Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік

колішняя дзяржава
(Перанакіравана з «СССР»)

Саю́з Саве́цкіх Сацыялісты́чных Рэспу́блік[b], таксама Зьвяз Саве́цкіх Сацыялісты́чных Рэспу́блік, ЗССР і Зьвяз Ра́давых Сацыялісты́чных Рэспу́блік, ЗРСР[c], размоўна Савок (па-расейску: Союз Советских Социалистических Республик) — дзяржава, якая існавала з 1922 па 1991 гады ў Эўропе і Азіі. СССР займаў 1/6 частку заселенае сушы і быў найбуйнейшай паводле плошчы краінаю сьвету на тэрыторыі, якую да 1917 году займала Расейская імпэрыя безь Фінляндыі, часткі Польскага Царства і некаторых іншых тэрыторыяў (Карская вобласьць, цяпер Турэччына), але з Галіцыяй, Закарпацьцем, часткаю Ўсходняе Прусіі, Паўночнай Букавінай, Паўднёвым Сахалінам і Курыламі.

СССР
лац. Sajuz Savieckich Sacyjalistyčnych Respublik

Союз Советских Социалистических Республик

 

 

 

1922—1991
Сьцяг СССР Герб СССР
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!
Дзяржаўны гімн: «Гімн СССР»
Месцазнаходжаньне СССР
Афіцыйная мова de-jure — не было
de-factoрасейская
Сталіца Масква
Найбуйнейшы горад Масква
Форма кіраваньня Савецкая рэспубліка пад таталітарнай дыктатурай
Валюта Савецкі рубель (SUR)
Часавы пас +2…+12[a]
Дамэн верхняга ўзроўню .su
Тэлефонны код +7
Склад СССР

Паводле Канстытуцыі 1977 году, СССР абвяшчаўся адзінай саюзнаю шматнацыянальнай і сацыялістычнаю дзяржаваю.

Пасьля Другое сусьветнай вайны СССР меў сухапутныя межы з Аўганістанам, Вугоршчынаю, Іранам, Кітаем, КНДР (з 9 верасьня 1948 году), Манголіяй, Нарвэгіяй, Польшчай, Румыніяй, Турэччынай, Фінляндыяй, Чэхаславаччынай і Тувой (па заканчэньні Другой сусьветнай вайны ўвайшла ў склад СССР як аўтаномная вобласьць РСФСР) і толькі марскія са ЗША, Швэцыяй і Японіяй.

СССР быў створаны 30 сьнежня 1922 году шляхам аб’яднаньня РСФСР, Украінскае ССР, Беларускае ССР і ЗСФСР.

Складаўся з саюзных рэспублікаў (у розныя гады ад 4 да 16), паводле Канстытуцыі якія зьяўляліся сувэрэннымі дзяржавамі[1]; за кожнаю саюзнаю рэспублікаю захоўвалася права вольнага выхаду з саюзу[2]. Саюзная рэспубліка мела права ўступаць у адносіны з замежнымі дзяржавамі, складаць зь імі дамовы і абменьвацца дыпляматычнымі і консульскімі прадстаўнікамі, удзельнічаць у дзейнасьці міжнародных арганізацыяў[3]. Сярод 50 краінаў-заснавальнікаў ААН нароўні з СССР былі і дзьве яго саюзныя рэспублікі: БССР і УССР.

У склад некаторых рэспублік уваходзілі аўтаномныя ўтварэньні (Аўтаномныя Савецкія Сацыялістычныя Рэспублікі, аўтаномныя вобласьці, нацыянальныя (пасьля 1977 году — аўтаномныя) акругі), а таксама (не ва ўсіх) вобласьці і краі; пры гэтым аўтаномныя акругі й аўтаномныя вобласьці ў РСФСР не ўваходзілі ў яе склад непасрэдна, уваходзячы ў яе праз край (напрыклад, Адыгейская аўтаномная вобласьць, якая ўваходзіла ў Краснадарскі край). Іншыя рэспублікі маглі падзяляцца на непасрэдна раёны, але мець у сваім складзе аўтаномныя ўтварэньні, складзеныя зь некалькіх раёнаў (напрыклад, Нахічэванская АССР і Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць Азэрбайджанскай ССР). Іншыя рэспублікі маглі не зьмяшчаць аўтаномныя ўтварэньні і падзяляцца толькі на вобласьці (напрыклад, БССР), альбо на непасрэдна раёны (рэспублікі Балтыі, Малдова).

