Перайсці да зместу

Стагадовая вайна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стагадовая вайна
Жанна д’Арк пры аблозе Арлеана
Жанна д’Арк пры аблозе Арлеана
Дата 13371453 (116 гадоў)
Месца У асноўным Францыя і гістарычныя Нідэрланды
Вынік Перамога Францыі. Замацаванне французскага прастола за Домам Валуа.
Змены Англія страціла вялікую частку ўладанняў у Францыі (акрамя Кале)
Праціўнікі
Англія

Бургундыя
Брэтань
Каралеўства Партугалія
Навара
Фландрыя
Эно
Аквітанія
Люксембург
Свяшчэнная Рымская імперыя

Францыя

Кастылія і Леон
Шатландыя
Генуя
Маёрка
Багемія
Арагон

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Стагадовая вайна (англ.: Hundred Years' War, фр.: Guerre de Cent Ans) — серыя асобных ваенных канфліктаў, якая працягвалася з 1337 па 1453 гады паміж дзвюма каралеўскімі дынастыямі за вакантны французскі трон пасля смерці апошняга прадстаўніка старэйшай Капетынгскай лініі французскіх каралёў. Двума першымі прэтэндэнтамі былі дынастыі Валуа і Плантагенетаў. Тым часам як Валуа заяўлялі пра свае правы на тытул караля Францыі, Плантагенеты самаабвяшчалі сябе каралямі і Францыі, і Англіі. Плантагенецкія каралі былі валадарамі Каралеўства Англія ў XII ст і мелі генеалагічныя карані ў французскіх рэгіёнах Анжу і Нармандыі. Бургундыя і Аквітанія аказвалі значную падтрымку сілам Плантагенецкага блока.

Канфлікт доўжыўся 116 гадоў, перарываючыся некалькімі перыядамі міру да канчатковага выгнання Плантагенетаў з Францыі (акрамя Кале). Урэшце вайна стала пераможнай для дынастыі Валуа, якая здолела вярнуць захопленыя ў пачатковай стадыі Плантагенетамі землі і выціснуць іх з большай часткі Францыі да 1450 года. Тым не менш, вайна амаль разарыла Валуа, тым часам як Плантагенеты вывезлі велізарную колькасць трафеяў з кантынента, якія ў будучым узбагачалі Англію. Сама Францыя моцна пакутавала ад вайны, бо пераважная большасць ваенных дзеянняў адбывалася на кантыненце.

Фактычна, Стагадовая вайна была серыяй канфліктаў, якую звычайна падзяляюць на: Эдвардыянскую вайну 1337—1360 гадоў, Каралінгскую вайну 1369—1389 гадоў, Ланкастэрскую вайну 1415—1429 гадоў і перыяд, пасля з’яўлення Жанны д’Арк — 1429—1431. Некалькі іншых ваенных канфліктаў у Еўропе былі непасрэдна звязаныя з гэтай вайной: Вайна за брэтонскую спадчыну, Кастыльская грамадзянская вайна, Вайна двух Педра і крызіс 1383—1385 гадоў. Тэрмін «Стагадовая вайна» быў прыдуманы пазней гісторыкамі для абагульнення дадзенай серыі канфліктаў.

Вайна абавязана сваёй гістарычнай значнасці некалькім фактарам. Першапачаткова з’яўляючыся дынастычным канфліктам, вайна падагрэла ідэі французскага і англійскага нацыяналізму. З ваеннага погляду, на вайне пачалі выкарыстоўвацца новая зброя і новыя тактыкі, якія разбурылі старую сістэму феадальных армій, у якіх дамінавала цяжкая кавалерыя. У вайне былі прадстаўлены першыя рэгулярныя арміі ў Заходняй Еўропе з часоў Заходняй Рымскай імперыі. З-за ўсяго пералічанага, як і з-за доўгай працягласці, Стагадовая вайна разглядаецца як адзін з самых значных канфліктаў у ваеннай гісторыі сярэдневякоўя. У сувязі з уварваннем англічан, грамадзянскімі войнамі, смяротнымі эпідэміямі, голадам і забойствамі насельніцтва Францыі ў выніку вайны скарацілася на дзве трэці[1]

