Перайсці да зместу

Садаводчае таварыства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Садаводчае таварыства — некамерцыйная арганізацыя, якая дзейнічае на падставе сяброўства грамадзян, выкарыстання даных для супольнага садаводства ўчасткаў у мэтах вырошчвання пладовых, ягадных, гароднінных і дэкаратыўных раслін, стварэння ўмоў для адпачынку.

Участкі даюцца таварыству па рашэнні раённага Савета дэпутатаў у валоданне або карыстанне. На ўчастак, дадзены члену таварыства, выдаецца дзяржаўны акт на права пажыццёвага атрыманага ў спадчыну ўладання зямлёй. Садовае таварыства з’яўляецца юрыдычнай асобай[1].

  • Cход. Лічыцца правамоцным пры ўдзеле звыш паловы агульнага ліку членаў таварыства. У выпадку ўпаўнаважаных патрабуецца прысутнасць прынамсі 2/3 ад іх спісавага складу. Пры адсутнасці кворуму праводзіцца паўторна з правамоцнасцю пры ўдзеле прынамсі 25 % агульнага ліку членаў таварыства або прынамсі паловы спісавага складу ўпаўнаважаных. Склікаецца двойчы на год. Прымае рашэнні простай большасцю галасоў прысутных. Змяняе Статут таварыства (2/3 галасоў) і выключае з яго членаў. Выбірае Кіраўніцтва, Рэвізійную камісію і Падліковую камісію. Аднойчы на 3 гады выбірае ўпаўнаважаных па адным ад кожных 5 членаў. Зацвярджае Правілы ўнутранага распарадку, утварэнне і выкарыстанне маёмасці агульнага карыстання. Усталёўвае памер і тэрміны ўнясення членскіх, мэтавых і дадатковых узносаў членамі. Зацвярджае памер аплаты працы старшыні, скарбніка і іншых работнікаў таварыства, а таксама памер узнагароджання членаў Кіраўніцтва, Рэвізійнай камісіі і Падліковай камісіі. Ухваляе гадавы план земляробчай працы і рамонту, штогадовы каштарыс даходаў і выдаткаў таварыства. Прымае рашэнне пра дагаворы на суму звыш 50 базавых велічыняў і ўступленне ў саюз таварыстваў.
  • Кіраўніцтва. Абіраецца на 3 гады ў складзе прынамсі 5 членаў таварыства. Праводзіць пасяджэнні кожныя 3 месяцы. Пасяджэнне правамоцнае пры ўдзеле прынамсі паловы членаў. Зацвярджае пастановы простай большасцю галасоў прысутных. Вядзе ўлік членаў, маёмасці, даходаў і выдаткаў таварыства. Заключае дагаворы на суму ад 25 да 50 базавых велічыняў. Выконвае пастановы Сходу і наглядае за выплатай членамі ўзносаў. Забяспечвае асваенне і выкарыстанне ўчасткаў агульнага карыстання згодна праекту забудовы земляў таварыства. Рыхтуе штогадовую справаздачу аб сваёй дзейнасці і ладзіць ахову земляў і маёмасці таварыства і яго членаў. Ладзіць выдаленне адкідаў, якія ўтвараюцца на землях таварыства. Адключае падачу электраэнергіі і вады членам таварыства, якія не сплацілі ўзносы.
  • Падліковая камісія. Абіраецца на 3 гады ў складзе прынамсі 3 членаў таварыства. Падлічвае галасы пры завочным галасаванні Сходу (апытальным спосабам праз бюлетэнь). Ускрывае канверты прынамсі праз 15 дзён пасля заканчэння галасавання. На наступны дзень пасля падпісання пратакола перадае яго Кіраўніцтву для выканання прынятага рашэння. Таксама падлічвае галасы і агалошвае вынікі пры таемным галасаванні.
  • Рэвізійная камісія. Абіраецца на 3 гады ў складзе прынамсі 3 членаў. Штогод правярае гаспадарчую дзейнасць таварыства, пра што падае справаздачу Сходу. Дае заключэнне пра справаздачу Кіраўніцтва. Цягам 10 дзён ад выкрыцця фінансавых парушэнняў з боку членаў Кіраўніцтва склікае пазачарговы Сход[2].
  • Паявы. Уносіцца пры заснаванні садаводчага таварыства для пакрыцця арганізацыйных выдаткаў, афармленне дакументаў аб стварэнні таварыства і набыццё аб’ектаў агульнага карыстання.
  • Членскі. Перыядычна выплачваецца на дзейнасць таварыства, у тым ліку на аплату працы штатных работнікаў, узнагароджанне членаў Кіраўніцтва, Рэвізійнай камісіі і Падліковай камісіі.
  • Мэтавы. На падставе пастановы Сходу ўносіцца на земляробчыя працы, стварэнне і капітальны рамонт аб’ектаў агульнага карыстання.
  • Дадатковы. На пакрыццё страт таварыства[2].