Пасьля Другое сусьветнай вайны СССР, нароўні з ЗША, быў звышдзяржаваю[4]. Савецкі Саюз дамінаваў у сусьветнай сыстэме сацыялізму, а таксама быў сталым чальцом Рады Бясьпекі ААН.

Распад СССР характарызаваўся вострым супрацьстаяньнем паміж прадстаўнікамі цэнтральнае саюзнае ўлады і новаабранаю ўладаю на месцах (Вярхоўныя Саветы, прэзыдэнты саюзных рэспублікаў). У 1989—1990 гадах усе рэспубліканскія Вярхоўныя Саветы прынялі дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт, некаторыя зь іх — дэклярацыі незалежнасьці. 17 сакавіка 1991 году ў 9-ці з 15-ці рэспублікаў СССР быў праведзены Ўсесаюзны рэфэрэндум пра захаваньне СССР, на якім дзьве траціны грамадзянаў выказаліся за захаваньне абноўленага саюзу. Але саюзным уладам не атрымалася стабілізаваць сытуацыю. За няўдалым дзяржаўным пераваротам дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы афіцыйна прызнаная незалежнасьць балтыйскіх рэспублікаў. Пасьля Ўсеўкраінскага рэфэрэндуму пра незалежнасьць, дзе большасьць насельніцтва выказалася за незалежнасьць Украіны, захаваньне СССР як дзяржаўнага ўтварэньня стала фактычна немагчымым, пра што было заяўлена ў Дамове пра стварэньне Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў, падпісаным 8 сьнежня 1991 году кіраўнікамі трох саюзных рэспублікаў — Ельцыным ад РСФСР (Расейскае Фэдэрацыі), Краўчуком ад УССР (Украіны) і Шушкевічам ад БССР (Рэспублікі Беларусь)[5]. Афіцыйна СССР спыніў сваё існаваньне 26 сьнежня 1991 году. У канцы 1991 году Расейская Фэдэрацыя была прызнана дзяржаваю-прадаўжальнікам Саюзу ССР у міжнародна-прававых адносінах[6] і заняла яго месца ў Радзе Бясьпекі ААН[7].

Геаграфія СССР

рэдагаваць

Маючы плошчу 22 400 000 квадратных кілямэтраў, Савецкі Саюз быў найбуйнейшай дзяржавай сьвету. Ён займаў шостую частку сушы, а сваімі памерамі быў супастаўны з памерам Паўночнае Амэрыкі. Эўрапейская частка складала чвэрць тэрыторыі краіны, і зьяўлялася яе культурным і эканамічным цэнтрам. Азіяцкая частка (да Ціхага акіяну на ўсходзе і да мяжы з Аўганістанам на поўдні) была значна меней населенае. Працягласьць Савецкага Саюзу складала больш за 10000 км з усходу на захад (праз 11 гадзінных паясоў), і амаль 7200 кілямэтраў з поўначы на поўдзень. На тэрыторыі краіны разьмяшчалася пяць кліматычных зонаў.

Савецкі Саюз меў самую працяглую мяжу ў сьвеце (больш за 60 000 км). Таксама Савецкі Саюз межаваў з ЗША, Аўганістанам, Кітаем, Чэхаславаччынаю, Фінляндыяю, Вугоршчынаю, Іранам, Манголіяю, Паўночнаю Карэяю, Нарвэгіяю, Польшчаю, Румыніяю і Турэччынаю (з 1945 па 1991 год).

Самаю доўгаю ракою Савецкага Саюзу была ОбІртышом). Самая высокая гара: Пік Камунізму (7495 м, цяпер пік Ісмаіла Самані) у Таджыкістане. Таксама ў межах СССР (сумесна з Іранам) знаходзілася найбуйнейшае ў сьвеце возера — Касьпійскае і самае вялікае і глыбокае ў сьвеце праснаводнае возера — Байкал.

