Нараўлянска-Шчакатоўская аперацыя
Нараўлянска-Шчакатоўская аперацыя | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 29—30 жніўня 1943 | ||
Месца | гарадскі пасёлак Нароўля, вёскі Шчакатава і Слабада | ||
Вынік | перамога партызан | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Нараўлянска-Шчакатоўская аперацыя — баі паміж партызанскім атрадам імя Кірава, Мазырскай партызанскай брыгадай, украінскім партызанскім злучэннем А. М. Сабурава, асобным партызанскім атрадам імя В. Н. Бажэнкі і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гарадскім пасёлку Нароўля і вёсках Шчакатава і Слабада Мазырскага раёна.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Паводле даных партызанскай разведкі Нараўлянскі гарнізон налічваў каля 130 гітлераўцаў, якія былі ўзброены 4 станковымі і 6 ручнымі кулямётамі, 3 мінамётамі, 15 аўтаматамі, вінтоўкамі, быў умацаваны бліндажамі і дзотамі. У ноч на 30 жніўня 1943 года партызаны атрадаў імя Кірава (камандзір У. П. Пятроў) і імя Бажэнкі (М. А. Рудзіч), якія падзяліліся на некалькі груп, зрабілі налёт на Нароўлю.
Бой
[правіць | правіць зыходнік]Баявы заслон перакрыў дарогу Нароўля — Барбароў. Штурмавыя групы захапілі мост цераз раку Нараўлянка, акружылі казармы гарнізона, іншыя падраздяленні прасунуліся да цэнтра пасёлка. Да раніцы гарнізон быў знішчаны, партызаны захапілі трафеі і без страт пакінулі Нароўлю. Праціўнік страціў 12 чалавек забітымі і параненымі, фактычна не прыняў бою. У гэту ж ноч Мазырскі партызанскі атрад (А. Л. Жыльскі) ва ўзаемадзеянні з партызанамі злучэння Сабурава атакавалі фашысцкія гарнізоны ў вёсках Шчакатава і Слабада. Група аўтаматчыкаў злучэння Сабурава перарэзала тэлефонную сувязь з вёскай Козенкі, дзе знаходзіліся значныя сілы праціўніка, і зрабілі засаду на дарозе Шчакатава — Козенкі. Байцы Мазырскага атрада ўзялі пад кантроль дарогі з Шчакатава ў вёскі Рудня і Слабада, а штурмавыя групы акружылі будынак, дзе размяшчаліся салдаты праціўніка. У 4 гадзіны раніцы 30 жніўня 1943 года партызаны абстралялі праціўніка з гармат і кулямётаў, і ў кароткім баі разграмілі гітлераўцаў, што знаходзіліся ў вёсцы, потым перанеслі артылерыйскі агонь на гарнізон у вёсцы Слабада. Націск атакуючых паралізаваў спробы фашыстаў прыйсці на дапамогу сваім у вёсцы Шчакатава і вымусіў іх пакінуць вёску Слабада. Падмацаванне гітлераўцаў, якое рушыла з вёскі Козенкі, партызанская засада расстраляла. У выніку бою, які працягваўся 1 гадзіну партызаны вывелі са строю больш за 100 гітлераўцаў, знішчылі 3 аўтамашыны, захапілі 4 кулямёты, больш за 90 вінтовак, 120 коней, 3 тоны збожжа і іншыя трафеі. Страты партызан: 1 забіты і 1 паранены. Гарнізоны ў вёсках Слабада і Шчакатава праціўнікам болей не ствараліся.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- У. С. Пасэ. Нараўлянска-Шчкатоўская аперацыя // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 376-377. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.