Перайсці да зместу

Кормак Мак-Карці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кормак Макарці)
Кормак Мак-Карці
англ.: Cormac McCarthy
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні англ.: Charles Joseph McCarthy Jr.[1]
Дата нараджэння 20 ліпеня 1933(1933-07-20)[2][3][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 чэрвеня 2023(2023-06-13)[4][5] (89 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
  • невядома[6]
Грамадзянства
Бацька Charles J. McCarthy[d][7]
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці раманіст, драматург, пісьменнік, кінасцэнарыст, сцэнарыст
Гады творчасці 19652022
Мова твораў англійская і іспанская[11]
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографа
cormacmccarthybooks.com (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кормак Мак-Карці (англ.: Cormac McCarthy; 20 ліпеня 1933, Провідэнс, Род-Айлэнд, ЗША13 чэрвеня 2023, Санта-Фэ, Нью-Мексіка, ЗША[12]) — амерыканскі пісьменнік-раманіст, празаік і драматург, сцэнарыст.

Аўтар шэрагу раманаў, п’ес і кінасцэнарыяў. Асноўныя жанры — паўднёвая готыка, вестэрн, постапакаліптыка. Лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі і Прэміі Джэймса Тэйта Блэка за раман «Дарога». У 1992 годзе атрымаў Нацыянальную кніжную прэмію і Нацыянальную кніжную прэмію крытыкаў за раман «Коні, коні». Паводле рамана Мак-Карці «Старым тут не месца» (2005), у 2007 годзе зняты аднайменны фільм, які атрымаў чатыры прэміі «Оскар» Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў, у тым ліку ў намінацыі «Лепшы фільм».

Раман Мак-Карці «Крывавы мерыдыян» (1985) унесены ў спіс «100 лепшых кніг на англійскай мове, выдадзеных у перыяд 1923—2005 гадоў» паводле версіі часопіса Time. У 2006 годзе The New York Times змясціла «Крывавы мерыдыян» на другое месца ў спісе лепшых амерыканскіх раманаў, апублікаваных за апошнія 25 гадоў.

Літаратурны крытык Харальд Блюм назваў Мак-Карці адным з чатырох найбуйнейшых амерыканскіх пісьменнікаў свайго часу, у шэрагу з Донам Дэліла, Томасам Пінчанам і Філіпам Ротам.

У 2010 годзе The Times паставіла раман «Дарога» на першае месца ў сваім спісе «100 лепшых мастацкіх і навукова-папулярных кніг за апошнія 10 гадоў». Кормака Мак-Карці часта называюць сучасным Фолкнерам. Таксама Мак-Карці, паводле шведскай Svenska Dagbladet, усё часцей згадваецца як кандыдат на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Старшы фела (правадзейны член) і член Савета апекуноў Інстытута Санта-Фэ[крыніца?], член амерыканскага філасофскага таварыства (2012).

Нарадзіўся ў сям’і паспяховага юрыста, з шасці дзяцей быў трэцім па старшынстве. Імя «Чарлз», атрыманае па нараджэнні, змяніў на «Кормак» у гонар легендарнага ірландскага караля, паводле іншых звестак, зрабіў гэта па патрабаванні сям’і — па-гэльску імя значыць «сын Чарлза».

У 1937 годзе сям’я Мак-Карці пасялілася ў Ноксвіле ў штаце Тэнесі, дзе Кормак вучыўся ў каталіцкай школе, пасля яе заканчэння паступіў ва Універсітэт Тэнесі, два гады вывучаў гуманітарныя навукі.

У 1953 годзе прызваны ў Армію ЗША, чатыры гады, з іх два на Алясцы, праслужыў у ВПС ЗША. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ва універсітэт. Два апавяданні, апублікаваныя ў студэнцкай газеце ў 1959 і 1960 гадах, былі яго літаратурным дэбютам і прынеслі першыя ўзнагароды.

У 1961 годзе Мак-Карці ажаніўся з Лі Холіман, таксама студэнтцы, і пасля нараджэння сына Калена кінуў універсітэт. Сям’я пераязджае ў Чыкага, дзе Мак-Карці працаваў аўтамеханікам і адначасова над першым раманам. Яшчэ да выхаду рамана першы шлюб Мак-Карці распаўся.