Гістарычны кантэкст

[правіць | правіць зыходнік]

Перадгісторыя канфлікту сягае ў 1066 год, калі Вільгельм I Заваёўнік арганізоўваў заваяванне Англіі. Ён атрымаў перамогу над Гаральдам II і ўзыйшоў на англійскі трон. Будучы герцагам нармандскім, ён з’яўляўся васалам французскага караля і быў абавязаны паклясціся апошняму ў вернасці, у тым ліку і за свае падуладныя землі ў Францыі. У тыя часы для аднаго караля прысягаць у вернасці іншаму каралю лічылася зняважлівым, таму, звычайна, нармандскія каралі спрабавалі пазбегнуць васальскае службы. З французскага боку, капетынгскія манархі абураліся фактам суседства караля, які трымае свае землі ў межах іх каралеўства, і шукалі шляхі нейтралізацыі пагрозы, якую цяпер уяўляла Англія.

Пасля перыяду неспакою і грамадзянскіх войнаў у Англіі, 1135—1154beru на месца англа-нармандскай дынастыі прыйшла дынастыя анжуйская. На піку сваёй сілы анжуйцы кантралявалі Нармандыю і Англію, разам з Мэн, Анжу, Турэнню, Пуату, Гасконню, Сентонжам і Аквітаніяй. Кароль Англіі адкрыта кіраваў большай тэрыторыяй на кантыненце, чым сам кароль Францыі. Такая сітуацыя, у якой анжуйскія каралі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад манарха, які быў дэ факта нашмат слабейшым за іх, і была прычынай зацяжнога канфлікту. Гэтая кантынентальная сукупнасць зямель часам называецца Анжуйскай дзяржавай.

Іаан Беззямельны атрымаў у спадчыну гэту вялізную маёмасць у караля Рычарда I, але, тым не менш, кароль Францыі Філіп II рашуча выкарыстаў слабасць караля Іаана як у юрыдычных, так і ў ваенных адносінах, і к 1240 году вырваў з рук англійскага караля кантроль над большасцю старых тэрытарыяльных уладанняў. Пазнейшая бітва пры Бувіне (1214), у шэрагу з Сентонжскай вайной (1242) і, урэшце, Сенсардаўская вайна (1324) абмежавалі анжуйскую ўладу на кантыненце да некалькіх невялікіх правінцый у Гасконі і прывялі да поўнай страты нармандскай каралеўскай рэгаліі ў англійскай кароне.

Дынастычнае бязладдзе: 1314—1328

[правіць | правіць зыходнік]

Адмысловыя падзеі, якія выклікалі ваенны канфлікт мелі месца ў Францыі, дзе патомкі непарыўнай капетынгскай лініі змянялі адзін аднаго на працягу стагоддзяў. Гэта была самая доўгая бесперапынная дынастыя ў Еўропе. У 1314 годзе прамы капетынгскі нашчадак Філіп IV памёр, пакінуўшы трох сваіх пераемнікаў: Людовіка X, Філіпа V і Карла IV. Чацвёртае дзіця Філіпа IV, Ізабелаberu, была ў шлюбе з каралём Англіі Эдуардам II і ў 1312 годзе нарадзіла сына, Эдуарда Віндзарскага, які быў патэнцыйным пераемнікам як англійскага (па бацькавай лініі), так і французскага (па лініі яго памерлага дзеда Філіпа IV) трона.

Старэйшы сын і спадчыннік Філіпа IV Людовік X загінуў у 1316 годзе. Пасля сваёй смерці ён пакінуў толькі адзінага сына, Жана I, які нарадзіўся і памёр амаль адначасова, і дачку Жанну II Наварскую, чыё бацькоўства было пад сумненнем.

