Кароль (шахматы)
Кароль, князь (Unicode: ♔, ♚) — галоўная шахматная фігура, хоць і не наймоцная. Мэта шахматнай партыі — абвясціць мат каралю суперніка.
Хады караля
[правіць | правіць зыходнік]Кароль можа перамяшчацца на любое суседняе поле па гарызанталі, вертыкалі або па дыяганалі. Знаходзячыся ў вуглавым полі, кароль атакуе 3 палі, на поле ў боку дошкі — 5 палёў, на астатніх палёх — 8 палёў. Пры гэтым кароль не можа хадзіць на поле, занятае сваёй фігурай, а таксама на поле, атакаванае чужой фігурай (пад шах).
Ракіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Ракіроўка ўяўляе сабой адначасовы ход караля і ладдзі з перасоўваннем караля на два поля ў бок адной з ладдзёў з адначасовым перасоўваннем ладдзі на поле, пройдзенае каралём. Ракіроўка на каралеўскі фланг завецца кароткай ракіроўкай (пазначаецца 0-0), ракіроўка на ферзевы фланг — доўгай ракіроўкай (пазначаецца 0-0-0).
Ракіроўка дапушчальная пры захаванні наступных умоў: — кароль і ладдзя не зрабілі ніводнага ходу; — паміж каралём і ладдзёй няма фігураў; — кароль не знаходзіцца пад шахам, не праходзіць праз атакаванае поле і не трапляе на атакаванае поле (пад шах).
Шах
[правіць | правіць зыходнік]Шах — сітуацыя, калі пасля ходу суперніка кароль атакаваны фігурай суперніка. Выкрыты шах — сітуацыя, калі пасля ходу адной фігурай суперніка кароль апынуўся атакаваны іншай фігурай. Падвойны шах — сітуацыя, калі кароль атакаваны адразу дзвюма фігурамі суперніка.
У выпадку, калі каралю абвешчаны шах, неабходна наступным ходам вывесці яго з-пад шаха. Абараніцца ад шаха можна адным з трох спосабаў — зрабіць ход каралём на поле, не атакаванае фігурамі суперніка, загарадзіць караля сваёй фігурай, пабіць фігуру, якая ставіць шах. Абараніцца ад падвойнага шаха можна толькі зрабіўшы ход каралём.
Мат
[правіць | правіць зыходнік]Мат — сітуацыя, калі пасля ходу суперніка кароль атакаваны фігурай суперніка, і пры гэтым ігрок не можа сваім ходам абараніцца ад шаха.
Пры аб’яве мату партыя сканчваецца незалежна ад таго, які матэрыял застаецца на дошцы і колькі часу на гадзінніку ў стараны, абвясціўшай мат. У спартыўнай практыцы да мату звычайна даходзіць рэдка, і ігрок, разумеючы, што мат пры правільнай гульні суперніка непазбежны, звычайна здае партыю.
Пат
[правіць | правіць зыходнік]Пат — сітуацыя, калі пасля ходу суперніка ігрок не мае магчымасці зрабіць дапушчальны ход, паколькі пры любым ходзе караля ён апыняецца пад шахам, а іншыя фігуры адсутнічаюць або заблакаваны, і пры гэтым кароль не атакаваны. Пат азначае завяршэнне гульні ўнічыю.
Кароль у шахматнай партыі
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку партыі каралі займаюць палі е1 і е8. У дэбюце каралямі звычайна не ходзяць, выключэнне — ракіроўка, якая ажыццяўляецца для лепшай абароны самога караля і развіцця іншых фігураў. У мітэльшпілі кароль нярэдка бывае аб’ектам нападаў, якія могуць сканчвацца перамогай аднаго з бакоў. У эндшпілі каралі звычайна прымаюць актыўны ўдзел у гульні, дапамагаючы прасоўванню сваіх пешак у ферзі або перашкаджаючы прасоўванню чужых пешак.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кароль (шахматы)
- Piececlopedia: Кароль (англ.)