Перайсці да зместу

Прамэтэй (Гётэ/Таўбін)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прамэтэй
Верш
Аўтар: Ёган Вольфганг фон Гётэ
1932 год
Арыгінальная назва: Prometheus (1772—1774)
Пераклад: Юлі Таўбін
Крыніца: Полымя рэвалюцыі. — 1932. — №1; б. 132—133

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прамэтэй.

(Prometheus).

Вальфганг Гётэ

Усьцілай сваё неба, Зэўс,
Параю хмар
І карай, роўны хлапчуку,
Што сячэ крапіву,
Дубы і вяршыні гор!
Зямлю маю толькі
Ты мне пакінь.
І маю хату — яе ты не збудаваў,
І печку маю,
З-за агню якой
Ты мне зайздросьціш.

Я ня ведаю бяднейшых
Пад сонцам, як вы, багі
Вы ледзьве жывіце
Ахвярнымі чыншамі,
І дымам імшы
Вашу вялікасьць,
І згінулі б даўно
Без жабракоў і дзяцей,
Поўных надзей дурняў.

І я дзіцянём быў,
Ня ведаў, што і адкуль,
Да сонца узводзіў стамлёныя вочы,
Як быццам там угары
Ёсьць вуха, каб пачуць мае скаргі,
Ёсьць сэрца, як маё,
Каб зьлітавацца над прыгнечаным.
Хто даў мне
Дапамогу ўстаць на тыранаў уціск?
Хто даў ад сьмерці ратунак мне
І ад нявольніцтва?
Ці не само ты ўсё зрабіла,
Палкае сэрца маё!
Ты маладое, добрае было
Падманута — за гэта славіць мне
Таго, хто сьпіць у вышыні?

Мне шанаваць цябе? За што?
Ці ты пакуты
Зьменшыў прыгнечаных?
Ці ты сьлёзы
Суняў баязьлівых?
Ці ў мяне ня выкаваў мужнасьці
Усемагутны час
І лёс вячысты,
Што кіруюць табою і мною?

Думаў ты можа,
Што я жыцьцё ўзьненавіджу,
Зьбягу ў пустэлі,
Як ня ўсе тыя
Лятункі, што зацьвіталі, — пасьпелі?
Тут сяджу я, людзей фармую
паводле сябе самога, —
Пакаленьне, што будзё мне роўным
Каб пакутваць, плакаць,
Адчуваць асалоду і радасьць
І быць табе непадлеглым,
Як я!

1774.

Пераклаў з нямецк. мовы Юлі Таўбін

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.