Туманнасьць
Тума́ннасьць — участак міжзорнага асяродзьдзя, якое выдзяляецца сваім выпраменьваньнем або паглынаньнем выпраменьваньня ў агульным тле неба. Раней туманнасьцямі называлі любы нерухомы на небе падоўжаны аб’ект. У 1920-х гадох было адкрыта, што сярод туманнасьцяў ёсьць шмат галяктык (напрыклад, Туманнасьць Андрамэды). Пасьля гэтага тэрмін туманнасьць быў звужаны да пазначанага вышэй сэнсу.
Туманнасьці складаюцца з пылу, газу і плязмы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачаткова туманнасьцямі ў астраноміі лічылі любыя нерухомыя і працяглыя (дыфузныя) прамяністыя астранамічныя аб’екты, у тым ліку зорныя скупнасьці або галяктыкі па-за Млечным Шляхам, якія не было магчыма разьмеркаваць па зорках. Некаторыя прыклады падобнага выкарыстаньня захаваліся да нашага часу. Напрыклад, Галяктыку Андрамэды часам называюць «Туманнасьцю Андрамэды».
У 1787 годзе Шарль Мэсье, які актыўна займаўся пошукам камэтаў, склаў каталёг нерухомых дыфузных аб’ектаў, падобных да камэт. У каталёг Мэсье трапілі як, уласна, туманнасьці, гэтак і галяктыкі (напрыклад, вышэй прыгаданая галяктыка Андрамэды — M31) і шаравыя зорныя скупнасьці (M13 — скупнасьць у сузор’і Гэркулеса).
З разьвіцьцём астраноміі і павелічэньнем разрозьненьня тэлескопаў, тлумачэньне тэрміна «туманнасьць» удакладнялася: частка «туманнасьцяў» была ідэнтыфікаваная як зорныя скупнасьці, былі выяўленыя цёмныя (паглынальныя) газапылавыя туманнасьці, і, нарэшце, у 1920-х гадох, спачатку Кнуту Лундмарку, а потым і Эдўіну Габлу, атрымалася разьмеркаваць па зорках пэрыфэрыйныя вобласьці шэрагу галяктык і тым самым вызначыць іх прыроду.
|