Пскоўская школа дойлідства
Пско́ўская шко́ла до́йлідства — адна з мясцовых школ старажытнарускага дойлідства.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Склалася ў 13—17 ст. у г. Пскове і яго ўладаннях. Знайшла ўвасабленне ў абарончым, культавым і грамадзянскім будаўніцтве. Адна з першых пабудоў — абарончыя ўмацаванні Пскоўскага крамля. Да помнікаў абарончага дойлідства належаць крэпасць Ізборск пад Псковам (14 ст.) і ўмацаванні Пскова-Пячорскага манастыра.
Першыя храмы не мелі адметных рыс, іх будавалі з плінфы і каменю ў традыцыях Наўгародскай школы дойлідства (саборы Спаса-Праабражэнскі Міражскага манастыра, Іаана-Прадцечанскі Іванаўскага манастыра ).
Як самастойная школа выявілася ў 14 ст. Для яе характэрна аднакупальная, трохапсідная кубічная кампазіцыя храма; пашыраны і бесслуповыя цэрквы з сістэмай ступеньчатых скляпенняў. Звычайна плоскія пабеленыя сцены падзяляліся плоскімі лапаткамі на тры часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні (царква Успення ў Мялётаве, 1463).
Адметнасць Пскоўскай школы дойлідства — увядзенне ў кампазіцыю храмавага комплексу прытвораў, прыдзелаў, галерэй, шматпралётных званіц: цэрквы Васіля на Горцы (1413), Міколы на Усосе (1535), Новаўзнясенская (16—17 ст.).
У 16—17 стст. у Пскове будавалі вялікія, на некалькі паверхаў, купецкія дамы з таўшчынёй сцен да 2 м. Унутры сцен размяшчалі лесвіцы, міжпаверхавыя пераходы, нішы, тайнікі. Аконныя праёмы мелі выгляд крапасных амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. Фасады звычайна не аздаблялі. З боку двара ставілі характэрны пскоўскі ганак на шырокіх стойках з аркамі (палаты Паганкіных , да 1645).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пскоўская школа дойлідства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. С. 107.
- Спегальский Ю. П. Псков. [2 изд. Л., 1978].
- Древний Псков: История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988.