Пантэон (Рым)
Славутасць | |
Пантэон | |
---|---|
італ.: Pantheon | |
41°53′55″ пн. ш. 12°28′37″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Рымская дыяцэзія[d] |
Архітэктурны стыль | старажытнарымская архітэктура[d] |
Архітэктар | Апаладор Дамаскі |
Дата заснавання | каля II стагоддзе |
Вышыня | 43,3 м |
Матэрыял | бетон |
Сайт | pantheonroma.com |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пантэон (па-лацінску: Pantheon ад старажытнагрэчаскага Πάνθεον) — храм у Рыме, выдатны помнік старажытнарымскай архітэктуры.
Храм упершыню пабудаваў Марк Віпсаній Агрыпа пры імператары Актіавіяне Аўгусце. Аднак прыкладна ў 80 годзе н.э. храм быў знішчаны ў час вялікага пажару і зноў адбудаваны імператарам Адрыянам. Храм пабудаваны ў класічным стылі і мае звычайны порцік з калонамі. Даволі арыгінальным элементам архітэктуры Пантэона з’яўляецца купал з адтулінай.
Першапачаткова храм быў прысвечаны ўсім паганскім багам, але ў 609 годзе Рымскі Папа Баніфацый IV ператварыў храм у хрысціянскі і прысвяціў яго ўсім хрысціянскім святым. У часы Рэнесансу храм, які стаў прыкладам для майстроў у час панавання моды на антычнасць, пачаў выкарыстоўвацца як магільня для вядомых людзей.
Храм з’яўляецца класічным прыкладам купальнага будынка. Прапорцыі яго вызначаюцца дасканаласцю: пры вышыні 42,7 м, амаль аднолькавай з дыяметрам купала (43,5 м), пры вышыні сцен, роўнай радыусу асноўнага, круглага ў плане аб’ёму, ва ўнутраную прастору ўпісваецца шар. Купал мае форму паўсферы, якая ляжыць на цыліндрычнай аснове. Пантэон узведзены з традыцыйных матэрыялаў — цэглы і бетону. Ён пакоіцца на падмурку глыбінёй 4,5 м, а таўшчыня сцен храма дасягае 6,3 м. Унутры іх ёсць пустоты, разлічаныя на памяншэнне вагі. Акрамя гэтага для трываласці і раўнамернага размеркавання нагрузкі выкарыстана строга прадуманая сістэма вялікіхі малых цагляных арак, папярочных перамычак. Знадворку круглым сценам проціпастаўлены васьмікалонны порцік карынфскага ордэра. Фактычна гэта адзінае ўпрыгожанне замкнёнага знешняга аб’ёму храма, у якім галоўны мастацкі эфект перанесены на ўнутраную прастору.
Стварэнню ўражання неабсяжнасці, велізарнага аб’ёму садзейнічаюць амаль усе элементы інтэр’ера — ад мармуровай падлогі, інкрустацый сцен, калон карынфскага ордэра, ніш для скульптуры, паясоў, што падкрэсліваюць падзел на ярусы, да кесаніраванага купала з амаль дзевяціметровай у дыяметры адтулінай для асвятлення. Менавіта кесоны ствараюць эфект несапраўднай перспектывы, падкрэсліваючы вышыню будынка.
Храм успрымаўся рымлянамі як увасабленне сусвету, а кожная дэталь яго ўбрання, народжаная геніем архітэктара, напаўнялася ў свядомасці асобы адчуваннем шматзначнасці мастацкага вобраза прасторы. На працягу стагоддзяў многія архітэктары імкнуліся пераўзысці ў сваіх збудаваннях Пантэон. Калі ў памерах гэта некаторым і ўдавалася, то ў адчуванні меры, прапорцый, кампазіцыі храм быў недасягальны.
Зноскі
- ↑ archINFORM — 1994. Праверана 30 ліпеня 2018.
- ↑ а б catalogo.beniculturali.it — 2014.
- ↑ Indagine sui musei e le istituzioni similari — 2022.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пантэон у Рыме
- Italy, Rome, Pantheon, Virtual Tour with map and compass effect by Tolomeus (англ.)
- Live Camera Pantheon Архівавана 13 верасня 2008., Жывая камера, Від на пантэон