Перайсці да зместу

Прывілей 1434 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прывілей 1434 года — заканадаўчы акт, выданы 6 мая 1434 вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Кейстутавічам. Акт абвяшчаў для праваслаўнай і каталіцкай арыстакратыі саслоўную роўнасць, але не поўную; 9-ы параграф Гарадзельскай пастановы не быў скасаваны, і вышэйшыя дзяржаўныя пасады засталіся недаступнымі для праваслаўных арыстакратаў.

Акт складаўся з прэамбулы і васьмі пунктаў, якімі «рускім» князям і баярам дараваліся права свабоднага распараджэння спадчыннымі маёнткамі паводле прыкладу іншых тагачасных краін, права атрымання ў спадчыну зямельных уладанняў жонкай і дзецьмі; княжацкія і баярскія падданыя вызваляліся ад некаторых дзяржаўных падаткаў і паіннасцяў. Праваслаўнай шляхце дазвалялася мець гербы і знакі дваранства нароўні з каталіцкай шляхтай.

Прывілей быў выданы ў час феадальнай вайны ў ВКЛ (14321437) і быў безумоўнай перамогай феадалаў ВКЛ праваслаўнага веравызнання ў іх барацьбе за раўнапраўе. Аднак няпоўнасць акту не выкараніла прычынаў палітычнай напружанасці ў ВКЛ і абумовіла працяг гэтай барацьбы.