Гісторыя СССР

рэдагаваць

Стварэньне СССР (1922—1923)

рэдагаваць

29 сьнежня 1922 году на канфэрэнцыі дэлегацыяў ад зьездаў Саветаў РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР была падпісана Дамова пра ўтварэньне СССР. Гэты дакумэнт быў зацьверджаны 30 сьнежня 1922 I-м Усесаюзным зьездам Саветаў і падпісаны часткамі дэлегацыяў. Гэта дата і лічыцца датаю ўтварэньня СССР, хоць Савет Народных Камісараў СССР (Урад) і наркаматы (міністэрствы) былі створаны толькі 6 ліпеня 1923 году.

Даваенны пэрыяд (1923—1941)

рэдагаваць
 
Уладзімер Ленін — заснавальнік і першы кіраўнік СССР

З восені 1923 году, і асабліва пасьля сьмерці Ўладзімера Леніна, у кіраўніцтве краіны разгарнулася вострая палітычная барацьба за ўладу. У кулюарнай барацьбе зь іншымі палітычнымі дзеячамі перамог Сталін і паплечнікі, у выніку чаго зацьвердзіліся аўтарытарныя мэтады кіраўніцтва, якія выкарыстоўваліся Ёсіфам Сталіным для ўсталяваньня рэжыму аднаасобнае ўлады, а былыя палітычныя супернікі ва ўладзе былі рэпрэсаваныя.

Зь сярэдзіны 1920-х гадоў пачалося згортваньне новай эканамічнае палітыкі (НЭП), а затым — правядзеньне фарсіраванае індустрыялізацыі і калектывізацыі, у 1932—1933 гадах таксама быў масавы голад.

Па зацятым фракцыйным змаганьні, да канца 1930-х гадоў прыхільнікі Сталіна цалкам падпарадкавалі сабе структуры кіравальнае партыі. У краіне стварылі таталітарную, строга цэнтралізаваную грамадзкую сыстэму. Апроч таго, кульмінацыі дасягнула савецкая ваяўнічая рыторыка — адкрытая прапаганда вайны знайшла адлюстраваньне ў зьнятым у 1937 годзе фільме «Великий гражданин» (у 1938 годзе экспэрымэнтальная тэлевізійная трансьляцыя гэтага фільму стала першай у гісторыі тэлевізіі СССР, а ў 1940 годзе калектыў фільму атрымаў Сталінскую прэмію I ступені), дзе галоўны пэрсанаж пад аплядысмэнты поўнай залі агучваў мары пра будучую вайну: «Эх, гадоў праз дваццаць, па добрай вайне, выйсьці ды зірнуць на Савецкі Саюз — рэспублік гэтак з трыццаці-сарака. Чорт яго ведае, як добра!»[d][8].

У 1939 годзе былі складзеныя савецка-нямецкія дамовы 1939 году (у тым ліку так званы пакт Молатава-Рыбэнтропа), якія падзялілі сфэры ўплыву ў Эўропе, у адпаведнасьці зь якімі шэраг тэрыторыяў Усходняе Эўропы вызначаўся як сфэра інтарэсаў СССР. Азначаныя ў дамовах тэрыторыі (з выняткам Фінляндыі) увосень таго ж году і ў наступным годзе спазналі зьмены. у пачатку Другое сусьветнай вайны у 1939 годзе адбылося далучэньне да СССР Заходняе Ўкраіны і Заходняе Беларусі, якія ўваходзілі на той момант у склад Польскае Рэспублікі; гэта тэрытарыяльная зьмена расцэньваецца па-рознаму: і як «вяртаньне»[9], і як «анэксія»[10]. Ужо ў кастрычніку 1939 году горад Вільня ад Беларускае ССР быў перададзены тады яшчэ незалежнай Летуве, а частка Палесься (напрыклад, ваколіцы гораду Камень-Кашырскі) — Украіне.

