу ў Людвіга фон Лёфца і Франца фон Штука. Малады мастак не атрымліваў ад сям’і матэрыяльнай падтрымкі, таму звярнуўся ў рэдакцыі вядучых ілюстраваных часопісаў Мюнхена. У верасні 1907 года яго першы малюнак апублікавалі ў адным з найвядомых у Нямеччыне сатырычных выданняў, у часопісе «Simplicissimus», у тым жа годзе яго пачаў публікаваць часопіс «Die Jugend». У 1913 годзе К.Арнольд стварае тытульны ліст «Сімпліцысімуса», у 1917 годзе становіцца адным з саўладальнікаў гэтага выдання. Да 1942 года ў часопісе было апублікавана каля 1.800 малюнкаў майстра.

З пачаткам Першай сусветнай вайны К.Арнольд быў мабілізаваны, аднак размеркаваны ў рэдакцыю створанай на акупаванай паўночнай Францыі для патрэб 6-й арміі вайсковай газеты «Liller Kriegszeitung», дзе працуе мастаком. Да 1917 года Арнольд публікуе на яе старонках 300 малюнкаў патрыятычнага і нацыяналістычнага зместу. У 1920-я гады ён — апроч «Сімпліцысімуса» — супрацоўнічае са швейцарскай сатырычнай газетай «Nebelspalter» (Раскольнік туману), з Münchner Illustrierte Presse, а таксама з часопісамі Die Dame і Праказа (Ulk). З прыходам да ўлады ў Германіі ў 1933 годзе нацыянал-сацыялістаў — нягледзячы на вострую крытыку на яго старонках А.Гітлера — часопіс не быў зачынены, і К.Арнольд працягнуў там сваю працу. Не з’яўляючыся прыхільнікам рэжыму, мастак у той жа час аб’явіў, што не падыходзіць для пратэстнага Супраціву, аддаючы перавагу лавіраваць паміж партыямі. У 1936 годзе ён таксама працаваў на берлінскае выдавецтва Ульштэйн, у 1937 едзе ў Парыж на Сусветную выстаўку як журналіст-ілюстратар. У 1939 годзе яму прысвойваецца званне прафесара жывапісу. У той жа самы час у 1938 годзе апублікаваная ў 1924 годзе кніга К. Арнольда «Berliner Bilder (Берлінскія замалёўкі)» была прызнана Імперскай пісьменніцкай палатай як шкодніцкая і не рэкамендуемая. У 1942 годзе мастак перанёс інсульт, пасля якога ўжо не змог акрыяць, і спыніў мастацкую дзейнасць.

К. Арнольд быў з 1911 года жанаты з мастачкай Ганнай-Дорай Фальквардсен, з якой быў знаёмы яшчэ са студэнцкіх гадоў і жыў у Парыжы ў 1909—1910 гадах. У гэтым шлюбе ў іх было чацвёра сыноў.

К. Арнольд, разам з Олафам Гульбрансанам, Томасам Гейнэ і Бруна Паўлем адносіцца да найбольш значных нямецкіх мастакоў-карыкатурыстаў першай паловы XX стагоддзя.

Зноскі