Перайсці да зместу

Шматслойнае шкло

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Структура шматслойнага аўтамабільнага шкла

Шматслойнае шкло або трыплекс — гэта два ці больш слаёў арганічнага або сілікатнага шкла, якія злучаны паміж сабой спецыяльнай палімернай плёнкай, здольнай пры ўдары ўтрымліваць аскепкі. Як правіла, вырабляецца з дапамогай прэсавання пры нагрэве. Адметнасцю гэтага тыпу шкла з’яўляецца тое, што яно не рэжацца алмазным разаком.

Шматслойнае шкло ўжываецца пры шкленні транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыгуначнага рухомага саставу, самалётаў і г. д.), вокнаў і фасадаў будынкаў, выкарыстоўваецца пры браніраванні.

Існуе спецыяльнае шкло з падвышанымі шумапаглынальнымі ўласцівасцямі, з электраабаграваннем, каляровае, люстранае, электрахромнае і г. д.

Якасць склейвання шматслойнага шкла вызначаецца якасцю клею (плёнкі) і якасцю падрыхтоўкі паверхні. Якасць паверхні шкла вызначае ступень адгезіі. У выпадку нераўнамернай ачысткі паверхні магчыма ўтварэнне абласцей з нізкай трываласцю склейвання. Для кантролю якасці паверхні ўжываюць прыборы для вымярэння кантактнага вугла змочвання паверхні. Паверхня лінзаў для забеспячэння належнай якасці гатовага шклопакета павінна быць гідрафобнай, што характарызуецца досыць малым кантактным вуглом.

Шматслойнае шкло было вынайдзена ў 1903 годзе французскім хімікам Эдуардам Бенедыктусам, натхнёным пасля лабараторнай аварыі. Шкляная колба, пакрытая пластычнай масай нітрату цэлюлозы пасля падзення была разбурана, аднак не распалася на часткі. Бенедыктусам былі выраблены шклопластыкавыя кампазіты для аўтамабільнага шкла з мэтай зніжэння траўматызму ў дарожна-транспартных здарэннях. Аднак шкло было не адразу прынята аўтамабільнымі вытворцамі, але стала шырока выкарыстоўвацца ў акулярах процівагазаў падчас Першай сусветнай вайны. Бяспечнае шкло рабілі наступным чынам: паміж двума гладкімі паверхнямі шкла ўкладвалі празрыстую цэлюлозную пласціну і асаблівым хімічным спосабам злучалі між сабою[1]. У 1928 годзе гэтае шкло выраблялася ў выглядзе не асабліва буйных пласцін [1].

Вытворчасць шматслойнага шкла — досыць складаны і працаёмкі працэс. Для вырабу шматслойнага шкла выкарыстоўваюць адзін з найбольш распаўсюджаных тэхналагічных працэсаў на цяперашні момант — "вакуумнага ламініравання". Гэты працэс можна падзяліць на наступныя этапы:

  • Наразанне шкла;
  • Падрыхтоўка паверхні, мыйка шкла;
  • Наразанне полівінілбутыральнай або этыленвінілацэтатнай плёнкі;
  • Зборка шклопакета;
  • Падключэнне шклопакета да вакуумнага пакета;
  • Выдаленне паветра паміж слаямі шкла і плёнкі;
  • Награванне шклопакета;
  • Вытрымка пры тэмпературы 100...130 C° на працягу 15...20 хвілін;
  • Ахалоджванне.

Варта адзначыць, што існуюць і іншыя тэхналагічныя працэсы, напрыклад, аўтаклаўны. Аднак, вышэйапісаны працэс з'яўляецца самым бяспечным, а значыць — і самым распаўсюджаным.

Рамонт шматслойнага шкла

[правіць | правіць зыходнік]

Шматгадовая практыка паказала, што многія віды механічных пашкоджанняў шматслойнага шкла могуць быць паспяхова адрамантаваны. У працэсе рамонту на шкле з пашкоджанай вобласці выдаляецца паветра з дапамогай вакуумнай помпы. Затым з дапамогай інжэктара высокага ціску запампоўваецца палімерная смала, якая застывае пад дзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання. Пры рамонце, зробленым належным чынам, трываласць пашкоджанай вобласці будзе адноўлена на 90...95% ад першапачатковай.

З-за асаблівасці сваёй структуры (наяўнасці слоя палімернай плёнкі паміж вонкавым і ўнутраным слаямі шкла) гэты тып шкла не падлягае перапрацоўцы, як гэта адбываецца са звычайным шклом. Аднак шэраг даследаванняў, праведзеных у гэтым накірунку, паказваюць на магчымасць перапрацоўкі метадам сепаратнай фрагментацыі. Сутнасць гэтага метаду заключаецца ў выкарыстанні спецыяльнага абсталявання, дзе адбываецца фрагментацыя шкла і яго аддзяленне ад плёнкі механічным чынам.

  1. а б Артыкул «Стекло, не дающее осколков», с. 13. Часопіс «За рулём» №1, 1928 год. Тыраж 15000.