Пасля смярцей Людовіка X і Іаана I, другі старэйшы сын Філіпа IV, Філіп V, мерыўся ўзыйсці на трон шляхам распаўсюджвання чутак пра незаконнанароджанасць яго пляменніка Іаана I, які быццам бы стаў вынікам парушэння шлюбнай вернасці. Пабочным вынікам гэтай кампаніі ў 1350-х гадах стаў заклік, паводле Салічнага закона, да зацвярджэння немагчымасці перадачы французскага трона па жаночай лініі. Калі Філіп V памёр у 1322 годзе, спадчыннае права яго дачок было праігнаравана на карысць Карла IV, трэцяга сына Філіпа IV.

У 1324 годзе Карл IV (кароль Францыі) і яго зяць Эдуард II (кароль Англіі) развязалі ў Гасконі непрацяглую Сенсардаўскую вайну. Галоўнай падзеяй вайны была аблога ла-рэольскай англійскай крэпасці ў Гаронне. Англійскія сілы, кіруемыя Эдмундам Вудстокам былі вымушаны здацца пасля месяца гарматнага абстрэлу французскіх гармат. Вайна была суцэльным правалам для Англіі. Ад некалі велізарнай Анжуйскай імперыі, у руках англічан застаўся толькі горад Бардо з невялікай прыбярэжнай паласой.

Вяртанне гэтых зямель стала найважнейшым адпраўным пунктам англійскай дыпламатыі. Вайна таксама стымулявала апазіцыю да Эдуарда II сярод арыстакраты Англіі і прывяла да зняцця яго з каралеўскай пасады ў 1327 годзе на карысць яго малодшага сына Эдуарда Віндзарскага, які такім чынам стаў Эдуардам III. Карл IV памёр у 1328 годзе, пакінуўшы дачку і ненароджанае дзіця жаночага полу. Такім чынам, галоўная лінія дынастыі Капетынгаў абарвалася, стварыўшы крызіс спадкаемнасці французскага трона.

Тым часам у Англіі, у 1327 годзе малады Эдуард Вінздарскі стаў каралём Эдуардам III. Будучы таксама і пляменнікам Карла IV, караля Францыі, Эдуард з’яўляўся яго найбліжэйшым жывым родзічам мужчынскага полу і адзіным жывым нашчадкам Філіпа IV. Паводле англійскай інтэрпрэтацыі феадальных законаў, гэта рабіла Эдуарда III легітымным пераемнікам французскага трона.

Фамільнае дрэва ўзаемасувязі французскага і англійскага каралеўскіх дамоў у пачатку Стагадовай вайны

Французскае дваранства, аднак, адмовілася ад перспектывы прышлага караля, асабліва калі той з’яўляўся каралём Англіі. Яны сцвярджалі, па іх інтэрпрэтацыі Салічнага закона, што спадчыннасць не можа пераходзіць да жанчыны ці праз яе да яе нашчадкаў. Такім чынам, адзіным легітымным спадкаемцам на трон французы лічылі найстарэйшага прадстаўніка Капетынгскай дынастыі мужчынскага полу пасля Карла IV, унука Філіпа III, Філіпа Валуа. Філіп Валуа быў каранаваны Філіпам VI. Ён быў першым французскі каралём з дынастыі Валуа, малодшага адгалінавання Капетынгскай дынастыі.

Жанна II Наварская, дачка Людовіка X, таксама мела законнае права на французскі трон, але ў яе не даставала моцы, каб падтрымаць свае правы. У Наварскім каралеўстве заканадаўства дазваляла мець жанчыну-манарха (дынастыя Капетынгаў атрымала гэта ўладанне цераз бабулю Жанны II, Жанны I Наварскай) і, паводле пагаднення, ёй і яе мужу, Філіпу III д’Эўро, было дазволена атрымаць яго ў спадчыну; тым не менш, тое ж пагадненне вымусіла Жанну II і яе мужа прыняць уступленне на каралеўскую пасаду Філіпа VI і адмовіцца ад сваіх спадчынных зямель у Шампані і Бры на карысць французскай кароны. Пасля, у Жанны II і Філіпа д’Эўро нарадзіўся сын Карл II Наварскі. Нарадзіўшыся ў 1332 годзе, Карл заняў месца Эдуарда III як спадчыннік Філіпа IV і блізкі родзіч Людовіка X.