У 1965 годзе атрымаў спецыяльную стыпендыю Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры і адправіўся на радзіму продкаў у Ірландыю на акіянскім лайнеры Sylvania. У падарожжы пазнаёміўся з англійскай спявачкай і танцоркай Эн Дэлайл, з якой неўзабаве ажаніўся. У 1965 годзе ў выдавецтве Random House выходзіць дэбютны раман Мак-Карці, напісаны пад уплывам Уільяма Фолкнера — «Захавальнік сада» (англ.: The Orchard Keeper).

У 1966 годзе Мак-Карці атрымаў яшчэ адзін грант, цяпер ад Фонда Ракфелера, і адправіўся з жонкай у маштабны тур па Заходні і Паўднёвай Еўропе. Пэўны час пісьменнік жыве на востраве Івіса, дзе заканчвае другі раман, «Цемра звонку» («Outer Dark») — змрочную сагу пра грэх, адкупленне і гвалт. Як і першы раман, твор атрымаў прыязную крытыку.

У 1967 годзе сям’я вяртаецца ў Амерыку і селіцца ў гарадку Рокфард  (англ.) у Тэнесі. Праз два гады, калі атрымаў ганаровую стыпендыю Гугенхайма за «пісьменніцкае майстэрства»[13], Мак-Карці купляе стары свіран паблізу Луісвіля ў Тэнесі, і ўласнымі рукамі ператварае яго ў дом.

У 1973 годзе выходзіць раман «Дзіця Гасподняе» («Child of God»), часткова заснаваны на рэальных падзеях. Рэакцыя крытыкі гэтым раз была змяшаная — аўтар не толькі эксперыментуе з літаратурнай формай, змешвае розныя стылі і цалкам ігнаруе двукоссі, але і закранае, смялей за ранейшае, «небяспечныя» тэмы — сексуальныя адхіленні (у тым ліку некрафілію і педафілію), гвалт, сацыяпатыю, выжыванне любым коштам, расізм.

У 1976 годзе Мак-Карці разышоўся з другой жонкай, афіцыйна развод аформлены толькі праз некалькі гадоў, і пераехаў у Эль-Паса ў Тэхас, дзе жыў да нядаўняга часу.

У 1979 годзе выйшаў чацвёрты раман, над якім пісьменнік працаваў агулам дваццаць гадоў — «Сатры» (Suttree). Твор апавядае пра Карнэліуса Сатры — чалавека, які вырваўся з ціскоў сярэдняга класу дзеля сціплага жыцця рыбака, і мае аўтабіяграфічныя матывы. Крытыкі параўноўвалі яго з «Улісам» Джэймса Джойса, «Кансервавым радам» Джона Стэйнбека і «Прыгодамі Гекльберы Фіна» Марка Твэна. У адрозненне ад папярэдніх раманаў Мак-Карці, «Сатры» поўны гумару.

Застаючыся фінансава незалежным дзякуючы стыпендыям і грантам, Мак-Карці працягвае працаваць над новымі кнігамі. У 1985 годзе публікуюць яго першы агульнапрызнаны шэдэўр — «Крывавы мерыдыян, або Заходняя барва на Захадзе» («Blood Meridian, or the Evening Redness in the West»). Пачынаючы з гэтага рамана, які апавядае пра бандытаў-паляўнічых на скальпы, проза Мак-Карці імкнецца да жанру вестэрна — пераасэнсаванага на прынцыпова новым узроўні. Інтэрпрэтацый «Крывавага мерыдыяна» столькі ж, колькі і крытыкаў, які чыталі яго. У 2006 годзе па выніках апытання, праведзенага сярод пісьменнікаў і выдаўцоў, раман увайшоў у лік найвялікшых амерыканскіх раманаў апошняй чвэрці XX ст. і заняў у спісе другую пазіцыю.

Аднак сапраўднае прызнанне да Мак-Карці прыйшло з выхадам у 1992 годзе рамана «Коні, коні», які разам з «За мяжой» («The Crossing», 1994) і «Гарадамі прэрыі» («Cities of the Plain», 1998), утварыў так званую «Памежную трылогію».