 
Пераемнік Леніна — Ёсіф Сталін
 
Прывітальная арка ў Высокім да ўдзельнікаў супольнага нацысцка-савецкага параду ў Берасьці з усхваленьнем Сталіна і нацысцкай сымболікай, верасень 1939 г.[11]
 
Прывітальная арка ў Берасьці з нацысцкай і савецкай сымболікай

У 1940 годзе ў склад СССР былі інкарпараваныя Эстонія, Латвія (гл., напрыклад, савецкая акупацыя Латвіі), Летува, Бэсарабія (анэксаваная Румыніяю ў 1918 годзе, глядзіце Бэсарабія ў складзе Румыніі) і Паўночная Букавіна, створаныя Малдаўская (на тэрыторыі Бэсарабіі бяз поўдня плюс на тэрыторыі Прыднястроўя, якое ўваходзіла ў склад СССР ад часу яго ўтварэньня і зьяўлялася аўтаномнай рэспублікай ва УССР), Латвійская, Летувіская (уключаючы раёны БССР, якія пасьлядоўна ўвайшлі ў склад Летувіскае ССР у 1939—1940 гадох) і Эстонская ССР. Далучэньне Прыбалтыкі да СССР расцэньваецца рознымі крыніцамі як «добраахвотнае далучэньне» і як «анэксія».[12][13][14][15]

 
Афіцыйная падзяка Сталіна Гітлеру і Рыбэнтропу: «Сяброўства народаў Нямеччыны і Савецкага Саюзу, змацаванае крывёю, мае ўсе падставы быць працяглым і трывалым»[e]. Праўда, 25.12.1939 г.[16]

У 1939 годзе СССР, як і незалежным на той момант краінам Балтыі, прапанаваў Фінляндыі пакт пра ненапад, але Фінляндыя, у адрозьненьне ад краінаў Балтыі, адмовілася. Пачатая СССР пасьля прад’яўленьня ўльтыматуму савецка-фінская вайна (30 лістапада 1939 — 12 сакавіка 1940) нанесла ўдар па міжнародным аўтарытэце краіны (СССР быў выключаны зь Лігі Нацыяў). У сувязі з параўнальна вялікімі стратамі і непадрыхтаванасьцю Чырвонае Арміі, вайна, якая зацягнулася, была скончана да разгрому Фінляндыі; па яе выніках ад Фінляндыі да СССР адышоў Карэльскі пярэсмык, Прыладажжа, Сала з Куолаярві і заходняя частка паўвостраву Рыбацкі. 31 сакавіка 1940 году ўтварылася Карэла-Фінская ССР (са сталіцаю ў Петразаводзку) з Карэльскае АССР і з атрыманых фінляндзкіх тэрыторыяў (апроч паўвострава Рыбацкага, што перайшоў у склад Мурманскае вобласьці). Паводле некаторых гісторыкаў, утварэньне КФССР ставіла на мэце выняткова стварэньне своеасаблівага пляцдарму для анэксіі Фінляндыі. У 1956 годзе КФССР была скасаваная, а яе тэрыторыя ўвайшла ў склад РСФСР як аўтаномная савецкая сацыялістычная рэспубліка, прытым зь яе назвы прыбралі слова «Фінская».

СССР у Другой сусьветнай вайне (1941—1945)

рэдагаваць

22 чэрвеня 1941 году Нямеччына напала на Савецкі Саюз, парушыўшы Дамову пра ненапад. Савецкім войскам атрымалася спыніць яе ўварваньне да канца восені 1941 году і перайсьці са сьнежня 1941 у контарнаступ, вызначальнай падзеяй якога стала Бітва за Маскву. Аднак у пэрыяд лета-восені 1942 суперніку атрымалася прасунуцца да Волгі, захапіўшы велізарную частку тэрыторыі краіны. Са сьнежня 1942 і ў 1943 адбыўся карэнны пералом у вайне шляхам Сталінградзкай, а потым — Курскае бітваў. У пэрыяд з 1944 па травень 1945 савецкія войскі вызвалілі ўсю акупаваную Нямеччынаю тэрыторыю СССР, а таксама краіны Ўсходняе Эўропы, пераможна завяршыўшы вайну падпісаньнем Акту пра безумоўную капітуляцыю Нямеччыны.

Вайна прынесла вялікую шкоду ўсяму насельніцтву Савецкага Саюзу, прывяла да страты 26,6 мільёнаў чалавек[17], ліквідацыі велізарнай колькасьці насельніцтва на занятых Нямеччынаю тэрыторыях, разбурэньню часткі прамысловасьці — з аднога боку; стварэньню значнага вайскова-прамысловага патэнцыялу ва ўсходніх рэгіёнах краіны, адраджэньню і жыцьця ў краіне, набыцьцю значных тэрыторыяў (у прыватнасьці, частка Ўсходняй Прусіі, Закарпацьце, поўдзень Сахаліну, Тува, Печанга), перамозе над фашызмам — зь іншай.