Перад вайной: 1328—1337

[правіць | правіць зыходнік]
Францыя ў 1330 годзе     Аквітанія: феод караля Англіі ў Францыі ў 1330     Каралеўства Францыя      Уладанні Плантагенетаў у 1180

Пасля каранацыі Філіпа VI англічане яшчэ кантралявалі Гасконь. Гасконь вырабляла жыццёванеабходную прадукцыю солі, віна і была вельмі прыбыльным рэгіёнам, які, па сутнасці, з’яўляўся хутчэй асобным феодам і належаў французскай кароне, чым англійскай тэрыторыі. Заключэнне васальнага дагавора на яе валоданне стала яблыкам раздору паміж двума каралямі. Філіп VI патрабаваў ад Эдуарда прызнаць яго манархам, а Эдуард, у сваю чаргу, хацеў вярнуць згубленыя яго бацькам землі. Кампрамісны «амаж», заключаны ў 1329 годзе не задаволіў ні адзін бок, але ў 1331 годзе, маючы сур’ёзныя ўнутраныя праблемы, Эдуард прызнаў Філіпа каралём Францыі і адмовіўся ад сваіх прэтэнзій на французскі трон. Па сутнасці, Англія ўтрымала за сабой Гасконь за кошт адмовы Эдуарда ад яго патрабаванняў быць законным каралём Францыі.

У 1333 годзе Эдуард III адправіўся на вайну супраць Давіда II Шатландскага і пачаў Другую вайну супраць Шатландыі. Філіп убачыў магчымасць вярнуць сябе Гасконь пакуль увага Англіі звернута на поўнач. Зрэшты, вайна была, прынамсі на пачатковай стадыі, хуткай перамогай для Англіі, і Давід быў вымушаны ўцячы ў Францыю пасля свайго паражэння ад караля Эдуарда і Эдуарда Баліёла ў ліпеньскай бітве пры Халідон-Хіле. У 1336 годзе Філіп мерыўся арганізаваць ваенную кампанію, каб аднавіць Давіда на шатландскім троне і завалодаць Гасконню.

Пачатак вайны: 1337—1360

[правіць | правіць зыходнік]
Эдуард III

Стварылася сітуацыя адкрытай варожасці, як толькі французскія караблі пачалі разведваць прыбярэжныя паселішчы ўздоўж Ла-Манша і ў 1337 годзе Філіп VI вярнуў гасконскі феод, адзначаючы, паводле феадальнага права, што Эдуард III парушыў сваю прысягу не клапоцячыся пра патрэбы свайго лорда. Эдуард III адказаў Філіпу, што ў сапраўднасці ён з’яўляўся законным спадкаемцам французскага трона і на Дзень усіх святых Генры Бёргхерш, біскуп лінкальнскі, прыбыў у Парыж з выклікам ад караля Англіі. Неўзабаве вайна была абвешчана.

Бітва пры Слёйсе. Мініяцюра з «Хронік» Жана Фруасара, Бругэ, прыкладна 1470.
Філіп VI

У першыя гады вайны Эдуард III заключыў саюз з арыстакратыяй гістарычных Нідэрландаў і бюргерамі Фландрыі, але пасля дзвюх безвыніковых кампаній, у 1340 годзе альянс разваліўся. Выплата субсідый нямецкім прынцам і кошты ўтрымання войска за мяжой уцягнулі англійскі ўрад у стан банкруцтва, моцна шкодзячы аўтарытэту Эдуарда III. Пэўны час Францыя дамінавала на моры за кошт генуэзскіх караблёў і экіпажаў. Некалькі мястэчак уздоўж берага Англіі былі абрабаваны, некаторыя неаднаразова. Гэта выклікала страх і дэзарганізацыю сярод прыбярэжнага насельніцтва Англіі. На працягу гэтага перыяду вайны пастаянны страх французскага ўварвання меў месца на англійскіх землях. Моц марскога флоту Францыі прывяла таксама і да падрыву англійскай эканомікі, бо, такім чынам, яна ўрэзала гандлёвыя пастаўкі воўны ў Фландрыю і пастаўкі віна з Гасконі. Тым не менш, у 1340 годзе, спрабуючы перашкодзіць высадцы англійскага войска на зямлю, французскі флот быў амаль цалкам знішчаны ў бітве пры Слёйсе. Пасля гэтага, Англія пераняла дамінаванне ў рэгіёне Ла-Манша да канца вайны, прадухіляючы французскія нашэсці.