На пачатку XXI ст. на творчасць Мак-Карці, ужо сталага класіка, звярнулі ўвагу кінематаграфісты. За экранізацыяй рамана «Коні, коні…» ў 2005 годзе, вядомыя браты Коэны знялі «Старым тут не месца», паводле аднайменнай кнігі 2005 года. Фільм Коэнаў даволі дакладна перадае сюжэт і дух літаратурнай асновы — жорсткага вестэрна ў сучасных дэкарацыях — і адзначаны больш за 75 кінаўзнагародамі, у тым ліку чатырма прэміямі «Оскар» (за лепшы фільм, лепшую рэжысуру, лепшую ролю другога плана (Хаўер Бардэм у ролі Антона Чыгура) і лепшы сцэнарый).

У верасні 2009 года выйшаў на экраны фільм паводле найсвяжэйшага твора Мак-Карці — рамана «Дарога», уганараванага найпрэстыжнейшай у ЗША літаратурнай узнагародай, Пулітцэраўскай прэміяй. У кнізе, якая мае аглушальны поспех па ўсім свеце, аўтар упершыню звяртаецца проста да фантастычнага жанру — дзеі адбываюцца ў постапакаліптычнай будучыні Зямлі, спустошанай невядомай катастрофай. Бацька і сын, якім пашанцавала, або не пашанцавала, выжыць, ідуць бясконцай дарогай, у спадзяванні дабрацца да цёплых краёў.

Цяпер Кормак Мак-Карці жыве ў горадзе Тэсук, штат Нью-Мексіка, на поўнач ад Санта-Фэ, з трэцяй жонкай — Джэніфер Уінклі, і сынам у гэтым шлюбе — Джонам. Інтэрв’ю дае крайне рэдка і пра сваю творчасць разважаць не любіць, таму большасць яго раманаў адкрыта для тлумачэнняў.

Паводле прызнання Мак-Карці, ён недалюблівае аўтараў, якіх «не цікавяць пытанні жыцця і смерці» — напрыклад, Генры Джэймса і Марселя Пруста. «Для мяне гэта не літаратура», — кажа пісьменнік. Любімай кнігай Мак-Карці называе «Мобі Дзік» Германа Мелвіла і кампаніі навукоўцаў аддае перавагу перад кампаніяй літаратараў.

У 2007 годзе вядучая вядомага ток-шоў Опра Уінфры параіла раман Мак-Карці «Дарога» ў сваім кніжным клубе. У выніку, Мак-Карці пагадзіўся даць сваё першае інтэрв’ю тэлебачанню. Яно транслявалася на шоў Опры Уінфры 5 чэрвеня 2007 года. Інтэрв’ю адбылося ў бібліятэцы Інстытута Санта-Фэ. Мак-Карці сказаў Уінфры, што не знаёмы ні з кім з пісьменнікаў і аддае перавагу кампаніі навукоўцаў. Падчас інтэрв’ю распавёў некалькі гісторый з жыцця, якія ілюструюць крайнюю ступень галечы, не раз ім перажытыю за пісьменніцкую кар’еру. Ён таксама распавёў пра досвед бацькоўства ў сталым веку і пра тое, што менавіта васьмігадовы сын натхніў яго на ідэю рамана «Дарога». Мак-Карці заявіў, што аддае перавагу «простым дэкларатыўным сказам» і ніколі не ўжывае кропак і косак. Таксама ён не ўжывае двукоссяў для дыялогаў і лічыць, што няма прычын «пэцкаць старонкі дзіўнаватымі маленькімі значкамі».

Мак-Карці памёр у 2023 годзе ў сваім доме ў Санта-Фэ[12].