У 1941—1945 шэраг народаў былі дэпартаваны зь месцаў свайго традыцыйнага пражываньня, што тлумачылася нібы суцэльным удзелам прадстаўнікоў гэтых народаў у калябарацыі падчас вайны. У 1944—1947 гг. у склад СССР увайшлі:

У той жа час Беластоцкая вобласьць і часткі Берасьцейскае абласьцей БССР, а таксама часткі Львоўскае і Драгабыцкай(uk) абласьцей УССР увайшлі ў склад Польшчы.

Паваенны пэрыяд (1945—1953)

рэдагаваць
 
Савецкая ядравая балістычная ракета Р-12 на вайсковым парадзе на Чырвонай плошчы. 1950-я гг.

Пасьля перамогі ў вайне была ажыцьцёўлена дэмілітарызацыя эканомікі СССР, яе аднаўленьне ў раёнах, пацярпелых ад акупацыі. Да 1950 прамысловая вытворчасьць павялічылася на 73 % у параўнаньні з даваенным[18]. Сельская гаспадарка аднаўлялася павольнейшымі тэмпамі, зь велізарнымі цяжкасьцямі, памылкамі і пралікамі. Тым ня менш, ужо ў 1947 сытуацыя з харчом стабілізавалася, былі адменены карткі на прадукты харчаваньня і прамысловыя тавары, праведзена Грашовая рэформа, якая дазволіла стабілізаваць фінансавае становішча.

У адпаведнасьці з рашэньнямі Ялцінскай і Патсдамскай канфэрэнцыяў СССР усталяваў кантроль над адпаведнымі акупацыйнымі зонамі ў Нямеччыне і Аўстрыі ў 1945—1949 гадах. У шэрагу краінаў Усходняе Эўропы пачалося ўсталяваньне камуністычных рэжымаў, з прычыны чаго быў створаны вайскова-палітычны блёк саюзных СССР дзяржаваў (сацыялістычны лягер, Варшаўская дамова). Адразу па заканчэньні сусьветнай вайны пачаўся пэрыяд глябальнае палітычнае і ідэалягічнае канфрантацыі паміж СССР ды іншымі сацыялістычнымі краінамі, з аднога боку, і краінамі Захаду, зь іншай, які ў 1947 годзе атрымаў назву халоднае вайны, якая суправаджалася гонкаю ўзбраеньняў.

«Хрушчоўская адліга» (1953—1964)

рэдагаваць
 
Максымальная тэрыторыя краінаў сусьветнай сацыялістычнай садружнасьці
 
Юры Гагарын — першы чалавек, які пабыў у космасе

На XX зьезьдзе КПСС (1956) Мікіта Хрушчоў выступіў з крытыкаю культу асобы Ёсіфа Сталіна. Пачалася рэабілітацыя ахвяраў рэпрэсіяў, больш увагі стала надавацца падвышэньню ўзроўню жыцьця народу, разьвіцьцю сельскай гаспадаркі, жыльлёвага будаўніцтва, лёгкае прамысловасьці.

Палітычнае становішча краіны стала мякчэйшае. Шматлікія прадстаўнікі інтэлігенцыі ўспрынялі даклад Хрушчова як заклік да галоснасьці; зьявіўся самвыд, якому дазвалялася толькі выкрываць «культ асобы», крытыка КПСС і існага ладу па-ранейшаму забаранялася.

Канцэнтрацыя навуковых і вытворчых сілаў, матэрыяльных сродкаў на асобных кірунках навукі і тэхнікі дазволіла ажыцьцявіць значныя дасягненьні: створана першая ў сьвеце атамная электрастанцыя (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Землі (1957), першы пілятаваны касьмічны карабель зь лётчыкам-касманаўтам (1961) і інш.