У 1341 годзе канфлікт за спадчыну герцагства Брэтаніі выклікаў Вайну за брэтонскую спадчыну, у якой Эдуард III падтрымліваў Жана IV Манфора, а Філіп VI — Карла дэ Блуа. Ваенныя дзеянні на некалькі наступных год засяродзіліся на пераменнапаспяховай барацьбе ў Брэтаніі. Горад Ван пераходзіў з рук у рукі некалькі разоў, гэтак жа, як і наступныя кампаніі з абаюдным пераменным поспехам у Гасконі.

Першы этап Стагадовай вайны     Буйнейшыя бітвы першага этапа вайны                      Кавалерыя Эдуарда III у 1339                      Рухі арміі Эдуарда III у 1346                      Кавалерыя Эдуарда Чорнага Прынца ў Лагедоку ў 1355                      Кавалерыя Ланкастэра ў 1356                      Маршрут Эдуарда Чорнага Прынца ў 1356                      Кавалерыя Эдуарда III у 1359—1360

У ліпені 1346 года Эдуард арганізаваў нашэсце на прыбярэжную частку Францыі, высадзіўшыся ў Катантэне. Англійская армія захапіла Кан за адзін дзень, здзіўляючы французаў, якія чакалі нашмат больш працяглай абароны горада. Філіп VI сабраў маштабную армію, каб супрацьстаяць яму, і Эдуард вырашыў рушыць на поўнач у напрамку да гістарычных Нідэрландаў, на працягу свайго паходу больш рабуючы, чым спрабуючы ўзяць і ўтрымліваць французскія тэрыторыі. Зразумеўшы, што ён не зможа атрымаць перавагу больш умелым манеўраваннем, Эдуард размясціў свае сілы да бітвы, і армія Філіпа атакавала. Знакамітая Бітва пры Крэсі была поўнай катастрофай для французаў. Эдуард пайшоў далей, не сустрэўшы супраціўлення, і аблажыў горад Кале на беразе Ла-Манша, захапіўшы яго ў 1347 годзе. Для англічан гэта стала вельмі важным стратэгічным крокам, які дазволіў трымаць свае войскі ў Францыі бяспечна. У тым жа годзе, перамога англічан над шатландцамі ў бітве пры Нэвілс-Кросе, падчас якой быў схоплены Давід II, моцна паменшыла пагрозу з боку Шатландыі.

У 1348 годзе пошасць Чорнай смерці пачала спусташаць Еўропу. Пасля таго, як у 1356 годзе эпідэмія адышла, і Англія змагла аднавіць сваё фінансвае становішча, сын Эдуарда, прынц Уэльскі, Эдуард Чорны Прынц, уварваўся ў Францыю з Гасконі і атрымаў слаўную перамогу ў бітве пры Пуацье, у якой англійскія лучнікі паўтарылі тактыку, выкарыстаную ў Крэсі. Новы французскі кароль Жан II быў схоплены. Жан заключыў перамір’е з Эдуардам, і ў яго адсутнасці, большая частка ўрада прыйшла ў заняпад. Крыху пазней, у гэтым жа годзе быў заключаны Лонданскі дагавор 1359 года, паводле якога Англія атрымала ў валоданне Аквітанію, і Жан II быў вызвалены.