  • Лі Холеман (1961, разведзены)
  • Эн Дэлайл (1967, разведзены ў 1981)
  • Джэніфер Уінклі (2007)
  • Кален Мак-Карці, сын у шлюбе з Лі Холеман
  • Джон Фрэнсіс Мак-Карці, сын у шлюбе з Джэніфер Уінклі
  • The Stonemason (1995)
  • The Sunset Limited (2006)

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

Экранізацыі твораў

[правіць | правіць зыходнік]
  • 1977 — The Gardener’s Son — частка серыі для PBS. Выйшаў у эфір у студзені 1977 года. Мак-Карці напісаў сцэнарый на просьбу рэжысёра Рычарда Пірса.
  • 2000 — All the Pretty Horses — рэжысёр Білі Боб Торнтан.
  • 2007 — «Старым тут не месца» / No Country for Old Men — рэжысёры браты Коэны. Фільм намінаваны на 8 катэгорый Кінаакадэміі і атрымаў чатыры «Оскары» — лепшы фільм, лепшая мужчынская роля другога плана, лепшая рэжысура і лепшы адаптаваны сцэнарый.
  • 2009 — «Цемра звонку» / Outer Dark
  • 2009 — «Дарога» / The Road — рэжысёр Джон Хілкаўт.
  • 2011 — «Вячэрні экспрэс „Сансет Лімітэд“» / The Sunset Limited — рэжысёр Томі Лі Джонс
  • 2013 — «Дзіця Гасподняе» / Child of God — рэжысёр Джэймс Франка
  • «Крывавы мерыдыян» / Blood Meridian — экранізацыя запланавана на 2015 год. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Тод Філд, прадзюсар Скот Рудзін.
  • 1959 — Узнагарода універсітэцкага фонду Ingram-Merrill
  • 1960 — Узнагарода універсітэцкага фонду Ingram-Merrill
  • 1965 — Прэмія Фолкнера за раман «Захавальнік саду»
  • 1965 — Стыпендыя Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры
  • 1969 — Стыпендыя Гугенхайма для пісьменнікаў
  • 1981 — Стыпендыя Фонду Мак-Артураў
  • 1992 — Нацыянальная прэмія па літаратуры і Нацыянальная кніжная прэмія крытыкаў за раман «Коні, коні»
  • 2006 — Мемарыяльная прэмія Джэймса Тэйта Блэка за раман «Дарога»
  • 2007 — Пулітцэраўская прэмія ў намінацыі Мастацкая літаратура за раман «Дарога»
  • 2008 — прэмія PEN / Saul Bellow Award for Achievement in American Fiction за ўклад у амерыканскую мастацкую літаратуру
  1. Frye S. Cormac McCarthy in Context — 2020. — С. 4. — doi:10.1017/9781108772297.002 Праверана 5 ліпеня 2023.
  2. Cormac McCarthy // ISFDB — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Cormac McCarthy // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Cormac McCarthy, Novelist of a Darker America, Is Dead at 89The New York Times. Праверана 13 чэрвеня 2023.
  5. а б Cormac McCarthy, spare and haunting novelist, dies at 89Washington Post. Праверана 13 чэрвеня 2023.
  6. Find a Grave — 1996. Праверана 5 ліпеня 2023.
  7. Rosa Blumenthal Dies // The Washington Weekly Post / M. MurrayWashington: Fred Ryan, 1995. — ISSN 0190-8286; 2641-9599 Праверана 5 ліпеня 2023.
  8. а б Cormac McCarthy — 2023. Праверана 5 ліпеня 2023.
  9. Frye S. Cormac McCarthy in Context — 2020. — С. 4. — ISBN 978-1-108-77229-7doi:10.1017/9781108772297.002 Праверана 4 ліпеня 2023.
  10. Luce D. C. Cormac McCarthy in High School: 1951Penn State University Press, 2009. — Vol. 7, Iss. 1. — P. 1–6. — ISSN 2333-3065; 2333-3073
  11. White C. T. Dreaming the Border Trilogy: Cormac McCarthy and Narrative CreativityPenn State University Press, 2015. — Vol. 13, Iss. 1. — P. 121–142. — ISSN 2333-3065; 2333-3073doi:10.5325/CORMMCCAJ.13.1.0121 Праверана 4 ліпеня 2023.
  12. а б Умер Кормак Маккарти — автор романов «Кровавый меридиан» и «Старикам тут не место» (руск.). Meduza (13 чэрвеня 2023).
  13. Cormac McCarthy (англ.). John Simon Guggenheim Foundation. gf.org. Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2019. Праверана 19 красавіка 2019.