У вонкавай палітыцы гэтага пэрыяду СССР падтрымліваў выгодныя з пункту гледжаньня інтарэсаў краіны палітычныя рэжымы ў розных краінах. У 1956 годзе войска СССР удзельнічала ў прыгнечаньні паўстаньня ў Вугоршчыне. У 1962 годзе рознагалосьсі паміж СССР і ЗША ледзь не прывялі да ядзернай вайны (Кубінскі крызіс). Падтрымоўвалася ўтварэньне КНР, а потым і КНДР.

У 1960 годзе пачаўся дыпляматычны канфлікт з Кітаем, які раскалоў сусьветны камуністычны рух.

«Застой» (1964—1985)

рэдагаваць
 
Брэжнеў і Джымі Картэр падпісваюць Дамову пра скарачэньне стратэгічных узбраеньняў, 1979

У 1964 годзе Хрушчоў быў адхілены ад улады. Новым першым сакратаром ЦК КПСС, фактычна кіраўніком дзяржавы, стаў Леанід Брэжнеў. Пэрыяд 1970-х — 1980-х гадоў у крыніцах таго часу называўся эпохаю разьвітога сацыялізму.

Падчас кіраваньня Брэжнева ў краіне будаваліся новыя гарады і мястэчкі, заводы і фабрыкі, палацы культуры і стадыёны; ствараліся ВНУ, адкрываліся новыя школы і лякарні. СССР выйшаў на перадавыя пазыцыі ў засваеньні космасу, разьвіцьці авіяцыі, атамнай энэргетыкі, фундамэнтальных і прыкладных навукаў. Вызначаныя дасягненьні назіраліся ў адукацыі, мэдыцыне, сыстэме сацыяльнага забесьпячэньня. Сусьветную вядомасьць і прызнаньне атрымала творчасьць вядомых дзеячаў культуры. Высокіх вынікаў на міжнароднай арэне дасягалі савецкія спартоўцы. У 1980 г. у Маскве прайшла XXII летняя Алімпіяда.

Разам з гэтым адбыўся і рашучы заваротак у бок згортваньня рэшткаў адлігі. З прыходам Брэжнева да ўлады органы дзяржбясьпекі ўзмацнілі барацьбу зь іншадумствам — першым знакам гэтага быў працэс Сіняўскага — Даніеля. У 1968 годзе войска СССР увайшло ў Чэхаславаччыну з мэтаю прыгнечаньня тэндэнцыі палітычных рэформаў (глядзіце Праская вясна). Як знак канчатковае ліквідацыі «адлігі» была ўспрынята адстаўка Твардоўскага з паста рэдактара часопіса «Новы сьвет» напачатку 1970 г.

У 1975 годзе адбываецца паўстаньне на «Вартавым» — узброеная праява непадпарадкаваньня з боку групы савецкіх вайсковых маракоў на вялікім супрацьлодкавым караблі (БПК) ВМФ СССР «Вартавы». Правадыром паўстаньня стаў зампаліт карабля, капітан 3-га рангу Валеры Саблін. З пачатку 1970-х гадоў са СССР ідзе габрэйская эміграцыя. Эмігравалі шматлікія вядомыя пісьменьнікі, акторы, музыкі, спартоўцы, навукоўцы.

У галіне вонкавае палітыкі Брэжнеў нямала зрабіў для дасягненьня палітычнае разрадкі ў 1970-х гадах. Былі складзены амэрыкана-савецкія дамовы пра абмежаваньне стратэгічных наступальных узбраеньняў (праўда, з 1967 году пачынаецца паскораная ўсталёўка міжкантынэнтальных ракетаў у падземныя шахты), якія, аднак, не падмацоўваліся адэкватнымі мерамі даверу і кантролю.

Дзякуючы некаторай лібэралізацыі зьявіўся дысыдэнцкі рух, сталі вядомымі такія імёны, як Андрэй Сахараў і Аляксандар Салжаніцын. З 1965 году СССР аказваў вайсковую дапамогу Паўночнаму Віетнаму ў барацьбе з ЗША і Паўднёвым Віетнамам, якая працягвалася да 1973 году і скончылася вывядзеньнем амэрыканскіх войскаў і аб’яднаньнем Віетнаму з боку поўначы (глядзіце Вайна ў Віетнаме). У 1968 годзе войска СССР увайшло ў Чэхаславаччыну з мэтаю прыгнечаньня тэндэнцыі палітычных рэформаў (глядзіце Праская вясна). У 1979 годзе СССР увёў абмежаваны вайсковы кантынгент у ДРА на просьбу аўганскага ўраду (глядзіце Афганская вайна (1979—1989)), што прывяло да сканчэньня разрадкі і аднаўленьня халоднае вайны.