Французская вёска на гэтай стадыі пачала ўпадаць у суцэльны хаос. Дэмаралізаванае англійскае войска было здольнае толькі рабаваць. У 1358 годзе сяляне паднялі паўстанне супраць арміі Эдуарда IV, якое пазней было названа Жакерыяй. Эдуард уварваўся ў Францыю ў трэці і апошні раз, спадзяючыся здабыць выгаду з унутранай нестабільнасці ў краіне і завалодаць французскім тронам, але, нягледзячы нават на тое, што ніякая французская армія не аказала яму супраціўлення, ён ужо не быў здольны захапіць Парыж або Рэймс у дафіна, пазней караля Карла V. 8 мая 1360 года дафін Карл і Эдуард Чорны Прынц падпісалі Мір у Брэтыньі, паводле якога Францыя пазбаўлялася палавіны сваёй тэрыторыі. Аб’яднаная Англія выходзіла з Эдвардыянскага перыяду Стагадовай вайны з палавінай Брэтаніі, Аквітаніі (амаль чвэрцю Францыі), Кале, Панцьё і іншымі васальнымі землямі Францыі, маючы відавочную перавагу над дэзарганізаванай Францыяй.

Першы мір: 1360—1369

[правіць | правіць зыходнік]

Калі сын Жана II, Людовік I Анжуйскі, збег у 1362 годзе з англійскага палону, парушыўшы т. зв. другі «Дагавор вязняў», Жан II добраахвотна аддаў сябе ў палон і вярнуўся ў Англію. Ён памёр у пачэсным зняволенні ў 1364 годзе, і Карл V заняў яго месца на пасадзе караля Францыі.

Мірны дагавор у Брэтыньі вымусіў Эдуарда адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на французскіх трон. Але адначасова ён моцна пашырыў яго тэрыторыі ў Аквітаніі і замацаваў за ім захопленае Кале. Па сутнасці, Эдуард ніколі больш не прад’яўляў прэтэнзій на карону Францыі. Адразу пасля ўзыходжання на трон, Карл V абавязаў сябе вярнуць заваяваныя Эдуардам землі. У 1369 годзе на падставе таго, што Эдуард III быццам бы парушыў умовы мірнага пагаднення ў Брэтыньі, Карл абвясціў новую вайну.

Далейшы ход вайны

[правіць | правіць зыходнік]
Ход Стагадовай вайны

Іаан памёр у 1364, яго пераемнікам на троне быў Карл V, дзяржаўны дзеяч, які аднавіў у Францыі аўтарытэт каралеўскай улады. З дапамогай свайго канетабля, Бертрана дзю Геклена, Карл рэфарміраваў французскае войска, аднавіў парадак і законнасць у краіне, а падчас баявых дзеянняў, якія ўзнавіліся ў Аквітаніі, пачаў паступова выцясняць англічан. К моманту, калі ў 1380 памёр Карл, Англія валодала толькі вузкай берагавой паласой ад Баёны да Бардо, а таксама марскімі партамі Брэстам, Шэрбурам і Кале. Вайна цягнулася аж да ўзыходжання на англійскі трон у 1413 маладога Генрыха V, які прагнуў славы палкаводца. У Францыі ў гэты час на троне знаходзіўся Карл VI, няздатны як кіраўнік, які хварэў на перыядычныя прыступы вар’яцтва. Апроч таго, разгарэлася грамадзянская вайна паміж арлеаністамі (арманьякамі) і бургіньёнамі. Генрых V аднавіў англійскія дамаганні французскага трона. Ён уварваўся ў Нармандыю з войскам прыблізна ў 10 тыс. чалавек і 25 кастрычніка 1415 года атрымаў значную перамогу пры Азенкуры, паўтарыўшы тактыку Крэсі і Пуацье супраць вялікага войска французскіх рыцараў, якія нічаму з тых часоў не навучыліся. Пасля гэтага Генрых давяршыў заваяванне Нармандыі, і здавалася, што справа французаў скончаная. 21 мая 1420, пасля забойства арманьякамі Іаана, герцага Бургундыі, новы герцаг Філіп пры садзейнічанні французскай каралевы арганізаваў падпісанне Генрыхам і Карлам дагавора ў Труа. Генрых ажаніўся з дачкой Карла Кацярынай Валуа, забяспечыў за сабой рэгенцтва Францыі і быў абвешчаны спадчыннікам французскага трона. Але ў 1422 абодва каралі памерлі, і каралём Францыі і Англіі быў абвешчаны немаўля Генрых VI, сын Генрыха і Кацярыны. Яго дзядзькі, герцагі Глостэр і Бэдфард, былі прызначаны рэгентамі. Пры падтрымцы бургундцаў Бэдфард здолеў завяршыць заваяванне Францыі на поўнач ад Луары. У 1428, калі Бэдфард трымаў у аблозе Арлеан, апатычнага Дафіна (так празвалі будучага караля Францыі Карла VII) і яго дэмаралізаванае войска натхніла на актыўныя дзеянні Жана д'Арк, і ў наступным годзе французы прымусілі англічан зняць аблогу.

