Перайсці да зместу

Сарган Старажытны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сарган Старажытны
Так званая «Маска Саргана» (каля 2300 г. да н.э.), выяўленая ў Ніневіі пры раскопках храма Іштар. Скульптурная выява акадскага цара, верагодна Саргана ці яго ўнука Нарам-Суэна. Іракскі музей, Багдад.
Так званая «Маска Саргана» (каля 2300 г. да н.э.), выяўленая ў Ніневіі пры раскопках храма Іштар. Скульптурная выява акадскага цара, верагодна Саргана ці яго ўнука Нарам-Суэна. Іракскі музей, Багдад.
Нараджэнне XXIV стагоддзе да н.э.[1]
Смерць XXIII стагоддзе да н.э.[2]
Бацька Ла'ібум[d]
Маці Энітум[d]
Жонка Ташлултум[d]
Дзеці Рымуш[d][3], Маніштушу[d][3], Энхедуана[d][4], Шу-Энліль[d] і Ллаба'іс-такал[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Са́рган Старажытны, або Сарган Акадскі (акад.: ŠAR.RU.KI.IN — Шарум-кен, або Шару-кін — Сапраўдны цар) — акадскі цар, стваральнік першай у свеце імперыі, памеры якой былі перасягнуты толькі праз паўтары тысячы гадоў. Кіраваў 55 гадоў, паводле так званай кароткай храналогіі — з 2270 па 2215 гады да нашай эры. Створаная ім дынастыя кіравала каля 140 гадоў[5].

Карта акадскай імперыі ў часы Шару-кіна

Па паходжанні Шару-кін[6] быў акадцам[7]. Па традыцыі і мяркуючы па шэрагу яго учынкаў быў чалавекам нязнатнага паходжання. Паводле легенды яго маці была жрыцай, якім забаранялася мець дзяцей, таму, нарадзіўшы сына, яна паклала яго ў пляцёнку і пусціла па Еўфраце. Дзіця падабраў ваданос Акі які і выгадаваў хлопчыка. Згодна з «Царскім спісам» спачатку служыў садоўнікам храма, Іштар у Кішы і потым слугой (чашнікам) у апошняга цара IV дынастыі Кіша, Ур-Забабы. Пасля таго, як Ур-Забаба пацярпеў паражэнне ад кіраўніка Лугальзагесі, Шару-кін «асаблівай ласкай Іштар» захапіў уладу і стаў царом замест яго. Для таго, каб апраўдацца, ён называў сябе стаўленікам Іштар, якая нібыта зрабіла яго царом па любові да яго. Але, як бы там ні было, Сарган рашуча парваў з традыцыяй і перанёс сталіцу[8] ў нічым не характэрны дагэтуль гарадок Акадэ[9].

У самым пачатку кіравання Шару-кін стварыў моцную армію, ядро якой складалі рэгулярныя часці — 5400[10] воінаў, якія, як паведамляў сам цар, «штодня перад ім харчуюцца». У той час традыцыйная ваенная справа Шумера грунтавалася на адносна нешматлікіх атрадах цяжкаўзброеных воінаў, якія біліся ў цесным страі. У супрацьлегласць гэтаму Шару-кін стварыў масавую мабільную армію лёгкаўзброеных воінаў, пераважна лучнікаў і прашчнікаў, якія ваявалі рассыпным строем. Абапіраючыся на гэтую сілу, ён здзейсніў шэраг паходаў і падпарадкаваў сабе ўсю поўнач Міжрэчча, дзе стварыў сваю дзяржаву. Часам пішуць, што гэта дзяржава мела рысы тыповай ўсходняй дэспатыі, але варта памятаць, што да Шару-кіна падобных дзяржаў не існавала.

Замацаваўшыся на поўначы, Шару-кін пачаў вайну супраць Лугальзагесі, які ў той час аб’яднаў пад сваёй уладай увесь Шумер (Поўдзень). Паводле легенды падставай да вайны стала адмова Лугальзагесі парадніцца з Шару-кінам. Цяпер гэта паведамленне інтэрпрэтуюць так, што ўладар Шумера адмовіўся заключыць прапанаванае паўночным царом пагадненне, якое планавалася змацаваць дынастычным шлюбам. Пачалася вайна — войска Шару-кіна разбіла армію Лугальзагесі і падпарадкаваных яму 50 энсі ў вялікай бітве, а сам уладар Шумера трапіў у палон. У сабачай клетцы яго адвезлі ў Ніпур, дзе закутага ў медныя аковы правялі праз вароты[11]Энліля[12], а затым верагодна прынеслі ў ахвяру. Шару-кін узяў варожую сталіцу — Урук і знёс яго ўмацаванні. У наступным годзе ён разбіў шумераў яшчэ ў адным бітве, захапіў Уму і Лагаш і выйшаў да Ніжняга мора (Персідскі заліў), дзе абмыў сваю зброю[13]. Пасля заваявання Шумера аккадцы хадзілі паходам на Элам, дзе ўзялі Аван, Сузы і захапілі мясцовых цароў, але скарыць краіну не змаглі[14].

Некаторы час цар відавочна займаўся ўпарадкаваннем дзяржавы, падобнай якой дагэтуль не ведала Зямля. Пазней ён здзейсніў паход уверх па цячэннi Еўфрата і за тры гады заваяваў Мары, Ярмуці і Эблу, то бок прайшоў праз Сірыю ў Ліван і выйшаў да Міжземнага мора — « Энліль даў мне Верхнюю Краіну, Маер (Мары), Ярмуці і Эблу да Кедравых лясоў і Срэбных гор». Мары размяшчалася на захад ад сярэдняга цячэння Еўфрата, Ярмуці — у паўночнай Палесціне, «Кедравым лесам» называлі горы Лівана, а «Срэбныя горы» — гэта верагодна Таўр каля Кілікійскіх варот. Гэта значыць Шару-кін заваяваў значныя тэрыторыі на захадзе з мэтай захопу прыродных багаццяў гэтых зямель, перш за ўсё лесу і сярэбраных руднікоў. Гэтыя паходы былі не разавымі набегамі, а менавіта заваяваннем: надпісы сведчаць, што Шару-кін « прайшоў мора захаду, быў тры гады на захадзе, заваяваў і аб’яднаў краіну (Левант), паставіў на захадзе свае статую, перавёз морам і сушай палонных».

Акрамя таго цар уварваўся ў краіну Субарту, размешчаную ў паўночна-ўсходняй Месапатаміі і скарыў яе — так усё Міжрэчча апынулася пад яго ўладай. Вядома, што Шару-кін здзейсніў паход у Малую Азію падбухтораны падгаворванні купцамі з асірыйскіх калоній, па меншай меры існуюць дакладныя звесткі пра адпраўку войскаў у Каніш для дапамогі гараджанам у барацьбе супраць хецкага цара Бурушханды. Пасля ўсіх гэтых паходаў была створана велізарная, нябачаная раней краіна-гегемон усяго рэгіёна, памеры якой заставаліся неперасягненымі да персідскіх заваяванняў. Свае прэтэнзіі Шару-кін выказаў у новым тытуле «цар чатырох кірункаў свету».

Шару-кін захаваў старую номаў структуру і пасаду энсі, але з незалежных кіраўнікоў яны ператварыліся ў падпарадкаваных яму чыноўнікаў. Абапіраючыся на пастаяннае войска, якое было расселена вакол сталіцы і аплачвалася з рук самога цара, і апалчэння, Шару-кін распусціў старыя дружыны воінаў, якія атрымлівалі за службу зямельныя надзелы. Па загадзе цара разбудоўвалася ірыгацыйная сістэма і было створана шмат новых каналаў. Былі ўніфікаваны сістэмы мер і вагаў. Цар надаваў увагу дарогам і водным шляхам.

Шару-кін паважліва ставіўся да культаў акадскіх і шумерскіх багоў, асабліва да Абі, заступніка горада Акадэ, і галоўнага шумерскага бажаства — Энліля Ніпурскага, а напрыклад сваю дачку Энхедуану ён зрабіў жрыцай храма бога Нані ва Уры. Але відаць, што, нягледзячы на багатыя дары і ўвагу з боку Шару-кіна, яго адносіны са жрэцтвам былі даволі халоднымі. Храмы ў Міжрэччы былі стрыжнем, вакол якога гуртавалася абшчына пэўнага горада, таму, умацоўваючы сваю ўладу, Шару-кін і яго нашчадкі падапарадкавалі храмы і жрацоў сабе, узяўшы кантроль над храмавым гаспадаркай і ператварыўшы жрацоў у фактычна дзяржаўных чыноўнікаў. Таксама Сарганіды і перш за ўсё сам заснавальнік дынастыі рашуча парвалі са старой традыцыяй у сваёй тытулатуры, звычаях, густах. У мастацтве месца звышчалавечага і таму безаблічнага бажаства або жраца, які стаіць перад ім, займае вобраз моцнай асобы, узорам якой быў сам Шару-кін. У літаратуры цэнтральнае месца ў процівагу міфам займае гераічны эпас.

Зноскі

  1. Gran Enciclopèdia CatalanaGrup Enciclopèdia, 1968. Праверана 4 кастрычніка 2021.
  2. Gran Enciclopèdia CatalanaGrup Enciclopèdia, 1968. Праверана 5 кастрычніка 2021.
  3. а б (unspecified title)ISBN 978-1-4051-4911-2
  4. https://cdli.ucla.edu/search/archival_view.php?ObjectID=P217331
  5. Больш за палову гэтага часу прыпадае на кіраванне самога Шару-кін і яго ўнука Нарам-Суэна.
  6. Сапраўднае імя невядома, а Шару-кін відавочна ўзята ўжо пасля атрымання трона.
  7. Народ усходнесеміцкага паходжання
  8. Кіш, быў не проста адным з старых паважаных гарадоў, гэта па прэстыжы быў першы горад Шумера. Тытул «лугаль Кіша» азначаў прэтэнзію на гегемонію ў Шумеры, і яго прымалі наймацнейшыя кіраўнікі, нягледзячы на горад, у якім яны на самой справе кіравалі.
  9. У традыцыйнай транскрыпцыі — Акад.
  10. У Міжрэччы была камбінаваная сістэма злічэння якая грунтавалася як на 10, так і 12, і лічбы кратныя 60 сустракаюцца вельмі часта і ўспрымаліся як круглыя.
  11. Справа ў тым, што Лугальзагесі быў афіцыйна прызнаным у Ніпуры лугалем, ісакам Энліля, таму Шарум-Кену трэба было паказаць, што багі адвярнуліся ад пераможанага.
  12. Бог паветра і неба, вярхоўнае бажаство шумерскага пантэона.
  13. Літаральна, гэта быў рытуал такі.
  14. У розных крыніцах па-рознаму выкладаецца паслядоўнасць паходаў Шару-кіна — у адных ён пачынае вайну з Шумерам аб’яднаўшы Акад (паўночную частку паўднёвай Месапатаміі), а іншых спачатку цар пакарае вялікую частку паўночнага Міжрэччы і здзяйсняе заходнія паходы, а толькі тады пачынае вайну з Шумерам, а потым з Элам.
Дынастыя Акадэ
Папярэднік:
цар Акада,
цар Шумера і Акада

каля 2316 — 2261 да н.э.
Пераемнік:
Рымуш