Перабудова (1985—1991)

рэдагаваць
 
Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэйган, 1985

У 1985 годзе пасьля сьмерці Чарненкі да ўлады ў краіне прыйшоў Міхаіл Гарбачоў. У 1985—1986 гадах Гарбачовым праводзілася так званая палітыка паскарэньня сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, якая складалася ў прызнаньні асобных недахопаў тагачаснай сыстэмы і спробах выправіць іх некалькімі буйнымі кампаніямі адміністрацыйнага характару (т. зв. «Паскарэньне») — антыалькагольная кампанія, «барацьба зь непрацоўнымі прыбыткамі», увядзеньне дзяржаўнай прыёмкі, галоснасьць. Пасьля студзеньскага пленуму 1987 году кіраўніцтвам краіны былі пачаты кардынальныя рэформы. Фактычна новаю дзяржаўнаю ідэалёгіяй была абвешчана «перабудова» — сукупнасьць эканамічных і палітычных рэформаў. Падчас перабудовы (з другое паловы 1989 году, пасьля першага Зьезду народных дэпутатаў СССР) рэзка абвастрылася палітычнае супрацьстаяньне сілаў, што выступалі за сацыялістычны шлях разьвіцьця, і партыяў, рухаў, якія злучалі будучыню краіны з арганізацыяй жыцьця на прынцыпах капіталізму, а таксама супрацьстаяньне па пытаньнях будучага аблічча Савецкага Саюзу, узаемаадносінаў саюзных і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнае ўлады і кіраваньня. Да пачатку 1990-х гадоў перабудова зайшла ў тупік. Улады ўжо не маглі спыніць набліжэньне распаду СССР.

Распад Савецкага Саюзу (1990—1991)

рэдагаваць

Афіцыйна СССР спыніў сваё існаваньне 26 сьнежня 1991 году. На яго месцы ўтварыўся шэраг незалежных дзяржаваў (у наш час — 19, зь якіх 15 зьяўляюцца чальцамі ААН, 2 — часткова прызнаны краінамі-чальцамі ААН, і 2 — не прызнаны ніводнай з краінаў-чальцоў ААН). У выніку распаду СССР тэрыторыя Расеі (краіны-пераемніцы СССР у галіне вонкавых актываў і пасіваў, і ў ААН) паменшылася ў параўнаньні з тэрыторыяю СССР на 24 % (з 22,4 да 17 млн км²), а насельніцтва паменшылася на 49 % (з 290 да 148 млн чал), пры гэтым тэрыторыя Расеі ў параўнаньні з тэрыторыяю РСФСР практычна не зьмянілася. Распаліся адзіныя ўзброеныя сілы і рублёвая зона. На тэрыторыі СССР разгарэўся шэраг міжнацыянальных канфліктаў, самым вострым зь якіх становіцца Карабаскі канфлікт, з 1988 году адбываюцца масавыя пагромы як армянаў, так і азэрбайджанцаў. У 1989 годзе Вярхоўны Савет Армянскае ССР аб’яўляе пра далучэньне Нагорнага Карабаху, Азэрбайджанская ССР пачынае блякаду. У красавіку 1991 паміж дзьвюма савецкімі рэспублікамі фактычна пачынаецца вайна.