Правы ўдзельніка

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле 18-га пункта Палажэння «Аб садаводчым таварыстве» 2008 года, яго ўдзельнік мае права:

  • «выбіраць і быць выбраным у органы кіравання таварыства, удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў і ўносіць прапановы на агульных Сходах, удзельнічаць у прыняцці рашэнняў па пытаннях, аднесеных… да кампетэнцыі агульнага Сходу;
  • азнаёміцца са справаздачамі старшыні Кіраўніцтва і Рэвізійнай камісіі таварыства, а таксама атрымліваць ад іх іншую інфармацыю пра дзейнасць органаў кіравання таварыства і Рэвізійнай камісіі;
  • самастойна гаспадарыць на дадзеным яму зямельным участку»;
  • «ажыццяўляць у адпаведнасці з… праектам.. забудовы тэрыторыі таварыства будаўніцтва і рэканструкцыю садовых дамоў, а таксама гаспадарчых пабудоваў і збудаванняў»;
  • «распараджацца зямельным участкам, садовым домам, гаспадарчымі пабудовамі і збудаваннямі, якія належаць яму на праве прыватнай уласнасці»;
  • «карыстацца аб’ектамі агульнага карыстання таварыства»;
  • «распараджацца пладовай, ягаднай, гародніннай, дэкаратыўнай і іншай сельскагаспадарчай прадукцыяй, вырашчанай на дадзеным яму зямельным участку;
  • звяртацца ў суд з патрабаваннем аб прызнанні несапраўднымі рашэнняў агульнага Сходу, Кіраўніцтва, яго старшыні»;
  • «выйсці з таварыства на сваё меркаванне ва ўсялякі час незалежна ад згоды іншых членаў таварыства шляхам падачы заявы ў Кіраўніцтва»[2].

Абавязкі ўдзельніка

[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з 19-м пунктам Палажэння «Аб садаводчым таварыстве» 2008 года, яго ўдзельнік абавязаны:

  • «выконваць патрабаванні, усталяваныя… Статутам і Правіламі ўнутранага распарадку таварыства, рашэннямі агульнага Сходу, Кіраўніцтва;
  • прыступіць да асваення зямельнага ўчастка, дадзенага для вядзення калектыўнага садаводства, у тэрмін і парадку, усталяваныя заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні земляў;
  • выкарыстоўваць дадзены яму зямельны ўчастак у адпаведнасці з яго мэтавым прызначэннем, выконваць на ім агратэхнічныя мерапрыемствы, ажыццяўляць мерапрыемствы па ахове раслін;
  • своечасова ўносіць узносы;
  • несці субсідыярную адказнасць па абавязках таварыства ў межах няўнесенай ім часткі дадатковых узносаў;
  • не парушаць правы іншых членаў таварыства;
  • пісьмова апавясціць Кіраўніцтва пра пераход да яго права на зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў межах таварыства і дадзены для вядзення калектыўнага садаводства, не пазней за 10 дзён з дня дзяржаўнай рэгістрацыі гэтага права»[2].

Паводле 39-га артыкула Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі 2008 года, «Зямельныя ўчасткі для калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва даюцца грамадзянам Рэспублікі Беларусь у прыватную ўласнасць, пажыццёвае спадкаемнае валоданне або арэнду, а іншаземных грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — у арэнду». Пагатоў «даюцца зямельныя ўчасткі, прыдатныя для іх выкарыстання ў пазначаных мэтах, як правіла, з фонду пераразмеркаваных земляў і паблізу ад аўтамабільных дарог і чыгунак». Згодна з 36-м артыкулам Кодэкса аб зямлі, «Памер зямельнага ўчастка, дадзенага… для калектыўнага садаводства.. не можа перавышаць 0,15 гектара на аднаго члена садаводчага таварыства». Паводле 9-га артыкула Кодэкса, «У фонд пераразмеркаваных земляў уключаюцца… свабодныя (незанятыя) зямельныя ўчасткі». У сваю чаргу, згодна з артыкулам 351 Кодэкса, «Мясцовыя выканаўчыя камітэты ўтвараюць пералікі свабодных зямельных участкаў», якія «штомесяц абнаўляюцца і размяшчаюцца на інфармацыйных стэндах і афіцыйных сайтах гэтых органаў у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт»[3].

На 1 студзеня 2013 года на ўліку ў Беларусі стаяла 4477 садаводчых таварыстваў, якія ўключалі 371,5 тыс. участкаў. Найбольш садаводчых таварыстваў было ў Мінскай вобласці — 30 %, найменш у Магілёўскай — 9 %. У Мінскай вобласці знаходзіліся 1372 садаводчыя таварыствы, якія налічвалі 211,3 тыс. участкаў (57 %) агульнай плошчай 17,9 тыс. гектараў (179 км²)[4].

Зноскі

  1. Агародніцтва, садаводства і жывёлагадоўля калектыўная // Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 17-18. — 636 с. — 25 000 экз. — ISBN 5-85700-087-4.
  2. а б в г А.Лукашэнка (30 студзеня 2008). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 г. № 50 «Аб захадах упарадкавання дзейнасці садаводчых таварыстваў»" (PDF)(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 13 ліпеня 2018. Архіўная копія. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2018. Праверана 21 ліпеня 2018.
  3. А.Лукашэнка (3 лістапада 2012). "Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 23 ліпеня 2008 г. № 425-З"(руск.). Прававы партал Рэспублікі Беларусь «Эталон-Анлайн». Праверана 13 ліпеня 2018.
  4. Сяргей Куркач. Правілы дачнага жыцця // Звязда : газета. — 27 ліпеня 2013. — № 138 (27503). — С. 2. — ISSN 1990-763x.