Францыя ў 1435

Карл VII быў каранаваны ў Рэймсе ў 1429, а ў 1435 у Арасе ён здолеў вытаргаваць сепаратны мір у Філіпа Бургундскага. Бэдфард памёр у тым жа годзе, і цяпер ужо прайграваць сталі англічане. За гэтым быў шэраг перамір’яў, пакуль у сярэдзіне 15 ст. ваенныя дзеянні не разгарэліся з новай сілай. Адноўленае французскае войска неўзабаве вярнула Нармандыю, а затым уступіла ў Аквітанію. Бардо быў узяты французамі ў 1453, і вайна завяршылася тым, што ў руках англічан застаўся толькі Кале.

Зноскі

  1. Don O’Reilly. «Hundred Years' War: Joan of Arc and the Siege of Orléans» Архівавана 8 красавіка 2011.. TheHistoryNet.com.
  • Чаркасаў Дз. М. Стогадовая вайна 1337—1453 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 185. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Басовская Н. И. Столетняя война: леопард против лилии. — М.: Астрель, АСТ, 2007. — 446 с. — ISBN 978-5-17-040780-4
  • Берн А. Битва при Креси. История Столетней войны с 1337 по 1360 год. — М.: Центрполиграф, 2004. — 336 с. — ISBN 5-9524-1116-9
  • Берн А. Битва при Азенкуре. История Столетней войны c 1369 по 1453 год. — М.: Центрполиграф, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9524-1263-7
  • The Anonimalle Chronicle, 1333—1381. Edited by V.H. Galbraith. Manchester: Manchester University Press, 1927.
  • Avesbury, Robert of. De gestis mirabilibus regis Edwardi Tertii. Edited by Edward Maunde Thompson. London: Rolls Series, 1889.
  • Chronique de Jean le Bel. Edited by Eugene Deprez and Jules Viard. Paris: Honore Champion, 1977.
  • Dene, William of. Historia Roffensis. British Library, London.
  • French Chronicle of London. Edited by G.J. Aungier. Camden Series XXVIII, 1844.
  • Froissart, Jean. Chronicles. Edited and Translated by Geoffrey Brereton. London: Penguin Books, 1978.
  • Gesta Henrici Quinti: The Deeds of Henry V. Translated by Frank Taylor and John S. Roshell. Oxford, UK: Clarendon Press, 1975.
  • Grandes chroniques de France. Edited by Jules Viard. Paris: Société de l’histoire de France, 1920-53.
  • Gray, Sir Thomas. Scalacronica. Edited and Translated by Sir Herbert Maxwell. Edinburgh: Maclehose, 1907.
  • Le Baker, Geoffrey. Chronicles in English Historical Documents. Edited by David C Douglas. New York: Oxford University Press, 1969.
  • Le Bel, Jean. Chronique de Jean le Bel. Edited by Jules Viard and Eugène Déprez. Paris: Société de l’historie de France, 1904.
  • Register of Edward the Black prince, vol. 1. London: His Majesty’s Stationary Office, 1930.
  • Rotuli Parliamentorum. Edited by J. Strachey et al., 6 vols. London: 1767-83.
  • St. Omers Chronicle. Bibliothèque Nationale, Paris, MS 693, fos. 248-279v. (Currenting being edited and translated into English by Clifford J. Rogers)
  • The Chronicles of Enguerrand de Monstrelet. Translated by Thomas Johnes. London, 1840.
  • Venette, Jean. The Chronicle of Jean de Venette. Edited and Translated by Jean Birdsall. New York: Columbia University Press, 1953.