Тэрытарыяльны падзел СССР

рэдагаваць

У 1954—1991 гадох у складзе СССР знаходзілася 15 саюзных Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (ССР):

  1. Азэрбайджанская ССР
  2. Армянская ССР
  3. Беларуская ССР
  4. Грузінская ССР
  5. Казаская ССР
  6. Кіргіская ССР
  7. Латвійская ССР
  8. Летувіская ССР
  9. Малдаўская ССР
  10. Расейская СФСР
  11. Таджыцкая ССР
  12. Туркмэнская ССР
  13. Узбэцкая ССР
  14. Украінская ССР
  15. Эстонская ССР

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ на тэрыторыі СССР быў дэкрэтны час
  2. ^ Прыметнік «савецкі» мог пазначаць як нешта, што датычыцца да СССР, так і, у вузейшым сэнсе, што датычыцца да сыстэмы радаў
  3. ^ У міжваенным беларускім друку (1918—1939) па-за СССР паралельна ўжывалася форма, дзе, замест «савецкіх», было «радавых». Адпаведна казалі таксама й «Радавая Беларусь» і г. д.
  4. ^ рас. «Эх, лет через двадцать, после хорошей войны, выйти да взглянуть на Советский Союз — республик этак из тридцати-сорока. Чёрт его знает, как хорошо!»
  5. ^ рас. «Дружба народов Германии и Советского Союза, скрепленная кровью, имеет все основания быть длительной и прочной»
  1. ^ Ст. 76-я Конституции СССР 1977 года
  2. ^ Ст. 72-я Конституции СССР 1977 года
  3. ^ Ст. 80-я Конституции СССР 1977 года
  4. ^ Union of Soviet Socialist Republics — Britannica Student Encyclopaedia
  5. ^ Соглашение о создании Содружества Независимых Государств (1991)
  6. ^ Тэрмін «дзяржава-прадаўжальнік Саюзу ССР» у дачыненьні да РФ быў замацаваны ў пункце 3 артыкула 1 і пункце 7 артыкула 37 Фэдэральнага закону «Пра міжнародныя дамовы Расейскае Фэдэрацыі» ад 15 ліпеня 1995 году № 101-ФЗ (прыняты Дзярждумаю РФ 16 чэрвеня 1995 году). — Глядзіце фэдэральны закон ад 15 ліпеня 1995 г. № 101-ФЗ «Пра міжнародныя дамовы Расейскае Фэдэрацыі»
  7. ^ 13 студзеня 1992 году МЗС Расеі разаслала часткам дыпляматычных прадстаўніцтваў у Маскве ноту, у якой заяўлялася, што Расейская Фэдэрацыя працягвае ажыцьцяўляць правы і выконваць абавязаньні па ўсіх дамовах, складзеных СССР. На аснове паказанае ноты сусьветная супольнасьць прызнала за Расейскаю Фэдэрацыяю статус дзяржавы-прадаўжальніка СССР. — Гл. Міжнародныя дамовы ў прававой сыстэме Расейскае Фэдэрацыі
  8. ^ Великий гражданин: сборник материалов к кинофильму / Ленинградская ордена Ленина киностудия «Ленфильм». — Ленинград: Ленфильм, 1940. С. 74.
  9. ^ Ільля Крамнік. Пакт у імя перамогі
  10. ^ Павел Палянаў. Выбарковыя дэпартацыі з анэксаваных тэрыторыяў Польшчы, Прыбалтыкі і Румыніі ў 1939—1941 гг.
  11. ^ Равяка Р. Як у Высокім немцаў у 1939 годзе сустракалі, Наша Ніва, 3 студзеня 2015 г.
  12. ^ Камэнтар Дэпартамэнту інфармацыі і друку МЗС Расеі ў сувязі з выказваньнямі шэрагу эўрапейскіх палітыкаў адносна акупацыі краінаў Балтыі Савецкім саюзам і неабходнасьці асуджэньня гэтага з боку Расеі, 04.05.2005.
  13. ^ Resolution on the situation in Estonia, Latvia, Lithuania // Official Journal of the European Communities. — 13 студзеня 1983. — Т. C 42/78. (анг.)
  14. ^  (анг.) European Parliament resolution on the sixtieth anniversary of the end of the Second World War in Europe on 8 May 1945
  15. ^  (анг.) European Parliament resolution of 24 May 2007 on Estonia
  16. ^ Гелагаеў А. Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу, Reformation, 17 чэрвеня 2020 г.
  17. ^ Расея ўспамінае пра мільёны загінулых у гады ВАВ
  18. ^ Бібліятэка гісторыі Расеі — Жукаў В. Гісторыя Расеі. Працоўны подзьвіг савецкага народа ў аднаўленьні і разьвіцьці народнай гаспадаркі СССР у паваенныя гады

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць